У мінулым годзе прыёмная кампанія ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце імя А.Д.Сахарава вялася з дапамогай аўтаматызаванай сістэмы прыёму заяў і залічэння абітурыентаў. Сёлета гэтая практыка будзе працягнута. Абітурыенты МДЭУ змогуць удзельнічаць у конкурсе па трох спецыяльнасцях, пазначыўшы іх у парадку прыярытэту. Гэта дазволіць ім больш упэўнена адчуваць сябе на этапе падачы заяў і залічэння, а ўніверсітэту — не страціць лепшых абітурыентаў і ажыццявіць больш якасны набор.
Пра тое, як працуе аўтаматызаваная сістэма прыёму заяў і залічэння абітурыентаў і ці не губляецца за ёй прафарыентацыйны складнік, мы гутарым з Уладзімірам Іванавічам КРАСОЎСКІМ, прарэктарам па вучэбнай і ідэалагічнай рабоце МДЭУ імя А.Д.Сахарава.
— БДУІР, які з’яўляецца распрацоўшчыкам аўтаматызаванай сістэмы прыёму заяў і залічэння абітурыентаў, сёлета пайшоў яшчэ далей і прапанаваў паступаючым пазначаць хоць 30 спецыяльнасцей адпаведнага профілю ў парадку прыярытэту. У вашым універсітэце, як і летась, спыніліся на трох. Лічыце, што гэта аптымальны выбар для абітурыентаў?
— Справа ў тым, што ў нас два профілі падрыхтоўкі, на якія патрабуюцца розныя наборы сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання. І паколькі на факультэце экалагічнай медыцыны ў нас толькі тры спецыяльнасці, то такі ж выбар (з трох) прапанаваны і абітурыентам факультэта маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Трэба сказаць, што аўтаматызаваная сістэма прыёму заяў і залічэння абітурыентаў вельмі зручная як для абітурыентаў, так і для ўніверсітэта. Вельмі важна, што яна цалкам выключае якія б то ні было памылкі. Немагчыма, напрыклад, залічыць не таго абітурыента, бо ўсе звесткі бяруцца з базы даных Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, і яны прайшлі шматступеньчатую праверку.
Наша мэта — каб усе абітурыенты, якія прыйдуць паступаць да нас, засталіся з намі, і аўтаматызаваная сістэма прыёму заяў і залічэння дапамагае нам гэта ажыццявіць. Самае важнае, што абаронены найбольш падрыхтаваныя абітурыенты: тыя, хто мае высокія балы, гарантавана становяцца студэнтамі.
— У мінулым годзе вы ўпершыню выкарысталі гэтую сістэму, і адначасова ў краіне былі ўведзены мінімальныя прахадныя балы. Скажыце, ці можна сцвярджаць, што першы курс мае лепшую паспяховасць, чым гэта было ў папярэднія гады?
— У нас даволі невялікія групы. Каб прасачыць нейкую тэндэнцыю, статыстыкі недастаткова. Але наўскідку можна сказаць, што паспяховасць першакурснікаў, напэўна, лепшая.
Усталяваны парог, безумоўна, абмежаваў паступленне той часткі моладзі, якая не мела намеру вучыцца, а проста ішла ў вышэйшую школу, напрыклад, каб дагадзіць бацькам ці дацягнуць да арміі. Усё гэта патрабуе спецыяльных даследаванняў, але сам факт увядзення мінімальных парогавых значэнняў для паступаючых адназначна трэба ацаніць станоўча. Дарэчы, можа, сёлета на ЦТ зарэгістравалася менш абітурыентаў, бо яны зразумелі, што не змогуць атрымаць неабходныя 15 ці 20 балаў.
Сёння краіна церпіць востры дэфіцыт у рабочых кадрах і спецыялістах сярэдняга звяна. І хоць усе бацькі хочуць, каб іх дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, у многіх выпадках лепш, каб спачатку яны прайшлі навучанне ў каледжы. Можа атрымацца, што гэтай адукацыі ім будзе дастаткова. Калі ж не, то практычная падрыхтоўка будзе вельмі карыснай для іх будучай кар’еры. Працуючы ва ўніверсітэце прафесарам, я звяртаю ўвагу, як здаюць экзамены і якія цікавыя пытанні на кансультацыях задаюць студэнты, якія атрымалі прыктычную падрыхтоўку на папярэдняй ступені адукацыі. У іх ёсць вялікая фора перад тымі, хто толькі ўчора закончыў школу.
— Але ёсць меркаванне, што ўвядзенне парога для паступаючых падкасіла завочную форму, адціснуўшы тых, хто скончыў школу 5—10 гадоў назад…
— Я не думаю, што гэта так. На завочную форму, як правіла, паступаюць людзі, якія працуюць па спецыяльнасці, і для іх гэта свядомае рашэнне. Каб паступіць ва ўніверсітэт, яны імкнуцца аднавіць свае веды, часта ходзяць на падрыхтоўчыя курсы. А вопыт паказвае, што тыя, хто вучыцца на гэтых курсах, даволі паспяхова здаюць ЦТ.
Іншая справа, што ўвядзенне парога магло адціснуць учарашніх школьнікаў, якія ад парты адразу паступалі на завочную форму, думаючы, што так будзе прасцей. Але ім цяжка канкурыраваць з тымі, хто сапраўды рыхтаваўся.
— Скажыце, Уладзімір Іванавіч, ці змяніліся ў гэтым годзе кантрольныя лічбы прыёму ў ваш універсітэт?
— Не, яны засталіся такімі ж, бо ўсе нашы спецыяльнасці па-ранейшаму запатрабаваныя, і такіх спецыялістаў, як у нас, у іншых універсітэтах практычна не рыхтуюць.
Што да магчымага павелічэння набору, то мы абмежаваны ліцэнзіяй. Нашы плошчы невялікія, а будаўніцтва новага корпуса зацягваецца. Як толькі ён будзе здадзены (мы спадзяёмся, што ў гэтым годзе), то набор па шэрагу спецыяльнасцей можа павялічыцца.
Ужо сёлета планавалася адкрыць і новыя спецыяльнасці, такія як “Біятэхналогія” і “Біяінфармацыйная тэхналогія”. Але па названай прычыне іх адкрыццё адкладваецца, верагодна, да наступнага года.
— Сёлета ў вас адбыўся першы выпуск інжынераў па спецыяльнасці “Ядзерная і радыяцыйная бяспека”. Скажыце, куды былі размеркаваны выпускнікі, АЭС жа яшчэ не дзейнічае?
— Хоць Астравецкая АЭС яшчэ не дабудавана, дырэкцыя прыняла на працу некалькі нашых выпускнікоў. Нас запэўнілі, што для іх ужо ёсць работа. Акрамя таго, многія атрымалі размеркаванне ў Аб’яднаны інстытут ядзерных даследаванняў (Сосны).
Студэнты згаданай спецыяльнасці хоць і былі піянерамі, але атрымалі добрую тэарэтычную і практычную падрыхтоўку. Іх практыка праходзіла ў падмаскоўным Обнінску, на Ровенскай і Хмяльніцкай АЭС, у Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, што ў Хойніках, а таксама на нашай базе ў Волме.
Выпуснікі спецыяльнасці “Ядзерная і радыяцыйная бяспека” вучыліся ў нас 5 з паловай гадоў. А вось для тых, хто паступіць на гэтую спецыяльнасць сёлета (і паступіў летась), тэрмін навучання будзе 5 гадоў.
— Ці дапамагае, Уладзімір Іванавіч, у развіцці ўніверсітэта яго міжнародны статус? Што стаіць за гэтым статусам у практычным сэнсе?
— Міжнародным наш універсітэт завецца таму, што ён быў арганізаваны па рэкамендацыі дзяржаў — удзельніц Кангрэса ААН памяці А.Д.Сахарава. Для таго каб вырашыць чарнобыльскія праблемы, было прапанавана стварыць у Беларусі, Украіне і Расіі экалагічныя каледжы. Дзякуючы настойлівасці першага рэктара Аляксандра Міхайлавіча Люцко, у Беларусі такі каледж з’явіўся. Пазней ён быў пераўтвораны ва ўніверсітэт.
Па традыцыі міжнародных устаноў быў створаны апякунскі камітэт, які нясе ў першую чаргу маральную адказнасць за развіццё ўніверсітэта, а таксама аказвае яму фінансава-тэхнічную дапамогу. Так, дзякуючы міжнароднаму камітэту, еўрапейскія кампаніі перадалі ўніверсітэту даволі дарагое абсталяванне ў галіне энергаэфектыўных тэхналогій і медыцынскай экалогіі.
Міжнародны статус дазваляе нам шырока выкарыстоўваць дасягненні сусветнай адукацыйнай практыкі. Мы запрашаем для чытання лекцый замежных спецыялістаў, праводзім сумесныя навуковыя даследаванні.
Дарэчы, студэнты нашага ўніверсітэта актыўна ўдзельнічаюць у розных праграмах абмену. Напрыклад, зараз па запрашэнні аднаго з членаў апякунскага камітэта група студэнтаў знаходзіцца на практыцы ў Сербіі. Сербскія студэнты ў сваю чаргу будуць практыкавацца ў нас. Вядома, гэта вельмі добра ўплывае на моладзь, якая бачыць перспектывы добрай адукацыі і навукі.
Такім чынам, міжнародны статус універсітэта дае шмат магчымасцей для стварэння і выканання сумесных праектаў. Аднак хачу сказаць, што без настойлівасці і мэтанакіраванай работы наўрад ці штосьці атрымалася б, таму мы вельмі беражліва падтрымліваем традыцыі міжнародных адносін.
— Якіх абітурыентаў вы чакаеце? Зразумела, пажадана, каб яны добра ведалі матэматыку, фізіку, хімію, біялогію… Але ваш універсітэт асаблівы, і, можа, ёсць нейкія асаблівыя пажаданні да падрыхтоўкі будучых абітурыентаў?
— У першую чаргу мы, вядома, чакаем дзяцей, якія вызначыліся са спецыяльнасцю, якіх экалогія закранула за жывое. І нават калі ў іх будуць нейкія прабелы ў ведах, мы зможам гэта выправіць. Горш, калі дзеці прыходзяць на нелюбімае месца, — тады зацікавіць іх і чамусьці навучыць вельмі складана.
У нас будзе цікава вучыцца ўсім, хто хоча ведаць, што такое жыццё і як яго зрабіць устойлівым, хто любіць гэтае жыццё і клапоціцца пра тое, каб захаваць яго для нашчадкаў. Калі ў маладога чалавека ёсць гэтыя пачуцці, то ён мае перадумовы для таго, каб палюбіць сваю будучую прафесію. А гэта дарагога каштуе.
Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.