“Першакурснік FESTival” хоць і маладое свята, але паспела стаць любімым сярод студэнтаў 1 курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. І нездарма, бо яно ствараецца з імі і для іх.
Сёлета фэст сабраў гасцей другі раз. Ідэя яго правядзення ўзнікла ў 2016 годзе, і мінулагодняе лета актывістаў БРСМ БДУ было накіравана на распрацоўку канцэпцыі мерапрыемства.
“Мы ўбачылі, што ёсць патрэба ў азнаямленні першакурснікаў з універсітэтам, са студэнцкім жыццём і маладзёжнымі арганізацыямі. На сустрэчах з імі прыйшло разуменне таго, што хлопцы і дзяўчаты, якія яшчэ ўчора былі школьнікамі, паступіўшы ва ўніверсітэт, імкнуцца зараджацца энергіяй і знаёміцца з новымі людзьмі”, — адзначыў сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ БДУ Канстанцін Андрусевіч.
На фестывалі студэнтам не было калі сумаваць. Іх увазе прапаноўвалася вялікая колькасць секцый: “Музыка”, “Спорт”, “Фота”, “Дзяцінства”, “Навука”, “Квесты” — толькі невялікі спіс таго, што маладыя людзі апрабавалі на сабе. Так, на пляцоўцы “Дзяцінства” можна было пагуляць у “класікі”, паскакаць на скакалцы, згадаць старыя добрыя “крыжыкі-нулікі” — тут найбольш частымі гасцямі былі дзяўчаты. А вось секцыі з турніком, адцісканнем і дартсам захапілі хлопцаў. Тут самымі актыўнымі былі прадстаўнікі ваеннага факультэта. Было бачна, што маладыя людзі зразумелі дэвіз свята “Адкрый і адкрывайся”.
На пляцоўцы “Іншая рэальнасць” юнакі і дзяўчаты паспрабавалі сябе ў ролях шматлікіх 3D-персанажаў. Думаеце, лёгка з дапамогай клюшкі і трох удараў загнаць шарык у акрэсленае месца? Першакурснікі, якія прыйшлі на гэтую станцыю, перакананы, што няма нічога немагчымага.
Аматараў навук больш гарнула да секцыі Фундаментальнай бібліятэкі, дзе студэнты старшых курсаў паказвалі свае напрацоўкі ў розных галінах. Настрой падтрымліваўся выступленнямі творчых калектываў, а таксама вясёлымі белымі чалавечкамі — мімамі, якія запрашалі наведвальнікаў рабіць бодзі-арт, а пасля — фатаграфавацца.
Уражаннямі ад дзеі падзялілася студэнтка 2 курса Інстытута журналістыкі Вікторыя Лагавік: “Самыя цудоўныя пачуцці — пасля фэсту. Непаўторным з’яўляецца ўсведамленне таго, што ты прыклаў руку да нечага добрага і маштабнага. Назіраючы за першакурснікамі, мы разумелі, што час быў укладзены ў мерапрыемства недарэмна. Усе мы зразумелі, наколькі можам працаваць у камандзе, як у кожнага развіты арганізатарскія здольнасці. Мы ведалі, што па гэтым свяце першакурснікі будуць меркаваць пра ўніверсітэт, таму быў вялікі стымул выкласціся на поўную”.
Зрэшты, пра з’яднанасць студэнтаў можна сказаць не толькі ў дачыненні да арганізацыйнага камітэта “Першакурснік FESTival”. Добры настрой першакурснікаў упэўнівае: “Разам яны змогуць усё”.
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.