Гарачая лінія ў разгары

У Міністэрстве адукацыі паўтара месяца ўжо працуе гарачая лінія для абітурыентаў, арганізаваная на час прыёмнай кампаніі. Ля тэлефона дзяжураць кампетэнтныя ў пытаннях прыёму спецыялісты вышэйшай школы. Так, на працягу чэрвеня па тэлефоне 8 (017) 222-43-12 (менавіта такі нумар трэба набраць, каб трапіць на гарачую лінію) трубку знімала Сняжана Быкаўскіх, супрацоўнік БДТУ, якая шмат гадоў працавала ў прыёмнай камісіі гэтага ўніверсітэта.

Як расказала Сняжана Быкаўскіх, званкі паступалі штодня, прычым тэлефанавалі не столькі самі абітурыенты, колькі іх бацькі.

“Пытанні самыя розныя, і яны не заўсёды тычыліся прыёмнай кампаніі”, — адзначыла суразмоўца.

Так, на гарачую лінію часам звярталіся з пытаннямі залічэння дзяцей у дзіцячы сад, гімназію, з пытаннямі аб школьных выпускных экзаменах. Нягледзячы на тое, што яны не адносіліся да тэмы гарачай лініі, адказы даваліся і на іх. Дзяжурны па гарачай лініі пераадрасоўваў людзей да канкрэтнага спецыяліста міністэрства, які можа даць кампетэнтны адказ.

“Многія званкі можна было б і не рабіць. Інфармацыю па іх лёгка знайсці, звярнуўшыся на сайт Міністэрства адукацыі, на сайты ўстаноў адукацыі, на сайт РІКВ”, — заўважыла Сняжана Быкаўскіх.

Што да пытанняў па прыёме, значную іх частку складалі пытанні, звязаныя з ЦТ: дзе і як можна зарэгістравацца на ЦТ (такія званкі паступалі нават падчас праходжання ЦТ), як атрымаць сертыфікаты, якія прычыны з’яўляюцца ўважлівымі, якія, наадварот, няўважлівымі для рэгістрацыі на рэзервовы дзень.

“На гарачую лінію звярталіся і са скаргамі на тое, што на ЦТ не пусцілі з ксеракопіяй пашпарта, якая была натарыяльна засведчана”, — звярнула ўвагу Сняжана Быкаўскіх.

Як патлумачыла суразмоўца, на ЦТ трэба прыходзіць з дакументам, які сведчыць асобу. Такіх дакументаў у нашай краіне тры — пашпарт, пасведчанне на права жыхарства і пасведчанне бежанца. Ксеракопія пашпарта такім дакументам не з’яўляецца.

“Тое, што абітурыент прыйшоў з ксеракопіяй пашпарта, з’яўляецца няўважлівай прычынай, якая не дазваляе яму зарэгістравацца і праходзіць ЦТ у рэзервовы дзень”, — адзначыла Сняжана Быкаўскіх.

Як паведаміла суразмоўца, часта ў пункт праходжання ЦТ ксеракопію пашпарта прыносяць па той прычыне, што пашпарт знаходзіцца ў пасольстве на афармленні візы.

“Пагадзіцеся, спланаваць свой адпачынак у сілах самога чалавека”, — адзначыла Сняжана Быкаўскіх.

Заўважым, што да ўважлівых прычын, якія дазваляюць зарэгістравацца на здачу ЦТ у рэзервовы дзень, адносіцца хвароба абітурыента, камандзіроўка па рабоце, міжнародныя спаборніцтвы і іншыя прычыны, якія не залежаць ад абітурыента. Усё гэта абавязкова павінна быць дакументальна пацверджана.

Штогод на гарачую лінію тэлефануюць і з пытаннямі, як здаць 2 ці 3 ЦТ у рэзервовы дзень. Такі ж званок быў і сёлета.

Гарачая лінія Міністэрства адукацыі будзе працаваць да 19 жніўня. Арганізавана яна з мэтай аказаць дапамогу абітурыентам і іх бацькам у атрыманні інфармацыі адносна ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

“Тэлефанавала маці абітурыенткі. Яе дачка 8 чэрвеня трапіла ў бальніцу. Стан яе здароўя быў нездавальняючы — урачы не адпусцілі ні на адно з ЦТ. Маці цікавілася, як за адзін дзень яе дачцэ прайсці тры ЦТ”, — паведаміла Сняжана Быкаўскіх.

Як расказала дзяжурная па гарачай лініі, магчымасці здаць усе 3 тэсты няма, нават улічваючы, што дзяўчына прапусціла ЦТ па ўважлівай прычыне. Па санітарных нормах у адзін дзень можна здаваць толькі адзін экзамен. Аднак, адзначылі ў Міністэрстве адукацыі, не выключана, што змены ў прыёмнай кампаніі 2017 года будуць тычыцца і колькасці рэзервовых дзён.

На гарачую лінію звярталіся і з больш складанымі пытаннямі.

“Школьнік памылкова зарэгістраваўся не на той прадмет, які планаваў здаваць. Прычым заўважыў гэта не адразу. Добра што не ў дзень здачы ЦТ”, — адзначыла Сняжана Быкаўскіх.

Для таго каб вырашыць гэтае пытанне, прыйшлося звяртацца ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў. Маці гэтага абітурыента падрыхтавала электронны зварот з просьбай аб перарэгістрацыі сына на іншы прадмет. Гэтая просьба была задаволена.

“На гарачую лінію звяртаюцца і па параду, што рабіць, калі абітурыент не набраў парогавыя балы на ЦТ”, — звярнула ўвагу Сняжана Быкаўскіх.

Як адзначыла суразмоўца, некаторыя ўніверсітэты, праўда, іх няшмат, прымаюць сертыфікаты ЦТ і з паніжанай да 5 балаў планкай. У Міністэрстве адукацыі параілі не забываць і пра магчымасць паступаць у такім выпадку ў сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі.

“Пасля заканчэння каледжа можна атрымаць вышэйшую адукацыю па скарочанай праграме”, — нагадала Сняжана Быкаўскіх.

Як расказалі ў Міністэрстве адукацыі, частымі сталі выпадкі, калі ў сярэднія спецыяльныя ці прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі паступаюць людзі з вышэйшай адукацыяй.

“На гарачую лінію звярталася жанчына, якая мае два дыпломы аб вышэйшай адукацыі. Яна шукала прафесійна-тэхнічны каледж, дзе можна вывучыцца на швачку”, — рэзюмавала дзяжурная на гарачай лініі Сняжана Быкаўскіх.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.