Хто захоўвае архівы?

Адкуль мы даведваемся аб падзеях мінулага? Жыццях вядомых ці малавядомых асоб: грамадскіх дзеячаў, пісьменнікаў, мастакоў? Ці пра лёс нашых прабабуль і прадзядуляў? Пра гісторыю свайго горада, вёскі, школы ці ўстановы, дзе працавалі нашы бацькі? Гэтыя звесткі, як правіла, знаходзяцца ў архівах. А архівісты адказныя за тое, каб іх сабраць, захаваць і зрабіць даступнымі для зацікаўленых. Архівіст — адна з найцікавейшых сучасных прафесій, якая выбудоўвае сувязі паміж мінулым і будучыняй.

Заліковая кніжка студэнткі Львоўскага ўніверсітэта Алаізы Пашкевіч (Цёткі). 1912 г. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

Дзе знаходзяцца архівы?

У нашай краіне налічваецца больш за тры дзясяткі дзяржаўных архіваў. Найбольш значныя з іх, якія захоўваюць най­старажытнейшыя і найкаштоўнейшыя дакументы, знаходзяцца ў Мінску. Напрыклад, самыя старыя дакументы — пацвярджальны прывілей князёў Фёдара і Канстанціна Карыятавічаў ад 20 чэрвеня 1391 г. на горад Сакалец, прывілеі на магдэбургскае права гарадам Нясвіж (1586 г.), Мазыр (1680 г.) і інш., фамільныя дакументы князёў Ра­дзівілаў — знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. А вось Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, што знаходзіцца ў адным будынку з Нацыянальнай бібліятэкай, захоўвае пераважна дакументы ХХ ст.: сведчанні аб станаўленні беларускай дзяржаўнасці 1918—1920 гг., калектывізацыі, партызанскім руху, спаленых вёсках і шмат іншага.

На плошчы Свабоды ў Мінску, у гістарычным будынку былога касцёла бернардзінцаў, ужо больш як 150 гадоў таксама месцяцца архівы. Сёння іх там два: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва і Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі. У першым можна знайсці арыгінальныя дакументы, напісаныя рукой Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Максіма Багдановіча, Ула­дзіміра Караткевіча ці Марка Шагала. А можна сустрэць і зусім нечаканае — напрыклад, арыгінальныя фотаздымкі Альберта Эйнштэйна ці Кларка Гейбла! Сапраўды, шляхі трапляння некаторых дакументаў у архіў унікальныя і не менш цікавыя, чым самі дакументы.

Выява закаханых на старонках актавай кнігі Магілёўскага магістрата. 1702 г. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

У архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі захоўваюцца праекты мемарыяльных комплексаў “Брэсцкая крэпасць-герой” і “Хатынь”, планы гарадоў Веліж (1778), Люцыны (1748) і Мінска (XIX — пачатак XX ст., 1942 і 1946 гг.). У Дзяржынску ёсць яшчэ адзін надзвычай цікавы архіў, які змяшчае кіна-, фота- і фонадакументы. Тут можна паслухаць жывыя галасы Янкі Купалы, Якуба Коласа ці Пятра Машэрава, паглядзець кінахроніку ваенных часоў і фотаздымкі другой паловы ХIX ст., якія зафіксавалі будаўніцтва беларускай чыгункі.

Дзяржаўныя архівы ёсць і ў кожным абласным цэнтры Беларусі, а ў некаторых — Гродне, Гомелі і Магілёве — іх нават два. Яны захоўваюць не толькі дакументы абласных органаў кіравання, але і грамадскіх арганізацый, а таксама асабістыя архівы выдатных дзеячаў рэгіёна. У кожнай вобласці налічваецца і па некалькі так званых занальных архіваў. Напрыклад, у Мінскай (яны знаходзяцца ў Маладзечне, Барысаве і Слуцку) захоўваюць дакументы з пэўнай часткі тэрыторыі вобласці. Тут можна знайсці звесткі пра жыхароў пэўнага горада ці вёскі, дзейнасць устаноў і арганізацый. Так, у Занальным дзяржаўным архіве Мазыра ёсць пералік жыхароў навакольных вёсак за 1920 год, якія мелі права галасаваць, а таксама пасляваенныя пагаспадарчыя спісы. У іх можна знайсці імёны, прозвішчы і даты нараджэння сваіх родных, а часам і больш падрабязную інфармацыю пра іх жыццё і побыт.

Акрамя гэтага, у кожным райцэнтры Беларусі існуюць тэрытарыяльныя архівы, асноўная задача якіх — захоўваць дакументы па асабовым складзе (аб месцах працы грамадзян) і выдаваць даведкі, што пацвярджаюць стаж работы ва ўстановах, якія былі ліквідаваны. Архівы ёсць таксама на кожным прадпрыемстве і ў кожнай арганізацыі, у грамадскіх аб’яднанняў, рэлігійных супольнасцей і нават прыватных асоб. Склад, змест і ўнікальнасць дакументаў, што захоўваюцца тут, часта залежаць не толькі ад дзейнасці самой арганізацыі ці чалавека, але і ад работы архівіста, які камплектуе архіў, закладвае асновы карпаратыўнай гісторыі і сацыяльнай памяці грамадства.

У сховішчах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. 2018 г.

Як працуюць архівісты?

Найперш архівісты займаюцца збіраннем дакументаў, якое ў прафесійнай тэрміналогіі называецца камплектаваннем. Часта ім даводзіцца ствараць архівы “з нуля”, цалкам распрацоўваючы праграму работы архіва, запатрабаваную сучаснымі грамадскімі працэсамі і формамі дакументавання. Найбольш складаная, але адначасова цікавая задача архівіста — вызначыць, якія дакументы павінны захоўвацца і як доўга гэта павінна адбывацца. Бо сярод усіх дакументаў, якія ствараюцца ў арганізацыях і асобамі, пастаянна ў дзяржаўных архівах захоўваецца не больш за 5%. Таму архівіст выконвае і пэўную прагнастычную функцыю, мусіць прадбачыць, якія дакументы будуць запатрабаваны праз 50, 100 і больш гадоў!

Самы грунтоўны этап работы архівіста — забеспячэнне належнага захоўвання дакументаў на стагоддзі. Тут важна ўсё: як паставіць паліцы з дакументамі, якая мусіць быць тэмпература і вільгот­насць паветра ў сховішчы, належнае асвятленне. Новая і цікавая для сучасных архівістаў праблема — захоўванне дакументаў у электронным выглядзе. У 2020 го­дзе Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь упершыню прыме дакументы такога кштал­ту на дзяржаўнае захоўванне. І гэта таксама фундаментальнае пытанне, якое будзе вырашацца не адным пакаленнем спецыялістаў.

Сёння эфектыўнасць работы архівіста найбольш ацэньваюць карыстальнікі. Тыя людзі, якія звяртаюцца ў архіў па патрэбную ім інфармацыю: для складання ўласнага радаводу, пацвярджэння стажу працы ці службы ў войску, вывучэння гісторыі пэўнай мясцовасці ці асобнага архітэктурнага аб’екта. Сучасны карыстальнік марыць атрымаць неабходныя звесткі, не выходзячы з хаты і не адыхо­дзячы ад уласнага камп’ютара. Беларускія архівісты працуюць над гэтым, і дапамога маладых спецыялістаў у згаданай галіне будзе значнай. А пакуль за патрэбнай інфармацыяй карыстальнікі звяртаюцца пераважна ў чытальныя залы архіваў, дзе атрымліваюць прафесійныя кансультацыі па пошуку неабходных звестак.

Студэнты 4 курса гісторыка-архіўнага аддзялення на практычных занятках з дакументамі. 2019 г.

Як стаць архівістам?

Прафесійных архівістаў з вышэйшай адукацыяй у нашай краіне рыхтуюць толькі на гістарычным факультэце БДУ. Больш  за чвэрць стагоддзя, пачынаючы з 1992 года, былі падрыхтаваны сотні спецыялістаў, якія працуюць у шматлікіх установах Белару­сі — ад навукова-даследчых да архіваў Міністэрства абароны і Мінскай рэгіянальнай мытні.

Сённяшнія студэнты выдатна разу­меюць значнасць будучай прафесіі.

“Без архівіста не будзе прафесіі гісторыка. Архівісты захоўваюць дакументальную спадчыну грамадства”, — адзначае студэнтка Надзея Саломкіна.

Многія маладыя людзі ўжо з 3 курса з’яўляюцца супрацоўнікамі архіваў і набываюць практычны вопыт.

“Архівіст мае магчымасць глыбока пагрузіцца ў работу з крыніцамі інфармацыі, вывучыць дакументаабарот у арганізацыях, ацаніць каштоўнасць асобных відаў дакументаў. Архівы — добра адладжаная сістэма, якая патрэбна грамадству”, — лічыць студэнт Аляксей Баярын.

Студэнты гісторыка-архіўнага аддзялення ўпэўнены: архіўная адукацыя пашырае кола будучых магчымасцей спецыяліста-гуманітарыя, які набывае навыкі работы з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі і яе сістэматызацыяй.

Трэба таксама адзначыць, што кафедра крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, якая курыруе атрыманне архіўнай спецыяльнасці, нягледзячы на сваю адносную маладосць, кіруецца даўняй традыцыяй навучання. Яна паходзіць яшчэ з савецкай, а таксама традыцыйнай заходнееўрапейскай школы гісторыка-архіўнай адукацыі, якая праз год адзначыць 200-гадовы юбілей.

Генеалагічнае дрэва роду Жамбоцкіх герба “Радван”. Пачатак ХIХ ст. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі.

Таму калі ў выпускніка ёсць любоў да гісторыі і дакументаў, схільнасці да сістэмнага мыслення і работы з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі, а таксама жаданне атрымаць запатрабаваную практычную спецыяльнасць, то гісторыка-архіўнае аддзяленне гістарычнага факультэта БДУ стане добрым выбарам. Для паступлення неабходна здаць тры прадметы: гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю, а таксама беларускую ці рускую мову.

На першых двух курсах увага студэнтаў найбольш скіравана на вывучэнне гістарычных дысцыплін: ад гісторыі першабытнага грамадства да найноўшай гісторыі. Акрамя асноўнай замежнай мовы, вывучаюцца польская, лацінская і старабеларуская. Тады ж пачынаецца непасрэднае знаёмства са старажытнымі дакументамі ў межах курса палеаграфіі і летняй палеаграфічнай практыкі. На старшых курсах вывучаюцца асноўныя дакументазнаўчыя і архівазнаўчыя дысцыпліны, вялікую ролю адыгрываюць архіўныя інфармацыйныя тэхналогіі. Значная частка заняткаў, а таксама вытворчыя практыкі праводзяцца ў дзяржаўных архівах і архівах дзяржаўных органаў і арганізацый.

Выпускнікі, атрымліваючы дзве спецыяльнасці — гісторыка-архівіста і выкладчыка гісторыі, з’яўляюцца запатрабаванымі спецыялістамі, якія працуюць не толькі ў дзяржаўных архівах, але і ва ўсіх арганізацыях і ўстановах Беларусі, якія маюць архівы.

Вольга ІВАНОВА,
дацэнт кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, кандыдат гістарычных навук.
Фота з архіва гістарычнага факультэта.