Калектыў з агульнымі мэтамі

1 верасня навучэнцы спецыяльнасцей “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя” сустракалі не ў родным Ваўкавыскім каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а ва ўстановах адукацыі горада. Першы тыдзень навучальнага года — для іх практыка, якая называецца “Першыя дні дзіцяці ў школе”.

На выніковай канферэнцыі навучэнцы падзяліліся вопытам першых сямі дзён у школе, падрыхтавалі даклады “Праяўленне пазнавальнай актыўнасці першакласнікаў у першыя дні знаходжання ў школе”, “Як уплываюць зносіны на адаптацыю дзяцей у школе”, “Прычыны дэзадаптацыі і праяўленне яе ў дзяцей у школе”. Для навучэнцаў спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” практыка стала этапам замацавання і сістэматызацыі ведаў па тэме “Забеспячэнне пераемнасці паміж дашкольнай і пачатковай адукацыяй”.

— Вельмі важна, каб навучэнцы атрымлівалі педагагічны вопыт не толькі ў аўдыторыях каледжа. Практыка-арыентаваная адукацыя — залог паспяховасці навучэнцаў, а якасць падрыхтоўкі — гэта адна з традыцый нашай навучальнай установы, — гаворыць выконваючая абавязкі дырэктара каледжа Галіна Зялік. — На 3 курсе будучыя настаўнікі ўжо праводзяць урокі ў школах і гімназіях, летам працуюць выхавальнікамі ў дзіцячых лагерах.

Размова з Галінай Сяргееўнай пачалася менавіта з традыцый. За 78 гадоў існавання каледжа тут іх з’явілася шмат.

Педагагiчнае вучылiшча ў Ваўкавыску было адкрыта ў 1940 годзе. Да вайны навучальная ўстанова працавала толькі год, пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 20 верасня 1944 года аднавіла сваю работу. Першы пасляваенны набор — 101 чалавек. Праз 2 гады адбыўся першы выпуск — 16 чалавек атрымалі кваліфікацыю “настаўнік пачатковых класаў”.

— Лічу, што каледж моцны менавіта традыцыямі, якія стварала не адно пакаленне педагогаў і навучэнцаў — а гэта якасная падрыхтоўка спецыялістаў, выхаванне актыўнасці, атмасфера зладжанай работы калектыву, — гаворыць Галіна Сяргееўна. — Вы ведаеце, колькі людзей прыязджае штогод з усіх куточкаў Беларусі і з-за мяжы на сустрэчу выпускнікоў у апошнюю суботу сакавіка! Некалькі гадоў назад адзначалі 90-годдзе нашага ветэрана-выкладчыка Тамары Данілаўны Паграбной. Амаль уся група яе выпускнікоў, якім самім па 45 гадоў, прыехала. Вось такая сувязь пакаленняў, паважлівыя адносіны адно да аднаго — вялікая каштоўнасць і традыцыя каледжа. А яшчэ ўсе навучэнцы ведаюць, што ў нас два гімны: так бы мовіць, афіцыйны гімн каледжа і другі, неафіцыйны — гэта песня, якую так пранікліва спяваў Уладзімір Трошын “Разумееш, мама, я — настаўнік”. На ўсіх святах мы спяваем яе разам.

На пытанне, а якія яны — сённяшнія навучэнцы, Галіна Сяргееўна адказала:

— Самыя лепшыя — смелыя, не баяцца новага, не баяцца яго спрабаваць. Актыўныя.

І такую актыўнасць у каледжы падтрымліваюць, навучэнскае самакіраванне лічаць важным фактарам падрыхтоўкі адказнага грамадзяніна. Кожны панядзелак — пасяджэнне старастата, на якім вырашаюцца важныя пытанні вучобы, побыту, арганізацыі мерапрыемстваў. Адбываецца дыялог, дзе навучэнцаў чуюць.

Выпускнік гэтага года Улад Лысеня таксама быў старастам групы.

— Улад вучыўся на спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”, — расказвае загадчык аддзялення “Пачатковая адукацыя і дызайн (графічны)” Анжэла Кайнова, — і рос проста на вачах. На дні самакіравання быў дырэктарам каледжа і выдатна справіўся са сваімі абавязкамі. Зараз працуе настаўнікам у школе. Я яму часта гаварыла: “Быць табе сапраўдным дырэктарам”.

Анжэла Леанідаўна з такой цёплынёй гаворыць пра сваіх вучняў, што і тут прагучала пытанне: “Якое яно — новае пакаленне?”

— Нашы навучэнцы розныя, але ўсе яны вельмі творчыя, добразычлівыя. Вызначаю іх мэтанакіраванасць. Мы неабыякавыя да сваіх навучэнцаў, і яны гэта адчуваюць. Узгадаю яшчэ адну выпускніцу — Любоў Чурык. Яна была старастай аддзялення і вельмі адказнай. Такім маладым людзям заўсёды можна давяраць, яны нашы памочнікі.

У Ваўкавыскім каледжы можна вучыцца па 6 спецыяльнасцях: “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва”, “Дызайн (графічны)”, “Замежная мова” — англійская і нямецкая, “Турызм і гасціннасць”. Прычым на спецыяльнасці “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва” выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю “настаўнік” і “швачка”.

Сярэдні бал паспяховасці ў другім паўгоддзі мінулага навучальнага года склаў 7,7, а на спецыяльнасці “Замежная мова” — 8 балаў.

Лепшых навучэнцаў вызначаюць у конкурсах “Каралева ведаў” і “Кароль ведаў”.

— Сёлета 10 нашых выпускнікоў атрымалі дыпломы з адзнакай. Гэта 6,5% ад агульнай колькасці навучэнцаў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Зянько. — Адзначаем і станоўчую дынаміку вынікаў абароны дыпломных работ: палова выканана на 9—10 балаў.

Дарэчы, маімі экскурсаводамі па каледжы былі і навучэнцы. Дар’я Ігнацік і Ягор Гіз вучацца на 3 курсе спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”. Пра вучобу гавораць, што асабліва падабаюцца спецыяльныя дысцыпліны — краязнаўства, экскурсазнаўства. Тэмай курсавой работы на 2 курсе ў Ягора быў спартыўны і экстрэмальны турызм на Гродзеншчыне, ён распрацаваў маршрут велатура, а Дар’я даследавала турыстычныя перспектывы Ваўкавыскага раёна. Першым аб’ектам для наведвання прапануе Шведскую гару, адкуль увесь горад, як на далоні. Па музеі, які быў створаны ў 1985 годзе, мяне правялі Дар’я Кукавінец і Мілена Каласоўская.

Пасля пазнаёмілася з навучэнкай спецыяльнасці “Замежная мова” Мартай Даўгайла. Трэці год яна разам з сябрамі рэалізоўвае валанцёрскі праект па навучанні пажылых людзей англійскай мове. Марта гаворыць, што спачатку было складана, а зараз яна думае, што можа ў далейшым выкладаць англійскую мову не толькі дзецям, але і дарослым.

У каледжы штогод праходзяць конкурсы на лепшую акадэмічную групу, а таксама вызначаюць лепшую грамадска актыўную групу. Пераможцаў заахвочваюць паездкамі — напрыканцы верасня навучэнцы едуць на экскурсію ў Мінск і Хатынь.

Вучыцца ў Ваўкавыскі каледж прыязджаюць не толькі з Беларусі. Першая замежная навучэнка, Анабібі Усупава з Туркменістана, з’явілася тут у 2010 годзе. Зараз яна працуе настаўніцай замежнай мовы ў сябе на радзіме. Сёлета ў каледжы вучацца грамадзяне Туркменістана і Украіны.

— Нашы навучэнцы разумеюць, што ім патрэбны рэальныя веды, адаптаваныя да жыцця, — гаворыць Марына Іосіфаўна. — Яны не проста спаборнічаюць за адзнакі, а разумеюць важнасць ведаў. У гэтым годзе прахадны бал на спецыяльнасць “Замежная мова” склаў 8,5. Такіх падрыхтаваных і матываваных людзей трэба і вучыць па-сучаснаму, пастаянна прапаноўваць ім новае, цікавае, здзіўляць. А яшчэ мне падабаецца іх актыўнасць у валанцёрскай дзейнасці, што стала справай многіх нашых навучэнцаў. У каледжы дзейнічае валанцёрскі атрад “Цёплыя рукі”.

Выкладчык і ўжо 15 гадоў старшыня прафсаюзнай арганізацыі каледжа Наталля Самойлавіч дадае, што сённяшнія навучэнцы тэхнічна адукаваныя, у іх таксама ёсць чаму павучыцца. Яны лёгка ўспрымаюць новыя ідэі. Напрыклад, станцаваць на занятках ірландскую джыгу, каб перанесціся ў Ірландыю і так адчуць краіну, яе культуру. Паўтары хвіліны доўжыўся танец, да якога навучэнцы самастойна рыхтаваліся месяц, — вось такія “іскрынкі” дапамагаюць моладзі вучыцца, а выкладчыкам — працаваць творча.

Педагог сацыяльны і куратар 3 курса спецыяльнасці “Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва” Алена Бернат падкрэслівае:

— Мае навучэнцы становяцца калектывам, а гэта значыць — падтрымка, узаемадапамога. Могуць выказаць заўвагу, калі хтосьці “з’язджае” ў вучобе, дапамагчы. А галоўнае для мяне, што бачу іх чалавечыя якасці — дабрыню, адказнасць.

Перад 1 верасня члены валанцёрскага атрада арганізавалі акцыю, каб дапамагчы малазабяспечаным сем’ям сабраць дзяцей у школу. Падышлі да справы нефармальна — зрабілі роставыя лялькі і весялілі дзяцей і дарослых. А каб расказаць пра свой каледж патэнцыяльным абітурыентам, запрасілі ўсіх жадаючых на “Ваўкавыскі Арбат” — дызайнеры малявалі і паказвалі свае творчыя работы (дарэчы, усе калідоры каледжа ўпрыгожаны іх карцінамі), дэманстравалі адзенне (жадаючыя маглі прадэфіліраваць у строях, створаных навучэнкамі), частавалі сваёй выпечкай, праводзілі экскурсіі.

— І ўсё прыдумалі самі, — гаворыць Галіна Зялік. — Члены вучнёўскага самакіравання ініцыіруюць правядзенне розных мерапрыемстваў і самі прадумваюць іх сцэнарыі, штогод прапаноўваюць нешта новае — вечар сустрэчы з выпускнікамі, свята апошняга званка, студэнцкі капуснік, забаўляльная праграма “Міс і містар каледжа”, конкурс “Лепшы па прафесіі”, “Дзень Туркменістана”. У конкурсе “100 ідэй для Беларусі” нашы вучні прадстаўлялі праект “Ініцыятыва сёння — поспех заўтра” па вучнёўскім самакіраванні. З апошніх рэалізаваных праектаў — “Мы разам” (валанцёрскі рух), “Ваўкавыскі Арбат” (прафарыентацыйная работа).
7 гадоў Ваўкавыскі каледж Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ўзначальваў кандыдат гістарычных навук Міхаіл Сямёнчык. Зусім нядаўна ён прызначаны начальнікам упраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама.

— Каледж для мяне — гэта найперш людзі, якія аддавалі і аддаюць роднай установе свае сілы, розум, энергію і любоў. Гэта каманда, якая вырашае ўсе задачы прафесіянальна і адказна, — гаворыць Міхаіл Баляслававіч. — А нашы навучэнцы для мяне сапраўды самыя лепшыя. Яны энергічныя, дапытлівыя. І ў нашай рабоце трэба ісці ад іх запытаў. Не проста слухаць іх, а чуць.

У Ваўкавыскім каледжы свае планы звязваюць з развіццём такіх энергічных і дапытлівых. У гэтым навучальным годзе плануюць прыняць удзел у Рэспубліканскім чэмпіянаце WorldSkills у кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”. У найбліжэйшы час будзе заключана першая міжнародная дамова аб супрацоўніцтве з Нацыянальным універсітэтам біярэсурсаў і прыродакарыстання Украіны, што прадугледжвае распрацоўку і рэалізацыю сумесных навуковых, адукацыйных, выдавецкіх, культурна-асветніцкіх, экспедыцыйных і творчых праектаў. Працягнецца рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне педагагічнай сістэмы фарміравання прадпрымальніцкай кампетэнтнасці будучых педагогаў дашкольнай адукацыі ў каледжах”. У лістападзе на базе каледжа адбудзецца рэспубліканскі семінар-практыкум “Агульныя патрабаванні да арганізацыі курсавога праектавання і правілы афармлення курсавых праектаў”, што таксама будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці і выніковасці метадычнай і даследчай дзейнасці выкладчыкаў, а значыць, якасці падрыхтоўкі спецыялістаў.

<

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*