Новай хваляй першакурснікаў папоўнілася самая вялікая ўстанова адукацыі Беларускага Палесся — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. За права вучыцца тут змагаліся звыш 2,6 тысячы абітурыентаў, аднак толькі 1608 з іх сталі студэнтамі. На першы курс дзённага аддзялення залічана больш за тысячу юнакоў і дзяўчат, завочнага — каля шасцісот. Адукацыю за кошт бюджэтных сродкаў атрымаюць 780 першакурснікаў, на ўмовах аплаты — 828. Асновы прафесіі моладзь спасцігае на трынаццаці факультэтах.
Пра асаблівасці ўступнай кампаніі ў ГДУ імя Францыска Скарыны, спецыфіку вучэбнага працэсу нам расказаў прарэктар па вучэбнай рабоце Ігар СЕМЧАНКА.
— Ігар Валянцінавіч, як прайшла ўступная кампанія ва ўніверсітэце? Ці былі новаўвядзенні?
— Як і летась, уступная кампанія прайшла роўна і спакойна, істотных адрозненняў не было. А ў ліку новаўвядзенняў, з якімі абітурыенты сутыкнуліся яшчэ падчас прыёму дакументаў, — электронны журнал для рэгістрацыі. Ён дазволіў значна спрасціць працэс і скараціць час рэгістрацыі, зменшыць колькасць памылак. Можна сказаць, што прыёмная камісія працавала па прынцыпе “аднаго акна”. Абітурыенты атрымалі доступ да аператыўнай інфармацыі пра ход уступнай кампаніі, магчымасць аб’ектыўна ацэньваць свае шансы на паступленне. Членам прыёмнай камісіі, у сваю чаргу, журнал дазволіў аналізаваць і абагульняць звесткі адносна выканання плана прыёму, прахадных балаў і г.д.
— Сёлета выпускнікі педагагічных класаў паступалі на педагагічныя спецыяльнасці па выніках субяседавання. На ваш погляд, гэта апраўдана?
— Такія абітурыенты атрымалі рэкамендацыі педагагічных саветаў сваіх школ і карысталіся льготамі — не ўдзельнічалі ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Я лічу, што субяседаванне ў гэтым выпадку было неабходнасцю. Яно дазволіла пазбегнуць памылак падчас залічэння, праверыць матывацыю і ўсвядомленасць моладзі пры выбары прафесіі. Гэта вельмі важна, бо пасля заканчэння ўніверсітэта такія выпускнікі будуць працаваць па выніках дзяржаўнага размеркавання на працягу пяці гадоў.
— Залічэнне ў айчынныя ўніверсітэты адбываецца паводле вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання. Ці практыкуецца ў ГДУ імя Францыска Скарыны правядзенне ўнутраных іспытаў?
— Унутраныя экзамены праходзяць на дзённым аддзяленні пры паступленні на спецыяльнасці “Фізічная культура” (абітурыенты здаюць спартыўныя нарматывы), “Руская і беларуская філалогія” (праводзіцца пісьмовы экзамен па рускай і беларускай літаратуры).
Добра зарэкамендавала сябе і практыка правядзення ўнутраных іспытаў на завочным факультэце. Гэта тычыцца выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія паступаюць на скарочаны тэрмін навучання. На мой погляд, такім матываваным студэнтам, якія вызначыліся ў жыцці і фактычна валодаюць прафесіяй, не трэба здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне. Як паказвае практыка, яны ўжо працуюць па спецыяльнасці, што дапамагае аплачваць вучобу.
— На Рэспубліканскай педагагічнай нарадзе, якая прайшла напярэдадні навучальнага года ў Мінску, прагучала прапанова ўвесці дадаткова да ЦТ субяседаванне для абітурыентаў. Ці разглядае ўніверсітэт такое новаўвядзенне ў правілах прыёму?
— Калі мы фармулюем свае пажаданні наконт удасканалення парадку прыёму абітурыентаў, то перш за ўсё ўлічваем вопыт работы прыёмнай камісіі нашага ўніверсітэта, імкнёмся “ісці ад жыцця”. Я лічу, што зараз няма неабходнасці выкарыстоўваць дадаткова да ЦТ субяседаванне. У той жа час можна паспрабаваць на практыцы комплексны тэст, які дасць магчымасць ацаніць агульную эрудыцыю юнакоў і дзяўчат, іх веды па іншых прадметах, акрамя профільных. Аб прымяненні такіх тэстаў гаварыў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас Рэспубліканскага педсавета.
— Ігар Валянцінавіч, якія спецыяльнасці карысталіся найбольшым попытам у сёлетніх абітурыентаў?
— Як і ў мінулыя гады, былі папулярнымі спецыяльнасці факультэта фізічнай культуры (конкурс склаў у сярэднім 3,51 чалавека на месца). Павялічылася колькасць жадаючых вывучаць замежныя мовы (на адно месца прэтэндавалі 2,7 чалавека). У ліку лідараў і спецыяльнасці геолага-геаграфічнага факультэта (за адно месца змагаліся 2,25 чалавека).
Мы заўважылі таксама, што юнакі і дзяўчаты пачалі актыўна цікавіцца перспектыўнымі спецыяльнасцямі IT-сферы. Дарэчы, ГДУ імя Францыска Скарыны сёння з’яўляецца найбуйнейшым рэгіянальным пастаўшчыком кадраў у сферы інфармацыйных тэхналогій для сучаснага рынку працы. Сярод запатрабаваных абітурыентамі спецыяльнасцей нашага ўніверсітэта — “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”, “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”, “Электронныя сістэмы бяспекі”, “Камп’ютарная фізіка” і інш.
Асобна трэба згадаць такія спецыяльнасці, як “Правазнаўства”, “Сусветная эканоміка”, “Фінансы і крэдыт”, “Дзяржаўнае кіраванне”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”. Тут разгарнулася вострая конкурсная барацьба: конкурс склаў ад 4,1 да 9,2 чалавека на месца. Зрэшты, гэта абумоўлена ў тым ліку невялікай колькасцю бюджэтных месцаў.
— Па выніках конкурснай барацьбы першакурснікамі ўніверсітэта сталі самыя разумныя і мэтанакіраваныя абітурыенты. Якія прыемныя новаўвядзенні чакаюць іх у вучэбна-адукацыйным працэсе?
— Што да працэсу навучання, мы зробім акцэнт на яго практычнай накіраванасці. Гэта будзе адлюстроўвацца на правядзенні якасных семінарскіх заняткаў, паглыбленых вучэбнай і вытворчай практык і станоўча паўплывае на будучую прафесійную дзейнасць выпускнікоў.
З новаўвядзенняў — студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя па робататэхніцы і мехатроніцы, якая пачне працаваць на базе факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій. Да яе работы з часам плануем прыцягнуць і зацікаўленых школьнікаў, якія атрымаюць магчымасць лепш пазнаёміцца з прафесіяй і ў будучыні зрабіць свядомы выбар пры паступленні ва ўніверсітэт.
У хуткім часе ў нас таксама пачне працаваць сучасная лабараторыя кампаніі EPAM, дзе са студэнтамі будуць займацца на прафесійным узроўні.
Калі гаварыць пра новаўвядзенні, нельга не адзначыць і з’яўленне на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій сумеснай з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам магістратуры па спецыяльнасці “Інфакамунікацыйныя сістэмы і сеткі”. Пасля двух гадоў навучання яе выпускнікі атрымаюць падвойны дыплом магістра.
Таксама чакаем важную падзею — адкрыццё ва ўніверсітэце Інстытута Канфуцыя, дзе нашы студэнты будуць актыўна вывучаць кітайскую мову, знаёміцца з культурай і традыцыямі Паднябеснай.
Святлана ХАЗЕЙ.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.