Кожны дзясяты курсант — з сям’і пагранічнікаў

У Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь падвялі вынікі прыёмнай кампаніі
2015 года, і ўжо ёсць план работы з абітурыентамі на будучы год. Інстытут ставіць за мэту не проста выканаць кантрольныя лічбы прыёму, а знайсці менавіта сваіх абітурыентаў — патрыятычна выхаваных, фізічна і інтэлектуальна моцных і, галоўнае, матываваных да службы на такім адказным рубяжы Айчыны, як дзяржаўная мяжа.

Як паведаміў першы намеснік начальніка Інстытута пагранічнай службы, начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення, палкоўнік Сяргей Яўгеньевіч Волкаў, сёлетняя ўступная кампанія адрознівалася ад папярэдніх. Калі ў мінулыя гады набор у інстытут вёўся толькі на адну спецыяльнасць, то сёлета ажно на чатыры — “Кіраванне падраздзяленнямі мяжы”, “Кіраванне падраздзяленнямі пагранічнага кантролю”, “Аператыўная дзейнасць органаў пагранічнай службы”, “Ідэалагічная работа ў органах пагранічнай службы”. Дзякуючы шырокай прафарыентацыйнай рабоце, праведзенай супрацоўнікамі інстытута, конкурс па ўсіх спецыяльнасцях быў больш як 2 чалавекі на месца. Зрэшты, першапачаткова жадаючых паступіць было яшчэ больш, але, паколькі адбор у інстытут мае на ўвазе некалькі этапаў, многія абітурыенты пакрысе адсеяліся.
— Асаблівасць сілавых устаноў адукацыі заключаецца ў тым, што на этапе папярэдняга адбору конкурс можа дасягаць трох чалавек на месца, аднак на момант падачы дакументаў ён непазбежна змяншаецца, — тлумачыць Сяргей Яўгеньевіч. — Многія абітурыенты не могуць паступіць у інстытут па стане здароўя; іншым мы адмаўляем на падставе даных органаў МУС і КДБ; некаторыя правальваюць іспыты па фізічнай падрыхтоўцы; нарэшце, ёсць і тыя, хто не пераадольвае вызначаны парог на ЦТ. У выніку сярэдні бал першакурснікаў адносна невысокі — каля 150. Аднак мы бачым, што яны дастаткова матываваныя, узровень іх агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі дазваляе ім асвойваць нашы вучэбныя праграмы.
Адметна, што з сотні першакурснікаў, якія прыйшлі ў інстытут, каля дзясятка — з сем’яў пагранічнікаў. Сёлета сюды паступіў праўнук Героя Савецкага Саюза Д.В.Казакевіча, імем якога названа 12-я пагранічная застава Гродзенскай пагранічнай групы. Такая вось пераемнасць пакаленняў.

Дзяўчат у інстытут пакуль што не прымаюць, хаця на этапе ўступнай кампаніі многія з іх выказваюць жаданне стаць пагранічнікамі. Тлумачыцца ўсё проста: у традыцыйна мужчынскай установе адукацыі і тым больш у інтэрнаце для дзяўчат няма адпаведных бытавых умоў. Але над гэтым пытаннем у інстытуце думаюць, і, магчыма, у недалёкай перспектыве яно будзе вырашана. Зрэшты, калі хтосьці сапраўды марыць служыць на мяжы, то выйсце ёсць. У складзе інстытута дзейнічае Цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў пагранічнага кантролю, які размяшчаецца ў Брэсце, і там можна прайсці адпаведную падрыхтоўку.
Дарэчы, у атрадзе пагранічнага кантролю “Мінск” прыкладна трэць складу — жанчыны.

Папярэдні прафесійны адбор абітурыенты праходзяць на базе ваенкаматаў па месцы жыхарства. Канчатковы прафесійны адбор, які ўключае ў сябе ацэнку стану здароўя, фізічнай падрыхтоўкі абітурыентаў і прафесійна-псіхалагічнае абследаванне, праводзіць камісія інстытута па абласцях.
— Сёлета я асабіста пабываў ва ўсіх абласцях, — расказвае палкоўнік С.Я.Волкаў, — цікавіўся ў абітурыентаў, чаму яны вырашылі стаць пагранічнікамі. Адказы былі розныя. Хтосьці бачыў фільмы пра пагранічнікаў і быў зачараваны гэтай прафесіяй. У кагосьці сваякі служаць на мяжы. Хтосьці любіць сабак і бачыць сябе менавіта з сабакам на пагранічнай заставе. Усе абітурыенты мелі матывацыю, і было бачна, што іх выбар цалкам асэнсаваны.
Пасля прафесійнага адбору абітурыентам Інстытута пагранічнай службы давялося здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне па трох прадметах (беларускай ці рускай мове, гісторыі Беларусі і матэматыцы). Таму можна меркаваць, што адважваюцца на ўсе гэтыя выпрабаванні хлопцы, якія сапраўды гараць жаданнем служыць на мяжы.
Трэба адзначыць, што абітурыенты Інстытута пагранічнай службы праходзяць вельмі сур’ёзны адбор па здароўі. Тут бяруцца пад увагу шмат розных параметраў, і патрабаванні больш жорсткія, чым да прызыўнікоў тэрміновай службы.Тым, хто мае пэўныя праблемы са здароўем, лепш загадзя звярнуцца ва ўстанову адукацыі і высветліць, ці не будуць яны перашкодай для паступлення.

Кадры ў інтарэсах органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь рыхтуе не толькі Інстытут пагранічнай службы. Падрыхтоўка па дэфіцытных спецыяльнасцях (напрыклад, фінансістаў, будаўнікоў, урачоў і інш.) вядзецца ў 19 установах адукацыі Беларусі і Расіі.

Дарэчы, кваліфікаваныя адказы на любыя пытанні, звязаныя з паступленнем і навучаннем у Інстытуце пагранічнай службы, можна атрымаць у тым ліку ў інтэрнэце. Старонкі інстытута ёсць у папулярных сацыяльных сетках (гэта рэдкая з’ява для сілавых устаноў адукацыі).
У службе па рабоце са СМІ расказалі, што менш чым за год у інстытута з’явілася 1200 падпісчыкаў.
Асаблівасцю гэтага года з’яўляецца і тое, што першакурснікі прыступілі да вучобы на базе інстытута (раней курсанты пачыналі вучобу на базе вучэбнага цэнтра ў Смаргоні). Адпаведна, былі выдзелены дадатковыя плошчы і ў вучэбным корпусе, і ў інтэрнаце, праведзена сур’ёзная работа па ўдасканаленні матэрыяльнай базы. У прыватнасці, абсталявана 12 новых сучасных вучэбных аўдыторый з усім неабходным тэхнічным аснашчэннем.
— Дзяржаўны пагранічны камітэт ставіць задачу, каб усе тэхнічныя сродкі аховы мяжы, якія паступаюць на ўзбраенне ў органы пагранічнай службы, усе перадавыя тэхналогіі паступалі і ў наш інстытут для навучання курсантаў, — расказвае Сяргей Яўгеньевіч. — Сёння гэтая задача паспяхова рэалізуецца. Курсанты ў аўдыторыях вучацца таму, што выконваюць пагранічнікі непасрэдна на мяжы. Вывучаюць і разгортваюць комплексы выяўлення, у рэальным часе адпрацоўваюць праверку дакументаў (згодна з нарматывамі, 1,5 мінуты на чалавека), знаёмяцца з сучаснымі спосабамі абароны дакументаў і вывучаюць віды падробак.
Выкладчык кафедры пагранічнага кантролю Мікалай Віктаравіч Жучкоў прадэманстраваў трэнажор “Партрэт-тэст”, распрацаваны на згаданай кафедры. Гэта праграмны комплекс, які дазваляе курсантам трэніравацца ў ідэнтыфікацыі асобы. — Калі папярэднія трэнажоры прапаноўвалі для аналізу статычныя выявы (фотаздымкі), то новы трэнажор-тэст дае магчымасць суадносіць фотаздымкі з відэавыявамі людзей, зробленымі на пагранічным кантролі ў Нацыянальным аэрапорце, — тлумачыць Мікалай Віктаравіч. — Курсант павінен паглядзець на выяву і выбраць, хто з чатырох прапанаваных асоб на ёй адлюстраваны. Прычым ёсць часавыя абмежаванні (15 секунд на аднаго чалавека).
Як высветлілася, ідэнтыфікаваць людзей без адпаведнай падрыхтоўкі не так проста. Напрыклад, з дзесяці выяў, якія прапанаваў трэнажор, нам удалося правільна вызна-чыць толькі сем. Гэта значыць, што калі б мы стаялі на пагранічным кантролі, то літаральна за пару хвілін праз нас прайшлі б тры чалавекі з чужымі дакументамі. Прафесійныя пагранічнікі дапускаць такія промахі не павінны.
Курсанты карпатліва вывучаюць Атлас пашпартоў, у якім адлюстраваны пашпарты ўсіх краін свету — агульнаграмадзянскія, замежныя, службовыя. Гэта надзвычай цікавая кніга, дзе можна паглядзець, як абаронены дакументы, а таксама магчымыя падробкі. Дарэчы, кожная новая падробка, якая выяўляецца на мяжы, адразу перадаецца ў інстытут. Тут яна фіксуецца і вывучаецца.
Важным інструментам работы пагранічніка з’яўляецца англійская мова, таму ў інстытуце ёй удзяляецца вялікая ўвага. Акрамя таго, з гэтага года курсанты пачынаюць факультатыўна вывучаць мовы пагранічных дзяржаў — польскую, літоўскую і латышскую.
— Мы стараемся максімальна наблізіць вучэбны працэс да практыкі, таму стажыроўка курсантаў прадугледжана на кожным курсе, — гаворыць палкоўнік С.Я.Волкаў. — За час навучання ў інстытуце курсанты вывучаюць усе ўчасткі дзяржаўнай мяжы. Калі на 1 курсе яны стажыраваліся на польскім напрамку, то на 2-м будуць на літоўскім і г.д. Акрамя таго, заняткі праходзяць на чыгуначным вакзале, у Нацыянальным аэрапорце, на Мінскай друкарскай фабрыцы Дзяржзнака, дзе курсанты вывучаюць тонкасці друку дакументаў, у Акадэміі МУС, Дзяржаўным мытным камітэце і г.д. На выпускным курсе курсанты, як правіла, стажыруюцца на той пасадзе і ў тым месцы, дзе будуць служыць пасля размеркавання.
Падчас экскурсіі па інстытуце мы заглянулі ў клас тактыкі пагранічнай службы, дзе праходзяць навучанне будучыя начальнікі застаў. Гэта ўжо выпускны курс. Летам маладыя афіцэры раз’едуцца па заставах, там штодня будуць планаваць і арганізоўваць ахову даверанага ім участка дзяржаўнай мяжы. Між іншым нам паведамілі, што пагранічныя суткі пачынаюцца ў 20 гадзін.

24 кастрычніка ў Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь адбудзецца дзень адкрытых дзвярэй. Абітурыенты сустрэнуцца з начальнікам інстытута В.С.Гедзько, даведаюцца пра ўмовы паступлення і азнаёмяцца з вучэбна-матэрыяльнай базай, а таксама ўмовамі пражывання курсантаў.

Усе выпускнікі інстытута атрымліваюць размеркаванне на дзяржаўную мяжу і заключаюць кантракт на 5-гадовую службу. Пры гэтым максімальна ўлічваецца жаданне выпускніка, дзе ён хоча служыць, рэкамендацыі камандзіра, псіхолага.
— Беларусь вельмі кампактная краіна, і ў нас няма аддаленых застаў, таму выпускнікі ахвотна размяркоўваюцца на ўсе ўчасткі дзяржаўнай мяжы, — гаворыць Сяргей Яўгеньевіч. — І калі раней (яшчэ з савецкіх часоў) добраўпарадкаванай лічылася польская мяжа, то зараз камфортныя ўмовы створаны і на літоўскім, і на ўкраінскім участку. Хачу сказаць, што мы кожны год атрымліваем водзывы з тэрытарыяльных органаў пагранічнай службы пра нашых выпускнікоў. На падставе гэтых водзываў робім пэўныя карэкціроўкі ў адукацыйным працэсе. Як вынік — маладыя камандзіры прыязджаюць на мяжу цалкам падрыхтаванымі да службы — кампетэнтнымі, выхаванымі, адказнымі і надзейнымі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.