Сакрэты паспяховасці Гродзенскага палітэха
Пяць гадоў назад адразу ў дзвюх навучальных установах Гродна адбылася значная падзея: 1 снежня 2015 года Гродзенскі політэхнічны каледж быў рэарганізаваны шляхам далучэння да яго Гродзенскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя. Апошняя пяцігодка ў дзейнасці ўстановы стала часам новых дасягненняў, пошукам новых шляхоў развіцця.
Сёлета Гродзенскі політэхнічны каледж адзначыць 65-годдзе. Філіял Мінскага палітэхнікума быў адкрыты ў горадзе над Нёманам у 1956 годзе. Першыя 60 чалавек пачалі навучанне па спецыяльнасці “Апрацоўка металу рэзаннем”. Праз восем гадоў філіял стаў самастойнай установай адукацыі — Гродзенскім вячэрнім політэхнічным тэхнікумам, а яшчэ праз год пераўтвораны ў Гродзенскі палітэхнікум. У 1966 годзе адбыўся першы набор на базе 8 класаў па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” ў колькасці 100 чалавек.
Зараз Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж працягвае рыхтаваць запатрабаваных спецыялістаў будаўнічай галіны, а таксама ў адпаведнасці з патрэбамі рэгіёна і сучаснай эканомікі спецыялістаў іншых кірункаў — “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, “Архітэктура”, “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці”, “Банкаўская справа”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі”.
У каледжы працуюць чатыры аддзяленні — будаўнічых тэхналогій, машынабудавання, аўтаматызацыі і інфарматызацыі, архітэктуры і прафесійнай тэхнічнай адукацыі. Навучанне вядзецца на базе 9 і 11 класаў, а таксама па скарочанай і завочнай форме.
— Некаторыя спецыяльнасці, напрыклад, “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, доўгі час існавалі толькі ў нашым каледжы, — расказвае дырэктар Святлана Храпко. — Улічваем запатрабаванасць у спецыялістах і ўводзім новыя спецыялізацыі. Так, на спецыяльнасці “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” у мінулым годзе з’явіліся напрамкі “Апрацоўка дзелавой і эканамічнай інфармацыі” і “Камп’ютарная графіка”. Да нас прыходзяць матываваныя навучэнцы. Прахадны бал на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” на працягу апошніх трох гадоў складае 8,4—8,5 бала, на спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” — 7,4 бала. У нас выконваюцца планы набору на ўсе спецыяльнасці і размяркоўваюцца ўсе выпускнікі.
Як і кожная ўстанова адукацыі, Гродзенскі палітэх мае ў сваім арсенале шмат кірункаў дзейнасці, якія дапамагаюць забяспечваць высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў. У размове з дырэктарам і спецыялістамі каледжа вылучылі тры кірункі, якія асвятлім у гэтым артыкуле.
Прафесіяналізм
Выхаванне цікавасці і адказнага стаўлення да будучай прафесіі адбываецца ў навучэнцаў каледжа не толькі ў рамках вучэбных заняткаў, але і ў выніку ўдзелу ў шматлікіх конкурсах і мерапрыемствах.
Адным з самых выніковых праектаў стаў конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills. Упершыню навучэнцы політэхнічнага каледжа прынялі ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе WorldSkills Belarus — 2016. І выступілі паспяхова — чатыры прызавыя месцы. Конкурсныя мерапрыемствы праходзілі і на пляцоўках політэхнічнага каледжа — тут спаборнічалі будучыя спецыялісты абліцовачных работ.
У той год віншаванні прымалі Артур Аксень — 1-е месца ў Гродзенскай вобласці ў кампетэнцыі “Каменныя работы”, Андрэй Марцулевіч — 2-е месца ў кампетэнцыі “Абліцовачныя работы”. Дыплом ІІІ ступені ў кампетэнцыі “Інфармацыйныя кабельныя сеткі” атрымаў Дзмітрый Жук, дыплом ІІ ступені ў кампетэнцыі “Праграмнае забеспячэнне для бізнесу” — Дзяніс Чабарачка. І кожны наступны ўдзел навучэнцаў каледжа ў WorldSkills таксама быў выніковым.
Зараз Дзяніс Чабарачка з’яўляецца студэнтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і адначасова трэнерам, які рыхтуе студэнтаў ГрДУ да ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў, навучэнцаў і студэнтаў WorldSkills Belarus па кампетэнцыі “Праграмныя рашэнні для бізнесу”. За падрыхтоўку фіналістаў конкурсу Дзяніс быў адзначаны падзячным лістом кіраўніцтва ўніверсітэта як эксперт і за асабісты ўклад у развіццё ГрДУ імя Янкі Купалы як цэнтра інавацыйнага развіцця.
Выкладчык спецыяльных дысцыплін політэхнічнага каледжа Віктар Арэхва падрыхтаваў не аднаго пераможцу прафесійнага конкурсу, з’яўляецца экспертам. Ён падкрэслівае, што падрыхтоўка да ўдзелу ў WorldSkills вядзецца пастаянна, на працягу ўсяго вучэбнага працэсу. Як важную характарыстыку ён адзначае такую якасць, як стрэсаўстойлівасць. Працаваць перад вялікай колькасцю гледачоў, а менавіта такія ўмовы ствараюцца на конкурсе, каб быў бачны працэс, не кожнаму даецца лёгка. Так, калі Дзяніс Чабарачка выступаў у Кітаі, за яго спінай на хвілін 30 “заліп” чалавек, які здымаў на мабільнік усё, што з’яўлялася на маніторы ў Дзяніса. Вось тут і патрэбна стрэсаўстойлівасць.
— Добрай школай прафесіяналізму і жыцця становяцца для нашых навучэнцаў і будаўнічыя атрады, — расказвае сацыяльны педагог Ганна Мікалаеўна Хох. — Летась былі сфарміраваны шэсць будаўнічых атрадаў, а ў 2019 годзе іх было восем. Другі год запар штаб працоўных спраў каледжа становіцца лепшым у Гродне.
Варвара Нядугава, камандзір будаўнічага атрада імя воіна-інтэрнацыяналіста Юрыя Гаўраша, разам з сябрамі працавала на будаўніцтве жылых дамоў. Яна атрымлівае спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” і такую практыку разглядае як важны этап прафесійнага ўдасканалення. Дарэчы, і заробак у будатрадаўцаў быў важкім — ад 900 да 1200 рублёў у месяц.
— Такі вопыт і стараннасць дазваляюць нашым выпускнікам хутка рухацца па кар’ернай лесвіцы, — лічыць Святлана Храпко. — Часта на выпускнікоў мы атрымліваем персанальныя заяўкі, бо яны зарэкамендавалі сябе падчас практыкі ці працы ў будаўнічым атрадзе.
Да ўдасканалення праз інавацыю
З 2019 года ў політэхнічным каледжы ажыццяўляецца інавацыйны праект “Укараненне мультымадальных тэхналогій навучання ў адукацыйны працэс установы прафесійнай адукацыі”.
— Мультымадальныя тэхналогіі ў тэхнічных дысцыплінах даюць выкладчыкам шэраг пераваг: павялічваецца хуткасць і якасць засваення матэрыялу, забяспечваецца індывідуалізацыя навучання, павышаецца яго нагляднасць дзякуючы актыўнаму выкарыстанню інтэрактыўных і імітацыйных наглядных дапаможнікаў, павялічваецца цікавасць да адукацыйнага працэсу, узмацняецца матывацыя да навучання за кошт павышэння цікавасці да зместу вучэбных дысцыплін, — гаворыць кіраўнік інавацыйнай групы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Панцялеенка. — Ставілася задача пры вывучэнні дысцыпліны “Металарэзныя станкі” стварыць умовы для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, забяспечыць матэрыяльна-тэхнічную базу для распрацоўкі электроннага адукацыйнага рэсурсу па гэтай дысцыпліне, распрацаваць структуру, элементы, тэмы, чарцяжы, малюнкі.
Згаданы электронны рэсурс уключае некалькі раздзелаў. Інфармацыйны блок змяшчае тэарэтычны матэрыял па тэмах, які навучэнцы могуць вывучаць як сумесна з выкладчыкам, так і самастойна. Кантрольны блок дае магчымасць адсочваць вучэбны працэс, фарміруючы кантрольныя кропкі ў выглядзе тэстаў, паслядоўна падаючы навучэнцам порцыі структураванай мультымадальнай вучэбнай інфармацыі. Пры стварэнні блока ў выкладчыка ёсць магчымасць уключыць у яго тэкставую, графічную, відэа- і аўдыяінфармацыю.
З верасня 2020 года ў каледжы распачалі апрабацыю новага рэсурсу. Мультымадальная тэхналогія дазваляе наглядна прадстаўляць прылады і прынцып работы металарэзных станкоў, своечасова ажыццяўляць маніторынг якасці засваення вучэбнай дысцыпліны.
— Вядзецца работа па стварэнні серыі інтэрактыўных тэстаў, гіпертэкставага навучальнага тэрміналагічнага слоўніка-даведніка, а таксама па аснашчэнні лекцыйных матэрыялаў відэаматэрыяламі, — працягвае Марына Панцялеенка. — Гэты інавацыйны праект разам з многімі іншымі новаўвядзеннямі дазваляе весці вучэбны працэс якасна, па-сучаснаму.
Рабіць для сябе і для іншых
— Калі навучэнцы праходзяць вытворчую практыку на прадпрыемствах, заўсёды цікаўлюся ў кіраўнікоў, як працуюць нашы дзеці, — гаворыць дырэктар каледжа і паказвае табліцу, дзе адзначаны іх адказы. — І калі чую, што яны старанныя, добрыя, прэтэнзій няма, то адчуваю вялікае задавальненне. У пачатку навучальнага года заўсёды гавару першакурснікам, што яны прыйшлі ў каледж не толькі атрымаць прафесію. Не менш важна стаць добрымі, сумленнымі, адказнымі людзьмі.
— Выхаваўчы складнік разглядаем як важны этап дзейнасці калектыву, — уключаецца ў размову намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Салей. — Працягваючы традыцыі нашай установы адукацыі, ствараем умовы для творчага развіцця, падтрымліваем культ ведаў і імкненне да поспеху. Гэта пацвярджаюць шматлікія ўзнагароды навучэнцаў і выкладчыкаў.
Вось толькі самыя апошнія дасягненні канца мінулага года. У лістападзе Цімафей Саванец быў узнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі за 1-е месца, якое ён атрымаў па выніках анлайн-квіза “Тэхнічная творчасць” у рамках тыдня тэхнічнай творчасці “Юнацтва. Інтэлект. Будучыня”. Па выніках правядзення другога этапу рэспубліканскага інфармацыйна-прафарыентацыйнага праекта “ПРОФІ-БУМ — 2020” 1-е месца ў намінацыі імідж-сэт “Творчая справа” заняў Андрэй Жэрабіла. Аляксандра Грыгарук прыняла ўдзел у міжнародным маладзёжным конкурсе “Рэгіён 57”, прысвечаным 80-годдзю сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
У каледжы дзейнічае валанцёрскі атрад “Бумеранг”. Першай ініцыятывай атрада стаў міні-праект “Арэна дабрыні” ў рамках праграмы “Падтрымка дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў Гродне з удзелам блізкага атачэння”. Праект ажыццяўляўся пры фінансавай падтрымцы Аўстрыйскага агенцтва па развіцці. Традыцыйнай стала акцыя “Навагодняя ёлка жаданняў”.
Кожны навучэнец атрымлівае прафесійныя навыкі не толькі ў працэсе заняткаў, але і праз актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўстановы адукацыі.
— Па ініцыятыве Савета інтэрната створана група “Аранжавы слон”. Прымаючы рашэнне аб стварэнні групы, хлопцы кіраваліся словамі Гётэ: “Той, хто нічога не робіць для іншых, нічога не робіць для сябе”, — расказвае Вольга Салей. — Абрэвіятура СЛОН расшыфроўваецца як “слова любви, обретающие надежду”, а аранжавы колер увасабляе шчырасць, адкрытасць і смеласць. Хлопцы арганізавалі збор сродкаў для набыцця навагодніх падарункаў дзецям, якія знаходзяцца ў Гродзенскім дзяржаўным сацыяльным педагагічным цэнтры. Паказалі малым святочную праграму, а на развітанне ўручылі падарункі і пацешных звяркоў, якіх тут жа ў тэхніцы твістынгу вырабіў наш валанцёр Андрэй Заблоцкі.
А вучыцца Андрэй па спецыяльнасці “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”. Няма сумнення, што ён стане добрым спецыялістам.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фотаздымкі з архіва каледжа.