Лепшыя абітурыенты змогуць вучыцца бясплатна

Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” ў гэтым годзе прадастаўляе 15 бясплатных месцаў для лепшых абітурыентаў, якія паступаюць на спецыяльнасць “Міжнароднае права”.

Як вядома, Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” не карыстаецца фінансавай падтрымкай дзяржавы, а цалкам знаходзіцца на самаакупнасці. Гэта не замінае ўніверсітэту весці палітыку падтрымкі таленавітых студэнтаў.
— У гэтым годзе ўводзіцца 15 бясплатных месцаў за кошт універсітэта для таго, каб прадаставіць цудоўныя магчымасці самым лепшым, самым таленавітым маладым людзям. У будучыні, мы верым, яны стануць годнай зменай тым спецыялістам, што сёння працуюць у галіне міжнароднага права, — адзначыў першы прарэктар Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” прафесар Андрэй Козік.
Першы прарэктар паведаміў, што ва ўніверсітэце існуе шырокая стыпендыяльная праграма для таленавітых юнакоў і дзяўчат. Так, сёння лепшыя студэнты з’яўляюцца ўладальнікамі 31 стыпендыі ўніверсітэта, 15 стыпендый Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, 5 стыпендый Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, 2 стыпендый Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў культуры. Таксама актыўныя студэнты заахвочваюцца за асаблівыя дасягненні аднаразовымі прэміямі.
У гэтым годзе бясплатныя месцы выдзелены толькі для тых, хто паступіць на спецыяльнасць “Міжнароднае права”. Але, як паведамілі ва ўніверсітэце, у перспектыве плануецца распаўсюдзіць гэтую практыку і на іншыя спецыяльнасці для прыцягнення лепшых абітурыентаў, якія змогуць скарыстацца ўнікальнымі магчымасцямі ўстановы адукацыі.
Варта сказаць, што Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” з’яўляецца адной з самых моцных школ у падрыхтоўцы юрыстаў-міжнароднікаў у краіне. Гэты факт пацвярджаюць замежныя эксперты ў галіне міжнароднага права, якія штогод прыязджаюць з Аўстраліі, Аргенціны, Новай Зеландыі, Германіі, Нарвегіі, Арменіі, Расіі з адкрытымі лекцыямі. Перад студэнтамі выступаюць паспяховыя выпускнікі вядучых сусветных універсітэтаў — Гарварда, Оксфарда, Кембрыджа, эксперты дагаворнай секцыі юрыдычнага ўпраўлення Сакратарыята ААН. Студэнты Міжнароднага ўніверсітэта неаднаразова перамагалі ў нацыянальным раўндзе чэмпіянату свету па міжнародным праве імя Ф.Джэсапа (Jessup International Law Moot Court Competition) і прадстаўлялі краіну ў Вашынгтоне, а таксама на найбуйнейшых міжнародных конкурсах у Нідэрландах, Аўстрыі, Канадзе, Швейцарыі, Расіі.
Студэнты ўніверсітэта праходзяць практыку ў пасольствах Кубы, Венесуэлы, у такіх міжнародных кампаніях і арганізацыях як “Лукойл”, Міжнароднае таварыства ваеннага права і права вайны ў Брусэлі і іншых. Выпускнікі юрыдычнага факультэта працуюць у Міністэрстве юстыцыі, Вышэйшым гаспадарчым судзе, у дзяржаўных і камерцыйных структурах.
Сёлета ўніверсітэт першым з беларускіх УВА падключыўся да сістэмы анлайн-трансляцый пасяджэнняў Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі. Таксама вясной універсітэт падпісаў дагавор аб метадычнай і практычнай падрыхтоўцы прафесійных юрыдычных кадраў з Вышэйшым эканамічным судом СНД. Гэта стварае ўнікальную практычную пляцоўку для будучых прафесіяналаў.

Вольга ІВАНОВА.
Фота Валерыя КАРТУЛЯ.