Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па-свойму вырашыў папярэдзіць магчымыя праблемы з наборам. Напрыклад, на двух факультэтах — матэматычным і фізічным, дзе, дарэчы, сёлета скарацілася колькасць бюджэтных месцаў — будзе праводзіцца агульны конкурс, дзякуючы чаму абітурыенты могуць выбіраць з трох спецыяльнасцей. Акрамя таго, на гэтыя факультэты плануецца праводзіць электроннае залічэнне па сістэме БДУІР. Яшчэ адна навіна будзе цікавай мэтавікам: усе яны атрымаюць месцы ў інтэрнаце на ўвесь перыяд навучання.Гэтыя і іншыя актуальныя пытанні ўступнай кампаніі ў педагагічным універсітэце мы абмеркавалі з адказным сакратаром прыёмнай камісіі БДПУ імя Максіма Танка С.У.ЯКАВЕНКАМ.
“Настаўніцкая газета”:
Сяргей Уладзіміравіч, давайце яшчэ раз нагадаем абітурыентам, як у БДПУ імя Максіма Танка змяніўся пералік спецыяльнасцей параўнальна з мінулым годам у сувязі з пераходам універсітэта на 4-гадовы тэрмін навучання. Колькі спецыяльнасцей прапаноўваецца?
На дзённай форме атрымання адукацыі прыём будзе весціся на 30 спецыяльнасцей, на завочнай — на 24. Па большасці спецыяльнасцей можна паступаць і на бюджэт, і на платнае навучанне. Але ёсць такія, дзе прадугледжаны толькі бюджэтныя або, наадварот, толькі платныя месцы.
Сапраўды, у сувязі з пераходам на 4-гадовы тэрмін навучання пералік спецыяльнасцей істотна змяніўся. Калі раней у нас было многа здвоеных спецыяльнасцей, то цяпер іх амаль няма. Такія трансфармацыі не закранулі толькі два факультэты — факультэт псіхалогіі і факультэт фізічнага выхавання: тут захаваны і назвы спецыяльнасцей, і тэрміны навучання, і пералік прадметаў, якія трэба здаваць абітурыентам.
Колькі чалавек плануеце прыняць у гэтым годзе? На якіх факультэтах больш за ўсё скараціўся план прыёму?
На дзённы бюджэт плануем прыняць 885 чалавек, на завочны — 480, на платнае дзённае навучанне — 1010 першакурснікаў, на платнае завочнае — 1275. Калі параўноўваць з мінулым годам, то на дзённай форме скарачэнне месцаў адбылося, але нязначнае. У асноўным яно закранула спецыяльнасці фізіка-матэматычнага профілю.
Сёлета многія ўніверсітэты істотна пашырылі магчымасці паступлення на скарочанае навучанне для выпускнікоў каледжаў. Што прапаноўвае ў гэтым плане БДПУ імя Максіма Танка?
Скарочаную форму атрымання адукацыі асобам з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй прапаноўваюць некалькіх факультэтаў: факультэт дашкольнай адукацыі (спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя”), факультэт пачатковай адукацыі (спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя”), факультэт эстэтычнай адукацыі (спецыяльнасць “Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія”), факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій (“Сацыяльная работа”, тут толькі платныя месцы). Дарэчы, на спецыяльнасць “Сацыяльная работа” будзем прымаць абітурыентаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй і кваліфікацыяй “медыцынская сястра (фельчар)”.
На якія спецыяльнасці трэба здаваць унутраныя іспыты?
На факультэце беларускай і рускай філалогіі будуць праводзіцца экзамены па рускай ці беларускай літаратуры (у залежнасці ад спецыяльнасці). На факультэце эстэтычнай адукацыі абітурыенты праходзяць выпрабаванне па сцэнічным і музычным майстэрстве, а таксама па малюнку. На факультэце фізічнага выхавання трэба здаваць іспыт па фізічнай культуры.
Якія ўмовы ствараюцца ва ўніверсітэце для абітурыентаў з інваліднасцю? Ці паступаюць такія асобы ў вашу ўстанову? Калі так, то якія спецыяльнасці выбіраюць?
Калі асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця прадастаўляюць медыцынскія даведкі аб тым, што ім не проціпаказана навучанне па выбранай спецыяльнасці, мы іх прымаем. Канечне, калі яны спраўляюцца з уступнымі выпрабаваннямі. Тры іспыты прымае ўніверсітэцкая камісія. Яны могуць здаць і ЦТ — гэта іх права.
Звычайна штогод да нас паступаюць 1—3 абітурыенты з інваліднасцю. У мінулым годзе, напрыклад, мы прынялі дваіх. Тыя, хто паступаў у апошні час, выбралі факультэты сацыяльна-педагагічных тэхналогій і факультэт псіхалогіі.
У нас вельмі ўважліва адносяцца да абітурыентаў, а потым і студэнтаў, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Выкладчыкі імкнуцца ўдзяліць ім больш увагі, пры неабходнасці прапаноўваюць індывідуальныя графікі навучання. Іх падтрымліваюць аднагрупнікі.
Антон Залескі, абітурыент, Мінск:
Скажыце, калі ласка, ці ёсць размеркаванне пасля заканчэння ўніверсітэта па спецыяльнасці “Спартыўна-турыстычная дзейнасць (менеджмент у турызме)”, і дзе працуюць выпускнікі? Ці ёсць магчымасць працаваць у турфірмах?
На гэтай спецыяльнасці прадугледжана толькі платнае навучанне, як на дзённай, так і на завочнай форме атрымання адукацыі. Таму гаварыць пра размеркаванне не даводзіцца. Але калі ёсць звароты з арганізацый і згода нашых выпускнікоў-платнікаў, то ім можа прадастаўляцца першае працоўнае месца.
Аксана, выпускніца 10 класа, Навагрудак:
У гэтым годзе ў БДПУ імя Максіма Танка няма набору на спецыяльнасць “Журналістыка”, якая раней была на факультэце беларускай і рускай філалогіі. Ці плануеце ў наступным годзе ўзнавіць набор, ці педагагічны ўніверсітэт ужо не будзе рыхтаваць спецыялістаў для педагагічных СМІ?
На гэтую спецыяльнасць набор не практыкуецца ўжо другі год. Складана сказаць, ці будзе ён узноўлены ў будучыні. Журналістыка не адпавядае профілю педагагічнага ўніверсітэта. Усё ж у першую чаргу мы думаем пра падрыхтоўку спецыялістаў, якія патрэбны ў школах. Факультэт беларускай і рускай філалогіі зараз засяродзіўся на падрыхтоўцы настаўнікаў беларускай, рускай і замежных моў.
Настасся, Вілейскі раён:
Хто можа паступаць на бюджэтнае завочнае навучанне на спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка”? Я маю на ўвазе ўзровень адукацыі. І колькі сёлета бюджэтных месцаў на завочным?
На спецыяльнасць, пра якую вы пытаецеся, завочнае навучанне не прадугледжана. Ёсць толькі дзённая форма. На спецыяльнасць “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка” можна паступаць як пасля каледжа, так і пасля агульнаадукацыйнай школы. Мяркую, што здольны абітурыент без праблем здасць экзамен па малюнку.
А ўвогуле на завочны бюджэт, нагадаю, могуць прэтэндаваць асобы, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю і паступаюць на роднасныя спецыяльнасці, або тыя, хто працуе па профілі абранай спецыяльнасці. У нашай сферы гэта работа, звязаная з вучэбным працэсам: памочнікам выхавальніка, лабарантам, сакратаром вучэбнай часткі і г.д.
Сяргей Пятровіч, Маладзечна:
Ці трэба ў гэтым годзе заключаць дагавор з універсітэтам пры паступленні на бюджэтную форму навучання? Летась ішлі размовы аб тым, што гэтую норму адменяць. Калі не адмянілі, то ў які дакладна тэрмін заключаецца дагавор? Ці абавязкова прысутнасць бацькоў абітурыента?
Нічога не памянялася: дагавор заключаюць асобы, якія паступаюць і на платную форму навучання, і на бюджэтную. Калі абітурыенту няма 18 гадоў, то павінны прысутнічаць бацькі.
Пры рэгістрацыі дакументаў у прыёмнай камісіі кожнаму абітурыенту выдаецца памятка, дзе напісана, у які тэрмін яму трэба заключыць дагавор з універсітэтам. Бюджэтнікі падпісваюць дагаворы непасрэдна ў момант падачы дакументаў. Непаўналетнія прыходзяць з бацькамі або законнымі прадстаўнікамі. На платнае навучанне залічэнне заканчваецца 6 жніўня, і папярэднія пяць дзён адводзіцца на заключэнне дагавора.
“Настаўніцкая газета”:
Сяргей Уладзіміравіч, якія тыповыя памылкі абітурыенты дапускаюць кожны год, ад чаго іх можна перасцерагчы напярэдадні падачы дакументаў у прыёмную камісію?
Галоўнае — правільна аформіць неабходныя дакументы, якія аблегчаць паступленне. Калі вы жыхар сельскай мясцовасці, то трэба загадзя падрыхтаваць даведку, якая пацвердзіць, што вы пражываеце там не менш за два гады. У іншым выпадку будзеце ўдзельнічаць у гарадскім конкурсе. Тым, хто пражывае ў населеных пунктах, размешчаных на тэрыторыях радыеактыўнага забруджання, таксама трэба прадаставіць даведку з выканкама.
Права на льготы трэба пацвярджаць дакументальна! Мы не можам паверыць на слова, напрыклад, што дзіця — сірата, што, як вядома, дае права на пазаконкурснае залічэнне.
Бывае, што абітурыенты забываюць дакументы дома. Напрыклад, тыя, хто паступае некалькі гадоў запар, могуць пераблытаць сертыфікаты і прывезці мінулагоднія. Трэба не спяшацца і быць уважлівымі.
Важна правільна афармляць медыцынскія даведкі: недастаткова толькі пячаткі ўрача — патрэбна яшчэ і пячатка ўстановы аховы здароўя. Дарэчы, тэрмін дзеяння медыцынскай даведкі — 6 месяцаў. Хачу звярнуць увагу на тое, што абітурыенты спецыяльнасцей факультэта спецыяльнай адукацыі “Лагапедыя”,”Сурдапедагогіка” ў медыцынскай даведцы павінны абавязкова мець запіс аб тым, што маўленне і слых у іх у норме. Бывала, што мы адпраўлялі нашых абітурыентаў рабіць такія запісы.
Пры запаўненні заявы я раіў бы дакладна вызначаць форму навучання: калі сумняваецеся ў сваіх шансах паступіць на бюджэт і гатовы плаціць, то адразу падкрэсліце ў бланку заявы і “бюджэт” , і “платная форма”.
Летам многія імкнуцца сумясціць паступленне і адпачынак за мяжой, таму можа ўзнікнуць праблема з наяўнасцю на руках пашпарта…
Паводле правілаў прыёму абітурыент павінен прад’явіць дакумент, які сведчыць асобу. Для большасці такім дакументам з’яўляецца пашпарт. Абітурыентам трэба дакладна ўяўляць, што для іх больш важна: паступленне ці віза ў пасольстве.
Зрэшты, пашпарт знаходзіцца ў прыёмнай камісіі толькі ў момант падачы дакументаў, калі звяраюцца даныя пры рэгістрацыі. Акрамя таго, пашпарт абавязкова патрэбен пры здачы ўнутраных выпрабаванняў. Усе даты прыёмнай кампаніі вядомы загадзя, таму можна планаваць і адпачынак.
Ці часта абітурыенты перападаюць дакументы са спецыяльнасці на спецыяльнасць, з факультэта на факультэт з-за таго, што не хапае балаў?
У БДПУ імя Максіма Танка 12 факультэтаў, і на большасці з іх патрабуюцца розныя наборы сертыфікатаў. Напрыклад, на факультэтах псіхалогіі, дашкольнай адукацыі, спецыяльнай адукацыі абітурыенты падаюць сертыфікаты па дзяржаўнай мове, гісторыі Беларусі і біялогіі, і магчымасць перакінуць дакументы ёсць. Але, як паказвае практыка, большасць выбірае спецыяльнасць асэнсавана.
Можна перападаваць дакументы ў межах аднаго факультэта. Напрыклад, на факультэце спецыяльнай адукацыі чатыры спецыяльнасці, і мы праводзім агульны конкурс. Найбольшым попытам карыстаецца спецыяльнасць “Лагапедыя”, але ёсць яшчэ тры: “Алігафрэнапедагогіка”, “Сурдапедагогіка”, “Тыфлапедагогіка”. Калі абітурыенту не хапае балаў для паступлення на першую, яны перападаюць дакументы на іншую. Падобная сітуацыя на факультэце псіхалогіі. Але масавага “перакіду” дакументаў не адбываецца.
Мы выкарыстоўваем розныя варыянты правядзення конкурсу: агульны конкурс па факультэце, конкурс па асобных спецыяльнасцях, агульны конкурс па двух факультэтах (напрыклад, на матэматычным і фізічным), конкурс па групах спецыяльнасцей у межах аднаго факультэта. Гэта тлумачыцца абітурыентам пры падачы дакументаў. Хаця многія з іх і без таго вельмі дасведчаныя, карыстаюцца нашым сайтам.
Ці даводзілася вам сутыкацца з падробленымі сертыфікатамі ЦТ?
Не. Хаця сертыфікаты розных гадоў падобныя, але падмануць прыёмную камісію немагчыма, бо ў нас працуюць вопытныя людзі. У гэтым годзе будзем асабліва ўважліва глядзець на балы сертыфікатаў і сачыць, каб яны не былі ніжэй за парогавае значэнне. Хітруны ёсць заўсёды, але нас не падманеш.
Універсітэту знаёма так званая “праблема апошняга дня” пры падачы дакументаў?
У апошнія гады прыём дакументаў адбываецца вельмі спакойна. У апошні дзёнь мы зачыняем дзверы вучэбнага корпуса ў 18 гадзін. Яшчэ паўгадзіны — і дакументы ва ўсіх прыняты. Ажыятажу не бывае. Калі кажуць, што ў педагагічны ўніверсітэт падаюць дакументы па рэшткавым прынцыпе, у апошні момант, бо больш нідзе не хапае балаў, то сітуацыя гэтага не пацвярджае.
БДПУ імя Максіма Танка ўдзельнічае ў апрабацыі электроннага залічэння. Раскажыце, калі ласка, як яно будзе ажыццяўляцца ў вашым універсітэце.
У гэтым годзе мы паспрабуем выкарыстаць сістэму, якую распрацаваў БДУІР. Будзем весці электронную рэгістрацыю і электроннае залічэнне абітурыентаў, якія паступаюць на фізічны і матэматычны факультэты. Як я ўжо казаў, на двух гэтых факультэтах праводзіцца агульны конкурс і можна выбіраць з трох спецыяльнасцей: “Матэматыка і інфарматыка”, “Фізіка і інфарматыка”, “Фізіка і тэхнічная творчасць”. Пры рэгістрацыі трэба будзе ўказаць прыярытэты: на якую спецыяльнасць вы хацелі б паступіць у першую чаргу і далей па сыходным парадку. Залічэнне будзе ажыццяўляцца аўтаматычна, з дапамогай камп’ютарнай праграмы.
Можна было б узяць і больш шырокае кола факультэтаў, але на многіх з іх, паўтару, не супадае набор сертыфікатаў. А на матэматычным і фізічным факультэтах аднолькавыя профільныя прадметы — матэматыка і фізіка.
Ці захавалася ўмова, якой БДПУ імя Максіма Танка імкнецца дадаткова прывабліваць моладзь: прадастаўленне месцаў у інтэрнатах усім першакурснікам?
Так. Усім першакурснікам дзённай формы атрымання адукацыі, якія маюць патрэбу ў месцах у інтэрнаце, мы іх прадастаўляем. Больш за тое: у гэтым годзе рэктар прыняў рашэнне, што мэтавікі, якія паступяць ва ўніверсітэт, усе гады навучання будуць пражываць у інтэрнаце.