Завяршыўся прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі. У некаторых ВНУ яшчэ ідуць уступныя экзамены (у прыватнасці, ва ўстановах Міністэрства культуры), а многія ўніверсітэты прыступілі да залічэння. Адначасова працягваецца набор на платнае навучанне і… падводзяцца першыя вынікі.
БДУ: залічэнне ў рэжыме анлайн
Як і ў папярэднія гады, багаты “ўраджай” сабралі ў БДУ. На 2081 месца дзённай бюджэтнай формы навучання сюды падалі дакументы 3057 абітурыентаў. Сярод іх — 129 пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў. За права паступіць у БДУ змагаюцца 573 “залатыя” медалісты. 1181 абітурыент мае больш як 300 балаў.
Найбольшыя конкурсы і, адпаведна, прахадныя балы былі на тых спецыяльнасцях, дзе маленькі набор (3—6 чалавек). Напрыклад, на спецыяльнасць “Камунікатыўны дызайн” гуманітарнага факультэта на 3 бюджэтныя месцы прэтэндавалі 29 чалавек, на спецыяльнасць “Дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя” Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій на 4 бюджэтныя месцы прэтэндавалі 24 чалавекі і г.д.
На жаль, ёсць у БДУ і недаборы. Так, 25 вакантных месцаў засталося на фізічным факультэце (план набору — 160) і па 2 месцы — на беларускай і рускай філалогіі на філалагічным факультэце.
Першае залічэнне адбылося ў БДУ ў панядзелак. На пасяджэнні прыёмнай камісіі, якое трансліравалася ў рэжыме анлайн на сайце ўніверсітэта, разглядаліся вынікі прыёму на дзённую бюджэтную форму навучання на біялагічным факультэце, а таксама факультэтах прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, філасофіі і сацыяльных навук і ў Інстытуце журналістыкі.
Так, на біялагічны факультэт залічана 155 абітурыентаў. Самы высокі прахадны бал адзначаны на спецыяльнасці “Біяхімія” — 306, самы нізкі — на “Біяэкалогіі” — 266.
На факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі залічана 278 абітурыентаў. Тут самы высокі прахадны бал зафіксаваны на спецыяльнасці “Актуарная матэматыка” — 370. На астатнія спецыяльнасці ФПМІ прахадны бал быў ад 320 да 350, акрамя адной — “Прыкладная матэматыка”. Сюды залічылі ажно 95 чалавек, і прахадны бал склаў 189.
На факультэт філасофіі і сацыяльных навук залічаны 54 абітурыенты. Самы высокі прахадны бал адзначаны на спецыяльнасці “Сацыяльныя камунікацыі” (залічана 12 чалавек), а самы нізкі — на “Філасофіі” — 278 (залічана 10 абітурыентаў). І, нарэшце, у Інстытуце журналістыкі адбылося залічэнне 13 чалавек на спецыяльнасць “Інфармацыя і камунікацыя” (прахадны бал 330).
БДПУ імя Максіма Танка: самы вялікі конкурс — на творчы факультэт
У БДПУ імя Максіма Танка самы вялікі конкурс зафіксаваны на факультэце эстэтычнай адукацыі (“Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы”, “Выяўленчае мастацтва”, “Камп’ютарная графіка”) — сюды на 10 бюджэтных месцаў пададзена 50 заяў. І як вынік — прахадны бал — 330.
Трэба адзначыць, што набор адбыўся на большасць спецыяльнасцей педагагічнага ўніверсітэта. Але, на жаль, мае месца сур’ёзны правал па самых актуальных у сістэме адукацыі спецыяльнасцях. Так, 50 вакантных месцаў засталося на фізічным і матэматычным факультэтах — гэта роўна палова ад плана прыёму дзённай бюджэтнай формы навучання (спецыяльнасці “Матэматыка і інфарматыка”, “Фізіка і інфарматыка”). Характэрна, што адзін абітурыент мае 352 балы, але ў наступнага за ім абітурыента — як мінімум на 90 балаў менш, а 21 чалавек набраў не больш за 150 балаў.
17 месцаў засталіся незапоўненымі на факультэце пачатковай адукацыі, 2 месцы — на факультэце прыродазнаўства (спецыяльнасць “Біялогія і геаграфія”).
БДУІР: конкурсы зашкальваюць
Відавочна, што выбітныя матэматыкі і фізікі сёння выбіраюць інфармацыйныя тэхналогіі. Напрыклад, у БДУІР конкурсы на адпаведныя спецыяльнасці зашкальваюць, пры тым што набор даволі вялікі.
Так, на спецыяльнасць “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання” факультэта камп’ютарных сістэм і сетак пры плане прыёму на бюджэтную форму 50 чалавек дакументы падалі 288 абітурыентаў. Сярод іх 22 чалавекі з’яўляюцца пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд (яны паступаюць без уступных экзаменаў). І нават пры самых грубых падліках можна сказаць, што прахадны бал тут будзе не менш чым 360. Падобная сітуацыя назіраецца і па іншых ІТ-спецыяльнасцях.
Цікава, але ў інтэрнэце ўжо паспяшаліся напісаць, што ў БДУІР на некаторыя спецыяльнасці будуць істотныя недаборы. Аднак тут трэба ўлічваць асаблівасці прыёму ў гэты ўніверсітэт. Статыстыка дэманструе сітуацыю толькі па першай спецыяльнасці, якую ўказвалі абітурыенты ў сваіх заявах. Але, згодна з парадкам прыёму ў БДУІР, яны маглі ўказваць (і ўказвалі!) любую колькасць спецыяльнасцей у парадку прыярытэту. Такім чынам, тыя, хто не прайшоў на самыя запатрабаваныя спецыяльнасці, хутчэй за ўсё пяройдуць на менш запатрабаваныя. Хаця, вядома, многія дзеля сваёй мэты, напрыклад, стаць праграмістам, пойдуць вучыцца платна.
Сёння ў БДУІР пройдзе адкрытае залічэнне на бюджэтную форму навучання, будуць агучаны прахадныя балы па кожнай спецыяльнасці і абвешчаны прозвішчы шчасліўчыкаў, якія паступілі.
Для астатніх уступная кампанія прадоўжыцца.
***
Дарэчы, дакументы на платнае навучанне большасць устаноў вышэйшай адукацыі будзе прымаць аж да 31 ліпеня. Ёсць час палічыць грошы, падумаць і вызначыцца.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.