У Беларускім дзяржаўным універсітэце адбыўся конкурс Mister International BSU, у якім прынялі ўдзел замежныя студэнты. У фінале спаборнічалі грамадзяне Туркменістана, Турцыі, Расіі, Таджыкістана, Казахстана і Кітая. А перамогу святкаваў другакурснік філалагічнага факультэта Ахмет Ковусаў з Туркменістана (на здымку).
У зале, дзе праходзіла фінальнае шоу, быў аншлаг. Студэнты розных факультэтаў прыйшлі падтрымаць сваіх замежных сяброў, якім давялося прайсці шэраг розных выпрабаванняў. Хлопцы расказалі гледачам пра свае родныя землі, захапленні і ўражанні аб БДУ, а таксама прадэманстравалі інтэлектуальныя і творчыя здольнасці.
Кожны з васьмі фіналістаў быў заахвочаны ў пэўнай намінацыі. Напрыклад, яшчэ адзін грамадзянін Туркменістана — Сеід Юмудаў, які праз некалькі месяцаў скончыць юрыдычны факультэт, павязе дадому прыз International BSU глядацкіх сімпатый — прыемны бонус да ўніверсітэцкага дыплома і напамін пра добразычлівасць беларускіх сяброў.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце стартавалі дні адкрытых дзвярэй. Да канца месяца абітурыентаў чакаюць на розных факультэтах, а 1 красавіка на базе Ліцэя БДУ пройдзе маштабны фестываль факультэтаў з удзелам рэктара БДУ, прадстаўнікоў прыёмнай камісіі ўніверсітэта, выкладчыкаў і студэнтаў. Абітурыенты змогуць атрымаць поўную інфармацыю аб прыёме ва ўніверсітэт і адказы на ўсе пытанні.
Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.