У апошнія дні мая краіну абляцела навіна — з 1 верасня 2015 года на базе Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д.Сахарава ствараецца аднайменны інстытут, які ўвойдзе ў склад БДУ. Выпускнікі вышэйшай экалагічнай установы адукацыі будуць атрымліваць дыплом аб заканчэнні БДУ. Такія пераўтварэнні адбыліся згодна з пастановай Савета Міністраў ад 27 мая 2015 года.
І хоць пра такі сцэнарый далейшага развіцця экалагічнага ўніверсітэта гаварылі даўно, у абітурыентаў, якія збіраюцца паступаць сюды, і іх бацькоў перамены выклікалі шмат пытанняў. Галоўныя з іх: што зменіцца і што гэтыя змены дадуць маладым людзям, якія планавалі атрымліваць вышэйшую адукацыю менавіта ў Сахараўскім універсітэце. З такімі пытаннямі мы звярнуліся да кіраўніцтва гэтай установы адукацыі — Сяргея Сцяпанавіча Пазняка, які зараз выконвае абавязкі рэктара, і Уладзіміра Іванавіча Красоўскага, прарэктара па вучэбна-выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце.
Узаемнае ўзбагачэнне
“Гэта не далучэнне і не ліквідацыя. Універсітэт у якасці інстытута ўвойдзе ў склад комплексу БДУ як самастойная юрыдычная асоба з усімі характэрнымі юрыдычнай асобе атрыбутамі. Гэта будзе самастойная структурная адзінка, — адразу папярэдзіў Сяргей Сцяпанавіч Пазняк. І дадаў: — Кардынальна нічога не зменіцца. Аднак такі крок пойдзе на карысць студэнтам і выкладчыкам”.
Што мае на ўвазе Сяргей Сцяпанавіч? Міжнародны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава зможа карыстацца матэрыяльна-тэхнічнай базай БДУ. Для яго студэнтаў стануць даступнымі плоскасныя спартыўныя збудаванні БДУ і басейн. Уласных ва ўніверсітэта дагэтуль не было, іх даво-дзілася арандаваць у іншых арганізацый.
“Таксама мы зможам карыстацца напрацоўкамі і лабараторнай базай БДУ ў галіне ядзернай фізікі”, — адзначыў Уладзімір Іванавіч Красоўскі.
Міжнароднаму экалагічнаму ўніверсітэту імя А.Д.Сахарава таксама ёсць што прапанаваць БДУ. Гэтая ўстанова вышэйшай адукацыі мае ўнікальную базу, якая дэманструе энергаэфектыўныя комплексы.
“У нас ёсць цудоўны вучэбна-навуковы комплекс “Волма”, а таксама ўнікальныя лабараторыі, якіх няма ў БДУ. Напрыклад, малекулярна-генетычная лабараторыя, дзе студэнты і магістранты займаюцца даследаваннямі на ўзроўні ПЦР-аналізу”, — патлумачыў прарэктар па вучэбна-выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце.
Узаемакарысны абмен можа закрануць і іншыя сферы. Так, ужо зараз загадчык кафедры ядзернай фізікі БДУ працуе ва ўніверсітэце імя А.Д.Сахарава дацэнтам кафедры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі.
“У нашым універсітэце шмат высокакваліфікаваных выкладчыкаў, якія могуць і будуць выкладаць у БДУ. Да гэтага пытання трэба падыходзіць комплексна, з пункту гледжання эканоміі бюджэтных сродкаў і павышэння якасці адукацыі”, — адзначыў Сяргей Сцяпанавіч Пазняк.
Іх рыхтуюць толькі ў Сахараўскім
Сёлета ўжо ў Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут плануецца залічыць 421 студэнта на ўсе формы навучання, з якіх 60% змогуць вучыцца на бюджэтнай форме, астатнія — на платнай.
“Яшчэ ў мінулым годзе мы пачалі карэкціраваць пералік спецыяльнасцей, каб не рыхтаваць у сістэме адукацыі па спецыяльнасцях, якія дубліруюць адна адну”, — адзначыў выконваючы абавязкі рэктара.
Так, сёлета прыём абітурыентаў у Міжнародны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава будзе весціся па 7 спецыяльнасцях. Гэта “Медыцынская фізіка”, “Медыцынская экалогія”, “Медыка-біялагічная справа”, “Ядзерная і радыяцыйная бяспека”, “Прыродаахоўная дзейнасць (па кірунках)”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (па кірунках)”, “Энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергетычны менеджмент”. Па спецыяльнасці “Біяэкалогія” падрыхтоўка закрываецца.
Дарэчы, спецыяльнасць “Медыцынская экалогія” можа зацікавіць абітурыентаў, якія маюць сярэднюю спецыяльную медыцынскую адукацыю. Справа ў тым, што вучыцца на ёй можна і завочна. Праўда, толькі на поўным тэрміне навучання.
“Спецыялістаў, якіх выпускаем мы, можна сказаць, не рыхтуюць больш нідзе. Выпускнікі з такой экалагічнай падрыхтоўкай заўсёды будуць запатрабаваны”, — адзначыў прарэктар па вучэбна-выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Уладзімір Іванавіч Красоўскі.
Выпускнікі экалагічнага ўніверсітэта, а ў хуткім часе інстытута імя А.Д.Сахарава, могуць працаваць у структурах Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у Міністэрстве энергетыкі, Дэпартаменце па энергаэфектыўнасці. Чакаюць іх і ў Нацыянальнай акадэміі навук. Некаторым знойдзецца месца на Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.
Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.