На карысць царкве, грамадству і дзяржаве

Мінская духоўная акадэмія — духоўная адукацыйная ўстанова, якая размяшчаецца ў самым цэнтры сталіцы, у Верхнім горадзе, што на Нямізе. Сюды акадэмія пераехала год назад. Сваё 20-годдзе яна адзначыла ўжо ў новым будынку. 

Рэктар акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў) гаворыць, што сённяшняе геаграфічнае становішча абавязвае да развіцця дыялогу і супрацоўніцтва з дзяржаўнымі арганізацыямі і інстытутамі, якія знаходзяцца побач, а таксама з усёй грамадскасцю. І сёння кожны, хто пажадае, можа прыйсці на богаслужэнне ў храм акадэміі ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага. Духоўная акадэмія арганізуе таксама экскурсіі для мінчан і гасцей сталіцы па царкоўна-гістарычным музеі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Наведвальнікі могуць зазірнуць і ў студэнцкія аўдыторыі.

Аб асаблівасцях духоўнай адукацыі мы гутарым з рэктарам акадэміі архімандрытам Сергіем (Акімавым).


— Айцец Сергій, нават не верыцца, што якіх-небудзь 25 гадоў назад не магло быць і гаворкі аб тым, каб атрымаць духоўную адукацыю на такім высокім узроўні ў нашай краіне…

— Сапраўды, яшчэ зусім нядаўна ў Беларусі не было сваіх багаслоўскіх навучальных устаноў. Першая з іх — Мінская духоўная семінарыя — пачала сваю дзейнасць у 1989 годзе ў Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры, за 200 кіламетраў ад сталіцы. Семінарыя падрыхтавала глебу для стварэння Мінскай духоўнай акадэміі, якая з 1996 года да нядаўняга часу таксама функцыянавала ў Жыровічах. Доўгі час гэтыя духоўныя навучальныя ўстановы існавалі непадзельна і з адзінай адміністрацыяй.

Працэс паступовага пераводу акадэміі ў сталіцу заняў каля двух гадоў. Два гады студэнтаў з Жыровіч вазілі на заняткі ў Мінск некалькі разоў на тыдзень. За гэты час сфарміраваўся і новы калектыў выкладчыкаў, які цесна звязаны і са свецкай, і з духоўнай вышэйшай школай. Да пераводу акадэміі ў сталіцу ў пэўнай ступені спрычыніўся і Інстытут тэалогіі БДУ, які доўгі час узначальваў Мітрапаліт Філарэт.

Мінская духоўная акадэмія — гэта любімае дзіця Мітрапаліта Філарэта. Ён выношваў ідэю яе стварэння, сам падбіраў першых выкладчыкаў, сам чытаў лекцыі студэнтам. Дарэчы, першыя студэнты былі залічаны ў лістападзе 1996 года.

— Скажыце, калі ласка, наколькі важна, каб святар меў адпаведную адукацыю?

— Святар для свайго служэння павінен мець адпаведную падрыхтоўку, ведаць Свяшчэннае Пісанне, богаслужэнне, царкоўную гісторыю і традыцыю. Але ў сучасных умовах яму важна мець і пэўны культурны і інтэлектуальны ўзровень. Патрэба ў высокай адукаванасці святароў дыктуецца пастаянным павышэннем адукацыйнага ўзроўню беларускіх прыхаджан. Мы бачым, што ў апошнія гады павялічваецца колькасць людзей з вышэйшай адукацыяй, таму святар павінен не толькі валодаць высокімі маральнымі якасцямі, але і пераўзыходзіць сваіх прыхаджан па ўзроўні агульнай адукаванасці. Важна адзначыць, што ўжо цяпер для служэння ў Мінскай епархіі неабходна мець акадэмічную адукацыю.

Большасць святароў у нашай краіне маюць семінарскую адукацыю. Цяпер, дзякуючы акадэміі, яны могуць прадоўжыць навучанне ў магістратуры і аспірантуры, падрыхтаваць і абараніць кандыдацкую дысертацыю па багаслоўі. Важна таксама разумець, што духоўная адукацыя — гэта адукацыя царкоўная, мэтай якой з’яўляецца падрыхтоўка царкоўных служачых, найперш духавенства, святароў. Разам з тым у дзяржаўнай сістэме вышэйшай адукацыі існуе магчымасць падрыхтоўкі тэолагаў. Напрыклад, Інстытут тэалогіі БДУ выпускае свецкіх спецыялістаў, якія валодаюць сучаснымі ведамі ў галіне тэалогіі і рэлігіязнаўства.

— У 2013—2014 гадах праводзілася глыбокая рэформа багаслоўскай адукацыі, якая ў пэўнай ступені зачапіла духоўную семінарыю ў Жыровічах і кардынальным чынам змяніла Мінскую духоўную акадэмію. Навошта спатрэбіліся такія істотныя пераўтварэнні?

— Рэформа духоўнай адукацыі была ініцыіравана Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы яшчэ ў 2011 годзе. Стаяла задача прыблізіць духоўную адукацыю да сучасных патрабаванняў і дзяржаўных адукацыйных стандартаў, у прыватнасці ўзяць арыентацыю на Балонскі працэс. Паколькі я меў вопыт работы ў дзяржаўнай установе вышэйшай адукацыі, у мінулым кіраваў вучэбна-метадычным аддзелам Інстытута тэалогіі БДУ, мне было даручана ажыццяўляць працэс рэфармавання. Пачынаў гэты працэс на пасадзе прарэктара па навуковай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі, а затым, напярэдадні яе канчатковага пераводу ў Мінск, стаў яе рэктарам. Працэс рэфармавання быў даволі складаным, ствараліся новыя вучэбныя планы і праграмы. У акадэміі былі створаны кафедры, з’явілася спецыялізацыя. Мы істотна абнавілі і палепшылі наш выкладчыцкі склад, прыцягнуўшы да работы лепшых царкоўных і свецкіх спецыялістаў.

Раней у Жыровічы нярэдка запрашалі выкладчыкаў з Масквы, Санкт-Пецярбурга, далёкага замежжа. Гэта былі вядомыя багасловы, прафесары, цвет багаслоўскай навукі. Цяпер мы пастараліся максімальна выкарыстаць уласны кадравы, навуковы патэнцыял, назапашаны за гады існавання духоўнай адукацыі ў нашай краіне.

— Што сабой уяўляе сёння Мінская духоўная акадэмія?

— Акадэмія сёння — гэта ўстанова адукацыі, якая дынамічна развіваецца і дзе асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю царкоўнай навукі. У нас тры кафедры: апалагетыкі, біблеістыкі і багаслоўя, царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін. Кожная кафедра выдае свой часопіс. Мы друкуем некалькі зборнікаў студэнцкіх навуковых артыкулаў, выпускаем часопіс “Працы Мінскай духоўнай акадэміі”. Нядаўна было зарэгістравана Выдавецтва Мінскай духоўнай акадэміі.

У акадэмію перададзена бібліятэка Мінскага епархіяльнага ведамства, якая налічвае больш за 60 тысяч адзінак захоўвання. Вядзецца актыўная работа па пашырэнні яе фондаў.

Духоўная акадэмія рыхтуе спецыялістаў на ўзроўні магістратуры і аспірантуры. Магістратура дазваляе ўдасканальваць пазнанні ў галіне трох багаслоўскіх напрамкаў: свяшчэннага пісання, царкоўнай гісторыі і апалагетыкі. Мы ўжо ажыццявілі два наборы ў аспірантуру і хутка зможам убачыць, наколькі паспяховым аказаўся наш першы вопыт падрыхтоўкі навуковых кадраў. Рэфармаванне духоўнай адукацыі прывяло да істотнага павышэння патрабаванняў да тых, хто піша навуковыя працы і кандыдацкія дысертацыі.

Хочацца спадзявацца, што здабыткі нашай дзейнасці прынясуць карысць і царкве, і грамадству, і дзяржаве.

Ганна ЛАГУН.