У адну з халодных студзеньскіх раніц на станцыі метро ў Вашынгтоне малады чалавек іграў на скрыпцы. На працягу 45 хвілін ён cыграў шэсць п’ес Баха.
За гэты час міма прайшло больш за тысячу жыхароў мегаполіса. Хтосьці спыняўся на некалькі секунд, а потым спяшаўся далей, хтосьці звыкла кідаў долар у раскрыты кейс і крочыў не спыняючыся. Нехта прыхінаўся да сцяны, каб паслухаць, як гучыць музыка, але, зірнуўшы на гадзіннік, хутка накіроўваўся да выхаду. З больш як тысячы чалавек усяго шасцёра спыніліся на некаторы час. Больш за ўсё паслухаць цудоўную скрыпку хацелася дзецям, але бацькі цягнулі іх далей.
Калі ігра была скончана, не было ніякіх апладысментаў ці слоў захаплення і падзякі. А між тым на скрыпцы іграў не хто іншы, як адзін з самых таленавітых музыкантаў у свеце — Джошуа Бэл. Для паспешлівай публікі ён сыграў адну з самых складаных частак з калі-небудзь напісаных на скрыпцы коштам 3,5 мільёна долараў. У яго кейсе ляжалі 32 долары, якія Джошуа атрымаў за свой канцэрт у метро.
А за два дні да гэтай студзеньскай раніцы ўсе білеты на яго канцэрты ў тэатры Бостана былі распрададзены ў сярэднім па 100 долараў за месца.
Ігра Джошуа Бэла інкогніта ў метро была арганізавана газетай Washington Post у рамках сацыяльнага эксперымента аб успрыманні, гусце і прыярытэтах людзей. Вынікі эксперымента наўрад ці патрабуюць нейкага адмысловага тлумачэння. І справа не ў тым, што слухачы Бэла, магчыма, не ездзяць у метро. У штодзённых клопатах і бясконцай спешцы людзі проста развучыліся ўспрымаць і адчуваць прыгожае. Вось чаму ігру на скрыпцы больш за ўсё хацелі паслухаць менавіта дзеці — яны яшчэ не страцілі цікавасці да наваколля. А гэта значыць, што ў Джошуа Бэла, як і ў іншых знакамітых талентаў, будзе працяг. Нехта з дзяцей таксама выбера для сябе творчы шлях і будзе ісці па ім да канца.
Векавыя традыцыі
Навучэнцаў Гомельскага каледжа мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага, здаецца, адразу вылучыш у натоўпе. Яны не падобныя да іншых і не падобныя адно да аднаго. Вось ідуць па вуліцы, беражліва трымаючы ў руках адзетыя ў чахлы музычныя інструменты, з дзявочых сумачак выглядаюць ноты, іншы раз можна назіраць, як юнакі і дзяўчаты выкручваюць, ідучы па тратуары, нейкія складаныя па… Адным словам — творчая моладзь. І ўсе яны — таленавітыя, з жаданнем тварыць і дасягаць нейкіх вышынь.
За гады існавання каледжа з яго сцен выйшла звыш пяці тысяч спецыялістаў. Сярод іх нямала знакамітых дзеячаў культуры, добра вядомых у нашай краіне і за яе межамі: народныя і заслужаныя артысты, дактары мастацтвазнаўства, кампазітары… Напрыклад, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага хору імя Г.І.Цітовіча Л.П.Івашка, галоўны хормайстар Нацыянальнага тэатра оперы і балета Н.І.Ламановіч, кіраўнік канцэртна-эстраднага аркестра Гомельскай дзяржаўнай філармоніі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Ю.А.Васілеўскі — выпускнікі Гомельскага каледжа мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага.
Гісторыя гэтай установы неаддзельная ад гісторыі ўсёй музычнай культуры Беларусі, бо Гомель заўсёды быў буйным культурным цэнтрам. Яшчэ ў XIX стагоддзі тут вялося выкладанне музычных дысцыплін у прыватным жаночым пансіёне А.Петрашэнь, мужчынскай і жаночай гімназіях, настаўніцкай семінарыі і тэхнічным чыгуначным вучылішчы. У 1903 годзе адкрылася музычная школа С.Захарава, дзе выкладалі ігру на фартэпіяна, тэорыю і гісторыю музыкі, гармонію, контрапункт, ансамблевую ігру, а крыху пазней пачалі дзейнічаць фартэпіянныя класы Б.Разэнблюма.
З прыходам савецкай улады музычная адукацыя стала яшчэ больш даступнай. У Гомельскай губерні адкрываюцца агульнадаступныя навучальныя музычныя ўстановы, падбіраюцца кадры выкладчыкаў-музыкантаў, пад кіраўніцтвам Р.Пукста, Б.Разэнблюма, А.Туранкова пачалі працаваць харавыя студыі і гурткі, якія былі аб’яднаны ў Народную кансерваторыю. Праз год яна была рэарганізавана ў Дзяржаўную музычную школу 1-й і 2-й ступені, на базе якой у 1921 годзе ствараецца Дзяржаўны музычны тэхнікум. Менавіта адсюль бярэ пачатак гісторыя каледжа мастацтваў — адной з найстарэйшых музычных навучальных устаноў краіны, якая хутка будзе святкаваць чарговы юбілей.
Час інавацый
Але як бы ні мяняліся назвы, заўсёды нязменнай заставалася сутнасць музычнай установы — выхоўваць культурную інтэлігенцыю, захоўваць лепшыя музычныя традыцыі. Як адзначае дырэктар Гомельскага каледжа мастацтваў імя Н.Ф.Сакалоўскага Т.І.Пузырэнка, сёння калектыў установы ставіць перад сабой дзве галоўныя задачы: перадаваць у спадчыну высокія традыцыі класічнага мастацтва і, не забываючыся на патрабаванні часу, несці ў народ класіку ў новай інтэрпрэтацыі.
Дарэчы, адзін з найцікавейшых інавацыйных праектаў пад аўтарствам педагога-харэографа каледжа Валянціна Ісакава — “Фабрыка Барока” — толькі ў студзені двойчы збіраў залу прыхільнікаў харэаграфічнага мастацтва. Спачатку навучэнцы каледжа парадавалі публіку сваімі харэаграфічнымі работамі, а потым — вечарынай аднаактовых балетаў. Гэтаму праекту наканавана доўга жыць і развівацца, бо ён выклікаў вялікую цікавасць у публікі ўсіх узростаў, а таксама прынёс новую хвалю натхнення вучнёўскай моладзі.
Каледж з годнасцю носіць імя вядомага беларускага кампазітара, хормайстра і фалькларыста Н.Ф.Сакалоўскага. Сёння тут вядзецца навучанне па 12 спецыяльнасцях. Але на дасягнутым не спыняюцца, і ў гэтым годзе ўпершыню пачне ажыццяўляцца прыём па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады” (эстрадныя спевы). Сапраўды, чаму б не даць дарогу ў такую прафесійную будучыню тым, хто мае талент?! Тым больш што рыхтаваць будучых зорак ёсць каму. У каледжы мастацтваў працуюць высокакваліфікаваныя выкладчыкі, палова з якіх мае вышэйшую катэгорыю. Кожнае зерне, якое прарасло ў выхаванцаў, вырошчваецца з асаблівай беражлівасцю.
Таму і дасягненняў многа. Штогод юныя таленты становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і лаўрэатамі прэміі Гомельскага аблвыканкама. Што ўжо казаць пра перамогі на шматлікіх конкурсах і фестывалях! Адточваючы сваё майстэрства ў сценах навучальнай установы, юнакі і дзяўчаты ўпэўнена выходзяць на сцэны розных гарадоў і краін. У многім дапамагае і работа ў творчых калектывах каледжа. Зараз іх налічваецца 13, і амаль усе яны носяць званне “народны”.
Той, хто калі-небудзь наведваў музычную школу ці паслядоўна займаўся ў якім-небудзь напрамку, ведае, колькі патрэбна цярпення, уседлівасці і часу. І галоўны матыватар у любой справе — жаданне. Што да навучэнцаў каледжа, то ім яшчэ трэба ўмела распараджацца часам. Тут неабходна паспяваць усё: і кніжкі чытаць, і песні спяваць, і танцы танцаваць. У Гомельскім каледжы мастацтваў у год праходзяць дзясяткі мерапрыемстваў, якія збіраюць таленавітую моладзь з самых розных куткоў свету. Найбольш яскравыя і значныя з іх — Міжнародны конкурс “Мой сябар баян”, Міжнародны дзіцячы конкурс “Музыка надзеі”, Рэспубліканскі фестываль “Спеўная акадэмія”. Дзякуючы ім, пастаянна пашыраюцца межы творчай дзейнасці, наладжваецца супрацоўніцтва з замежнымі выкладчыкамі і выканаўцамі.
Творчы падыход да адпачынку
Інакш і быць не можа ў асяроддзі музыкантаў, танцораў і спевакоў. Прычым часта ідэі нараджаюцца выпадкова, але аказваюцца такімі ўдалымі, што паступова пераходзяць у традыцыі. Адной з такіх традыцый, магчыма, стане выезд першакурснікаў на прыроду. Першая спроба адбылася на пачатку гэтага навучальнага года. Куратар адной з груп С.В.Кушнярова, ведаючы, што згуртаванне групы і выяўленне лідараў найбольш эфектыўна адбываецца падчас адпачынку, арганізавала ў выхадны дзень загарадную паездку. Зразумела, не абышлося без гульняў і спеваў пад гітару ля вогнішча.
Не менш цікавыя прапановы ўносяць і навучэнцы. Так, старшакурснікі самастойна аганізавалі творчы конкурс “Голас інтэрната”, у адборачным туры якога маглі ўдзельнічаць усе насельнікі інтэрната каледжа. Кожнаму дастаўся салодкі прыз, аб якім паклапаціўся прафкам навучэнцаў.
У інтэрнаце ўвогуле ніколі не бывае сумна: там іграе скрыпка, недзе спяваюць песні пад гітару. Выхавальнік інтэрната сама не любіць сумаваць і іншым не дае. Разам з педагогам-псіхолагам хутка яны збяруць насельнікаў інтэрната на вечарыну пад назвай “Песні пад гітару”.
— Дзеці прыходзяць да нас амаль на чатыры гады, — гаворыць дырэктар каледжа мастацтваў. — І каледж, і інтэрнат на гэты час становяцца для іх другім домам, таму мы стараемся стварыць цёплую, утульную атмасферу. А навучэнцы нам у гэтым дапамагаюць, бо яны ж людзі творчыя, і палёт думак у іх высокі.
Наталля ЛУТЧАНКА.