(Не)абітурыенты

Як здзяйсняюцца мары

Кожны настаўнік, развітваючыся з класам, надоўга затрымлівае вучняў у сваім сэрцы: захоўвае ўспаміны, сочыць за поспехамі, радуецца перамогам. Так і мы, журналісты, прапускаючы гісторыі нашых герояў праз сябе, яднаемся з імі, хвалюемся за іх будучыню і рады, калі атрымліваем добрыя весткі. Сёння ў нас своеасаблівы дзень сустрэчы з нашымі “выпускнікамі” — дзяўчатамі, якіх мы ведаем з абітурыенцкай пары.

“Хачу стаць маладым доктарам хімічных навук”

Аляксандра Радчанка — магістрантка хімічнага факультэта БДУ. За яе плячыма шмат перамог на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, гады заняткаў навукай. Цяжка ўявіць, што некалі Саша не сябравала з хіміяй і гісторыя магла развівацца па-іншаму.

У школе дзяўчына займалася плаваннем, лёгкай атлетыкай, хадзіла ў музычную школу. З вучобай праблем не было: усе прадметы даваліся аднолькава добра. Але тут з’явілася хімія.

— Я атрымлівала пяцёркі-шасцёркі — які жах! Падумала: як гэта так — перамагаю на спаборніцтвах, выступаю на канцэртах — усё ў парадку, што ж з хіміяй не так! Пераломным стаў момант, калі Наталля Данілаўна (настаўніца хіміі гімназіі № 7 Мала­дзечна Н.Д.Пашчук.Заўвага аўтара.) ненавязліва “пачысціла” маю свядомасць наконт будучыні: у гэтым узросце мала задумваешся, што будзе потым. З Наталляй Данілаўнай можна было гаварыць пра ўсё: літаратуру, мастацтва, маладзёжныя субкультуры — і разам з тым вывучаць хімію. Так я і ўцягнулася, — успа­мінае Саша.

Самай вялікай перамогай дзяўчына лічыць дыплом на рэспубліканскай алімпіядзе дзевяцікласнікаў, дзе яна выступала ў 8 класе. Гэты поспех пераламаў у яе свядомасці псіхалагічны бар’ер, і дзяўчына зразумела, што няма нічога немагчымага. Галоўнае — прыкладаць максімум намаганняў і адносіцца да сваёй дзейнасці як да творчасці, гульні. Затым пайшлі высокія вынікі як на рэспубліканскім, так і на міжнародным узроўні: у 10 класе Аляксандра была адной з пераможцаў Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды па хіміі, а ў 11 класе паўтарыла свой поспех і ў дадатак атрымала сярэбраны медаль на Міжнароднай хімічнай алімпіядзе ў Ханоі. Ужо тады дзяўчына ведала, што яе месца — на хімфаку БДУ.

Саша выбрала спецыяльнасць “Хімія высокіх энергій”. Але на гэтым яе пошук не скончыўся. На другім курсе, стоячы ля дошкі, яна зразумела, што ёй больш не цікава. Выкладчык папярэдзіў, што, калі не засвоіць матэрыял, вучыцца далей будзе немагчыма. Дзяўчына ўсведамляла, што не зможа вывучаць тое, што не падабаецца, таму накіравалася ў дэканат — пісаць заяву аб пераходзе на “Фундаментальную хімію”.

— Няма сэнсу ламаць сябе, калі не знаходзіш інтарэсу. А прафесіяналам можна стаць толькі тады, калі табе цікава, — пераканана магістрантка.

У лабараторыю нанахіміі НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ, без якой студэнтка ўжо не ўяўляе сябе, яна прыйшла на першым курсе. Саша разумела, што па ўзроўні падрыхтоўкі будзе крыху апярэ­джваць аднагодак, таму хацела праводзіць вольны час за даследаваннямі. Яна прызнаецца, што было няпроста падысці да будучага навуковага кіраўніка доктара хімічных навук Міхаіла Арцем’ева, бо для яе велічыня асобы выкладчыка падавалася недасягальнай. Педагог спачаку паглядзеў на студэнтку з недаверам: у лабараторыю звычайна прыходзяць на 3—4 курсе. Але лёд скепсісу быў разбіты, і ўжо шэсць гадоў Міхаіл Валянцінавіч і Аляксандра “робяць навуку”.

— Даследаванні прывабліваюць мяне, бо спалучаюць у сабе і навуку, і творчасць. Тут кожны дзень — падзея. Ты не ведаеш, ці атрымаецца дослед, ці правільна думаеш. Штодзень выходзяць новыя артыкулы, нехта апярэджвае цябе, і ты спрабуеш дагнаць гэтых людзей. У гэтай гонцы імкнешся даведацца больш, каб развівацца далей. Але чым больш ты ведаеш, тым менш ведаеш, — гаворыць Аляксандра. — Любыя тэарэтычныя веды трэба падмацоў­ваць практыкай. Так і ў хіміі: калі не ўбачыш рэакцый, не зможаш зразумець асноўныя моманты.

Са спартыўнага мінулага ў дзяўчыне застаўся дух спаборніцтва. Па словах Сашы, ён дапамагае працаваць хутка і якасна, не спыняючыся на дасягнутым. У дзяцінстве яна марыла стаць спартыўным трэнерам, і цяга да педагогікі таксама ўзяла сваё. Зараз Саша разам з Наталляй Данілаўнай рыхтуе ў сваёй гімназіі алімпіяднікаў (у мінулыя гады два выхаванцы магістранткі выступалі на Міжнароднай алімпіядзе па хіміі, а сёлета адзінаццацікласнік Мацвей Навасёлаў стаў абсалютным пераможцам на Рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі).

Універсітэцкае жыццё Аляксандры Радчанка — справядлівы працяг школы і алімпіяднага руху, яно ўпарадкавала і паказала значнасць атрыманых раней ведаў. Нават сярод блізкіх знаёмых і аднагрупнікаў па магістратуры большасць людзей засталіся побач менавіта з таго часу.

У планах дзяўчыны — паступіць у аспірантуру. Саша гаворыць, што хацела б стаць маладым доктарам хімічных навук — выкладаць студэнтам і разам з тым ствараць навуку. І шмат у чым на гэтым шляху Аляксандра імкнецца быць падобнай да сваёй настаўніцы.

— На занятках у Наталлі Данілаўны ўсе роўныя, у яе няма любімчыкаў. Дзеці не параўноўваюць сябе адно з адным, а развіваюцца зыходзячы з уласных асаблівасцей. Яны разумеюць узровень, да якога могуць імкнуцца. Таму ў класах няма ні хворых на “зорнасць”, ні тых, хто няўпэўнены ў сваіх сілах, — адзначае Саша. — У Наталлі Данілаўны няма негатыву, яна заўсёды прамая і шчырая з усімі. Гэты чалавек многім даў шанс стаць прафесіяналамі. Усе ведаюць, што, калі даследчыка вучыла Наталля Данілаўна, у яго бу­дзе чаму павучыцца.


“Універсітэт прынёс свабоду дзеянняў”

З Кацярынай Сафронавай мы пазнаёміліся ў 2016 годзе, калі яна была дзевяцікласніцай — на той час дзяўчына наведвала школу юных на механіка-матэматычным факультэце БДУ. Зараз жа Каця — другакурсніца біялагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Спакойная, негаваркая ў незнаёмай кампаніі дзяўчына больш любіць слухаць іншых, чым гаварыць сама. Гэта рыса студэнткі прасочваецца ў яе інтарэсах: Кацярыне падабаецца назіраць за жывёламі, часцей бываць на прыродзе і прагульвацца ў цішыні. Каця пераканана, што галоўнае ў жыцці — атрымліваць ад яго асалоду.

Марыла, што, калі вырасту, буду працаваць у вялікай сучаснай клініцы і выратоў­ваць жывёл. З узростам карцінка згладзілася, але жаданне дапамагаць і любоў да жывёл не зніклі.

Дзяўчына гаворыць, што не зусім разумее, як апынулася на мехмаце: з матэматыкай яе мала што звязвала.

— Матэматыка ніколі не была маім любімым прадметам, хутчэй, сказалася тое, што са мной шмат займалася бабуля. З дзяцінства мы рашалі задачы, гулялі ў настольныя гульні на логіку, і гэта дало мне добры ўзровень хуткага лічэння, запамінання камбінацый, уседлівасці і ўважлівасці. Уменняў цалкам хапала на “дзіцячую” матэматыку, але развівацца ў гэтай галіне далей я не хацела. А біяфак быў абсалютна ўсвядомленым і лагічным выбарам.

Зрэшты, напачатку выбар абітурыенткі вагаўся паміж Віцебскай ветэрынарнай акадэміяй ці медыцынскім універсітэтам. Але за месяц да паступлення Каця вырашыла ісці на біялагічны факультэт.

— Маленькай мне падабалася глядзець перадачы на  Animal Planet і National Geographic. Любімымі праграмамі сталі шоу пра ветэрынараў. Марыла, што, калі выра­сту, буду працаваць у вялікай сучаснай клініцы і выратоўваць жывёл. З узро­стам карцінка згладзілася, але жаданне дапамагаць і любоў да жывёл не зніклі. Калі атрымаецца, у будучыні хацела б атрымаць ветэрынарную адукацыю, — расказвае другакурсніца. — Пасля паступлення на біяфак зразумела, што ўніверсітэт прынёс свабоду дзеянняў. Тут ты не ў “школьнай цяпліцы”, і ніхто не ўпрошвае цябе нешта зрабіць. Калі ты атрымліваеш вышэйшую адукацыю, павінен сам расстаўляць прыярытэты — разуменне гэтага дало штуршок да сталення. Часта буду ўспамінаць бяссонныя ночы падчас сесій, вясёлыя летнія практыкі і гісторыі нашых выкладчыкаў.


“Калі б магла пражыць некалькі жыццяў — пражыла б іх у розных ролях”

Многім знаёмы імёны Франсіска Гоі, Людвіга ван Бетховена, Канстанціна Цыялкоў­скага — людзей, якія даказалі свету, што парушэнне слыху не перашкода для творчасці, навукі і паўнаты жыцця. Тое ж самае ўласным прыкладам штодзень пацвярджае студэнтка 5 курса БНТУ Таццяна Максімовіч.

Энергія і няўседлівасць у гэтай дзяўчыне бурляць з неверагоднай сілай: яна любіць падарожні­чаць, выступаць на сцэне і быць арганізатарам мера­прыемстваў для людзей з парушэннямі слыху. Здаецца, што ў яе няма вольнага часу — дзень распланаваны амаль па хвілінах. Таня вельмі пунктуальная: тата з дзяцінства прывучаў дачку размяркоў­ваць час, матуля — расстаўляць прыярытэты. Для яе няма нецікавых лю­дзей ці непатрэбных ведаў: дапытлі­васць бярэ верх. Студэнтка заўважае лепшыя якасці людзей, стараючыся пераймаць іх, а любая цікавая інфармацыя пашырае яе кругагляд. І нават чытаючы кнігі, Таня звяртае ўвагу на тое, як героі выхо­дзяць са складаных сітуацый, каб пры выпадку выкарыстаць іх вопыт. Аптымістычная, працавітая, мэтанакіраваная дзяўчына цэніць такія ж якасці ў навакольных: яна пераканана, што здавацца нельга ніколі.

— Нельга адкладваць нешта на пасля. Або ты робіш зараз, або ніколі. Калі не зараз, то калі? Калі не ты, то хто? — лічыць Таня.

Людзі з праблемамі слыху амаль не вучацца ва ўніверсітэтах. Самыя даступныя прафесіі для іх — токар, швачка, зубны тэхнік, спецыяліст па рабоце з ЭВМ. Але Таццяна была пераканана, што так быць не павінна, і сказала сабе: “Або паступаю ва ўніверсітэт, або нікуды”. Думкі дачкі цалкам падзялялі бацькі.

У маленстве дзяўчына любіла бываць на рабоце ў дзядулі і ўжо тады ведала, што хоча быць, як ён, інжынерам-будаўніком. Была ўпэўнена, што абавязкова паступіць ва ўніверсітэт. Таня старанна вучылася і скончыла школу з сярэднім балам 9,4 у атэстаце. Па медыцынскіх паказчыках на будаўнічую спецыяльнасць яна не трапіла, але знайшла альтэрнатыву і выбрала  напрамак “Геадэзія”.

Першыя два гады было няпроста: прыходзілася прызвычайвацца, час ад часу перапісваць канспекты ў аднагрупнікаў, якія адразу зразумелі патрэбы дзяўчыны. Найбольш зручна было на прадметах, дзе выкладчыкі выкарыстоўвалі прэзентацыі, горш, калі тэхнічных сродкаў не было. Нехта з педагогаў адразу ўвахо­дзіў у становішча, нехта быў перакананы, што Таня хутка адлічыцца. Адносіны апошніх не вельмі бянтэжылі дзяўчыну: яна імкнулася даказаць адваротнае і не толькі сама авалодвала іх прадметам, але і дапамагала іншым.

У будучыні Таццяна ба­чыць сябе інжынерам-геадэзістам, які ездзіць у каман­дзіроўкі, кантактуе з людзьмі і стварае карысныя праекты. Магчыма, паспрабуе сябе ў ролі спецыяліста-кансультанта для людзей, якія ствараюць асаблівыя ўмовы для людзей з парушэннямі слыху. Але для гэтага, па словах студэнткі, спачатку трэба рэалізаваць сябе.

— Не люблю, калі людзі ацэньваюць адно аднаго стэрэатыпна. Многія дума­юць, што, калі ў цябе праблемы са слыхам, ты не асіліш вучобу ва ўніверсітэце. У тым ліку медыцынская камісія. Але ж я вучуся! Мы можам рабіць тое ж, што і астатнія, толькі інакш. Хачу даказаць лю­дзям, што многае магчыма, калі гэтага сапраўды хочаш. Чалавек зможа знайсці работу ў будучыні, калі яму дазволяць вучыцца цяпер, — гаворыць Таня.

Таня гаворыць, што, калі б яна магла пражыць некалькі жыццяў, абавязкова б пражыла іх у розных ролях: інжынера, мастака, падарожніка, настаўніка, арганізатара мерапрыем­стваў. Дзяўчына жартуе, што часу таму і не хапае, што прыходзіцца ўсе заняткі змясціць у адно жыццё. І на развітанне для тых, хто не верыць у свае сілы ці не ведае сваіх сапраўдных магчымасцей, дадае:

— Марце як мага больш і дасягайце пастаўленых мэт. Верце ў сябе і не шукайце прычын, каб адмаўляцца ад мар. І тады ў вас абавязкова ўсё атрымаецца.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.