Нішто не павінна збіць вас з толку

Цэнтралізаванае тэсціраванне праводзіцца ў Беларусі ўжо 8 гадоў. За гэты час Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў сфарміравана некалькі тысяч тэставых заданняў па кожным прадмеце, якія з’яўляюцца магутным арсеналам для абітурыентаў пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Прааналізаваўшы гэтыя матэрыялы, нескладана заўважыць, што тыпы заданняў з году ў год практычна не мяняюцца, за выключэннем некаторых адрозненняў. Вось на гэтых адрозненнях, а калі быць больш дакладнай, на іх успрыманні абітурыентамі, мне б хацелася акцэнтаваць увагу ў гэтым артыкуле.

Працэс рашэння любога тэставага задання можна разбіць на наступныя этапы:

1. Вывучэнне ўмоў задачы. На гэтым этапе высвятляецца сутнасць пытання і выяўляюцца найважнейшыя даныя, якія можна выкарыстоўваць для яго рашэння. У працэсе аналізу ўмоў задачы ўстанаўліваюцца асаблівасці прапанаванай сітуацыі, выдзяляюцца спецыфічныя сувязі і заканамернасці, а таксама межы іх прымянімасці.

2. Пошук правільнага варыянта рашэння. Гэты этап дапускае распрацоўку тактыкі рашэння задання, якая ўключае выбар таго ці іншага метаду ажыццяўлення неабходных дзеянняў. Рашэнне задання магчыма толькі пры правільным уліку ўсіх сувязей паміж велічынямі, прадстаўленымі ва ўмове задання.

3. Аналіз і праверка рашэння. На гэтым этапе вылучаюцца адказы (калі іх некалькі), якія адпавядаюць умове задачы, праводзіцца параўнанне знойдзенага рашэння з зыходнымі данымі і вызначэнне рэальнасці атрыманага значэння.

Больш падрабязна спынімся на першым этапе, таму што часта няправільнае тлумачэнне ці няўважлівасць абітурыента пры прачытанні ўмовы задання можа прывесці да далейшых памылковых дзеянняў і ў далейшым да няправільнага варыянта.

Так, прыйшоўшы на цэнтралізаванае тэсціраванне, абітурыент спадзяецца ўбачыць ужо знаёмыя і адпрацаваныя тыпы заданняў, якія ён неаднойчы рашаў з настаўнікамі ці самастойна. Але часам нават нязначнае змяненне фармулёўкі задання збівае яго з толку і прымушае ўсумніцца ва ўласных ведах. Незнаёмы тып заданняў у некаторых выпадках можа прывесці абітурыента ў паніку, на пераадоленне якой ён патраціць каштоўны час.

Напрыклад, у 2005 годзе на цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове ўпершыню з’явіліся тэставыя заданні ў выглядзе табліц з фармулёўкай: “Установите соответствие между предложениями и их характеристикой”.

Гэта цяпер заданні ў таблічнай форме ў тэстах па рускай мове не выклікаюць складанасці для абітурыентаў. Аднак убачыўшы іх упершыню, многія абітурыенты разгубіліся і адчулі часовыя цяжкасці пры іх выкананні: хаця падобныя заданні ўжо былі ў зборніках для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, але яны мелі іншую форму. У той жа час заданні тыпу “Определите, ставится ли запятая перед как, и установите соответствие между столбцами таблицы” ў нейкай ступені нават дапамагаюць абітурыентам выбраць правільны адказ, бо змяшчаюць элементы тэарэтычнага правіла. Адпаведна, застаецца толькі правільна падабраць да гэтай часткі правіла прыклад.

Збіць з толку абітурыентаў могуць таксама графічныя выявы заданняў, напрыклад, выкарыстанне кругавой дыяграмы замест звыклага тэксту ў цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы, дзе неабходна вызначыць плошчу (у га), адведзеную пад пшаніцу, калі вядома, што сума пасяўных плошчаў пад зерневыя культуры роўная 1500 га.

Гэтая задача, на мой погляд, нескладаная для рашэння, але можа адпудзіць абітурыентаў графічнай выявай.

У цэнтралізаваным тэсціраванні па англійскай мове ў 2009 годзе ўпершыню адбыўся пераход да тэкстаў, што складаюцца са сказаў, у кожным з якіх неабходна выбраць патрэбнае слова ці паставіць слова ў правільную форму. Фактычна гэта тыя ж сказы, вядомыя абітурыентам па тэстах папярэдніх гадоў, але аб’яднаныя ў тэкст, што дазваляе вучням не толькі выкарыстоўваць граматычныя і лексічныя правілы, але і арыентавацца на кантэкст, што можа істотна дапамагчы пры пошуку правільнага варыянта адказу.

Цяжкасці ў абітурыентаў могуць таксама ўзнікнуць пры змяненнях не толькі ў форме, але і ў змесце ўмовы задання. Так, напрыклад, у задачы па фізіцы выкарыстоўваецца формула х = qm (дзе q — удзельная цеплыня згарання паліва, m — маса цела) замест звыклай для абітурыента, які здае фізіку, формулы Q = qm. Такім чынам, змена пераменнай можа збіць чалавека з толку, таму што ў яго галаве трывала замацавалася, што Q = qm. Таксама ў тэставых заданнях па фізіцы нярэдкія выпадкі выкарыстання пераменнай k у якасці невядомай пераменнай, а не для абазначэння каэфіцыента жорсткасці. Магчыма, што задачу са знаёмымі пераменнымі абітурыент рашыў бы намнога хутчэй, чым дакладна такую ж задачу, але са змененымі пераменнымі.

Таксама нярэдкія выпадкі, калі абітурыент няўважліва чытае ўмовы задання і не заўважае змяненняў. Напрыклад, на цэнтралізаваным тэсціраванні па фізіцы ён сустракае знаёмую задачу аб руху пратона, радуецца, што ведае алгарытм рашэння гэтай задачы, не заўважаючы пры гэтым, што ў новай задачы пратон рухаецца не ўверх, а ўніз ці што замест пратона рух ажыццяўляе электрон, што істотна мяняе ход рашэння задачы. Так, абітурыент атрымлівае няправільны вынік, пры гэтым упэўнены, што ўсё робіць правільна.

Пераходзячы да другога этапу рашэння задання, хацелася б акцэнтаваць увагу на стэрэатыпах ва ўспрыманні абітурыентамі тэставых заданняў.

Адна з самых распаўсюджаных памылак — гэта ўспрыманне памераў задачы: абітурыентам здаецца, што чым большая па аб’ёме задача, тым больш складана яна рашаецца. На практыцы ў большасці выпадкаў гэта не так. Чым больш аб’ёмная ўмова задачы, тым больш яна змяшчае зыходных даных, падставіўшы якія ў патрэбныя формулы, абітурыент атрымлівае адказ. Галоўнае — умець правільна запісаць кароткую ўмову задачы і выбраць неабходныя формулы, у той час як у задачах з невялікай колькасцю даных усю неабходную інфармацыю для пошуку правільнага варыянта вам давядзецца знаходзіць самім.

Наступны стэрэатып адносіцца да суб’ектыўнай думкі многіх абітурыентаў адносна ўласнага ўзроўню ведаў па канкрэтнай тэме дысцыпліны. Напрыклад, абітурыент лічыць, што дрэнна рашае прыклады з модулямі і лагарыфмамі і таму пры выкананні заданняў цэнтралізаванага тэсціравання прапускае заданні, убачыўшы сімвалы | | ці log. У некаторых выпадках гэта будзе няправільнай тактыкай, бо ў тэстах ёсць заданні рознага ўзроўню складанасці. І, магчыма, пакуль абітурыент траціць шмат часу на рашэнне заданняў павышанай складанасці з квадратным коранем (тэму, у якой, на яго думку, ён добра разбіраецца), так і не знайшоўшы правільнага адказу, ён мог бы рашыць некалькі больш простых прыкладаў на модулі і лагарыфмы.

У дакладных навуках значнаму спрашчэнню пошуку правільнага адказу дапамагае скарочаны запіс умовы задачы, гэта значыць, выдзяленне зыходных і шукаемай велічынь. Пры гэтым абітурыентам вар та звярнуць увагу на тое, каб розныя велічыні атрымалі розныя абазначэнні. У некаторых задачах па фізіцы і матэматыцы значна аблегчыць пошук рашэння дапамагае пабудова чарцяжа, гэта значыць, графічны запіс умовы задачы, дзе схематычна прадстаўлены дэталі з’явы, што ляжыць у аснове задачы.

Калі абітурыент адчувае цяжкасці пры рашэнні задач па фізіцы ці матэматыцы, то адным з дзейсных спосабаў з’яўляецца паўтарэнне на памяць умовы задачы. Таму што даволі часта ўказанне на правільны алгарытм рашэння ўтрымліваецца ў самой умове задачы, і канцэнтрацыя ўвагі на ёй дапамагае гэты алгарытм распазнаць.

Што тычыцца выканання тэставых заданняў па рускай мове, у прыватнасці вызначэння правільнай літары ў слове, то ў выпадку сумнення я рэкамендую абітурыенту напісаць абодва варыянты на чарнавіку. Магчыма, зрокавая памяць дапаможа яму вызначыцца з правільным адказам.

На апошнім этапе абітурыенту неабходна параўнаць атрыманы вынік з умовай тэставага задання, ацаніць яго рэальнасць і занесці ў бланк адказу.

Асабліва ўважлівымі абітурыентам трэба быць пры аналізе адказу да задач па фізіцы і матэматыцы. Калі адказ супадае з адным з варыянтаў адказаў, то гэта яшчэ не значыць, што ён правільны, таму што складальнікі тэстаў улічваюць тыповыя памылкі пры рашэнні дадзенага задання і на падставе гэтага фарміруюць варыянты адказаў. Таму пры наяўнасці часу варта пераправерыць атрыманы вынік.

Таксама на гэтым этапе абітурыент павінен дакладна вызначыць, што менавіта запісаць у адказ. Няправільнае прачытанне ўмоў тэставых заданняў вельмі часта прыводзіць да памылак, якіх можна было б пазбегнуць, калі б абітурыент быў больш уважлівы. У цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове варта звярнуць асаблівую ўвагу на заданні ў адмоўнай форме (напрыклад: “Запятая НЕ ставится в предложениях”) ці заданні, дзе правільнымі адказамі будуць памылковыя варыянты (напрыклад: “Речевые ошибки допущены в предложениях”). Гэта значыць, правільнымі варыянтамі будуць не тыя сказы, дзе словы ўжыты правільна, а тыя, дзе дапушчаны памылкі.

У некаторых тэставых заданнях па рускай мове маюць месца фармулёўкі, якія ўказваюць на тое, што правільны варыянт павінен адпавядаць некалькім крытэрыям, напрыклад: “Пишется НЕ и РАЗДЕЛЬНО на месте ВСЕХ пропусков в предложении”.

У заданнях па матэматыцы абітурыентам варта быць уважлівымі да абмежаванняў атрыманых адказаў, на прыклад: “Знайдзіце колькасць кораняў ураўнення, якія належаць прамежку [0;2π]”.

Таксама абітурыентам не варта забываць аб “нябачных” абмежаваннях, звязаных з зонай дапушчальных значэнняў.

І апошняе, на што хацелася б звярнуць увагу, гэта тое, што некаторыя тэставыя заданні змяшчаюць “заданне ў заданні”, напрыклад:

“Значэнне выразу 2-8log4x0, дзе x0 — корань (найбольшы корань, калі іх некалькі) ураўнення

роўна”.
Гэта значыць, што абітурыенту трэба знайсці карані ўраўнення, выбраць з іх найбольшы, падставіць яго ў другі выраз, вылічыць яго і толькі потым запісаць адказ.

 

***

Напрыканцы хацелася б адзначыць, што нават у самым складаным заданні рашэнне ёсць заўсёды, і атрыманых у школе ведаў дастаткова, каб яго знайсці. Таму раю будучым абітурыентам актыўна гэтыя веды набываць і ўдасканальваць, а таксама быць уважлівымі і сабранымі, каб у патрэбны момант правільна гэтыя веды скарыстаць.

Наталія ПРАТАСЕВІЧ,
выкладчык Мінскага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайну лёгкай прамысловасці.