Не пытайцеся, каму патрэбны вы; думайце, хто патрэбен вам
Форум выпускнікоў 2018 года стыпендыяльнай праграмы Еўрапейскага саюза для маладых беларусаў сабраў у Мінску больш за 70 бакалаўраў і магістраў. Згаданая праграма нацэлена на вяртанне моладзі ў Беларусь пасля заканчэння навучання дзеля стварэння лепшай будучыні сваёй краіны.
Пачынаючы з 2011 года Еўрапейскі саюз выдзеліў стыпендыі 300 маладым беларусам для навучання ў 250 акрэдытаваных універсітэтах краін ЕС у такіх галінах, як эканоміка, права, ахова здароўя, прыродазнаўчыя, інжынерныя, сацыяльныя навукі і прадпрымальніцтва.
Вітаючы выпускнікоў, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі пасол Андрэа Віктарын падкрэсліла: “Еўрапейскі саюз падтрымлівае праграмы мабільнасці, у тым ліку стыпендыяльныя, для таго, каб беларусы, паехаўшы ў іншыя краіны, змаглі больш даведацца пра сябе і сваю краіну”.
“Каму я патрэбен у гэтым свеце?”
У рамках форуму арганізатары зладзілі вельмі цікавую дыскусію наконт таго, якія кампетэнцыі неабходны будучым спецыялістам для паспяховай самарэалізацыі. Хэдлайнерамі размовы сталі старшыня праўлення “Белгазпрамбанка” мецэнат Віктар Бабарыка і прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў пісьменніца Юлія Чарняўская.
“Вам надзвычай пашанцавала, — звярнуўся да выпускнікоў Віктар Бабарыка, — бо вы знаходзіцеся ў сітуацыі цывілізацыйнага зруху. Зруху ад грамадства, пабудаванага на экспертных ведах і адзінай свабодзе — свабодзе руху капіталаў (дзе можна было зарабіць, туды ўсё і ішло), да грамадства, у якім з’явіліся дзве новыя ступені свабоды — мабільнасць персаналу і мабільнасць тэхналогій. Яшчэ сто гадоў назад, каб пераехаць у Амерыку “за салодкім жыццём”, трэба было пераадолець вельмі доўгі і небяспечны шлях. А сёння чалавек можа вельмі лёгка і танна перамяшчацца па ўсёй планеце”.
Ілюструючы мабільнасць тэхналогій, Віктар Бабарыка ўзгадаў легенду пра тое, як быў адкрыты алюміній. Быццам да імператара Тыберыя прыйшоў вынаходнік, паказаў гэты метал — лёгкі, прыгожы, даволі гнуткі, трывалы — і папрасіў некаторую суму, якую Тыберый палічыў занадта высокай. Не доўга думаючы, Тыберый расправіўся з вынаходнікам, і прайшло амаль 1800 гадоў, каб алюміній быў вынайдзены паўторна.
“Сёння сітуацыя кардынальна змянілася, — сказаў Віктар Дзмітрыевіч. — Некалькі гадоў назад былі адкрыты гравітацыйныя хвалі — і пра гэта адразу даведаліся мільярды людзей, якія пачалі думаць, што рабіць з новым адкрыццём. Такім чынам, мабільнасць тэхналогій дае адваротную гісторыю: цяпер няважна, хто прыдумаў, важна, хто прынёс прадукт на рынак. Тime to market — ключавая ўласцівасць новага часу”.
Такім чынам, ёсць тры мабільнасці — капіталу, персаналу і тэхналогій, і гэта велізарны выклік традыцыйнай сістэме, дзяржаве і грамадству. А што ж патрабуецца ад чалавека ў новым свеце?
“Кіньце шукаць адказ на пытанне “Каму я патрэбен?”, — заявіў Віктар Бабарыка. — Валодаючы правільнымі кампетэнцыямі ва ўмовах трох мабільнасцей, вы павінны ставіць пытанне інакш: “А хто патрэбен мне?”. Раней як было? — “Ты спачатку прафесію атрымай, а потым на балалайцы іграй”. Зараз, калі ты іграеш на балалайцы добра, то цябе слухаюць не толькі твае суседзі па кватэры, не толькі раён. Ты можаш выкласці запіс свайго канцэрта ў сетку — доступ да яго атрымаюць мільярды людзей. І частка з іх, магчыма, за гэта заплаціць. Як работадаўца я ніколі не казаў гэта сваім супрацоўнікам, а вам скажу. Раней было вялікае шчасце для супрацоўніка, калі я прапаноўваў яму падпісаць кантракт на 3—5 гадоў. Той думаў: “О, значыць я каштоўны супрацоўнік для банка!”. Цяпер, калі чалавек пагаджаецца падпісаць кантракт на 5 гадоў, я задумваюся: што не так? Супрацоўнік павінен быць абсалютна ўпэўнены, што я як работадаўца найлепшым чынам буду адпавядаць яго інтарэсам і развіваць яго кампетэнцыі. Такім чынам, работадаўца і супрацоўнік мяняюцца месцамі — але гэта пры ўмове, што апошні валодае ўніверсальнымі кампетэнцыямі, якія могуць быць прыменены дзе заўгодна”.
Што такое поспех?
“У нашым разуменні поспех заўсёды залежаў ад знешняй ацэнкі. Ты можаш быць кім заўгодна, але калі твае веды, уменні, магчымасці не атрымалі прызнання ў тых, каго лічаць экспертамі, то ўсе твае дасягненні — лухта,— заўважыў Віктар Бабарыка. — Знешняя сіла заўсёды арыентавала нас на публічны поспех. Калі я спытаю, хто з футбалістаў паспяховы, то, упэўнены, вы пералічыце форвардаў — тых, хто забівае галы. Вы ацэньваеце поспех бачны. Але сапраўды паспяховы той, хто атрымлівае асалоду ад сваёй справы. Знешні поспех, які не залежыць ад вас, як прыходзіць — так і сыходзіць. Унутранае адчуванне поспеху застанецца з вамі назаўсёды”.
“Нельга жыць і чакаць, калі ты станеш паспяховым ці шчаслівым, — сказала выпускніца праграмы OESS Кацярына Лысёнак. — Справа ў тым, што гэты момант можа ўвогуле не надысці, або надысці, але не тады і не там, дзе вы чакалі. У нейкі момант, працуючы ў вялікай карпарацыі, я ўключылася ў гэтую гонку, быццам жыццё — яно потым, пасля наступнай камандзіроўкі, наступнага павышэння, у адпачынку. З панядзелка да пятніцы жыцця няма, ёсць чаканне… Але аднойчы я выбрала не чакаць, а жыць і атрымліваць задавальненне ад усяго, чым займаюся”.
Віктар Дзмітрыевіч звярнуў увагу на тое, што поспех змяшчаецца ў бок персаніфікацыі: “Свет становіцца ўніверсальным, а чалавек усё больш персаніфікуецца. І ў вас ёсць велізарны шанс на поспех, незалежна ад таго, дзе вы будзеце жыць. Калі вы застаяцеся ў Беларусі, то пытанне трох мабільнасцей вырашаецца тут без складанасцей. Бязвіз 30 дзён — адпаведна, вы заўсёды можаце знайсці персанал, які прыедзе ў краіну. Таксама ў вас ёсць магчымасць прыцягнуць грошы і тэхналогіі, каб рэалізаваць сваю ідэю. Калі вы зразумееце, што трэба адпавядаць не чыімсьці запытам, а рабіць тое, што патрэбна менавіта вам, да чаго цягнецца душа, то, мне здаецца, гэта і будзе поспех. І я жадаю вам авалодаць такімі ўласцівасцямі, каб не вас выбіралі, а вы мелі магчымасць рабіць выбар самі”.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.
Пра верагодныя прафесіі будучыні
Прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Юлія Чарняўская адзначыла, што ў век ІТ чалавецтва чакаюць новыя выклікі, з якімі не дапамогуць справіцца робаты. Адзінота ў натоўпе, аўтызацыя свету, адсутнасць разумення паміж людзьмі, групамі і пакаленнямі, гендарныя праблемы, этнічныя і рэлігійныя рознагалоссі, праблемы старэння… Адпаведна, новае развіццё ў грамадстве атрымаюць гуманітарныя прафесіі.
Юлія Чарняўская прапанавала ўдзельнікам сустрэчы паразважаць пра верагодныя прафесіі будучыні:
Медыятар — пасрэднік паміж бакамі, які арганізоўвае камунікацыі для вырашэння спрэчак: ад сямейных і працоўных да этнічных і рэлігійных. Адукацыя ў медыятара можа быць якой заўгодна, галоўнае — уменне ўзаемадзейнічаць, слухаць, уваходзіць у становішча іншага чалавека, знаходзіць кампрамісы для бакоў.
Дарадчык меншасцей — гэта таксама пасрэднік паміж грамадствам і меншасцю, большасцю і меншасцю, а таксама паміж меншасцямі (маюцца на ўвазе любыя — ад гендарных да рэлігійных і этнічных). Адукацыя дарадчыка залежыць ад характару меншасці (юрысты могуць прыцягвацца для кансультацый).
Арганізатар і стваральнік сітуацыйных груп дапамогі і падтрымкі. Аб’ектамі могуць быць ахвяры гвалту, людзі з дэпрэсіяй, людзі са схільнасцю да суіцыду, цяжка хворыя і іх сваякі, якія таксама маюць патрэбу ў падтрымцы, нядаўнія мігранты, разведзеныя, удаўцы, цяжарныя жанчыны, адзінокія старыя і г.д. Гэтую работу таксама можна манетызаваць праз прыцягненне грантаў і ўдзел у стартапах.
Стваральнік спрыяльнага штучнага асяроддзя ў рэальнасці. Як казаў Элвін Тофлер, паколькі мы не паспяваем за будучыняй, павінны быць анклавы, дзе для чалавека ствараецца сітуацыя ўпэўненасці ў сённяшнім дні. “Адны едуць ва ўсходнія храмы, другія — у манастыры. Не абавязкова некуды ехаць. Трэба арганізоўваць асяроддзе стабільнасці, упэўненасці і спакою, куды чалавек можа прыйсці ў любы момант. Я не маю на ўвазе аграсядзібы, разам з рэстаранам, лазняй і петардамі. Гаворка ідзе пра спынены час, без ноўтбукаў, смартфонаў і газет”, — канкрэтызавала Юлія Чарняўская.
Спецыяліст па інклюзіі самых розных груп у грамадства. Напрыклад, у Мінску пачаў дзейнічаць тэатр, дзе сярод іншых іграюць людзі з сіндромам Аспергера і сіндромам Канера. Гэта можа тычыцца інклюзіі ўсіх, каго мы пералічылі вышэй, калі казалі пра сітуацыйныя групы.
Арганізатары і генератары стартапаў.
Крызісныя кансультанты ў самых розных сферах.
Пасрэднік паміж пакаленнямі — чалавек, якія “латае” сацыякультурныя разрывы паміж Х, Y i Z генерацыямі. “Справа ў тым, што цяперашнія разрывы паміж пакаленнямі адрозніваюцца ад тых, што былі ў нас і нашых бацькоў. Нам хацелася больш свабоды, больш шуму… А зараз бацькі, дзеці і ўнукі — кожны апынуўся на сваім бязлюдным востраве” — патлумачыла Юлія Чарняўская.
Прафесійная сям’я (і гэта не SOS-дзіцячая вёска, не апекуны і не ўсынавіцелі). Маецца на ўвазе, што дзіця пры наяўнасці аднаго ці двух біялагічных бацькоў выхоўваецца (некалькі месяцаў, тыдняў ці дзён) у сям’і за горадам. Гэта можа быць як звычайная, так і гульнявая сям’я, дзе кожны чалавек выконвае пэўную ролю: мамы, таты, дзядулі, бабулі, дзядзькі, цёткі і інш, — традыцыйная сям’я, дзе кожны займаецца пэўнай справай, выхоўваючы дзіця.
Герантолаг. Мы прыйшлі ў свет, дзе нам патрэбны платныя сябры — не толькі памочнікі па гаспадарцы, але і кампаньёны, у якіх ёсць геранталагічныя веды і якія разумеюць, што адбываецца з іх падапечнымі. І гэтаму герантолагу таксама ёсць што ўзяць у сваіх падапечных.
Спецыяліст па гендары.
Спецыяліст у сферы асабістага ўдасканалення.
Трэнер па майнфітнесе і развіцці кагнітыўных навыкаў (не толькі для дзяцей, але і для дарослых, і для старых).
Змагар з пракрастынацыяй.
Трэнер творчых станаў, які распрацоўвае праграму развіцця індывідуальных творчых навыкаў і сочыць за развіццём ідэі свайго падапечнага.
Цьютар па культуры для канкрэтнага чалавека, сям’і, групы, які можа складаць спісы рэкамендуемай літаратуры, кінапрэм’ер, спектакляў, музейных праграм і г.д. Можа суправаджаць, быць гідам, шукаць праўдзівыя звесткі пра пэўны перыяд, фарміраваць індывідуальныя наборы тэкстаў па культуры, выконваць ролю арт-тэрапеўта.
Digital-каментатар па філасофіі, псіхалогіі, мастацтве і г.д.
Дызайнер штодзённасці.
Спецыяліст па ручной рабоце, рамёствах і хобі.