Каля 8 тысяч чалавек гатовы прыняць на першы курс установы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі Гродзенскай вобласці ў гэтым годзе. З агульнай колькасці больш як 6 тысяч складаюць бюджэтныя месцы і 1700 — на платнай аснове. Аб тым, як будзе праходзіць уступная кампанія, расказвае галоўны спецыяліст аддзела прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Інеса МІЦКЕВІЧ.
— Інеса Антонаўна, пачнём з таго, што ўяўляе сёння сістэма сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай падрыхтоўкі спецыялістаў Гродзенскай вобласці.
— У Гродзенскай вобласці працуюць 18 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе штогод праходзяць навучанне каля 16 тысяч чалавек. Падрыхтоўка вядзецца практычна для ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы па 45 спецыяльнасцях.
Да ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі адносяцца 9 прафтэхкаледжаў, 17 прафесійных ліцэяў і адно прафтэхвучылішча. У іх навучаецца каля 9 тысяч чалавек. Падрыхтоўка вядзецца па 92 прафесіях, большасць з якіх з’яўляецца інтэграванымі.
— Як установы адукацыі рэагуюць на змяненні ў запатрабаваннях рынку працы Гродзеншчыны?
— Згодна з запытамі рынку працы штогод пералік прафесій карэкціруецца. Так, за апошнія гады ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі аткрыта 9 новых спецыяльнасцей (“Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”; “Металарэзныя станкі і інструменты”; “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў”; “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”; “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў” і інш).
Сёлета у Лідскім каледжы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адкрываецца новая спецыяльнасць “Аўтасэрвіс” на аснове агульнай базавай адукацыі. Падрыхтоўка па гэтай спецыяльнасці будзе ажыццяўляцца ў рэгіёне ўпершыню.
У прафесійна-тэхнічных установах у гэтым годзе ўводзяцца 4 новыя прафесіі — “Радыёманцёр”, “Пакаёўка”, “Лабарант”, “Вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі”. У той жа час не будзе весціся набор па 7 спецыяльнасцях, патрэба ў якіх на рынку працы зменшылася, — “Страхар”, “Машыніст катлоў”, “Дэманстратар адзення”, “Ляснік”, “Егер”, “Радыёмеханік”, “Абутнік”.
У Ашмянскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы і Слонімскім прафесійна-тэхнічным каледжы сельскагаспадарчай вытворчасці з гэтага года будзе весціся падрыхтоўка па завочнай форме навучання.
— Якія прафесіі сёння найбольш запатрабаваны на рынку працы Гродзеншчыны?
— Безумоўна, гэта прафесіі будаўнічага, сельскагаспадарчага, медыцынскага профілю. На іх набор павялічаны. Да найбольш запатрабаваных прафесій, якія былі заяўлены прадпрыемствамі і арганізацыямі на 2012—2015 гады, адносяцца “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Муляр”, “Прадавец”, “Вадзіцель аўтамабіля”, “Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання”, “Электрагазазваршчык”, “Аператар машыннага даення”, “Тынкоўшчык”, “Швачка”, “Кантралёр-касір”, “Маляр”, “Бетоншчык”, “Цясляр”, “Аператар жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных фермаў”, “Слесар-рамонтнік”, “Абліцоўшчык-плітачнік”, “Фельчар ветэрынарнай медыцыны”, “Заатэхнік”. Як вынікае з гэтага вялікага пераліку, абітурыентам ёсць з чаго выбіраць, і гэта гарантуе ім далейшае працаўладкаванне. Так, у мінулым годзе годзе 96% выпускнікоў атрымалі накіраванне на працу. Каля 15% паступілі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.
Што да сітуацыі мінулага года, то былі праблемы з наборам па наступных прафесіях: “Абутнік па індывідуальным пашыве і рамонце абутку”; “Муляр”; “Тынкоўшчык”; “Мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм”; “Слесар па прыборах”; “Вязальшчык схемных жгутоў, кабеляў і шнуроў”; “Дарожны рабочы”, “Садоўнік”.
— Наколькі змяніліся лічбы прыёму ў параўнанні з мінулым годам?
— Асновай фарміравання плана прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі з’яўляюцца дагаворы паміж вучэбнымі ўстановамі і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, заяўкі на падрыхтоўку спецыялістаў. Сёлета ўстановамі прафтэхадукацыі заключаны дагаворы з арганізацыямі, а таксама ім прадстаўлены заяўкі на падрыхтоўку 3265 чалавек (88% ад плана), установамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падначаленымі аблвыканкаму, — 1298 чалавек (95% ад плана).
У гэтым годзе плануецца прыняць на дзённую форму навучання ў прафесійна-тэхнічныя ўстановы 3574 чалавекі (летась было 3435), у сярэднія спецыяльныя ўстановы — 4710 чалавек (на 330 менш, чым летась).
Адзначу, што ў мінулым годзе план прыёму ў цэлым па вобласці быў выкананы. Сёлета адбылася нязначная карэкціроўка. Пры фарміраванні кантрольных лічбаў прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на 2014 год скарочаны набор на спецыяльнасці, якія не адпавядаюць профілю падрыхтоўкі, а таксама па тых прафесіях, па якіх назіраецца рэгістрацыя выпускнікоў у службах занятасці насельніцтва.
Павялічыўся набор ў Ашмянскі прафесійны аграрна-тэхнічны каледж, Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогіі і дызайну, Слонімскі прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці.
У сувязі з патрэбамі рэгіёна ў медыцынскіх кадрах і па даручэнні Міністэрства аховы здароўя павялічаны набор у Гродзенскі і Слонімскі медыцынскія каледжы. Усяго плануецца прыняць у гэтыя навучальныя ўстановы 500 чалавек.
— Як арганізавана ў вобласці прафесійная падрыхтоўка асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і інвалідаў?
— Каб забяспячыць даступнасць прафесійнай адукацыі для такіх асоб і іх сацыялізацыю ў грамадстве, арганізавана навучанне на базе 10 прафесійна-тэхнічных устаноў па 8 прафесіях. У Гродзенскім медыцынскім каледжы інваліды па зроку вучацца па спецыяльнасці “Лячэбны масаж”.
— А ці можа атрымаць рабочую прафесію ці прайсці перападрыхтоўку дарослы чалавек?
— Так, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі за кошт бюджэту з абавязковай адпрацоўкай на працягу аднаго года пасля заканчэння вучобы. Таксама на базе гэтых устаноў арганізавана курсавая падрыхтоўка і перападрыхтоўка па дагаворах з упраўленнямі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
У Гродзенскім прафесійным тэхналагічным каледжы на завочнай форме арганізавана навучанне па прафесіях “Прадавец” і “Ляснік”, у Малабераставіцкім прафесійным ліцэі — “Кухар”, Навагрудскім сельскагаспадарчым ліцэі — “Муляр” (усяго 90 месцаў). Вячэрняя форма падрыхтоўкі арганізавана ў Гродзенскім каледжы камунальнай гаспадаркі па прафесіі “Рабочы зялёнага будаўніцтва”.
Завочная форма навучання арганізавана таксама ў 11 установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
— Акрамя атрымання прафесіі, што яшчэ, на ваш погляд, з’яўляецца прывабным для моладзі?
— Большасць прафесій ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі з’яўляюцца інтэграванымі. Дзякуючы гэтаму 75% навучэнцаў атрымліваюць дзве і больш прафесій. Дадаткова на ўмовах аплаты можна атрымаць яшчэ адну спецыяльнасць, што дае добрыя перспектывы для працаўладкавання і выбару свайго прафесійнага шляху.
Навучэнцы маюць матэрыяльную падтрымку праз стыпендыі, могуць зарабіць грошы падчас практыкі, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем і інтэрнатам. Дарэчы, забяспечанасць інтэрнатамі навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па Гродзенскай вобласці складае 84%. У прафесійна-тэхнічных установах усім іншагароднім навучэнцам прадстаўляецца інтэрнат. Памер платы складае ва ўстановах прафтэхадукацыі 0,16 базавай велічыні, ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 0,28 базавай велічыні.
Паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база для навучання, спорту, развіцця творчых здольнасцей моладзі. На базе Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну створаны рэсурсны цэнтр па швейнай вытворчасці. Вядуцца работы па стварэнні на Гродзеншчыне яшчэ трох рэсурсных цэнтраў. На іх аснашчэнне сучасным абсталяваннем выдзелена 20 мільярдаў рублёў. На базе цэнтраў будуць правадзіцца стажыроўкі майстроў вытворчага навучання, а таксама праходзіць практычныя заняткі з навучэнцамі.
— Гродзенская вобласць першай ў сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачала развіваць экспарт адукацыйных паслуг. Як ідуць справы зараз?
— У 2013/2014 навучальным годзе 65 замежных грамадзян праходзілі навучанне ў 11 установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі і 45 чалавек — у 4 установах прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Таксама праводзяцца курсы рускай мовы для замежных грамадзян.
— Інеса Антонаўна, на што трэба звярнуць увагу абітурыентам 2014 года?
— Хачу пажадаць усім правільна выбраць для сябе справу жыцця і нагадаць, што прыём дакументаў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, які пачаўся 15 чэрвеня, пры неабходнасці можа быць працягнуты да 15 верасня.
Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.