Нязменны адрас і курс

Вуліца Акадэмічная, 10. Гэта адрас альма-­матар больш як дзесяці тысяч выпускнікоў біятэхналагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Ужо больш за 70 гадоў у гэтым старажытным будынку ў цэнтры горада рыхтуюць зоаінжынераў.

Выпускнікі, гісторыя

Першы выпуск вучоных-заатэхнікаў адбыўся ў 1955 годзе. Сярод выпускнікоў факультэта — Героі Сацыялістычнай Працы Уладзімір Баум і Аляксандр Жамойцін, міністры сельскай гаспадаркі краіны Фёдар Мірачыцкі і Іван Крупко, былы старшыня канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Іван Данчанка, старшыня СВК “Прагрэс-Верцялішкі” Гродзенскага раёна, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Герой Беларусі Васіль Рэвяка, старшыня СВК “Астрамечава” Брэсцкага раёна член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксей Скакун.

З 1995 года рэктарам ГДАУ з’яўляецца Вітольд Песціс, таксама выпускнік зоаінжынернага факультэта. Сёння Вітольд Казіміравіч — акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прафесар. Адзіны ў краіне рэктар-акадэмік. В.К.Песціс па-ранейшаму выкладае на родным факультэце.

90 працэнтаў выкладчыкаў біятэхналагічнага факультэта — яго выпускнікі. Дэкан, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт Наталля Мініна таксама скончыла гэты факультэт. На пытанне аб тым, як вучаніца школы № 1 Смаргоні, залатая медалістка выбрала сельскагаспадарчую прафесію, з усмешкай адказвае, что выбар быў зроблены асэнсавана. Яшчэ ў школе Наталля Генрыхаўна выбрала для навучання ў вучэбна-вытворчым камбінаце прафесію жывёлавода. А потым адбылася лёсавызначальная сустрэча. Адказным сакратаром прыёмнай камісіі ў аграрным універсітэце ў той год быў Вітольд Казіміравіч Песціс. Яго размова з абітурыенткай, яе бацькамі пацвердзіла, што прафесійны шлях выбраны правільна.

І яшчэ адна лічба — 87 працэнтаў выкладчыкаў біятэхналагічнага факультэта маюць вучоную ступень. Сярод іх — акадэмік, пяць дактароў навук, 22 кандыдаты навук. Большасць выкананых навуковых даследаванняў укараняецца ў сельскагаспадарчую вытворчасць, у вучэбны працэс. На факультэце штогод праводзяцца навуковыя канферэнцыі і семінары, у якіх прымаюць удзел беларускія вучоныя, прадстаўнікі Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы.

Студэнты, сучаснасць

У гардэробе кожнага студэнта біятэхналагічнага факультэта ёсць белы халат, бо значная частка вучэбнага працэсу праходзіць не толькі ў аўдыторыях, але і ў навуковых лабараторыях, на вытворчасці. А белы халат у лабараторыі “ДНК-тэхналогій”, галіновай біятэхналагічнай лабараторыі па рэпрадукцыі сельскагаспадарчых жывёл, навукова-даследчай лабараторыі, на жывёлагадоўчых фермах перадавых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў абавязковы.

На біятэхналагічным факультэце працуюць кафедры генетыкі і развядзення сельскагаспадарчых жывёл, кармлення сельскагаспадарчых жывёл, асобнай заатэхніі. Навучанне вядзецца на вочнай і завочнай форме. Выпускнікі І і ІІ ступеней вышэйшай адукацыі атрымліваюць спецыяльнасць “Заатэхнія” з кваліфікацыяй “зоаінжынер”.

Лепшыя студэнты старшых курсаў і выпускнікі біятэхналагічнага факультэта маюць магчымасць атрымаць другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах АПК” і “Фінансы і крэдыт”, а таксама прайсці перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Кіраванне арганізацыямі і падраздзяленнямі аграпрамысловага комплексу” з прысваеннем кваліфікацыі “спецыяліст па кіраванні”.

— Сёння паспяховая работа ў жывёлагадоўлі звязана з біятэхналогіямі, — гаворыць Наталля Генрыхаўна Мініна. — Гэта практычная неабходнасць. І ў свой час адбылося не проста перайменаванне факультэта, былі патрэбны адпаведныя карэктывы ў вучэбных планах. Нашы студэнты пачалі вывучаць такія прадметы, як “Асновы генетычнай інжынерыі і біятэхналогіі”, “Кіраванне ўзнаўленнем”.

Студэнты актыўна ўдзельнічаюць у навукова-даследчай рабоце разам з выкладчыкамі і супрацоўнікамі, напрамкамі якой з’яўляюцца ўдасканаленне племянной работы ў жывёлагадоўлі, стварэнне селекцыйных статкаў, павелічэнне мнагаплоддзя і тэрмінаў прадукцыйнага выкарыстання малочнага статка, павышэнне паўнавартаснага кармлення сельскагаспадарчых жывёл і птушак, выкарыстанне біялагічна актыўных рэчываў у рацыёне жывёл і іншыя.

Вытворчыя практыкі студэнты факультэта праходзяць на перадавых прадпрыемствах Гродзенскага рэгіёна. Каля 30 працэнтаў студэнтаў штогод праходзяць вытворчую практыку ў Англіі, ЗША, Германіі, Польшчы, Швейцарыі. Факультэт актыўна супрацоўнічае з навукова-даследчымі інстытутамі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Беларусі, а таксама Маскоўскім і Кіеўскім аграрнымі ўніверсітэтамі, Львоўскай і Літоўскай сельскагаспадарчымі акадэміямі, Варшаўскім і Лейпцыгскім аграрнымі ўніверсітэтамі, Універсітэтам прыродазнаўчых навук Цюрыха. Гэтае супрацоўніцтва дазваляе не толькі гродзенскім студэнтам знаёміцца з сусветным вопытам, а і замежным студэнтам праходзіць вытворчую практыку ў лепшых гаспадарках Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.

У 2019 годзе адкрыта сумесная падрыхтоўка студэнтаў з Самаркандскім інстытутам ветэрынарнай медыцыны Рэспублікі Узбекістан. Падрыхтоўка вядзецца па вучэбных планах Рэспублікі Беларусь: студэнты два гады вучацца ва Узбекістане і два гады ў Беларусі. Вось і зараз на біятэхналагічным факультэце праходзяць навучанне 9 студэнтаў з Узбекістана. Выпускнікі сумеснага факультэта маюць магчымасць атрымаць дыпломы аб вышэйшай адукацыі дзвюх дзяржаў.

Актыўны студэнт — гэта ў перспектыве такі ж актыўны спецыяліст на вытворчасці, лічаць на факультэце і ствараюць усе ўмовы для шматбаковай рэалізацыі маладых людзей. Напрыклад, трэцякурснік Арцём Плотнікаў. Акрамя добрай вучобы, хлопец праяўляе актыўнасць яшчэ з першага курса — тады ён стаў адным з пераможцаў конкурсу “Шоу першакурснікаў”. Потым узначаліў прафсаюзны камітэт і атрымаў стыпендыю Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК, быў у складзе будатрада “Парачанка”, які на працягу двух гадоў прызнаваўся лепшым сельскагаспадарчым атрадам Беларусі, у канцы мінулага года прыняў удзел у Рэспубліканскім навагоднім балі ў Мінску.

Калі ты актыўны ў творчасці, то можаш стаць удзельнікам творчых калектываў — харавога і танцавальнага “Цярэшкі”, тэатральнай студыі “Байка”, студыі эстраднага танца “Новая хваля”.

На факультэце вучыцца і пераможца ўніверсітэцкага конкурсу “Каралева вясна — 2021” — студэнтка біятэхналагічнага факультэта Ірына Бахарэвіч. А нядаўні выпускнік Руслан Стэфановіч быў абсалютным чэмпіёнам свету па гіравым спорце і занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса.

— У нас заўсёды ёсць чым ганарыцца, — гаворыць Наталля Генрыхаўна. — Сваімі студэнтамі, выкладчыкамі, іх дасягненнямі. Нездарма біятэхналагічны факультэт у рэйтынгу факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта заўсёды на лідзіруючых пазіцыях.

Універсітет пачынаў дзейнасць з двух факультэтаў — аграрнага і зоатэхнічнага. Дзве старэйшыя структуры і сёння, сярод 9 факультэтаў, з’яўляюцца найважнейшымі ў падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскагаспадарчага комплексу краіны.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.