Пачаўся прыём дакументаў у ВНУ другога патоку

У ВНУ другога патоку, як дзяржаўных, так і прыватных, пачаўся прыём дакументаў на ўсе формы атрымання адукацыі (акрамя завочнай і вячэрняй форм навучання ва ўстановах сельскагаспадарчага профілю). Дакументы на дзённую бюджэтную форму можна падаць да 25 ліпеня ўключна (на ваенныя факультэты — да 23 ліпеня), на завочную і вячэрнюю формы атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту — да 2 жніўня, на ўсе формы навучання на ўмовах аплаты — да 4 жніўня.

Cёлета прыём будуць ажыццяўляць 45 дзяржаўных і 9 прыватных устаноў вышэйшай адукацыі, якія плануюць прыняць на вучобу больш як 90 тысяч чалавек. На навучанне за кошт сродкаў бюджэту будзе прынята 32,2 тысячы чалавек (24,4 тысячы — на дзённую форму і 7,8 тысячы — на завочную).

У гэтым годзе ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні прынялі 137 673 абітурыенты. Ніводнага бала не атрымалі 856 чалавек (пераважна па матэматыцы). Таксама зарэгістравана каля 20 тысяч вынікаў, якія не перавысілі вызначаны парог у 7 балаў, а гэта значыць, што з такімі сертыфікатамі немагчыма паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Такім чынам, дрэнна падрыхтаваныя абітурыенты сёлета не змогуць прэтэндаваць нават на платнае навучанне.

Адначасова ўдвая ў параўнанні з мінулым годам вырасла колькасць стабальных вынікаў: 123 супраць леташніх 65-ці. Дарэчы, эксперты прагназу­юць, што сёлета прахадныя балы могуць быць вышэйшымі, чым у мінулым годзе.

Сёлета ў прыёме паявілася некалькі новаўвядзенняў. У прыватнасці, цяпер дакументы ў прыёмную камісію могуць падаваць не толькі асабіста абітурыенты, але і іх законныя прадстаўнікі. Для гэтага ў іх павінен быць дакумент, які пацвярджае статус законнага прадстаўніка, і ў выпадку адсутнасці арыгінала пашпарта абітурыента — натарыяльна завераныя ксеракопіі старонак пашпарта.

Таксама абітурыентам шэрагу ВНУ будзе прапанавана прыняць удзел у эксперыменце па віртуальным залічэнні. У эксперыменце ўдзельнічаюць БНТУ, БДУІР, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Абітурыентам, якія падаюць дакументы ў гэтыя ВНУ на дзённую бю­джэтную форму навучання на шэраг эканамічных і тэхніка-тэхналагічных спецыяльнасцей, будзе прапанавана прайсці анкетаванне і паказаць 5 варыянтаў паступлення па прыярытэтнасці. Пазней вынікі анкетавання бу­дуць перада­дзены ў БДУІР для далейшай апра­цоўкі і аналізу вынікаў віртуальнага залічэння. Рэальнае ж залічэнне будзе праводзіцца ў звычайным рэжыме.

Галіна СІДАРОВІЧ.
[email protected]
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.