Пракласці шлях робату, а таксама вызначыць траекторыю ўласнага развіцця маглі ўдзельнікі прафарыентацыйнай канферэнцыі ProIT, якая адбылася ў Гродзенскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Янкі Купалы. Яе ўдзельнікамі маглі стаць студэнты і старшакласнікі. Але цікавасць да ІТ-індустрыі ў нашай краіне настолькі вялікая, а праграма мерапрыемства аказалася такой насычанай, што ўзроставая катэгорыя была значна паменшана. Самаму малодшаму з больш чым 200 удзельнікаў было ўсяго 8 гадоў.
Электронную рэгістрацыю прыйшлося завяршыць у 17 гадзін напярэдадні, а ў дзень работы канферэнцыі першыя ўдзельнікі з’явіліся за дзве гадзіны да яе пачатку. Іх сустракалі студэнты фізіка-тэхнічнага факультэта ў святлодынамічных святлодыёдных касцюмах і накіроўвалі да стала рэгістрацыі і ў канферэнц-залу.
“Не чакай, пачынай зараз!” — гэтыя словы маглі стаць эпіграфам да кожнага выступлення, інтэрактыўнай прэзентацыі ці майстар-класа, а іх было 14. Перспектывы, якія адкрывае ІТ-індустрыя, бязмежныя, але яны патрабуюць ад маладых людзей многіх уменняў і кампетэнцый. Цікава і павучальна было пачуць аб гэтым ад тых людзей, якія зрабілі камп’ютарныя тэхналогіі прафесіяй і справай жыцця і дасягнулі ў гэтым поспехаў.
Адкрываючы канферэнцыю, дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Андрэй Герман сказаў: “ІТ-індустрыя — найбольш дынамічны кірунак, ад якога сёння залежыць развіццё ўсёй эканомікі. Якасны спецыяліст у галіне інфармацыйных тэхналогій стаіць на вяршыні лесвіцы прафесій сучаснага грамадства. Гэта і інжынер-праграміст, які стварае праграмнае забеспячэнне для вылічальных устройстваў, і спецыяліст, які працуе з гатовымі інфармацыйнымі прадуктамі. А інжынеры-электронікі ствараюць тэхналагічную аснову, на якой будзе працаваць усё гэта. Іх распрацоўкі базіруюцца на найноўшых дасягненнях у галіне фізікі”.
Менавіта таму фізіка-тэхнічны факультэт стаў адным з арганізатараў канферэнцыі. Арганізатарамі выступілі таксама ТАА “Айціландыя” і Цэнтр адаптацыі студэнтаў і моладзі да рынку працы. На канферэнцыі ішла размова аб ІТ-сферы і аб тым, якія спецыялісты там сёння патрэбны. Прадстаўнікі навукова-вытворчага цэнтра “Тэхналаб” ГрДУ, кампаній EPAM Systems і іншых расказалі аб тым, як яны працуюць, як будзе выглядаць галіна заўтра. Цікавай была інфармацыя аб нетэхнічных спецыяльнасцях галіны — менеджарах, кіраўніках праектаў і аб асаблівасцях іх работы. Студэнты і школьнікі праслухалі выступленні “ІТ сёння і заўтра”, “Важныя гады”. З залы паступала шмат пытанняў, і аўтары самых цікавых атрымлівалі падарункі — кнігі навукова-папулярнай тэматыкі.
Хутка адбудзецца афіцыйнае адкрыццё ў Гродне філіяла Парка высокіх тэхналогій. Аб структуры філіяла, у складзе якога будуць два бізнес-інкубатары, адукацыйны цэнтр з курсамі для дзяцей, расказаў яго дырэктар Юрый Вайтукевіч.
Вучань 9 класа сярэдняй школы № 36 Гродна Уладзіслаў Стромскі цікавіцца матэматыкай і фізікай, быў удзельнікам і лаўрэатам конкурсу даследчых работ “Крыштальная альфа”, а на канферэнцыю прыйшоў за новым вопытам, бо сваю будучую прафесію намераны звязаць з ІТ-індустрыяй. Першы майстар-клас, у якім ён удзельнічаў, быў прысвечаны стварэнню эфектыўных прэзентацый дызайн-слайдаў, які правёў заснавальнік Presenter.by Андрэй Аўдзееў. Майстар-клас па робататэхніцы правялі інжынер-праграміст Андрэй Воўчык і старшы спецыяліст па аўтаматызаваным тэсціраванні праграмнага забеспячэння EPAM Кірыл Сакалоўскі.Аб тым, як веданне “жалеза” дапамагае праграмістам, і аб перавагах вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці “Інфармацыйна-вымяральная тэхніка” гаварыў з удзельнікамі канферэнцыі загадчык кафедры інфармацыйных сістэм і тэхналогій фізіка-тэхнічнага факультэта ГрДУ Юрый Бейцюк. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў вучэбным і навуковым эксперыменце прадставіў школьнікам дырэктар цэнтра “Тэхналаб” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Васілевіч. У прыватнасці, вялікі інтарэс выклікаў майстар-клас “Тэхналогія 3D-друку”, які правёў Аляксандр Яўгенавіч. Зацікаўленыя школьнікі атрымалі запрашэнне стаць членамі гуртка “Практычная электроніка”, які працуе на фізіка-тэхнічным факультэце.
Малодшыя школьнікі маглі прайсці прафарыентацыйнае тэсціраванне, для іх быў арганізаваны майстар-клас па праграмаванні ў асяроддзі Scratch.
Яшчэ адным яркім момантам канферэнцыі стала магчымасць сустрэцца з удзельнікамі міжнароднага хакатону Garage48, які праводзіўся ў Гродзенскім універсітэце. Гродна быў абраны месцам правядзення хакатону невыпадкова — менавіта ў ГрДУ вучыліся распрацоўшчыкі MSQRD Яўген Неўгень і Сяргей Ганчар, якія віталі ўдзельнікаў канфэрэнцыі ў відэазвароце. Для кагосьці з сённяшніх студэнтаў і школьнікаў іх прыклад стане вызначальным. А пачынаць шлях яны могуць ужо зараз.
Прафарыентацыйныя мерапрыемствы ProIT адбыліся раней у Мінску і Гомелі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.