Паспрабаваць, як гэта працуе

Да 15 ліпеня, першага дня прыёму дакументаў, яшчэ ёсць час, але знаёмства з абітурыентамі ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы пачынаецца задоўга да гэтага адказнага часу. Убачыць будучых навучэнцаў, а адзінаццацікласнікам даць магчымасць “паспрабаваць” будучую прафесію, паказаць адказнасць і прэстыжнасць працы медыцынскага работніка, прадставіць, як жыве каледж, дапамагаюць дні адкрытых дзвярэй.

Раней каледж прэзентаваў сябе ў Шчучыне і Лідзе, а нядаўна тут пабывалі школьнікі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гродна. На сустрэчу запрасілі галоўных урачоў і галоўных медсясцёр бальніц, каб яны расказалі аб сваёй працы. Дарэчы, сёння падобнае знаёмства адбываецца ў Мастах і Ваўкавыску.
За гады існавання Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж падрыхтаваў больш за 10 тысяч медработнікаў — медыцынскіх сясцёр, фельчараў-акушэраў, тэхнікаў-масажыстаў, фельчараў-лабарантаў.
— Менавіта ад іх прафесіяналізму і добрасумленнасці залежыць эфектыўнасць прапісаных доктарам працэдур, стэрыльнасць медыцынскіх прыбораў, стан пасляаперацыйных хворых і іх эмацыянальны настрой, — гаворыць дырэктар каледжа Валерый Пашук. — Таму мы вельмі адказна ставімся да падрыхтоўкі нашых навучэнцаў, разумеем іх вялікую ролю ў захаванні здароўя і жыцця людзей.
Дэвізам каледжа могуць быць словы “Per scientiam ad salutem hominis”, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае “Праз веды — да здароўя чалавека”. У каледжы працуюць 44 лабараторыі і 8 спецыялізаваных кабінетаў, дзе будучыя медыкі засвойваюць практычныя навыкі. Заняткі праводзяцца і на базах лячэбна-прафілактычных арганізацый горада.
Практыка-арыентаваная падрыхтоўка паслужыла падставай для змянення тэрмінаў навучання па дзвюх прафесіях — “медыцынская сястра” і “фельчар-лабарант”. З новага навучальнага года тэрмін атрымання адукацыі па іх скарочаны на ад зін год і будзе складаць 1 год і 10 месяцаў.
— Такім змяненням папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа, змяненне планаў, — расказвае Валерый Тадэвушавіч. — Абмяркоўвалі новаўвядзенне ў сваім калектыве, разам з кіраўніцтвам упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. Начальнік упраўленння Андрэй Стрыжак падтрымаў нашы прапановы аб пашырэнні спецыяльнай кампаненты ў вучэбным працэсе ўжо з першых дзён навучання, каб з першага семестра навучэнцы праходзілі спецдысцыпліны.
У першым семестры іх будзе чатыры — “Сястрынская справа і маніпуляцыйная тэхніка”, “Сястрынская справа” — у тэрапіі, хірургіі і педыятрыі. І ўжо з другога семестра пачнецца вывучэнне тых практыка-арыентаваных дысцыплін, з якімі раней знаёміліся на другім курсе.
Унікальнасць медкаледжу надае спецыяльнасць “Лячэбны масаж”, дзе вучацца інваліды па зроку. Такую падрыхтоўку пачалі ў Гродне ў 1993 годзе, і да гэтага часу Гродзенскі медыцынскі каледж — адзіная ў краіне ўстанова адукацыі, дзе дапамагаюць атрымаць прафесію і сацыялізацыю маладым людзям з усёй Беларусі. І не толькі выпускнікам школ, здараюцца выпадкі, калі вучыцца пачынаюць зусім дарослыя людзі, якія страцілі зрок. Каледж дае ім шанс атрымаць новую прафесію.
Штогод на гэтую спецыяльнасць набіраюць 25 чалавек. У навучанні прымяняюцца адаптаваныя методыкі. Выкладчыкі каледжа ў свой час вучыліся ў калег з Расіі, Польшчы і Францыі. А сёння ўжо самі вучаць іншых — на базе каледжа не раз праводзіліся навукова-практычныя канферэнцыі.
У новым навучальным годзе медыцынскую справу ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы пачнуць вывучаць 235 навучэнцаў. А сёння яны яшчэ толькі выбіраюць свой прафесійны шлях. І, можа, такое знаёмства, як у гэтых школьнікаў, стане вырашальным.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Аляксандра САЕНКІ.