Цэнтралізаванае тэсціраванне даўно і трывала ўвайшло ў наша жыццё, яго прынялі і ВНУ, і школа, і грамадства. Але кожны год падрастаюць новыя абітурыенты — старшакласнікі, для якіх ЦТ — гэта яшчэ нязведаны вопыт, а таму многія хвалююцца, перажываюць. Натуральна, яны прыслухоўваюцца да чужых меркаванняў, а гэта могуць быць і аб’ектыўныя ацэнкі, і міфы. Прычым, аб’ектыўныя ацэнкі звычайна спакойныя, узважаныя, а міфы — перагружаны эмоцыямі, а таму і распаўсюджваюцца хутчэй. Сёння мы друкуем ліст, у якім настаўніцы 15-й сталічнай гімназіі паспрабавалі развянчаць найбольш трывалыя міфы пра ЦТ. Мяркуем, што гэты матэрыял надасць юным абітурыентам спакою і большай упэўненасці ў сабе.
Міф першы
Паміж школьнай праграмай па рускай мове і матэрыяламі, прадстаўленымі ў тэстах, – цэлая бездань
Думку аб тым, што матэрыялы ЦТ па рускай мове арыентаваны не на школьную праграму, нярэдка выказваюць тыя абітурыенты, хто скончыў школу шмат гадоў назад і забыўся, чаму там вучылі. Чыста ў рэкламных мэтах навучыць таму, што быццам бы выходзіць за рамкі школьнай праграмы, але абавязкова сустрэнецца ў тэстах, прапаноўваюць і некаторыя рэпетытары, выкладчыкі падрыхтоўчых курсаў.
На самай справе паміж школьнай праграмай і ЦТ ніякай бездані не існуе. На пытанне, ці складаны быў тэст, большасць учарашніх адзінаццацікласнікаў адразу пасля здачы ЦТ адказвае: “Не, нескладаны, і заданні па сваіх фармулёўках былі знаёмыя, аналагічныя тэстам, якія выконваліся на ўроках у школе, і часу (120 хвілін) было дастаткова”.
З іншага боку, вынік, атрыманы абітурыентамі на ЦТ, часта не адпавядае іх чаканням (звычайна ніжэйшы). Аналіз дапушчаных памылак паказвае, што з вучэбнай праграмай па прадмеце абітурыент знаёмы, аднак сам праграмны матэрыял засвоены ім недастаткова добра. А памылкі (нават адзінкавыя) цягнуць за сабой значную страту балаў. Да таго ж ёсць і памылкі, дапушчаныя па няўважлівасці (няўважліва прачытаная ўмова), а таксама тэхнічныя памылкі (заданне выканана правільна, аднак пры запаўненні самога бланка адказаў дапушчаны недакладнасці).
Што ж тычыцца бездані паміж школьнай праграмай і ЦТ, якая абмяркоўваецца, то адказ на гэтае пытанне дае сам РІКВ у серыі дапаможнікаў “Рыхтуемся да цэнтралізаванага тэсціравання”, дзе ў табліцы адказаў дадзены спасылкі на канкрэтны вучэбны матэрыял (клас, школьны падручнік, параграф і старонкі падручніка). Дарэчы, гэтая інфармацыя служыць выдатным арыенцірам пры арганізацыі паўтарэння вучэбнага матэрыялу на ўроках. Калі параўнаць тэсты ЦТ са школьнай праграмай па рускай мове і праграмай уступных іспытаў, то становіцца відавочным, што тэставыя заданні ім цалкам адпавядаюць.
Міф другі
Адна школа не ў стане падрыхтаваць адзінаццацікласнікаў да якаснай здачы ЦТ
Безумоўна, аднаго ўрока рускай мовы (менавіта столькі — 1 гадзіна ў тыдзень — у 11 класе) недастаткова для падрыхтоўкі да ЦТ. Дык і мэта ж школьнага настаўніка рускай мовы крыху іншая — падрыхтаваць вучня да здачы выпускнога экзамену за курс сярэдняй школы, а ён, як вядома, праходзіць у форме пераказу. Любы спецыяліст адзначыць, што методыка, формы і метады падрыхтоўкі да пераказу будуць адрознівацца ад падрыхтоўкі да экзамену ў форме тэста. Аднак калі школьны настаўнік граматна арганізуе сістэмную работу факультатыву, падтрымліваючых, стымулюючых заняткаў, арыентаваных на рэалізацыю адукацыйных запытаў вучняў, то якасна падрыхтаваць старшакласнікаў да ЦТ у школе цалкам магчыма пры ўмове сфарміраванай вучэбнай матывацыі саміх навучэнцаў.
Міф трэці
Неабавязкова для здачы ЦТ глыбока ведаць вучэбны матэрыял, дастаткова набіць руку на тэставых заданнях
Аналіз тэставых заданняў гаворыць аб прадуманым падыходзе да складання саміх тэстаў. Закладзены ў тэстах моўны матэрыял, фармулёўкі заданняў арыентаваны на праверку ведаў абітурыентаў па ўсім курсе рускай мовы, а разнастай насць форм тэставых заданняў дазваляе пазбегнуць прымітыўнага вымуштроўвання. Усё гэта гаворыць аб тым, што школьнікаў варта рыхтаваць не да запаўнення клетачак у бланку адказаў, а да сістэмнага засваення праграмнага матэрыялу.
Міф чацвёрты
Тэставыя заданні становяцца больш складанымі з году ў год
Дастаткова правесці параўнальны аналіз тэстаў за некалькі гадоў, каб пераканацца ў тым, што гэта не так. Раздзелы, па якіх правяраюцца веды абітурыентаў, застаюцца тымі ж. Прыблізна той жа застаецца колькасць заданняў па праверцы ведаў у тым ці іншым раздзеле вучэбнага прадмета: 1 заданне па фанетыцы, 12 заданняў па арфаграфіі, 8 заданняў па пунктуацыі і г.д.
Варта адзначыць, што сучасныя тэставыя заданні па арфаграфіі пабудаваны на прыцягненні лексікі розных стыляў, у тым ліку і лексікі, якая актыўна ўжываецца ў зносінах. І ў гэтым прасочваецца камунікатыўная накіраванасць тэстаў. Заданні па арфаграфіі ў апошнія гады сталі прасцейшымі, што цалкам апраўдана, таму што яны правяраюць базавыя веды і навыкі.
Пачынаючы з 2003 года (9 гадоў ЦТ), у апублікаваных РІКВ зборніках прадстаўлены найбагацейшы матэрыял для падрыхтоўкі да ЦТ. Напрыклад, на правіла правапісу Ь і Ъ у словах у зборніках РІКВ прапанавана амаль 1000 слоў. І, дарэчы, перыядычна гэтыя словы паўтараюцца ў тэставых заданнях. Так што сённяшнія абітурыенты пры падрыхтоўцы да ЦТ маюць патэнцыяльную магчымасць убачыць моўны матэрыял да самога экзамену. Іншая справа, што не ўсе карыстаюцца гэтай магчымасцю.
Што тычыцца заданняў па пунктуацыі, то тут варта адзначыць традыцыйнае захаванне ў тэстах заданняў рознага ўзроўню складанасці, што дапускае іх выкананне абітурыентамі з розным узроўнем падрыхтаванасці. І гэта справядліва: чым вышэйшы ўзровень ведаў, тым больш магчымасцей прадэманстраваць яго на экзамене.
Міф пяты
ЦТ B свайго роду латарэя. Можна ведаць усё і не справіцца з заданнямі, а можна, не ведаючы нічога, атрымаць высокія балы
У асноўным выпускнікі школы пацвярджаюць адзнакі атэстата. Аднак даволі частыя выпадкі, калі балы, атрыманыя на ЦТ, ніжэйшыя за тыя, што ў атэстаце. І адзнакі, выстаўленыя школьным настаўнікам, і балы, атрыманыя на ЦТ, аб’ектыўныя.
Тут варта паўтарыцца і сказаць, што экзамены, якія здавалі выпускнікі школы (пераказ) і абітурыенты ВНУ (тэсты), розныя, бо тэсты ацэньваюць веды за ўвесь школьны курс. Да таго ж не варта забываць, што на экзамене прысутнічае хваляванне, якое, безумоўна, адбіваецца на выніках. Сітуацыя “не ведаў нічога – атрымаў высокія балы” падобная да сітуацый у “Спортлато”: пашанцавала! Але практыка паказвае, што вынік слаба падрыхтаванага да ЦТ абітурыента практычна не бывае вышэйшым за 30 балаў.
Міф шосты
Форма экзамену ў выглядзе тэста не заўсёды апраўдвае мэты конкурсу
З усіх форм здачы ўступнага экзамену, якія існавалі раней і існуюць цяпер, тэст, на наш погляд, — найбольш аптымальная форма (і сучасныя школьнікі гэта ўжо добра разумеюць); ён і толькі ён забяспечвае ўдзел у конкурсе практычна кожнаму да моманту канчатковага падліку прахадных балаў. Успомніце нядаўнія часы, калі пасля першага ўступнага экзамену па рускай мове ў форме дыктанта ці сачынення адсейвалася да 30 працэнтаў матэматыкаў, якія атрымалі па выніках першага экзамену “2” і тым самым страцілі магчымасць прадэманстраваць высокі ўзровень ведаў па профільным прадмеце.
Так, сёння на матфак праходзіць абітурыент, які набраў па матэматыцы 60 балаў і 90 па рускай мове, пакідаючы за бортам таго, хто прадставіў сертыфікаты з баламі па матэматыцы — 90 і рускай мове — 50. Тут, вядома, мы маем права чакаць нейкіх змен у сістэме падліку канчатковых балаў. Аднак адмаўляцца ад такой формы, як тэсціраванне па рускай мове, не варта.
***
Сёння РІКВ выконвае не толькі функцыю кантролю ведаў на этапе паступлення ў ВНУ, але ўжо з’яўляецца каардынатарам дзеянняў у паспяховай падрыхтоўцы да ЦТ. Школьныя настаўнікі станоўча ацэньваюць публікацыі аналітычных матэрыялаў РІКВ у “Настаўніцкай газеце”, дапаможнікі РІКВ (а за 9 гадоў іх выдадзена больш як 17), асабліва дапаможнікі, якія ўключаюць і аналіз памылак, і каментарыі да адказаў, і статыстычныя даныя, і методыкі разліку тэставага бала, псіхолага-педагагічныя рэкамендацыі, і, вядома ж, самі тэсты — выдатны матэрыял пры падрыхтоўцы да ЦТ. Высока ацэньваюць тэсты і абітурыенты, і, што вельмі важна, сённяшнія студэнты: форма экзамену арыентавана на глыбокія веды рускай мовы як сістэмы, а глыбокія веды застаюцца надоўга, дазваляюць дэманстраваць высокі ўзровень моўнай культуры ў любой маўленчай сітуацыі. Цікавы і той факт, што карыстальнікамі матэрыялаў ЦТ сёння становяцца і тыя, хто імкнецца трымаць сябе ў добрай моўнай форме — бацькі школьнікаў, студэнты, настаўнікі-нефілолагі.
Ірына ГАЛАЎНЁВА, Таццяна ЗАЙЧАНКА, настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 15 Мінска.