Прыемныя сюрпрызы для абітурыентаў

Цікавыя спецыяльнасці, бясплатныя месцы для лепшых студэнтаў, падрыхтоўка і паспяховая здача тэста ECL па англійскай мове, прадметныя алімпіяды з саліднымі прызамі, заняткі ў школах карпаратыўнага юрыста і лагіста-менеджара — усё гэта прапаноўвае сёлетнім і будучым абітурыентам Віцебскі філіял Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”, адзінай у краіне ўстановы вышэйшай адукацыі, заснавальнікам якой з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

— Згодна з ліцэнзіяй, мы праводзім набор абітурыентаў на 3 спецыяльнасці, — расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” Ірына Грабеншчыкова. — Гэта “Правазнаўства” (у далейшым студэнты могуць выбраць адну з трох спецыялізацый — “Гаспадарчае права”, “Адвакатура і натарыят” або “Прававое рэгуляванне працоўных адносін”), а таксама “Лагістыка” і “Менеджмент” (таксама з трыма спецыялізацыямі — “Вытворчы менеджмент”, “Фінансавы менеджмент” і “Кіраванне персаналам”).
Тэрміны навучання адзіныя па ўсіх спецыяльнасцях: для дзённай формы навучання — 4 гады, завочнай — 5 і завочнай скарочанай — 3 гады. Абітурыенты, якія паступаюць на спецыяльнасць “Правазнаўства” на дзённую і завочную форму навучання, павінны будуць прадаставіць у прыёмную камісію сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання 2015 года па рускай або беларускай мове, грамадазнаўстве і — з гэтага года! — па замежнай мове. Тыя, хто будзе паступаць на завочную скарочаную форму навучання па той жа спецыяльнасці, прадастаўляюць сертыфікат ЦТ па рускай або беларускай мове і непасрэдна ў філіяле здаюць вусны экзамен па двух профільнных прадметах — працоўным праве і грамадзянскім праве.
Што да другой групы спецыяльнасцей, то набор будзе праходзіць па агульным конкурсе: абітурыент, які не набірае патрэбную колькасць балаў па адной са спецыяльнасцей, можа ўдзельнічаць у конкурсе па іншай спецыяльнасці. На дзённую і завочную форму навучання неабходна будзе здаць сертыфікаты ЦТ па рускай або беларускай мове, матэматыцы і замежнай мове. Пры паступленні на скарочаную завочную форму навучання таксама трэба будзе прадаставіць у прыёмную камісію сертыфікат ЦТ па рускай або беларускай мове і здаць у філіяле вусны экзамен па асновах эканамічнай тэорыі і эканоміцы кіравання.
Як і ў мінулым годзе, сёлета ў Віцебскім філіяле падчас прыёмнай кампаніі будзе арганізавана анлайн-рэгістрацыя, што значна аблягчае працэдуру і эканоміць час. Першы крок — запоўніць неабходныя палі ў электроннай форме і зарэгістравацца (абітурыент можа зрабіць дома праз інтэрнэт, а затым у зручны для сябе час прыйсці ў прыёмную камісію з усімі неабходнымі дакументамі).
Як паведаміў дырэктар Віцебскага філіяла Аляксандр Дзядзінкін, у 2016 годзе філіял збіраецца прапанаваць абітурыентам новыя спецыяльнасці — “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” і “Фінансы і крэдыт”, адпаведная заяўка пададзена ў Міністэрства адукацыі.
— Спадзяёмся, што праз год мы пачнём ажыццяўляць набор па гэтых спецыяльнасцях, — адзначыў дырэктар філіяла. — А з гэтага года на дзённай форме — такога не практыкуе ніводная ўстанова вышэйшай адукацыі ў нашым рэгіёне — плануем адкрыць падрыхтоўчае аддзяленне для тых, хто не прайшоў уступныя іспыты. Істотны момант: маладыя людзі, якія прыйдуць да нас на падрыхтоўчае аддзяленне, будуць мець адтэрміноўку ад вайсковай службы. Упэўнены, што праз год для кожнага з іх уступная кампанія пройдзе паспяхова.
Яшчэ адзін цікавы праект, які рэалізоўвае Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” ў Віцебску, — электронная бібліятэка. З новага навучальнага года ўсе студэнты праз інтэрнэт будуць мець доступ да неабходных вучэбных і дыдактычных матэрыялаў, што дазволіць ім паспяхова рыхтавацца да заняткаў і экзаменаў. Зараз супрацоўнікі бібліятэкі актыўна працуюць над стварэннем рэпазіторыя адкрытага доступу, дзе плануецца размясціць манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, навуковыя артыкулы выкладчыкаў. Навуковая грамадскасць зможа азнаёміцца з імі, наведаўшы сайт Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”.
Штогод філіял праводзіць вялікую колькасць мерапрыемстваў, прысвечаных прафесійнай арыентацыі школьнікаў і папулярызацыі сваіх спецыяльнасцей. Гэтай мэце прысвечаны і два інавацыйныя праекты: “Школа карпаратыўнага юрыста” і “Школа лагістыка-менеджара”. Першая была створана на базе кафедры правазнаўства ў лістападзе 2014 года.
— Пачынаючы праект, мы зыходзілі з таго, што юрыдычныя спецыяльнасці стабільна трымаюцца ў ліку найбольш папулярных сярод абітурыентаў. Але зразумела, што сама па сабе юрыдычная адукацыя не дае гарантыі на паспяховае працаўладкаванне. Як правіла, наймальнікі, кіраўнікі кадравых агенцтваў патрабуюць ад прэтэндэнтаў пэўнай спецыялізацыі, — падкрэсліла Ірына Грабеншчыкова. — Сёння ў Беларусі найбольш дэфіцытнай і запатрабаванай спецыялізацыяй з’яўляецца карпаратыўнае права. “Школа карпаратыўнага юрыста” — гэта ўнікальны праект, прысвечаны фарміраванню ў школьнікаў цікавасці да новага напрамку ў юрыспрудэнцыі, запатрабаванага на рынку працы, і, акрамя таго, павышэнню прававой культуры падрастаючага пакалення.
Сёння тут на пастаяннай аснове займаюцца навучэнцы гімназіі № 6, сярэдніх школ №№ 28, 31, 33, 40 Віцебска, Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Заняткі бясплатныя. Наведваючы лекцыі і семінары, навучэнцы знаёмяцца з прававымі аспектамі працоўных адносін, асновамі падатковага, фінансавага права, юрыдычнага адміністравання, дагаворнай работай, арганізацыйнымі формамі беларускіх прадпрыемстваў, механізмамі кіравання.
— Безумоўна, мы ставім мэту прыцягнуць як мага больш школьнікаў і зацікавіць іх юрыдычнай спецыяльнасцю, — адзначыла Ірына Грабеншчыкова. — Але нават калі слухачы нашай школы не звяжуць сваё далейшае жыццё з юрыспрудэнцыяй, атрыманыя імі веды стануць залогам упэўненасці і прававой бяспекі.
Аналагічны праект — ён стартаваў у лютым 2015 года — рэалізоўваецца на кафедры лагістыкі. На сённяшні дзень ужо склаўся стабільны кантынгент слухачоў школы — гэта найперш навучэнцы гімназіі № 6, сярэдніх школ №№ 11 і 46 Віцебска. На занятках юнакі і дзяўчаты вывучаюць асновы лагістыкі, менеджменту, маркетынгу, падаткаабкладання. Заняткі ў абедзвюх школах вядуць высокакваліфікаваныя прафесіяналы, якія творча спалучаюць індывідуальны падыход, класічныя і інавацыйныя формы навучання.
Вяртаючыся да прыёмнай кампаніі, адзначым: 24 красавіка ў Віцебскім філіяле Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” пройдзе дзень адкрытых дзвярэй. Таксама ў гэты дзень пройдзе другі этап гарадской алімпіяды па грамадазнаўстве. Першы, у якім удзельнічала каля 700 адзінаццацікласнікаў школ і гімназій Віцебска, адбыўся ў сакавіку. Адбор на другі этап прайшлі 124 навучэнцы.
— Падчас другога этапу алімпіяды чакаюцца больш складаныя заданні, у тым ліку творчыя, — расказаў Аляксандр Дзядзінкін. — Затое і ўзнагароды для лепшых знаўцаў прадмета прадугледжаны сур’ёзныя: у мінулым годзе гэта былі планшэты, сёлета таксама пастараемся прыемна здзівіць пераможцаў.
Акрамя таго, у дзень адкрытых дзвярэй плануецца правесці для абітурыентаў дзелавую гульню па лагістыцы і розыгрыш прызоў свята — дзень абяцае быць насычаным і цікавым.
Аляксандр Дзядзінкін расказаў, што ў найбліжэйшы час Віцебскі філіял Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” чакае сур’ёзнае абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Сёлета тут будзе абсталяваны сучасны лінгафонны кабінет і створана вучэбная крыміналістычная лабараторыя для правазнаўцаў.
У завяршэнне аб прыемным новаўвядзенні ў Віцебскім філіяле Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”: для лепшых абітурыентаў, якія паступяць на дзённую форму навучання і набяруць па суме ўступных іспытаў і сярэдняга бала атэстата не менш за 250 балаў, прадугледжана 15 бясплатных месцаў. Галоўнае іх адрозненне ад бюджэтных у тым, што яны прадастаўляюцца менавіта ўніверсітэтам і не маюць на ўвазе абавязковага размеркавання студэнтаў пасля атрымання дыплома. Выпускнік, які атрымаў бясплатную вышэйшую адукацыю, зможа самастойна і ў адпаведнасці са сваімі пажаданнямі выбраць месца работы.
— Аднак хачу падкрэсліць, што на працягу ўсяго перыяду навучання студэнту-бясплатніку неабходна будзе пацвярджаць узровень сваіх ведаў, — паведаміў дырэктар філіяла. — Ён павінен знаходзіцца ў вучэбным рэйтынгу ў пяцёрцы лепшых студэнтаў на курсе па сваёй спецыяльнасці. Калі паспяховасць такого студэнта па нейкіх прычынах знізіцца, то права на бясплатнае навучанне можа атрымаць іншы студэнт, які прадэманструе больш высокі ўзровень ведаў і знаходзіцца ў рэйтынгу вышэй. Мы лічым, што гэта пазітыўная практыка, таму што ствараецца здаровая канкурэнцыя сярод студэнтаў, павышаецца вучэбная матывацыя, стымулюецца пазнавальная актыўнасць і ў цэлым гэта прыводзіць да павышэння якасці ведаў нашых выпускнікоў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.