QualiMe: зручны рэсурс для школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў

З верасня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце рэалізоўваецца адукацыйны праект QualiMe (http://quali.me/#about). Гэта сучасная інтэрактыўная інтэрнэт-пляцоўка, прызначаная для тых, хто вывучае або выкладае матэматыку. Многія карыстальнікі ўжо ацанілі зручнасць і змястоўную частку згаданага праекта. Калі вы яшчэ не знаёмы з ім, то самы час зайсці на сайт і ацаніць прапанаваныя адукацыйныя магчымасці.

Ідэя стварэння інтэрнэт-праекта належыць старшаму выкладчыку кафедры інфармацыйных тэхналогій факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Ірыне Сіроцінай.
“Я 17 гадоў працавала ў школе, а калі прыйшла ў БДУ, то ўжо мела 5-гадовы вопыт работы ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, — расказвае Ірына Казіміраўна. — І ў сярэдняй, і ў вышэйшай школе адна і тая ж праблема: выкладчык не можа навучыць дзяцей матэматыцы, стоячы ля дошкі толькі з крэйдай. Неабходны дадатковыя рэсурсы, дзе школьнікі і студэнты маглі б займацца самаадукацыяй і развіццём. Так з’явілася задума стварыць інтэрактыўны памочнік для студэнтаў, школьнікаў і выкладчыкаў”.
Работа над праектам пачалася ў лістападзе 2013 года ў рамках навуковага гуртка студэнтаў. На той час у Ірыны Сіроцінай ужо былі адпаведныя напрацоўкі: выпушчаны дапаможнікі па матэматыцы і створаны адпаведны кантэнт, які можна было перавесці ў электронны выгляд і выкладваць у інтэрнэце. Важна было знайсці цікавы і зручны для карыстальнікаў фармат.
Ідэя захапіла студэнтаў, прычым да работы далучыліся прадстаўнікі розных спецыяльнасцей. Хутка з’явілася каманда, якая і змагла рэалізаваць гэты маштабны праект.
На цяперашні час інтэрнэт-рэсурс уключае ў сябе тры тэматычныя рубрыкі: “Інтэрактыўны даведнік па матэматыцы”, “Інтэрактыўны адукацыйны рэсурс для работы з тэстамі” і “Разлік і аналіз тэставых характарыстык”.
“Перад намі стаяла мэта прывесці ў сістэму ўсю матэматыку школьнага курса, каб дзеці змаглі не толькі ліквідаваць недахопы ў ведах і атрымаць добрую адзнаку на цэнтралізаваным тэсціраванні, але і спакойна, з лёгкасцю прыступіць да вучобы ва ўніверсітэце”, — расказвае Ірына Казіміраўна.
Карыстальнікам сайта прапаноўваецца матэматычны даведнік, дзе выкладзена ўсё, што патрабуецца школьнай праграмай: прыклады рашэння ўсіх ключавых задач; мадэлі, на якіх можна адпрацаваць элементарныя крокі; тэсты, дзе ёсць магчымасць праверыць сябе ў кантрольным рэжыме, а калі не атрымліваецца, то перайсці ў інтэрактыўны рэжым і атрымаць дапамогу сайта (указваюцца тэмы, дзе ёсць недахопы, і паказваецца, куды трэба перайсці для паўтору адпаведнага матэрыялу).
“Я ведаю выпадкі, калі дзеці, пазнаёміўшыся з сайтам, адмаўляліся ад паслуг рэпетытара, — гаворыць Ірына Сіроціна. — Калі добрасумленна працаваць з нашымі тэстамі, можа разлічваць як мінімум на 70 балаў на ЦТ”.
Акрамя таго, дзякуючы сайту ў студэнтаў з’явілася магчымасць самастойна вывучаць асновы вышэйшай матэматыкі, а ў настаўнікаў і выкладчыкаў — распрацоўваць якасныя педагагічныя тэсты.
“Уся інфармацыя, пададзеная на сайце, адаптавана да ўзросту карыстальнікаў, — расказвае прэс-сакратар і маркетолаг праекта студэнтка 4 курса факультэта сацыякультурных камунікацый Вольга Паўлюць. — Школьнікам інфармацыя выкладаецца падрабязна, пры гэтым максімальна простай і зразумелай мовай. Студэнтам прапаноўваецца больш лаканічная інфармацыя. Сайт мае мабільную версію, што дазваляе маладым людзям карыстацца ім у любы зручны час”.

Трэба заўважыць, што праект QualiMe актыўна развіваецца. Каманда Ірыны Сіроцінай прыступіла ўжо да распрацоўкі вучэбнай інтэрактыўнай матэматычнай гульні. Гэта значыць, што ў хуткім часе з’явіцца гульнявы рэсурс, разлічаны на школьнікаў усіх узростаў — ад першакласнікаў да абітурыентаў.
“Напрыклад, тэма “Трохвугольнік”, — тлумачыць задуму Ірына Казіміраўна. — Першакласнікі ў форме гульні будуць знаходзіць найпрасцейшыя фігуры ў навакольным асяроддзі, а потым, адпаведна ўзросту, дзеці будуць вучыцца пазнаваць, будаваць, вымяраць, прымяняць трохвугольнік — і так да цэнтралізаванага тэсціравання. Гэта будзе вельмі цікава, бо, як і ў любой гульні, давядзецца рухацца па ўзроўнях. Калі не праходзіш пэўны ўзровень, то трэба вярнуцца назад, да тэорыі. Так, для вучняў пачатковых класаў матэматыка стане захапляльнай гульнёй, а з узростам дзецям будзе давацца больш сур’ёзнай інфармацыі”.
“Мы хочам гадаваць нашых карыстальнікаў пачынаючы з дашкольнага ўзросту і заканчваючы студэнцкімі гадамі, — дадае Вольга Паўлюць. — Тыя, хто, карыстаючыся нашымі рэсурсамі, пачне шлях з самага пачатку і пройдзе увесь курс навучання, будуць валодаць высокай матэматычнай культурай”.
Акрамя таго, зараз распрацоўваецца яшчэ адзін рэсурс, разлічаны на настаўнікаў і выкладчыкаў, — QualiMan. Там плануецца размяшчаць распрацоўкі інтэрактыўных урокаў, якіх у Ірыны Сіроцінай назапасілася даволі шмат, і іншыя метадычныя матэрыялы.

Да канца гэтага года распрацоўшчыкі плануюць завяршыць асноўную работу па матэматыцы і, калі з’явяцца зацікаўленыя людзі, маглі б прыступіць да стварэння падобных рэсурсаў па іншых прадметах — фізіцы, геаграфіі, літаратуры і г.д.
“На матэматыцы мы навучыліся, цяпер можам рухацца далей”, — гаворыць Ірына Сіроціна.
Самае цікавае, што праект QualiMe ўзнік практычна на голым энтузіязме яго стваральнікаў. Іх работа не аплачвалася, гэта была справа гонару — зрабіць якасны прадукт, карысны людзям. Настаўнікі, калі даведваюцца, што рэсурс QualiMe бясплатны, вельмі здзіўляюцца. Яны прывыклі, што заўсёды трэба плаціць. “Мы ствараем сацыяльна значны праект і працуем перш за ўсё на карысць грамадства, а таксама кожнага канкрэтнага школьніка і студэнта”, — гаворыць Вольга Паўлюць.
Яна — будучы менеджар-эканаміст — праз паўгода заканчвае ўніверсітэт, але пакідаць праект не збіраецца. Дарэчы, як і многія іншыя гадаванцы Ірыны Сіроцінай: працуючы ў іншых месцах, на розных пасадах, яны не спыняюць свайго ўдзелу ў праекце і актыўна ўдзельнічаюць у яго далейшым развіцці. Узамен яны атрымліваюць каштоўны вопыт каманднай работы, ра-дасць узаемаадносін з аднадумцамі, усведамленне сацыяльнай значнасці сваёй работы. Безумоўна, у праекта QualiMe ёсць камерцыйны патэнцыял. Пра гэта заўсёды гавораць патэнцыяльныя інвестары, ды і работа энтузіястаў павінна ўзнагароджвацца не толькі маральна, але і матэрыяльна. Магчыма, што нейкія дадатковыя паслугі ў будучыні стануць платнымі для карыстальнікаў, але першапачатковы прынцып праекта застанецца нязменным: асноўны змест сайта будзе бясплатным.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.