Радыёнастальгія, ці На тым баку смартфона

У Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІР працуе вельмі цікавы, унікальны ў сваім родзе музей “Радыёнастальгія”. Тут прадстаўлена побытавая апаратура розных часоў — радыёпрыёмнікі, прайгравальнікі, музычныя цэнтры, тэлевізары, хатняе кіно (тое, што было да відэамагнітафонаў) і многае іншае. Кожная з прадстаўленых прылад у свой час мела вялікую каштоўнасць — навуковую, бо стваралася на аснове найноўшых распрацовак, і матэрыяльную, бо была па кішэні далёка не ўсім і часта даставалася толькі па вялікім блаце.

Гаспадар усяго гэтага багацця, інжынер і калекцыянер Пётр Карповіч гаворыць, што сучасным дзецям цяжка ацаніць каштоўнасць прадстаўленых прылад, і гэта яго засмучае.

— Многія думаюць, што смартфоны растуць на дрэвах, — кажа Пётр Пятровіч. — Я паказваю ім першыя лямпавыя прылады. Калі б смартфон быў зроблены з такіх дэталей, ён бы не ўлез у чыгуначны вагон. Радыёэлектроніка развівалася паступова, і з’яўленне цяперашніх мініяцюрных прылад стала магчымым дзякуючы папярэднім дасягненням. У кожным радыёпрыёмніку ці прайгравальніку ёсць часцінка будучага смартфона. Маладым людзям, якія плануюць стаць інжынерамі, трэба пра гэта ведаць.

Пётр Карповіч збіраў сваю калекцыю на працягу многіх гадоў. У музеі прадстаўлена толькі яе невялікая частка (каля 15%), астатняе чакае свайго часу. У новым корпусе БДУІР (на вул.Казлова, 28) плануецца абсталяваць прасторнае памяшканне, дзе можна будзе разгарнуць вялікую экспазіцыю.

— Усе ведаюць хакеістаў, футбалістаў, скакуноў па сцэне, — гаворыць Пётр Карповіч. — Але хто ведае, напрыклад, Тэда Хофа? А між тым ён першы прапанаваў канцэпцыю мікракантролера — гэта ўніверсальная мікрасхема для кіравання рознымі электроннымі ўстройствамі. Атрымліваецца, што людзі, якія рухаюць прагрэс, знаходзяцца ў цені. Гэта няправільна.

Пётр Пятровіч марыць, што ў новым памяшканні будзе не толькі музей, але і майстэрня для рамонту і рэстаўрацыі даўняй апаратуры. Інжынеры ХХ стагоддзя ведалі толк не толькі ў радыёэлектроніцы, але і клапаціліся пра дызайн прылад. Вялікія гарызантальныя шкалы, клавішныя пераключальнікі дыяпазонаў, арыгінальныя ўказальнікі становішча рэгулятараў тэмбру ў спалучэнні з вытанчанымі футараламі і дэкаратыўнымі тканінамі — усё гэта надавала радыёпрыладам сапраўдную раскошу.

Генадзь Ерафеенка, супрацоўнік Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР, расказвае, што нядаўна музей наведалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Іх вельмі зацікавілі шрыфты, якімі надрукаваны лагатыпы на розных прыладах, шкалы радыёпрыёмнікаў, аздабленне дрэвам і г.д. Сучасныя творцы высока ацанілі дызайн радыёэлектронных прылад 50—80-х гадоў.

Пётр Карповіч уключае прайгравальнік. Іголка акуратна апускаецца на кружэлку — і праз ледзь чутны трэск паліліся першыя акорды Pink Floyd! Мы ўжо забылі, а маладыя людзі нават не чулі, як хораша гучыць музыка з кружэлак — жывая, кранальная. Пётр Пятровіч звяртае ўвагу, што гэтая прылада найвышэйшага класа, якая за савецкім часам была надзвычай дарагой і амаль недаступнай для інжынера з зарплатай 110 рублёў. Але сапраўдныя меламаны адкладвалі грошы, каб атрымаць задавальненне слухаць музыку ў такім добрым гучанні. Дарэчы, у новым памяшканні музея Пётр Пятровіч хоча стварыць куточак меламана, каб жадаючыя маглі паслухаць жывую музыку на кружэлках.

Хаджу па музеі і ўяўляю: трапіць бы сюды гадоў 40—50 назад. Пётр Пятровіч гаворыць, што на той час мець некаторыя з прадстаўленых прылад — гэта прыкладна тое ж, што сёння прыдбаць Bentley. Вось гэта раскоша!

Цікава разглядаць самыя старыя музейныя экспанаты — радыёпрыёмнік і радыёлу вытворчасці Мінскага радыёзавода (датуюцца 1946 і 1952 гадамі). Або “ноўтбук” вытворчасці завода “Электроніка” пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Уразіла пераносная радыёла. Пётр Пятровіч гаворыць, што гэта вялікая рэдкасць, бо іх выпускалі вельмі мала. Уявіце сабе модніка сярэдзіны мінулага стагоддзя, які ідзе па вуліцы з такой радыёлай у руках — і на ўсю ваколіцу гучыць музыка!

— Сёння радыёэлектронныя прылады сталі такой звычайнай з’явай, як кавалак хлеба на стале, — гаворыць Пётр Карповіч. — Чалавек, які садзіцца есці, адразае лусту і не думае пра людзей, якія гэты хлеб вырасцілі, змалацілі, спяклі, даставілі ў магазін. Гэтак жа і радыёэлектроніка. Мы карыстаемся рознымі прыладамі (зараз увогуле ўсё сабрана ў адной маленькай скрыначцы — смартфоне) і не думаем пра тых, хто гэта ўсё стварыў. А трэба думаць, бо, каб ствараць новае, трэба ўсведамляць той вялікі шлях, які прайшлі нашы папярэднікі. Зазірнуць на той бок смартфона. Убачыць больш, чым навідавоку.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.