Рэпетыцыя будучых поспехаў

Стартаваў першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання. Гэта значыць, у абітурыентаў з’явілася магчымасць атрымаць аб’ектыўную ацэнку сваіх ведаў на цяперашнім этапе. Вядома, ёю варта скарыстацца.

Рэпетыцыйнае тэсціраванне праводзіцца ў тры этапы: кастрычнік — снежань, студзень — люты і сакавік — красавік. Дасведчаныя людзі сцвярджаюць, што лепш за ўсё праверыць сябе тройчы (на кожным этапе прапаноўваюцца новыя тэсты). Гэта дапаможа эфектыўна кантраляваць узровень ведаў, бачыць сітуацыю ў дынаміцы і своечасова карэкціраваць падрыхтоўку да ўступных іспытаў.

Важна, што рэпетыцыйнае тэсціраванне праводзіцца па матэрыялах Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Апрацоўка бланкаў і падлік вынікаў ажыццяўляецца па тэхналогіі ЦТ. Такім чынам, абітурыенты могуць азнаёміцца з тэматыкай і формай падачы тэставых заданняў. У рэпетыцыйных выпрабаваннях яны набываюць тэхнічныя навыкі запаўнення бланкаў, псіхалагічна рыхтуюцца да цэнтралізаванага тэсціравання. Атрыманыя вынікі могуць дапамагчы абітурыентам загадзя вызначыцца з установай вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Каб зарэгістравацца для ўдзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні, абітурыенту трэба стварыць асабісты кабінет на сайце РІКВ. У асабістым кабінеце трэба выбраць пункт правядзення тэсціравання, дату і час выпрабавання, вучэбны прадмет і мову прадстаўлення тэста. Аплаціць удзел у рэпетыцыйным тэсціраванні можна праз сістэму “Разлік” адзінай разлікова-інфармацыйнай прасторы (АРІП). Кошт удзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні складае 8.20 руб. за адзін вучэбны прадмет.

Пасля заканчэння рэгістрацыі пажадана раздрукаваць пропуск на тэсціраванне. Аднак калі такой магчымасці няма, прыйшоўшы на іспыт, можна назваць арганізатарам нумар рэгістрацыі, пазначаны на пропуску. Таксама ў пункце тэсціравання трэба мець пры сабе дакумент, які сведчыць асобу, гелевую (капілярную) ручку з чорным чарнілам. Пры праходжанні іспыту па фізіцы і хіміі можа спатрэбіцца калькулятар. Дазваляецца выкарыстоўваць самае простае ўстройства, якое не з’яўляецца сродкам захоўвання, прыёму і перадачы інфармацыі.

РІКВ заклікае абітурыентаў захоўваць масачны рэжым.

Вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання ўдзельнікі могуць убачыць у асабістым кабінеце на сайце РІКВ. Пасля завяршэння кожнага з трох этапаў (адпаведна, у 20-х чыслах снежня, у 20-х чыслах лютага і ў 20-х чыслах красавіка) абітурыенты атрымаюць рашэнне заданняў пройдзенага тэста для правядзення работы над памылкамі.

Дарэчы, акрамя традыцыйнага рэпетыцыйнага тэсціравання, РІКВ прапаноўвае абітурыентам прайсці іспыты ў рэжыме анлайн.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.