Здаецца, зусім нядаўна мы пісалі пра ўступную кампанію, і вось за акном ужо новы навучальны год. Першакурснікі пачалі новае, студэнцкае, жыццё, а для старшакласнікаў настаў час сур’ёзна задумацца пра будучае паступленне. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў завяршае аналіз вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання бягучага года і адначасова рыхтуе матэрыялы да рэпетыцыйнага тэсціравання, першы этап якога пачнецца ўжо ў кастрычніку. Пра адметнасці сёлетняга ЦТ і пра тое, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу будучым абітурыентам, нам расказаў дырэктар РІКВ Мікалай Сцяпанавіч ФЯСЬКОЎ.
— Скажыце, Мікалай Сцяпанавіч, наколькі вынікі цэнтралізаванага тэсціравання гэтага года адрозніваюцца ад вынікаў папярэдніх гадоў? Нас асабліва цікавяць такія прадметы, як фізіка і матэматыка, па якіх больш як 10% абітурыентаў не пераадолелі вызначаны парог у 7 балаў…
— Адразу скажу, што вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх прадметах з году ў год адрозніваюцца нязначна, і гэта гаворыць пра тое, што ўзровень складанасці тэстаў адпавядае сярэднестатыстычнаму ўзроўню абітурыента-2012. Кожны паступаючы, асабліва калі ён здае рэпетыцыйнае тэсціраванне, можа больш-менш дакладна ўявіць, якія балы ён атрымае на ЦТ.
Што да якасці падрыхтоўкі абітурыентаў, то, сапраўды, яна вымушае чакаць лепшага. Прычым трэба адзначыць, што гэта праблема не толькі нашай краіны. Днямі былі апублікаваны вынікі Адзінага дзяржаўнага экзамену ў Расіі, і яны практычна супадаюць з вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання ў нас. У расійскай справаздачы напісана, што вынікі АДЭ па фізіцы ў 2012 годзе аказаліся нават ніжэйшымі, чым паказчыкі мінулага года.
Вынікі іспытаў па некаторых прадметах у агульнаадукацыйных установах у нашай і еўрапайскай сістэмах таксама супадаюць і ў аднолькавай меры не задавальняюць як агульнаадукацыйную, так і вышэйшую школу. Напрыклад, мы былі ў Галандыі і бачылі, што там колькасць нізкіх адзнак на экзаменах таксама вельмі высокая. Вядома, гэта не нагода радавацца (маўляў, і ў іншых гэтак жа дрэнна, як у нас), але такая сітуацыя гаворыць аб пэўнай заканамернасці. І тут трэба прызнаць, што гэта звязана як з суб’ектыўнымі, так і з аб’ектыўнымі фактарамі. У жыццё актыўна ўкараняюцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі, якія вымушаюць людзей выкарыстоўваць больш простыя прыёмы пазнання. Падлеткі не жадаюць “марнаваць” час і завучваць тое, што можна атрымаць націсканнем некалькіх кнопак на камп’ютары.
— Але калі адарвацца ад сярэдніх вынікаў ЦТ і паглядзець на прахадныя балы ў БДУІР, БДУ і шэраг факультэтаў іншых устаноў вышэйшай адукацыі, можна зрабіць выснову, што выбітных фізікаў і матэматыкаў у краіне нямала і менавіта яны будуць “рабіць надвор’е” ў галіне навукі і тэхнікі.
— Безумоўна, на прэстыжныя спецыяльнасці ідуць вельмі падрыхтаваныя абітурыенты. Я лічу, што прахадныя балы — гэта найлепшы паказчык рэйтынгу факультэтаў і ўніверсітэтаў, які характарызуе работу ўстановы і яе асобных падраздзяленняў нават больш, чым даныя розных міжнародных агенцтваў. Калі абітурыенты ведаюць, што пэўная спецыяльнасць дасць ім добрую пуцёўку ў жыццё — і не проста дыплом, а працаўладкаванне, — то яны будуць за яе змагацца, і балы там заўсёды будуць высокія.
Што тычыцца сярэдніх балаў, атрыманых абітурыентамі па асобных прадметах цэнтралізаванага тэсціравання, то зараз мы свядома не друкуем гэтыя звесткі, бо лічым іх не вельмі інфарматыўнымі. У той жа час сярэднія балы зараз актыўна абмяркоўваюцца ў інтэрнэце. Хачу папярэдзіць карыстальнікаў, што многія звесткі, якія падаюцца на розных сайтах для абмеркавання, не маюць дачынення да рэчаіснасці, яны выдумваюцца для прыцягнення ўвагі грамадскасці.
Інфармацыя пра сярэдні бал цэнтралізаванага тэсціравання прызначана для службовага выкарыстання. І не таму, што мы хочам нешта прыхаваць (там няма чаго хаваць), проста гэтая інфармацыя мае чыста тэхналагічнае значэнне. Неспецыялісты (і мы бачым гэта ў абмеркаваннях на сайтах) успрымаюць падобную інфармацыю скажона, спрабуючы рабіць глабальныя высновы пра ўзровень падрыхтоўкі ўсіх абітурыентаў краіны.
— Сёлета колькасць стабальных вынікаў заўважна вышэйшая, чым у папярэднія гады. Ці можна меркаваць аб тым, што тэсты ў гэтым годзе былі прасцейшымі за мінулагоднія?
— Штогод мы карэкціруем нашы тэсты з тым, каб “дагадзіць” так званаму сярэднестатыстычнаму абітурыенту. Мы павінны падабраць заданні такім чынам, каб яны дазволілі праверыць веды як найбольш падрыхтаваных выпускнікоў, так і тых абітурыентаў, якія маюць адносна нізкі ўзровень падрыхтоўкі. Гэта значыць, заданні павінны быць рознай дыферэнцыруючай здольнасці: для моцных — найбольш складаныя, для слабейшых — больш лёгкія. Задача, як вы разумееце, няпростая, і, каб вырашыць яе, часам даводзіцца крыху зніжаць складанасць некаторых заданняў.
Зрэшты, мяне ўжо не здзіўляе, што ў любой сітуацыі — многа ў нас стабальных вынікаў ці мала — заўсёды знаходзяцца незадаволеныя. Так, у нас ёсць апаненты, якія абвінавачваюць тэсты ў тым, што ў іх бракуе творчасці. У той жа час, калі паяўляюцца задачы, якія патрабуюць пэўнай кемлівасці, нам гавораць, што тэсты залішне складаныя і выходзяць за межы школьнай праграмы.
Напрыклад, сёлета асобныя рэпетытары па матэматыцы і фізіцы настойліва падштурхоўвалі нас да спрашчэння заданняў, што крыху здзіўляе, асабліва калі ў гэтай ролі выступаюць выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі. Праўда, робіцца гэта завуалявана, быццам бы ў мэтах “прывядзення ў адпаведнасць тэставых заданняў праграмам уступных іспытаў”. Маўляў, навошта вызначаць фокусную адлегласць аптычнай сістэмы вока, калі прасцей гэтыя вылічэнні правесці на збіраючай лінзе? Адукаванасці нашым абітурыентам гэта не дабавіць, а імідж рэпетытарства ўзрасце, таму што ўся падрыхтоўка будзе пабудавана па ўсталяваным алгарытме.
У сувязі з гэтым магу прывесці прыклад, як адна і тая ж задача, але з маленькімі варыяцыямі, па-рознаму ўспрымаецца і рашаецца абітурыентамі. Напрыклад, амаль усе ўмеюць знаходзіць плошчу прамавугольніка, але калі ў заданні трэба разлічыць колькасць ламінату для падлогі, то працэнт правільных адказаў істотна скарачаецца. Такая вось творчасць! Але мы і далей будзем укараняць у тэсты элементы кампетэнтнаснага падыходу, бо гэта мае практычную значнасць для выпускнікоў школы.
Мы стараемся, каб усе задачы ў тэсце былі карэктна сфармуляваны і мелі мінімум тлумачэнняў, бо як толькі тэкст задачы становіцца больш грувасткім, то прапарцыянальна павялічваецца і колькасць абітурыентаў, якія не спраўляюцца з гэтай задачай. Для нас быў сапраўдным адкрыццём той факт, што абітурыенты дрэнна чытаюць тэксты, таму мы імкнёмся да лаканічнасці. Думаю, сёлетняя колькасць стабальных вынікаў яскрава паказвае, што заданняў, якія нельга рашыць, на цэнтралізаваным тэсціраванні няма.
— Скажыце, Мікалай Сцяпанавіч, якія асноўныя памылкі дапускаюць абітурыенты на розных этапах правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, з-за чаго яны не могуць у поўнай меры праявіць свае веды?
— Адразу хачу сказаць, што многія абітурыенты памыляюцца, думаючы, што можна якасна падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання за паўгода ці год, калі будуць бясконца рашаць тэсты. На жаль, такога меркавання прытрымліваюцца і некаторыя настаўнікі, якія вучаць дзяцей па тэстах. Але ж гэта няправільна! Мы не стамляемся паўтараць, што нашы заданні адпавядаюць школьнай праграме, але тэсты не перадаюць усёй паслядоўнасці таго ці іншага курса, а таму рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання трэба не па тэстах, а па падручніку. Тэст — гэта найперш сродак дыягностыкі.
Вядома, абітурыенты павінны мець навык работы з тэстамі, але тут маецца на ўвазе тэхналогія запаўнення бланкаў, псіхалагічная падрыхтоўка, уменне разлічыць час на выкананне тэставых заданняў. З гэтай мэтай мы праводзім рэпетыцыйнае тэсціраванне.
Як паказвае наш вопыт, часу на выкананне тэставых заданняў па ўсіх прадметах дастаткова. У Расіі, напрыклад, павялічваюць час на АДЭ, але там у тэсце, акрамя частак А і В, ёсць яшчэ і частка С — так званае эсэ. У Беларусі гэтага няма, і я лічу, што няма неабходнасці гэта ўводзіць. У нас многія не прыступаюць да заданняў нават у частцы В, а на частку С увогуле заставаліся б 1—2 працэнты абітурыентаў — тыя, што ў любым выпадку атрымаюць высокія балы.
— А якія тыповыя парушэнні дапускаюць абітурыенты падчас праходжання цэнтралізаванага тэсціравання?
— Абітурыенты ўжо навучыліся таму, што на ЦТ нельга праносіць шпаргалкі, мабільныя тэлефоны і іншыя забароненыя сродкі. Вельмі вялікая рызыка страціць адзін год! І тыя некалькі дзясяткаў чалавек, якія былі пазбаўлены права завяршыць работу з-за парушэння правіл правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, — насамрэч гэта вельмі мала ў параўнанні з мнагатысячнай арміяй абітурыентаў, якія пісалі тэсты.
Вельмі прыкры іншы факт: 25 абітурыентаў сёлета былі пазбаўлены права атрымаць сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па прычыне таго, што ў тэставых работах ужывалі ненарматыўную лексіку. Прычым сярод “разумнікаў” ёсць выпускнік ліцэя, які набраў 75 балаў па англійскай мове, ёсць дзяўчаты, дарэчы, таксама з добрымі баламі. Рашэнне не выдаваць сертыфікаты абітурыентам-хуліганам падтрымала Дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў. Спадзяёмся, гэта будзе навукай не толькі ім, але і будучым абітурыентам, якія яшчэ не пазбавіліся легкадумнасці.
— Падчас уступнай кампаніі ў вашым інстытуце стаялі чэргі абітурыентаў, каб замяніць сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання. Па якой прычыне часцей за ўсё патрабуецца замена дакумента?
— Губляюцца і псуюцца сертыфікаты рэдка. Абсалютную большасць сертыфікатаў належала замяніць з-за памылак, якія дапусцілі самі абітурыенты пры запаўненні бланкаў адказаў (у прыватнасці, няправільна напісалі ўласныя прозішчы, імёны, імёны па-бацьку, а таксама пашпартныя звесткі). Бо нават калі мы бачым, што пры рэгістрацыі на ЦТ, а потым у бланках адказаў адзін і той жа абітурыент па-рознаму напісаў сваё імя, імя па-бацьку ці прозвішча, то фармальна не можам нічога памяняць. Напрыклад, у дзяўчыны ў некаторых выпадках напісана, што яна Ольга, а ў некаторых — Олга. Здавалася б, адказ відавочны, але на этапе замены сертыфікатаў высветлілася, што па пашпарце яна Олга. А ўжо колькі такіх выпадкаў з прозвішчамі!
Падчас уступнай кампаніі мы замянілі сотні сертыфікатаў. Мы нават наладзілі дзяжурства па суботах і нядзелях, разумеючы, што знойдзецца некалькі чалавек, якія ў апошні момант згубяць свае сертыфікаты ці разгледзяць там памылку і пабягуць да нас. І калі мы не выдадзім ім дублікаты, то для іх будзе страчаны цэлы год.
— Мікалай Сцяпанавіч, вы пастаянна папярэджваеце, што абітурыентам з пэўнымі захворваннямі не варта праходзіць ЦТ, а трэба здаваць экзамены непасрэдна ва ўстановах вышэйшай адукацыі… Скажыце, ці былі сёлета выпадкі, калі такія абітурыенты ўсё ж прыходзілі на ЦТ?
— Вельмі крыўдна, што, нягледзячы на нашы папярэджанні, абітурыенты з цяжкімі парушэннямі замест таго, каб здаць уступныя выпрабаванні непасрэдна ва ўніверсітэце (пры наяўнасці медыцынскай даведкі яны маюць на гэта права), прыходзяць на цэнтралізаванае тэсціраванне і фактычна завальваюць сваё паступленне. Справа ў тым, што ні камп’ютар, ні верыфікатар не могуць распазнаць адказы абітурыентаў з адпаведнымі парушэннямі, а значыць выставіць ім балы не ўяўляецца магчымым. А ўзяўшы ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні, яны аўтаматычна страчваюць права здаваць уступныя выпрабаванні ва ўстановах вышэйшай адукацыі.
І настаўнікі, і бацькі павінны ведаць: нават калі такі абітурыент адзін, установа вышэйшай адукацыі стварае прыёмную камісію для правядзення ўступных іспытаў у той форме, у якой яму зручна. Гэта дазваляе кожнаму абітурыенту, нягледзячы на асаблівасці фізічнага развіцця, максімальна прадэманстраваць свае веды.
Разам з тым хачу сказаць, што кожны год на цэнтралізаваным тэсціраванні праходзяць рэгістрацыю абітурыенты, якія не могуць самастойна перамяшчацца. Арганізацыйныя камісіі пунктаў тэсціравання, як правіла, пільна сочаць за камфортным уладкаваннем такіх абітурыентаў ва аўдыторыях. Калі ёсць патрэба, то пераводзяць іх у аўдыторыі, дзе няма перашкод для перамяшчэння на калясцы.
— Дзякуй, Мікалай Сцяпанавіч, за размову.
Галіна СІДАРОВІЧ.
sidarovich@ng-press.by