Самастойны і абдуманы выбар прафесіі магчымы!

Кожнаму чалавеку на працягу жыццёвага шляху пастаянна даводзіцца прымаць рашэнні, ад якіх часта залежыць яго дабрабыт, а часам і лёс. На пэўным этапе ўзроставага і сацыяльнага развіцця жыццёва важным з’яўляецца адказ на пытанне “Кім быць?”. Асабліва гэта актуальна для навучэнцаў 9 класа.

Працягнуць адукацыю ва ўстанове сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай адукацыі? Атрымаць агульную сярэднюю адукацыю, вывучаючы ўсе прадметы на базавым узроўні? А можа, вывучыць прадмет на павышаным узроўні? Які вывучыць прадмет? Педагогі сярэдняй школы № 15 Ліды дапамагаюць навучэнцам зрабіць выбар у рамках факультатыўных заняткаў “Мая прафесійная будучыня”, “Прафесія “педагог”, “Прафесія маёй мары”.


Факультатыўныя заняткі шмат у чым вырашаюць задачы прафесійнага самавызначэння, інфармацыйнай асветы — гэта галоўныя змястоўныя кампаненты прафарыентацыйнай работы. Навучэнцы атрымліваюць звесткі пра розныя прафесіі, іх асаблівасці, умовы, спосабы і шляхі набыцця прафесіі, яе значэнне для грамадства, даведваюцца пра запатрабаванасць кадраў.

Я ўжо шмат гадоў праводжу факультатыўныя заняткі “Мая прафесійная будучыня” для навучэнцаў 9 класа. Структура і змест факультатыву прадстаўлены трыма раздзеламі.

Першы раздзел — “Арыенціроўка ў свеце прафесій”. Яго мэтай з’яўляецца азнаямленне са светам прафесій, фарміраванне навыкаў аналізу прафесійнай дзейнасці і ўменняў выяўляць патрабаванні прафесіі, ад якіх залежыць паспяховая самарэалізацыя.

Другі раздзел — “Уяўленне пра сябе і свае магчымасці ў прафесійнай дзейнасці”. Ён дапамагае раскрыць асаблівасці чалавека, яго якасці, важныя для дасягнення прафесійнага поспеху.

Трэці раздзел — “Праектаванне шляху да прафесіі” — прапаноўвае настаўніку дапамагчы дзецям у самавызначэнні.

Падрыхтоўка кампетэнтнай асобы, якая арыентуецца ў свеце прафесій і здольна самастойна думаць, прымаць рашэнні, здабываць і прымяняць веды, дакладна планаваць дзеянні, — задача няпростая. Яе вырашэнне магчыма толькі ва ўмовах асобасна арыентаванага і творчага падыходу да арганізацыі кожных заняткаў.

На сваіх занятках я ў першую чаргу стараюся стварыць камфортны псіхалагічны мікраклімат. Дапамога ў ажыццяўленні задуманага, падтрымка мэтанакіраванасці і актыўнасці, стварэнне сітуацыі поспеху спрыяюць раскрыццю псіхалагічных рэсурсаў і асобаснага патэнцыялу навучэнцаў. Як правіла, я ведаю ўсіх, хто наведвае мае факультатыўныя заняткі, таму што большасць — гэта мае навучэнцы па працоўным навучанні. Ужо з першых заняткаў праводжу індывідуальную работу. Некаторым дзецям неабходны асаблівы падыход, некаму — псіхалагічная падтрымка.

Агляд газет і часопісаў, віртуальныя экскурсіі па прадпрыемствах і ўстановах рэгіёна і краіны дазваляюць атрымаць дастатковы аб’ём інфармацыі, каб сарыентавацца ў свеце спецыяльнасцей. На занятках мы спрабуем складаць тэрміналагічны слоўнік пэўнай прафесіі, мадэлюем сітуацыі рознай прафесійнай дзейнасці. Напрыклад, распрацоўваем чарцяжы, разлічваем матэрыяльныя выдаткі, праектуем аб’екты. Як правіла, навучэнцы не абмяжоўваюцца часам адных вучэбных заняткаў і захопленыя такой даследчай дзейнасцю прадаўжаюць яе дома, прыцягваючы бацькоў, сяброў. Гэтая работа пашырае кругагляд, слоўнікавы запас, матэматычныя здольнасці, вобразнае мысленне, што заўсёды спатрэбіцца ў будучыні. Падарожнічаючы па свеце прафесій, навучэнцы ацэньваюць іх па прэстыжнасці, сацыяльнай значнасці, працаёмкасці, абавязках, узроўні заработнай платы і па іншых крытэрыях.

Разам з навучэнцамі мы робім прэзентацыі пра людзей якой-небудзь прафесіі, якія дэманструем навучэнцам І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Такая форма работы дапамагае дзецям прымераць на сябе новую сацыяльную ролю, стымулюе іх да самастойнага пошуку інфармацыі аб прафесіях.

Папулярныя на занятках і прафарыентацыйныя віктарыны. Яны таксама даюць уяўленні пра розныя прафесіі. Акрамя таго, дзевяцікласнікі з задавальненнем праводзяць займальныя гульні з малодшымі школьнікамі, знаёмяць іх з азбукай прафесій.

Абавязкова знаёмлю навучэнцаў з людзьмі, якія дасягнулі чагосьці значнага ў сваёй прафесіі. Сустрэчы арганізоўваем як рэальныя, так і віртуальныя.

Таксама паказваю на занятках відэафільмы. Яны часцей праблемныя і заўсёды абмяркоўваюцца. Гэта спрыяе фарміраванню ў дзяцей уласнага пункту гледжання, умення аргументаваць, камунікатыўных уменняў.

Асаблівую цікавасць выклікаюць дзелавыя і ролевыя гульні. Яны актывізуюць кожнага ўдзельніка, знімаюць эмацыянальны бар’ер. Але галоўнае — гэта вопыт, які набываецца і назапашваецца ў рэальным жыцці. Важнай умовай гульняў з’яўляецца магчымасць змяніць рашэнне, якое аказалася няправільным. У адрозненне ад рэальных жыццёвых сітуацый у гульні можна вярнуцца назад да якога-небудзь моманту і перагуляць яго, вызначыўшы правільны шлях.

Каб сфарміраваць уменне выбіраць, сітуацыю выбару раблю праблемнай, дзе прысутнічаюць моманты ўсведамлення і прыняцця рашэння. Калі дзеці навучацца самавызначацца, то не будуць чакаць ад дарослых гатовага рашэння, а самі ўключацца ў пошукавую дзейнасць.

Кансультацыі, заснаваныя на асэнсаванні рэальных фактаў, а таксама на гатоўнасці навучэнцаў рабіць канкрэтны выбар, дапамагаюць ім адэкватна ацэньваць свае магчымасці, здольнасці, схільнасці.

Вельмі важным момантам у прафесійным самавызначэнні з’яўляецца самапазнанне. Для гэтага я выкарыстоўваю тэсты, практыкаванні рознай накіраванасці. Іх вынікі дапамагаюць паглядзець на сябе па-іншаму і яшчэ раз прааналізаваць зроблены выбар, наколькі ён правільны.

Сістэматычна запрашаю на заняткі педагога-псіхолага, які праводзіць з навучэнцамі трэнінгі, псіхалагічныя гульні, дае парады, кансультуе, адказвае на пытанні. Пры вывучэнні тэмы “Мой псіхалагічны партрэт” навучэнцы, атрымаўшы неабходныя веды, самастойна робяць аналіз сваёй асобы, суадносяць сябе з пэўнай прафесійнай дзейнасцю, якая найбольш ім падыходзіць. Адбываецца папярэдні выбар прафесіі.

Шмат увагі ўдзяляю рабоце над вобразам “Я ў будучыні”, для чаго арганізоўваю экскурс у будучыню. Мы дзелімся думкамі, разважаем, праектуем. У выніку неаднаразовага абмеркавання тэмы ў навучэнцаў фарміруецца канкрэтная мэта і пэўны план яе дасягнення.

Вывучаючы адносіны навучэнцаў да заняткаў “Мая прафесійная будучыня”, я разумею, у якім напрамку мне рухацца далей, як задаволіць патрэбы дзяцей, як дапамагчы ім дасягнуць мэты і знайсці правільны шлях.

Прафесійная арыентацыя — працэс складаны. Выкарыстоўваючы ўсе інструменты адукацыі, у тым ліку факультатыўныя заняткі, мы павінны сфарміраваць такі ўзровень развіцця асобы навучэнцаў, пры якім становіцца магчымым самастойны і абдуманы выбар прафесіі.

Галіна ДЗЯНКЕВІЧ,
настаўніца абслуговай працы сярэдняй школы № 15 Ліды.