Шанс далучыцца да вялікай навукі

Механіка-матэматычны факультэт БДУ не проста чакае, а вядзе пошук лепшых абітурыентаў. Не толькі ўладальнікаў высокіх балаў, а менавіта “сваіх” людзей — захопленых, мэтанакіраваных, матываваных на атрыманне канкрэтных спецыяльнасцей.

Дзеля гэтага на факультэце арганізоўваюцца школы юных, праводзяцца канферэнцыі і алімпіяды для школьнікаў. Нядаўна на сайце мехмата з’явіліся ўмовы ўдзелу ажно ў трох інтэлектуальных спаборніцтвах. Такім чынам, вясна для юных аматараў матэматыкі, механікі і інфарматыкі абяцае быць гарачай.

Па-першае, увагу абітурыентаў павінна прыцягнуць матэматычная алімпіяда “Абітурыент ММФ БДУ — 2020”. Згодна з Парадкам прыёму ў Белдзяржуніверсітэт, пераможцы згаданай алімпіяды атрымаюць права пераважнага залічэння на любую спецыяльнасць мехмата (пры роўнай агульнай колькасці набраных балаў).

— Алімпіяда — выдатная магчы­масць для самарэалізацыі, — гаворыць дэкан механіка-матэматычнага факультэта прафесар Сяргей Басякоў. — Многія школьнікі рыхтуюцца да ЦТ, але тут зусім іншы клас задач, высокапрафесійны склад выкладчыкаў.
Яны даюць матэрыял, які выходзіць за межы школьнай праграмы і дазваляе дзецям паўней раскрыць іх здольнасці.

Арганізатары адзначаюць, што алімпіяда разлічана на высокі ўзровень матэматычных ведаў — школьныя 9—10 балаў і вышэй (тыя, хто знаёмы з культавым задачнікам Сканаві, могуць уявіць складанасць заданняў).

— Аднак баяцца не варта, — заўважае дацэнт кафедры агульнай матэматыкі і інфарматыкі Віктар Яшкін. — На розных этапах алімпіяды прадэманстраваць свае веды могуць і тыя, хто сур’ёзна захоплены матэматыкай, і тыя, для каго гэта хобі. Дарэчы, алімпіядныя заданні мінулых гадоў выкла­дзены на факультэцкім сайце. З імі можна азнаёміцца і зразумець, што ўсё зусім не страшна.

Дацэнт кафедры функцыянальнага аналізу і аналітычнай эканомікі ММФ Галіна Рамашчанка расказвае, што ў алімпіядзе традыцыйна бяруць удзел навучэнцы Ліцэя БДУ і шэрагу іншых сталічных ліцэяў і гімназій. Вядома, гэта добра: дзеці вельмі падрыхтаваныя, сярод іх ёсць шмат патэнцыяльных студэнтаў мехмата. Але на факультэце хацелі б, каб геаграфія ўдзельнікаў пашыралася і ў алімпіядзе прымалі ўдзел самародкі з рэгіёнаў.

— ЦТ занадта лёгкае, каб вылучыць са­праўдныя матэматычныя таленты (тых, у каго не проста 100 балаў, а 100 з плюсам), — гаворыць Галіна Станіславаўна. — Мы самі шукаем дзяцей з выбітнымі здольнасцямі, бо вельмі хочам бачыць іх на механіка-матэматычным факультэце. Нам прасцей вучыць такіх студэнтаў, яны добра засвойваюць вучэбную праграму і ў будучыні становяцца выдатнымі спецыялістамі.

Другая алімпіяда, якую мехмат право­дзіць для школьнікаў, — па інфарматыцы і вэб-праграмаванні WEBPROG-2020. Яе мэта крыху іншая, чым у матэматычнай, — паказаць, што на факультэце вырашаюцца не толькі глыбокія тэарэтычныя, але і комплексныя прыкладныя задачы. Удзельнікі алімпіяды, якія пройдуць у другі (вочны) тур, змогуць азнаёміцца з сучаснымі лабараторыямі і найноўшымі тэхналогіямі, якія развіваюцца на мехмаце.

Сур’ёзная матэматыка (у гэтай навуцы ММФ — флагман не толькі ў БДУ, але і ў краіне) дазваляе даць студэнтам вельмі моцную базу, што адкрывае перад імі любыя дзверы.

— Кампаніі і банкі ахвотна бяруць на працу выпускнікоў мехмата, бо базавая падрыхтоўка дапамагае ім развівацца ў любым напрамку, — гаворыць Галіна Рамашчанка. — Яны могуць, напрыклад, не ведаць пэўнай мовы праграмавання, якая зараз на піку моды, але з іх базай няма праблем вывучыць гэтую мову і рухацца далей.

Віктар Яшкін кажа, што не толькі работадаўцы, але і абітурыенты і іх бацькі пачалі разумець важнасць фундаментальнай падрыхтоўкі.

— Людзі ўсё больш цікавяцца зместам навучання на факультэце, — адзначыў Віктар Іванавіч. — І калі раней многія думалі, што мехмат дае выключна тэарэтычную падрыхтоўку, то зараз усе ведаюць: тут вывучаюць і вэб-праграмаванне, і механіку, і матэматыку. Гэтыя навукі даюць выпускнікам ключ для таго, каб развівацца ў любой выбранай імі сферы: у эканоміцы, банкаўскім бізнесе, ІТ і іншых.

— Грунтоўная базавая адукацыя — безумоўная перавага, і нашы выпускнікі заўсёды будуць выгадна вылучацца сярод іншых, — працягнуў тэму дэкан Сяргей Басякоў. — Ёсць шмат прыкладаў, калі выпускнікі традыцыйных ужо ІТ-спецыяльнасцей, па­працаваўшы некалькі гадоў, самі пачынаюць шукаць магчымасць, каб дадаткова прайсці курсы па матэматычным аналізе, алгебры, тапалогіі… Здавалася б, чыстая тэорыя, але яна неабходна для развіцця. Нашы выпускнікі атрымліваюць гэтыя веды падчас вучобы.

Сёння на механіка-матэматычным факультэце вельмі моцны прафесарска-выкладчыцкі склад. Тут працуюць 4 акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук, на кожнай кафедры ёсць выбітныя прафесары, многа дактароў і кандыдатаў навук. Актыўна абараняюць дысертацыі маладыя навукоўцы.

Я спытала ў сваіх суразмоўцаў, як хутка студэнты адаптуюцца да насычанага навуковага асяроддзя механіка-матэматычнага факультэта. Як учарашняму школьніку паў­стаць перад вядомым прафесарам, прызнацца, што ў нечым не разабраўся, задаць пытанне, здаць іспыт?

— У нас вельмі добрыя адносіны са студэнтамі, — запэўніла Галіна Рамашчанка. — Калі нейкія тэмы аказваюцца для іх занадта складанымі, праводзім дадатковыя кансультацыі. Заўсёды ідзём насустрач, стараемся дапамагчы. Скажу так: выкладчыкі ў нас строгія, але чулыя.

— Калі з такой складанай матэматыкай яшчэ закруціць гайкі, то можна адбіць цікавасць да вучобы, — заўважыў дэкан. — Таму наладжана двухбаковая сувязь: каб студэнт чуў выкладчыка, а выкладчык чуў студэнта.

Віктар Яшкін адзначыў, што механіка-матэматычны факультэт заўсёды быў асаблівым. Тут сканцэнтравана высокая навука, а гэта выхоўвае людзей — і прафесуру, і студэнтаў.

— Мы з удзячнасцю ўспамінаем сваіх строгіх, але вельмі дасведчаных выкладчыкаў. Яны маглі з ходу сказаць тое, што ў дзесяці кнігах будзеш шу­каць і не знойдзеш. Гэта быў сусветны ўзро­вень! Зрэшты, такім ён застаецца на мехмаце і зараз, — заўважыў Віктар Іванавіч.

Расказваюць, што сярод студэнтаў ММФ ёсць геніі, якім вучоба даецца лёгка. Ёсць і тыя, каму вельмі складана, але яны шмат працуюць, і гэта прыносіць плён.

— Матэматыка лю­біць руплівых, — гаворыць дэкан Сяргей Басякоў. — Талент — гэта добра, але працавітасцю, цярпеннем і ўседлівасцю таксама можна дасягнуць вялікіх  поспехаў.

Трэцяй вясновай падзеяй для абітурыентаў мехмата стане навукова-практычная канферэнцыя “Першы крок у навуку”. Школьнікам прапаноўваюцца тэмы для творчых праектаў, дзе яны змогуць прадэманстраваць свае даследчыцкія якасці ў самых розных сферах.

Уся інфармацыя пра канферэнцыю і алімпіяды ёсць на сайце механіка-матэматычнага факультэта БДУ (дэдлайны хутка, таму зацікаўленым варта паспяшацца). Усе пераможцы інтэлектуальных спаборніцтваў бу­дуць узнагароджаны ганаровымі дыпломамі і памятнымі прызамі.

Галіна СІДАРОВІЧ.