Залатых і сярэбраных медалістаў урачыста павіншавалі ў Гродне. Гэтыя высокія адзнакі ў 2017 годзе атрымалі 152 выпускнікі школ, гімназій і ліцэя. Усяго ў Гродзенскай вобласці 570 чалавек скончылі ўстановы сярэдняй адукацыі з медалямі.
Павіншаваць выпускнікоў прыйшлі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык, настаўнікі, бацькі.
Пажадаў выпускнікам смела ісці наперад, выбраць прафесію па душы, каб атрымліваць ад яе задавальненне, і стаць дастойнымі грамадзянамі краіны намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. Аляксандр Сонгін ад імя ўсіх педагогаў Гродзеншчыны павіншаваў лепшых выпускнікоў вобласці і іх бацькоў з першым у жыцці дасягненнем і заклікаў іх заўсёды памятаць сваіх настаўнікаў, быць удзячнымі сваім бацькам.
Выпускніца 31-й гродзенскай школы Паліна Пілюткевіч згодна з тым, што толькі дзякуючы настаўнікам можна дасягнуць высокіх вынікаў, а ад вучня патрабуецца настойлівасць і працавітасць. Дзяўчына ўжо вырашыла, што будзе паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. У школе яна вывучала англійскую і кітайскую мову, стала прызёрам заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
Адсвяткаваўшы выпускныя вечары, абітурыенты 2017 года ўступаюць у адказны перыяд — праходжання цэнтралізаванага тэсціравання. Няхай усё ў іх атрымаецца і рэалізуюцца самыя смелыя планы!
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.