У гэтым годзе ў краіне з’явілася новая алімпіяда “Крок да інавацый”, а з ёй і новая магчымасць для школьнікаў выпрабаваць сябе. У Інстытуце інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі БНТУ, які стаў арганізатарам гэтага спаборніцтва, дакладна ведаюць, што гэтая адкрытая алімпіяда ні ў якім разе не стане апошняй.
Прабацькам алімпіяды можна назваць знакаміты конкурс “ТэхнаІнтэлект”. Тым не менш у гэтых спаборніцтваў шмат як агульнага, так і адрознага. Так, алімпіяда “Крок да інавацый” складаецца з двух этапаў, на кожным з якіх школьнік дэманструе розныя здольнасці. Калі дакладней, то для ўдзелу ў першым, адборачным, этапе алімпіяды падлеткі прадстаўляюць навукова-тэхнічную работу. Гэтым алімпіяда і падобна да “ТэхнаІнтэлекту”. На другім, заключным, рашаюць задачы па адным з профільных прадметаў — фізіцы, матэматыцы ці хіміі. І гэта ўжо асаблівасць новай алімпіяды.
“Спалучыць творчыя, навуковыя заняткі падлетка з ведамі профільных прадметаў — менавіта ў гэтым заключаецца ідэя алімпіяды”, — адзначае Наталля Пятроўна Воранава, дырэктар Інстытута інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі БНТУ.
“Слова “адкрытая” ў адносінах да спаборніцтва сведчыць пра тое, што прымаць удзел у гэтым конкурсе могуць усе, хто прайшоў рэгістрацыю. Да ўдзельнікаў было толькі адзінае патрабаванне — узроставае”, — удакладняе Наталля Пятроўна.
Алімпіяда “Крок да інавацый” разлічана на патэнцыяльных выпускнікоў. Гэта значыць, што ў адборачным туры, які праходзіў вясной, маглі прымаць удзел школьнікі 10 класаў і навучэнцы папярэдняга перад выпускам года ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Адпаведна, у заключным этапе, які праходзіў з 6 па 7 кастрычніка, удзельнічалі адзінаццацікласнікі і навучэнцы апошняга курса ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія вытрымалі адбор.
Першы этап алімпіяды праводзіўся завочна ў адрозненне ад конкурсу “ТэхнаІнтэлект”, дзе работы абараняліся. Удзельнікі “ТэхнаІнтэлекту” (конкурс прайшоў раней за адборачны тур алімпіяды), якія таксама хацелі паўдзельнічаць і ў “Кроку да інавацый” і падыходзілі па ўзросце, мелі бонус: яны аўтаматычна станавіліся ўдзельнікамі заключнага этапу алімпіяды.
Секцыі алімпіяды крыху адрозніваліся ад секцый конкурсу “ТэхнаІнтэлект”. Так, на алімпіядзе не былі прадстаўлены творча-архітэктурныя кірункі, толькі тэхнічныя, якія адпавядаюць спецыяльнасцям універсітэта і адначасова могуць зацікавіць моладзь. Спаборніцтва вялося па 7 кірунках: “Машынабудаванне”, “Прыборабудаванне”, “Інфармацыйныя тэхналогіі”, “Робататэхніка і інтэлектуальныя сістэмы”, “Энергетыка”, “Інжынерная экалогія” і “Тэхналогія матэрыялаў”.
“Шмат навуковых работ алімпіяднікаў было па энергазберажэнні, утылізацыі смецця, адходаў. У многіх даследаваліся аднаўляльныя крыніцы энергіі. Даволі шмат работ было прысвечана інфармацыйным тэхналогіям, дзе прапаноўваліся праграмы, якія можна выкарыстоўваць у школьным навучанні”, — адзначае Ірына Аляксандраўна Трусава, доктар тэхнічных навук, прафесар, член журы конкурсу “ТэхнаІнтэлект”.
Што да задач, якія рашалі ўдзельнікі алімпіяды, то па сваёй сутнасці яны былі прыкладнымі і мелі інжынерную скіраванасць. “Задачы рашаліся рознымі метадамі. Разважанні некаторых падлеткаў былі вельмі цікавымі і ўражвалі сваёй нестандартнасцю. Разам з гэтым былі і тыя, хто з імі не справіўся”, — гаворыць Алена Казіміраўна Касцюкевіч, намеснік дырэктара Інстытута інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі БНТУ.
“Мы вельмі спадзяёмся, што гэтая алімпіяда атрымае статус рэспубліканскай тэхнічнай алімпіяды. Тады яе пераможцы змогуць станавіцца студэнтамі БНТУ па-за конкурсам”, — працягвае Алена Казіміраўна.
Безумоўна, БНТУ, як і іншыя ўніверсітэты краіны, хочуць у сваіх сценах бачыць творчых, ініцыятыўных маладых людзей, якія ў будучыні змогуць прапанаваць свае інавацыйныя распрацоўкі. Ужо на пачатку 3 курса студэнты гатовы займацца навукай.
“Вельмі хацелася, каб сярод іх былі і гэтыя алімпіяднікі. Так, за кожным таленавітым студэнтам, які трапіў у базу даных адораных дзяцей, ужо на першым курсе замацуюць куратара, які будзе накіроўваць яго ў навуковых даследаваннях”, — гаворыць Алена Казіміраўна.
Прадстаўнікі многіх факультэтаў прымаюць актыўны ўдзел у правядзенні алімпіяды. Сярод іх і прадстаўнікі механіка-тэхналагічнага, дзе таксама зацікаўлены ў разумных дзецях.
“Немагчыма рыхтаваць сучасных інжынераў без камп’ютарнай падрыхтоўкі. Навучыць звычайнага праграміста разумець, што такое электраметалургія, электраметалургія ліцейных сплаваў, складана. Чалавека, які першапачаткова з’яўляецца спецыялістам інжынернага профілю і валодае пакетам прыкладных праграм, навучыць намнога прасцей”, — упэўнены Ігар Аркадзьевіч Іваноў, дэкан механіка-тэхналагічнага факультэта БНТУ.
Трэба адзначыць, што механіка-тэхналагічны факультэт — адзін з нямногіх ва ўніверсітэце, дзе колькасць заявак работадаўцаў перавышае колькасць выпускнікоў. Нават у гэтым не зусім лёгкім для прамысловасці годзе на аднаго выпускніка прыходзіла 2—3 заяўкі. Як гаворыць Ігар Аркадзьевіч, не выпускніка выбіраюць, а ён выбірае работадаўца, якіх хапае як са сталіцы, так і з іншых гарадоў.
Святлана ШЫЯН.
Фота прадастаўлена Інстытутам інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі БНТУ.