Пры выбары прафесіі на абітурыента аказваюць уплыў многія людзі: настаўнікі, знаёмыя, сябры, выпускнікі навучальных устаноў. Нярэдка вызначальным у жыцці ўчарашніх школьнікаў становіцца прыклад бацькоў. І, як паказвае практыка, такі ўплыў — адзін з самых дзейсных. Праходзяць гады, і дзеці становяцца такімі ж прафесійнымі, як іх … цяпер ужо калегі.
Зараз на хімфаку існуе некалькі спецыяльнасцей: “Фармацэўтычная дзейнасць”, “Фундаментальная хімія”, “Навукова-вытворчая дзейнасць”, “Навукова-педагагічная дзейнасць”, “Хімія высокіх энергій”, “Абарона навакольнага асяроддзя” і “Хімія лекавых злучэнняў”. Яны дазваляюць абітурыентам загадзя акрэсліць сферы, у якіх яны хацелі б развівацца, і зразумець, якія спецыялізаваныя веды яны змогуць атрымаць.
Вольга Врублеўская звязана з хімфакам амаль усё жыццё, у літаральным сэнсе: упершыню яна трапіла сюды ў двухгадовым узросце. Маці, сумяшчаючы выхаванне дачкі з навуковай дзейнасцю, часта брала малую з сабой.
— Мяне “выхоўвалі” на хімічным факультэце, — усміхаецца выкладчык. — Давалі мадэлі малекул, індыкатары, бяспечныя злучэнні, якія займалі ўвагу дзіцяці. Было цікава, але хімію ў фокусе будучай прафесіі я пачала разглядаць далёка не адразу — крыху пабойвалася, хоць ведала прадмет лепш за ўсіх у класе, — успамінае Вольга Мікалаеўна.
Побач з дзіцячымі ўспамінамі пра хімічны факультэт — успаміны пра любоў да кніг. Гэтаму памкненню спрыяла ўсё: і цяга да літаратуры, і педагагічная сям’я (бабуля Аляўціна Вараб’ёва — заслужаны настаўнік БССР), і вялікая дзядулева бібліятэка. Як кажа Вольга Мікалаеўна, жаданне чытаць перадалося ад бабулі праз матулю.
У школе Вользе падабаліся літаратуры, англійская мова, гісторыя і геаметрыя — у гэтых прадметах усё было зразумелым. Начытаўшыся твораў Конан-Дойла, яна вырашыла, што будзе следчым: тады малой Вольцы злачынствы і іх расследаванне бачыліся ў рамантычным святле.
— Настаўніцкую дзейнасць я таксама прымярала. “Адточвала” свае навыкі на малодшай сястры: вучыла яе чытаць і пісаць. Гэта быў жыватворны матэрыял. Дарэчы, сястра рэалізавала маю дзіцячую мару стаць следчым. Пасля яна часта расказвала мне, як усё працуе насамрэч, — успамінае Вольга Врублеўская. — Я любіла вучыць і чытаць вершы ўголас, думала, што змагу некалі стаць артыстам. Але бацькі лічылі, што прафесія павінна быць грунтоўнай і да нечага весці. Таму яны прапанавалі варыянт з хімічным факультэтам. Я прыслухалася да іх і пасля заняткаў на падрыхтоўчых курсах пры ўніверсітэце стала студэнткай хімфака.
На той час на хімічным факультэце былі 2 спецыяльнасці — “Вытворчая дзейнасць” і “Педагагічная дзейнасць”. Прадстаўнікоў першай Вольга Мікалаеўна на той час лічыла “звышрозумамі”, бо яны адразу ж скіроўвалі ўвагу на навуковыя пошукі. Да спецыяльнасці “Педагагічная дзейнасць” адносілася больш спакойна, без хвалявання, таму і спынілася на ёй. Але ад навукі не адышла.
Напрыканцы 2 курса студэнты вызначаліся з кафедрай, за якой будуць замацаваны. Дзяўчына ведала, што на кафедры неарганічнай хіміі, дзе працуе мама Таццяна Мікалаеўна, яна не апынецца ніколі: “Я павінна быць самадастатковай!” У выніку даспадобы ёй прыйшлася кафедра радыяцыйнай хіміі.
Праз жыццё навуковец пранесла імёны сваіх педагогаў — Маргарыты Шышонак і Алены Васілеўскай. Для Вольгі Мікалаеўны кожная з іх была прыкладам выкладчыка, цікавага чалавека і эталонам жанчыны.
На думку Вольгі Мікалаеўны, разумны выкладчык не патрабуе ад студэнтаў рашэння звышзадач. І сама педагог імкнецца, каб яе прадмет разумелі, а не проста завучвалі. На занятках нярэдка выкарыстоўвае прыказкі і прымаўкі. Вольга Врублеўская часта паўтарае, што жыццё — гэта барацьба і поспех прыходзіць толькі тады, калі чалавек пераадольвае сябе.
— На занятках люблю шмат актыўнасці. Калі інтарэс студэнтаў не для “птушачкі” і пасля лекцыі сыплюцца пытанні. Я не строгі выкладчык, але калі студэнты прыходзяць да мяне пісаць курсавую ці дыпломную работу — ім прыходзіцца моцна працаваць, — дзеліцца педагог. — Калі маладыя людзі прыходзяць па ўласным жаданні, пасля таго як прачытаю ім курс, радуюся, бо іх, магчыма, удалося нечым зацікавіць, захапіць.
Вольга Врублеўская лічыць, што ў выкладчыцкай дзейнасці важныя цярпенне, здольнасць не заўважаць хібы ці прабелы ў вахаванні. Пры такім падыходзе студэнты назіраюць за іншымі і самі разумеюць, як не трэба сябе паводзіць. А да якасцей добрага студэнта яна адносіць адказнасць, жаданне развівацца, а таксама адсутнасць боязі перад новымі прыборамі і ведамі.
— Зразумела, групы бываюць розныя. З сёлетняй мне асабліва пашанцавала. Ведаеце, кожная пара як свята. Пасля ўдалай лекцыі адчуваеш унутраны пад’ём. Але бывае наадварот, і ўражанне, быццам спрабуеш зрушыць з месца цягнік. У такіх выпадках стараюся мяняць віды дзейнасці пры тлумачэнні матэрыялу, — гаворыць выкладчык.
Сёння Вольга Мікалаеўна — дацэнт кафедры неарганічнай хіміі. І зараз яна не хавае, што Таццяна Мікалаеўна — яе маці, бо мэта — рэалізаваць сябе як самастойнага навукоўца — даўно ўвасобілася ў жыццё. Цяпер яны часта размаўляюць як калегі. Іх курсы перасякаюцца, таму выкладчыкам важна мець агульны пункт гледжання на падачу матэрыялу.
— У сям’і панавалі дух узаемаразумення, цярпімасці, уменне весці дыскусіі, імкненне зразумець іншага. Дзякуючы родным, я зразумела сэнс прымаўкі “Стаўся да людзей гэтак жа, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе” і нясу яго праз жыццё, — падагульняе Вольга Врублеўская.
Вольга Мікаеўна адзначае, што сваю спецыяльнасць (цяпер яна гучыць як “Навукова-педагагічная дзейнасць”) яна б раіла не кожнаму абітурыенту. Да педагагічнай дзейнасці, на думку выкладчыка, павінны быць схільнасці і адпаведныя рысы характару.
— У такога чалавека павінен быць высокі ўзровень самааддачы, гатоўнасць цесна ўзаемадзейнічаць з вучнямі. Зрэшты, ён павінен разумець, што на парах яго могуць “расцягваць” па кавалачках, а аднаўленне сіл адбываецца на тых парах, на якіх студэнты таксама аддаюць сябе. Да педагогікі не кожны мае здольнасці, — лічыць Вольга Врублеўская.
Таццяна Вараб’ёва — першы доктар хімічных навук Беларусі па спецыяльнасці “Хімія цвёрдага цела”. Успаміны Таццяны Мікалаеўны пра дзяцінства таксама пачынаюцца з любові да кніг і заняткаў творчасцю: маленькая Таня пачала складаць вершы адразу пасля таго, як пачала гаварыць.
З выгляду ціхмяная і спакойная дзяўчынка мела моцны ўнутраны стрыжань. І найбольш ён праяўляўся ў адстойванні асабістай прасторы і права на самастойнасць.
— Мы з бацькамі пераехалі ў Мінск з Ленінграда. Тата працаваў метэаролагам (у блакадным Ленінградзе ён рабіў кароткачасавыя прагнозы надвор’я, каб па замерзлай Ладазе маглі праехаць грузавыя машыны з дапамогай гораду), матуля была высакакласным педагогам. Яны заўсёды працавалі, таму мяне часта пакідалі на нянек. Але я ніколі не любіла іх, таму што яны мала займаліся са мной, маглі нават пакінуць у магазіне. І я вяла з імі ціхую вайну, — усміхаецца Таццяна Мікалаеўна. — З пяці гадоў магла застацца дома адна. Рана навучылася чытаць, таму чытала шмат. Калі пачала расказваць маці казкі, якія яна мне не чытала, яна спачатку не верыла.
Пасля працы тата Таццяны Вараб’ёвай пісаў дысертацыю, апрабоўваў уласны прыбор. Дзяўчынцы ўсё было цікава, таму яна засыпала яго пытаннямі. У школу пайшла пазней за сваіх аднагодкаў. Матуля, якая атрымала пасаду загадчыка педагагічнага кабінета сталіцы, хацела, каб у пасляваенным Мінску дачка трапіла да лепшых настаўнікаў. І Таня стала вучаніцай школы № 42 (раней тут вучыўся Жарэс Алфёраў).
— Бацькі імкнуліся даць мне лепшую адукацыю. Яны самі працавалі вельмі многа, і іх працаздольнасць перадалася мне. Памяць была не самай лепшай, таму я старалася трэніраваць яе, завучваючы вершы. 8 гадоў займалася ў музычнай школе па класе фартэпіяна. У старшых класах пачала задумвацца, кім магу быць. Зразумела, што хоць і нядрэнна пішу, але Пушкіна з мяне не атрымаецца. А хацелася стаць Соф’яй Кавалеўскай ці Марыяй Кюры ў сваёй дзейнасці, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Мне добра даваліся хімія (аднойчы педагог сказала, што не святыя гаршкі лепяць, адправіўшы мяне на алімпіяду) і матэматыка. І я задумалася, як можна аб’яднаць іх з уменнем прыгожа пісаць. Матэматыка была добрай падмогай, але было зразумела, што яна выручыць ў чымсьці галоўным. А літаратурныя здольнасці патрэбны ў любой галіне, асабліва ў педагогіцы ці навуцы.
У выніку выбар дзяўчыны, якая скончыла школу з залатым медалём, спыніўся на хімічным факультэце. Таня вырашыла, што, займаючыся хіміяй, яна не расстанецца з філасофіяй, матэматыкай, фізікай, а ўменне пісьменна выказваць свае думкі стане карысным пры напісанні навуковых работ. І ўжо на 1 курсе яе паклікалі ў студэнцкую лабараторыю.
— Тады мне дасталася вельмі карпатлівая, сумная работа. Магчыма, гэта было выпрабаванне на трываласць. Але я падумала, што праз такі этап павінен прайсці кожны вучоны. Пасля нават прыдумала ўласную тэорыю пра крышталізацыю, аформіла ў работу і прынесла яе свайму навуковаму кіраўніку Галіне Антонаўне Папковіч. Яна была шакіравана. Да гэтай пары я не зразумела чаму: не то з-за таго, што гэта быў вынік першакурсніцы, не то з-за смеласці таго, што было напісана ў рабоце. Яна сказала, што мне трэба ісці далей.
На хімфаку спатрэбіліся і арганізатарскія здольнасці студэнткі: яна стала старшынёй студэнцкай навуковай лабараторыі, дапамагала ладзіць навуковыя канферэнцыі, круглыя сталы і сустрэчы студэнтаў розных універсітэтаў, удзельнічала ў самадзейнасці і ўнутраных мерапрыемствах. Здаецца, дзяўчына паспявала ўсюды. Пацвярджэнне гэтага — чырвоны дыплом (Таццяна Мікалаеўна была другой па паспяховасці на курсе) і дыплом “у двух тамах”: адзін — з тэкстам работы, другі — з дадаткамі.
— Самае цікавае — гэта, бясспрэчна, мая праца, навуковая дзейнасць, авалодванне новымі прыборамі, выкарыстанне розных метадаў, — лічыць Таццяна Мікалаеўна.
У адносінах да сваіх студэнтаў прафесар стараецца спалучаць строгасць і індывідуальны падыход. Выкладчык лічыць, што чалавека варта зацікавіць, каб ён выконваў заданні без прымусу, а па ўласным жаданні. Але адсядзецца на яе парах нельга: Таццяна Мікалаеўна часта выклікае студэнтаў на абмеркаванне праблемных пытанняў.
— Калі студэнт нешта недапрацаваў, значыць, выкладчык не змог яму даць заданне па сілах. Мой прынцып — не нашкодзіць і прынесці моладзі як мага больш карысці. Бывае, што прыходзяць з невысокім навуковым узроўнем, але пасля паказваюць добры вынік. Чалавек ідзе ўперад і адчувае смак навукі, — гаворыць Таццяна Вараб’ёва. — Важна зацікавіць студэнта прафесіяй. Спачатку падштурхнуць да думкі, дзеля чаго ён збіраецца нешта рабіць. Моладзь павінна разумець, што іх праца патрэбна.
Наталля Кошалева памятае сябе “паслухмяным дзіцем — марай любых бацькоў”. У маленстве ў дзяўчынкі добра працавала вобразнае мысленне: артыстызм і захапленне маляваннем былі галоўнымі якасцямі школьніцы.
— Рана ці позна ў маім жыцці павінен быў адбыцца выбар на карысць выяўленчага мастацтва ці навукі. Я гэта называю сіндромам Араміса. Мама і тата гісторыкі, таму гісторыя не магла не зацікавіць мяне. Падабаліся і заняткі ў мастацкай школе. Калі патрэбна было адпачыць ад малявання — чытала кнігі па філасофіі і гісторыі, калі ад кніжак — наадварот, — тлумачыць Наталля Уладзіміраўна. — Перад тым як вызначыцца з паступленнем, я зразумела, што няўрымслівае асяроддзе мастакоў не вельмі падыходзіць мне па тэмпераменце. А прывабнасць гісторыі адкрылася для мяне яшчэ ў 7 класе. Аднойчы неабходна было расказаць пра Ота фон Бісмарка замежным гасцям. Калі мой аповед перайшоў на другі ўрок, я зразумела, што пра гістарычныя падзеі магу расказваць бясконца. Таму паступіла ў Ліцэй БДУ, дзе пачала рыхтавацца да паступлення на гістарычны факультэт. Былі думкі паступіць на факультэт філасофіі і сацыяльных навук, але прыклад бацькоў (татавы камандзіроўкі і аповеды, арганізаваныя матуляй дыскусіі) скіравалі мяне на гістфак, — успамінае Наталля Уладзіміраўна.
Адметна і тое, што маленькую Наташу вабіла не толькі да роднага, але і да экзатычнага. Нават у малюнках праглядваліся ўсходнія матывы. Усё залежала ад таго, якія кнігі чытала дзяўчынка (калі Купера — на паперы з’яўляліся індзейцы, калі гістарычныя творы — нараджаліся вобразы, блізкія да культур Кітая ці Японіі). Цікавасць Наталлі Кошалевай да Усходу прасочваецца таксама ў дашкольным узросце, калі бацькі купілі дачцэ зборнік японскіх казак. Свой уплыў аказалі і арабская вязь, з якой малая пазнаёмілася з татавых кніг, і персідскія мініяцюры, якія яна разглядала, яшчэ не ўмеючы чытаць. Нярэдка Уладзімір Сяргеевіч расказваў дачцэ пра свае камандзіроўкі ў арабскія краіны — найперш Егіпет, паказваў фотаздымкі. Гасцямі дома часта былі прадстаўнікі ўсходніх краін.
Цікавасць да дзейнасці бацькоў пазней падагравалася ў дзяўчыне настаўніцай гісторыі. З усмешкай успамінае Наталля Уладзіміраўна і свайго педагога па малюнку мастака Генадзя Сухамлінава. Дарэчы, уплыў выяўленчага мастацтва на жыццё Наталлі Кошалевай відавочны. Нават зараз педагог успамінае вобразы слоў з мінулага: не хто што сказаў, а як сказаў (з якім выразам твару, настроем, у якім месцы).
— На гістфаку даецца класічная адукацыя. Тое, што ты гісторык, вызначаюць спецыялісты розных узроўняў на любых навуковых мерапрыемствах. Тут жывуць традыцыі. Гісторыя дае шмат кіраўнічых навыкаў, да таго ж у моладзі няма праблем з працаўладкаваннем.
— Словы заганяюць нашы ўражанні ў межы, — пераканана педагог.
Паступіўшы ў Ліцэй БДУ, дзяўчына пазнаёмілася з некаторымі са сваіх будучых калег — выкладчыкамі гісторыі Сяргеем Ходзіным і Вячаславам Мянькоўскім. Усё пачутае і ўбачанае ў школьны час у дарослым жыцці стала асновай навуковых пошукаў Наталлі Уладзіміраўны, прывяло да даследаванняў мусульманскай абшчыны ва ўмовах чужога сацыякультурнага асяроддзя, ісламізму, салафізму і інш. Зараз педагог чытае курсы па гісторыі Старажытнга свету, ісламе, новых рэлігіях свету.
— Гісторыя дапамагае мне цікавіцца ўсім, што падабаецца, і трансліраваць гэты вопыт сваім студэнтам. Па кожным пытанні існуе шмат думак, і мне цікава чуць меркаванні, якія адрозніваюцца ад майго, — гаворыць выкладчык. — Мяне заўсёды прыцягвае тое, што не падобна да славянскай культуры, да нашай культуры і менталітэту. Лёгка запамінаю складаныя імёны, люблю назіраць за звычкамі, традыцыямі і паводзінамі людзей, сачыць за сацыяльнымі з’явамі краін Усходу ў сінтэзе.
Педагог лічыць, што ва ўзаемаадносінах са студэнтамі павінна быць раўнавага:
— Не люблю, калі моладзь знаходзіцца ў стане прэсінгу, асабліва ў перыяд сесіі. Не бачу сэнсу ціснуць. Студэнт, які ходзіць на пары, усё ведае. Адзінае, ён можа быць разгубленым у залежнасці ад сітуацыі. Стараюся ў такія моманты задаваць пытанні, скіроўваць на пэўны матэрыял. Пераканана, што, калі ў студэнта ёсць хаця б маленькая іскрынка цікавасці, яе можна бясконца развіваць, — дзеліцца Наталля Уладзіміраўна. — Вельмі важна зацікавіць чалавека. Калі гаворка ідзе пра старажытнасць — правесці аналогію з сучаснасцю, даць зразумець, што старажытныя пакаленні ні ў чым не горшыя і не лепшыя за нас.
Падчас педагагічнага станаўлення Наталля Кошалева часта кіравалася парадамі матулі і таты: трымаць план таго, што хочаш сказаць, і ўважліва адбіраць матэрыял. І зараз бацька і дачка часта раяцца паміж сабой, бо разумеюць адно аднаго, як ніхто, і ў адных і тых жа напрамках бачаць навуковыя праблемы.
Дзяцінства загадчыка кафедры гісторыі новага і найноўшага часу прафесара Уладзіміра Кошалева ўвабрала аповеды родных пра вайну. Гэтую пару і школьны час Уладзімір Сяргеевіч называе лепшай старонкай жыцця. Як многія яго аднагодкі, тады ён любіў скакаць па скірдах сена, бегаць па лесе і лузе.
— Дзяцінства і школа — мае галоўныя ўніверсітэты і акадэміі, платформа, на якую абапіраўся ўвесь наступны вопыт. Многае з вывучанага тады памятаю сёння, — прыгадвае педагог.
У той час падлетка вабілі мовы і літаратуры — юнак быў вельмі ўражаны сваімі настаўнікамі — Міхаілам Гуткоўскім і Марыяй Гарэйка. Гісторыю ж ён успрымаў як аповед — тое, што натуральна існуе само па сабе. Пра яе ролю ў грамадстве Валодзя не задумваўся, пакуль у школьную праграму не ўвялі грамадазнаўства. І хлопец зразумеў, што, ведаючы гісторыю, ён атрымлівае інструмент аналізу і разумення рэчаіснасці. Тады ж старшакласнік цікавіўся генезісам у розных дысцыплінах. Неаднойчы гэтым карысталіся малодшыя вучні: нярэдка спынялі юнака ў калідоры, засыпаючы яго пытаннямі.
У 8 класе хлопчык напісаў першую паэму. З часам, ужо ў дарослым узросце, пераклаўшы верш Ніцшэ “Сутнасць чалавека”, Уладзімір Кошалеў зразумеў, што аўтар уклаў у верш такую ж думку, як і ён тады. Другой фантастычнай аповесцю зачытваліся аднакласніцы.
З пераходам у 9 клас Валодзя вырашыў паступаць у БДУ. Ён разглядаў два варыянты: юрыдычны або гістарычны факультэт. На юрыдычны ў той час набіралі толькі са стажам, таму хлопец скіраваў свае сілы на паступленне на гістфак.
— Паспяховасць была добрай, але выдатнікам я не быў. І паступленне на гістфак на той час было цудам. Магчыма, адбілася, што я вучыў тое, што падабалася мне, адбіраў толькі той матэрыял, які быў мне даспадобы, — расказвае Уладзімір Сяргеевіч. — Веды маюць прыцягальную сілу не менш, чым матэрыяльныя каштоўнасці і пачуцці.
Уладзімір Сяргеевіч адзначае, што наконт яго навуковага шляху ніколі не было сумненняў. Здавалася, што ўвесь час яго нехта вядзе, падказвае, скіроўвае.
— Гісторыя — больш чым навука, бо яна не паддаецца дакладнаму вызначэнню. Гэта не нанізванне фактаў у кантэксце прычынна-выніковых сувязей. Яна ўсюды і ва ўсім, як царыца гуманітарных навук, бо да яе звяртаюцца даследчыкі з розных галін, — перакананы Уладзімір Кошалеў.
— Вялікую ролю адыграў мой навуковы кіраўнік прафесар Мікалай Палеціка (пад кіраўніцтвам Мікалая Паўлавіча Уладзімір Сяргеевіч пісаў курсавыя і дыпломную работу па гісторыі Германіі). Дыпломная работа па водгуках іншых была асновай будучай дысертацыі. Але ў аспірантуру я паступаў ужо на іншы напрамак — гісторыя сучаснага Усходу. Прыйшлося цалкам змяніць спецыялізацыю. Трэба было вучыць мову, культуру і гісторыю пэўнай краіны. Выбіраў паміж Кітаем, Іранам і Егіптам. У выніку спыніўся на арабскіх краінах, — адзначае прафесар.
Пасля гэтага Уладзіміра Сяргеевіча чакаў насычаны шлях: навучанне ў Інстытуце ўсходніх моў пры МДУ імя М.В.Ламаносава (зараз — Інстытут краін Азіі і Афрыкі), удасканальванне арабскай мовы ў Каірскім універсітэце, падрыхтоўка шэрагу манаграфій і вучэбных дапаможнікаў па сусветнай гісторыі для сярэдняй школы і інш.
Уладзімір Сяргеевіч прызнаецца, што жаданне дачкі стаць гісторыкам ён успрыняў з энтузіязмам, радасна. У нейкай ступені нават стаў ініцыятарам гэтага: прафесар хацеў бачыць свой працяг у некім, дзяліцца ўласным досведам і ведамі.
— Наталля Уладзіміраўна ідзе вузкаскіраваным, але сваім шляхам. Часта яна ўздымае такія пытанні, за якія я не ўзяўся б ніколі. Яна заняла ўласную нішу, — гаворыць Уладзімір Кошалеў.
Прафесар гаворыць, што, калі апытаць 10 выкладчыкаў, усе яны агучаць прыблізна аднолькавыя якасці, патрэбныя для паспяховай работы са студэнтамі. Сам жа Уладзімір Сяргеевіч называе прафесіяналізм, шчырасць і ўсё, што звязана з ёй, — прыстойнасць, адсутнасць злапамятнасці і ўменне прабачаць.
— На першым месцы ў любых адносінах павінна быць справядлівасць. Калі б гэты канцэпт быў даследаваны, у свеце не засталося б праблем. Мера справядлівасці — самае складанае пры камунікацыі. Таксама варта быць стрыманым, наколькі дазваляе сітуацыя. Выкладчык павінен быць прыкладам, таму патрэбна, каб у ім усё было суразмерна, — перакананы Уладзімір Сяргеевіч.
Гэта тэорыя сведчыць сама за сябе: прафесар падрыхтаваў 9 дактароў і 37 кандыдатаў навук, сярод якіх і замежныя суіскальнікі.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.