Тэрытарыяльная — не значыць адукацыйная перыферыя

Прафесія ўрача заўсёды была прэстыжнай. Таму ўступная кампанія ў медыцынскія ўніверсітэты праходзіць крыху прасцей, чым ва ўстановы іншага профілю. Аднак універсітэтам усё роўна даводзіцца змагацца за абітурыентаў і падтрымліваць свой аўтарытэт. Так, у кожным беларускім медыцынскім універсітэце ёсць свае асаблівасці, поспехі і планы на будучыню.

Ад лабараторыі практычнага навучання да сваёй клінікі

У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце будучых урачоў рыхтуюць на 4 факультэтах: лячэбным, медыка-дыягнастычным, медыка-псіхалагічным і педыятрычным.
“Лячэбная справа” — гэта базавая спецыяльнасць, якая ёсць ва ўсіх медыцынскіх універсітэтах. Адрозніваюцца толькі лічбы набору. Па лячэбных спецыяльнасцях мы рыхтуем усіх спецыялістаў, якія ёсць у Беларусі: і педыятраў, і псіхіятраў, і дыягностаў. Адзінае, каго мы не рыхтуем, — стаматолагаў. Гэта спецыфічная галіна, якой мы і не плануем займацца”, — расказаў першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віталь Уладзіміравіч Вараб’ёў.
Дарэчы, урачоў-педыятраў для сістэмы аховы здароўя рыхтуюць у двух універсітэтах — Гродзенскім і БДМУ.
Спецыялістаў, якія могуць працаваць урачамі лабараторнай або прамянёвай дыягностыкі, рыхтуюць у Гродне і Гомелі. “Асноўная колькасць студэнтаў па гэтай спецыяльнасці займаецца ў Гомелі, суадносіны прыблізна 1:2”, — расказаў першы прарэктар ГрДМУ.
Ёсць спецыялісты, якіх рыхтуюць толькі ў Гродне, — маецца на ўвазе навучанне на факультэце медыка-псіхалагічнай справы. “Мы выпускаем нарколагаў і псіхатэрапеўтаў. Гэта вельмі вузкае кола спецыялістаў”, — расказаў Віталь Уладзіміравіч.
“Мы чулі шмат добрых водзываў пра выпускнікоў факультэта, якія раз’ехаліся працаваць па ўсёй краіне. Яны практычна адразу гатовы да прафесіі”, — дадаў першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Калі гаварыць “толькі”, то варта ўзгадаць і спецыяльнасць “Сястрынская справа”, па якой рыхтавалі медсясцёр з вышэйшай адукацыяй. Праўда, з гэтага года спецыяльнасць закрылі.
“У суседніх краінах практыка падрыхтоўкі медыцынскіх сясцёр з вышэйшай адукацыяй існуе. Упэўнены, што ў нас гэтая спецыяльнасць таксама вернецца. Медыцынскім сёстрам, якія працуюць у хірургіі, рэанімацыі, патрабуецца больш высокі ўзровень падрыхтоўкі, чым простым медыцынскім сёстрам”, — патлумачыў Віталь Уладзіміравіч.
Расказваючы аб падрыхтоўцы будучых урачоў, Віталь Уладзіміравіч не мог не расказаць аб лабараторыі практычнага навучання, якая была адкрыта некалькі гадоў назад. “Мы закупілі серыю сучасных манекенаў і імітатараў медыцынскіх маніпуляцый, сімулятараў складаных медыцынскіх спраў. Цяпер студэнты могуць асвойваць асноўныя медыцынскія навыкі пачынаючы ад простых ін’екцый, накладання хірургічных швоў да розных тэхнік догляду пацыентаў, а таксама праводзіць розныя абследаванні”, — расказаў першы прарэктар ГрДМУ.
“Мы першыя зрабілі такую лабараторыю, чым вельмі ганарымся. У сярэднім за месяц праз яе праходзяць каля тысячы студэнтаў. Імітатары падзелены на блокі: ёсць блок анестэзіялогіі, хірургіі, блок акушэрства і гінекалогіі, блок тэрапіі”, — дадаў Віталь Уладзіміравіч.
“Зараз у нас функцыянуе больш за 20 клінічных кафедраў, дзе выкладчыкі займаюцца лячэбнай работай. Пакуль мы працуем на арандаваных базах, аднак імкнёмся адкрыць і сваю клініку”, — патлумачыў Віталь Уладзіміравіч.

Выкладчыкі — гэта працуючыя ўрачы

“У нас самы вялікі набор на лячэбны факультэт у параўнанні з іншымі медыцынскімі ўніверсітэтамі. Як правіла, 600 чалавек. Самы вялікі набор і на фармацэўтычны факультэт”, — расказала прарэктар па вучэбнай рабоце і міжнародных сувязях Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Наталля Юр’еўна Канявалава.
Пасля заканчэння фармацэўтычнага факультэта студэнты, якія размяркоўваюцца па ўсёй краіне, атрымліваюць дыплом правізара. “У нас добрыя сувязі з РУП “Фармацыя”, якое на 80-годдзе ўніверсітэта аказала нам спонсарскую дапамогу на набыццё падручнікаў”, — расказала Наталля Юр’еўна.
Выпускнікі гэтага факультэта могуць працаваць на фармацэўтычных прадпрыемствах, у аналітычных лабараторыях. Аднак большая частка ідзе працаваць у аптэкі.
У Віцебскім медыцынскім універсітэце, як і ў Мінску, ёсць стаматалагічны факультэт. “Апошнія два гады мы набіралі толькі замежных студэнтаў. З гэтага года аднавілі набор і для беларусаў. Набіраць будзем 10 чалавек на платную форму”, — падзялілася прарэктар па вучэбнай рабоце і міжнародных сувязях.
Наталля Юр’еўна звярнула ўвагу і на факультэт псіхалогіі і педагогікі, які ёсць толькі ў Віцебскім медыцынскім універсітэце. “Як правіла, усе нашы выкладчыкі — урачы ці правізары. Менавіта на гэтым факультэце яны праходзяць перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Педагог”. Таксама тут актыўна праходзяць навучанне выкладчыкі медыцынскіх каледжаў. Ва ўніверсітэце працуе і лабараторыя інавацыйнай педагогікі”, — паведаміла Наталля Юр’еўна.
Прарэктар таксама расказала, што ва ўніверсітэта ўжо ёсць свая клініка, якая мае вялікае значэнне для падрыхтоўкі студэнтаў.

Малады і аўтарытэтны

Самы малады медыцынскі ўніверсітэт краіны, якому сёлета споўніцца 25 гадоў, аўтарытэт сярод абітурыентаў і іх бацькоў ужо напрацаваў. Нягледзячы на складанасці апошняй уступнай кампаніі, Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт завяршыў яе з традыцыйна высокім конкурсам.
“Па прахадным бале мы ўступаем толькі БДМУ, з астатнімі паспяхова канкурыруем”, — гаворыць прарэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па выхаваўчай рабоце Аляксандр Уладзіміравіч Талкуноў.
Амаль чвэрць стагоддзя назад універсітэт у літаральным сэнсе пачынаўся з нуля. У Гомель прыязджалі спецыялісты з іншых гарадоў — Віцебска, Гродна, Мінска, — якія і стваралі кафедры, факультэты, арганізоўвалі вучэбны працэс.
Зараз ва ўніверсітэце вучацца студэнты на лячэбным, медыка-дыягнастычным факультэце, факультэце падрыхтоўкі спецыялістаў для замежных краін, а таксама даўніверсітэцкай падрыхтоўкі.
Дарэчы, каля 60% замежных студэнтаў Гомельшчыны вучацца менавіта ў медыцынскім універсітэце. “Студэнтаў-замежнікаў у нас шмат — з Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Індыі, Нігерыі, Перу… Усяго з 26 краін свету. Гэта таксама гаворыць аб узроўні нашай падрыхтоўкі”, — расказвае Аляксандр Уладзіміравіч.
Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт супрацоўнічае з рознымі медыцынскімі, навуковымі ўстановамі. Цесныя сувязі наладжаны з Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам радыяцыйнай медыцыны і экалогіі, дзе студэнты маюць магчымасць асвойваць медыцынскія тэхналогіі і практыкавацца па будучай спецыяльнасці, выкарыстоўваючы сучаснае медыцынскае абсталяванне сусветнага ўзроўню. У цэнтры размешчаны некаторыя кафедры ўніверсітэта.
У 2013 годзе ў Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адкрыўся прафесарска-кансультацыйны цэнтр, дзе высокакваліфікаваныя выкладчыкі кансультуюць пацыентаў.
“Галоўная мэта нашага ўніверсітэта — падрыхтоўка спецыялістаў еўрапейскага ўзроўню. Мы імкнёмся да таго, каб наш універсітэт каціраваўся не толькі ў Беларусі, але і ў краінах блізкага і далёкага замежжа”, — гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч.

Як стаць хірургам?

Аб гэтым нам расказаў першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віталь Уладзіміравіч Вараб’ёў. Так, на педыятрычным факультэце ГрД МУ рыхтуюць як педыятраў, так і дзіцячых хірургаў.
“Каб стаць дзіцячым хірургам, на 6-м курсе педыятрычнага факультэта фарміруецца асобная група так званай субардынатуры. Цэлы год студэнты спецыялізуюцца менавіта па хірургічным кірунку”, — расказаў Віталь Уладзіміравіч.
На 6-м курсе лячэбнага факультэта студэнты таксама могуць трапіць у спецыялізаваныя субардынатуры. “Так, ёсць групы па акушэрстве і гінекалогіі, хірургіі, анестэзіялогіі і рэаніматалогіі, а таксама тэрапіі. У хірургічныя групы праходзяць лепшыя студэнты”, — расказаў першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віталь Уладзіміравіч Вараб’ёў.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.