У 60 усё толькі пачынаецца

“У нас тут дамашняя атмасфера”, — нярэдка чуецца ад студэнтаў,  выкладчыкаў і выпускнікоў фізічнага факультэта БДУ. Пераканацца ў гэтым змог кожны, хто ў межах святкавання 60-годдзя падраздзялення наведаў тыдзень навуковых і забаўляльных мерапрыемстваў у гонар юбілею.

— Вялікі плюс працы выкладчыка — гэта зносіны са студэнтамі, адчуванне іх аўры, — перакананы дэкан фізічнага факультэта прафесар Віктар Анішчык. — Незалежна ад змен у дзяржаве ці ў звычаях грамадства моладзь заўсёды наперадзе: выкладчыкі пераймаюць у іх новыя павевы часу. А моладзь у залежнасці ад інтарэсаў вучыцца пэўным “фішкам” педагогаў.

Фізік — пра лірыку і не толькі

Шэраг сустрэч на факультэце адкрыў яго выпускнік, сузаснавальнік міжнароднай кампаніі EPAM Systems, дыджэй радыё “Бі-Эй” Леанід Лознер. У жартаўлівай форме прамоўца заўважыў, што ў іншых краінах аўдыторыі запаўняюцца знізу ўверх, а ў Беларусі — наадварот. Бізнесмен выказаў надзею на тое, што, магчыма, яго выступленне стане для некага невялікім імпульсам.

Першы ўспамін, звязаны з яго фізічнай будучыняй, Леанід Лознер адносіць да 1974 года, калі ён вучыўся ў 7 класе. Тады на ўрок да дзяцей завітаў акадэмік Красін — а-дзін са стваральнікаў савецкай ядзернай энергетыкі. Ён прынёс з сабой японскі кішэнны калькулятар. Тое, што школьнікі адчувалі ў той момант, па словах выступоўцы, было значна больш красамоўным за рэакцыю сучасных маладых людзей на прэзентацыю новага айфона. Больш за ўсё малога Лёню ўразіла тое, што калькулятар паказваў квадратныя карані. І малому захацелася даведацца, як гэта працуе. Да таго ж на выбар спецыяльнасці таксама паўплывала матуля-матэматык і прыклад выдатнага школьнага настаўніка фізікі.

Госць расказаў студэнтам пра старшыя курсы на факультэце, няскончаную аспірантуру, першыя крокі сваёй кампаніі.

— Хто-небудзь глядзеў “Аўтастопам па Галактыцы?” — спытаў прысутных Леанід Лознер, дзелячыся з маладымі людзьмі невялікай хітрасцю. — Там камп’ютар, якому задалі пытанне пра жыццё, смерць і сусвет, адказаў: “42” (некаторыя аматары фільма выказваюць тэорыю аб тым, што арыфметычны выраз 69=42 беспамылковы, калі прымяняць трынаццатэрычную сістэму падліку замест агульнапрынятай дзесятковай). Калі ў прафесійных колах вам нехта не патлумачыць, што гэта значыць, задумайцеся, ці варта працягваць зносіны з гэтым чалавекам.

Былы выпускнік фізфака назваў НДІ ядзерных праблем БДУ, дзе ён некаторы час працаваў, калыскай EPAM Systems, бо менавіта адтуль у кампанію прыйшлі яе першыя супрацоўнікі. Леанід Яфімавіч адзначыў, што без глабалізацыі кампаніі магло не існаваць увогуле, а на пачатку дзейнасці яго каманда займалася тым, што ў той момант яшчэ не было запатрабаваным. Гэта, па словах бізнесмена, і стварыла ДНК кампаніі.

Студэнты не абмінулі магчымасці задаць лектару пытанне пра яго кнігу “The Beatles: гісторыя ў песнях”.

— Аднойчы да мяне ў рукі трапіла кніга пра The Beatles, напісаная Хантэрам Дэвісам на аснове шматлікіх інтэрв’ю з ліверпульскай чацвёркай, — узгадаў Леанід Лознер. — Я быў вельмі ўражаны ёй, таму пераклаў усе 500 старонак на рускую мову. Мы з таварышам зрабілі яе рэдактуру і адправілі тэкст у часопіс “Ровесник”. І гэта ўсесаюзнае выданне, тыраж якога складаў 900 тысяч экзэмпляраў, надрукавала некаторыя ўрыўкі.

Бізнесмен прызнаецца, што яго аўтарства — гэта перабольшанне, паколькі ён яе скампіляваў. Па словах Леаніда Яфімавіча, сам ён мог напісаць толькі пра ўспрыманне групы савецкай моладдзю.

— Я нарадзіўся і вырас у Мінску, атрымаў тут адукацыю, пабудаваў кар’еру і ніколі не меў пачуцця другараднасці ці правінцыяльнасці, нягледзячы на тое, што шмат маіх сяброў са студэнцтва займаюць высокія навуковыя пасады ва ўніверсітэтах свету. Я ведаў, што магу рабіць тое, што робяць людзі ў іншых краінах, і 25-гадовая гісторыя існавання кампаніі доказ гэтага, — падсумаваў прамоўца. — Кім бы вы ні сталі ў будучыні, куды б ні занесла жыццё, калі зараз у вас ёсць магчымасць скончыць аспірантуру ці магістратуру, абавязкова зрабіце гэта: непатрэбных ведаў не бывае.

Цікавым перапынкам паміж гаманлівымі майстар-класамі і сустрэчамі стала выстава галаграм (аб’ёмных выяў, створаных з дапамогай лазера, якія паўта-раюць пэўны аб’ект) “Скарбы зямлі беларускай”. Экспазіцыя сустракала дапытлівых наведвальнікаў унікальнымі карцінамі 3D-фармату з калекцыі кампаніі “Магія святла”. Сярод незвычайных экспанатаў можна было ацаніць памеры зуба 20-гадовага маманта, пазнаёміцца з адноўленым вобразам першай птушкі на планеце, а таксама дакрануцца да духоўнага свету праз выявы Крыжа Ефрасінні Полацкай, пояса князя Вітаўта, абраза Жыровіцкай Божай Маці і інш.

А паспрабаваць уласныя сілы ў спаборніцтвах з выкладчыкамі студэнты фізфака змаглі ў гульнях “Форт-Фізфак” і “Што? Дзе? Калі?”.

— Хлопцы і дзяўчаты адказвалі шпарка, здорава. Студэнты перамаглі нас, чым мы вельмі задаволены, — адзначыў дэкан фізічнага факультэта прафесар Віктар Анішчык.

— Наша лепшае дасягненне — выпускнікі, — перакананы дэкан фізічнага факультэта Віктар Анішчык. — З нашых сцен выйшлі 5 Герояў Сацыялістычнай Працы, больш за 50 акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў акадэмій навук Беларусі, БССР, СССР. Толькі гэтага было б дастаткова, каб ахарактарызаваць фізічны факультэт. Гэтыя выпускнікі, дзякуючы ведам, атрыманым тут, змаглі перадаць вопыт ужо сваім вучням па ўсёй краіне.

Віктар Міхайлавіч адзначае, што студэнты, якія вучыліся некалькі дзесяцігоддзяў назад, былі больш самастойнымі, адказнымі і матываванымі да вучобы, чым моладзь зараз, але называе гэта праблемай не канкрэтнага факультэта, а ўсеагульнай тэндэнцыяй.

— Мэтанакіраваных студэнтаў менш, хоць узровень развіцця сучасных маладых людзей большы за ўзровень іх папярэднікаў (гэта абумоўлена рэчаіснасцю — новымі тэхналогіямі, тэмпам жыцця і г.д.), — гаворыць дэкан. — Ім здаецца, што яны ўсё могуць самі, хаця пры сутыкненні з сур’ёзнымі пытаннямі аказваецца зусім наадварот. Гэта адбіваецца і на наведванні пар, і на адносінах да выкладчыка не як да носьбіта і перадатчыка ведаў, а як да чалавека, які трансліруе непатрэбную інфармацыю. Але ў цэлым усе яны цудоўныя дзеці, за якіх мы гарой. Працэнт тых, хто прыйшоў у прафесію свядома, пераважае. Дзякуючы такім студэнтам адбываецца прагрэс.

Галоўнае, лічыць Віктар Анішчык, у тым, каб навучыць студэнтаў вучыцца, бо чалавек з пункту гледжання ведаў можа ацэньваць сябе аб’ектыўна толькі праз пэўны час пасля заканчэння ўніверсітэта, калі сутыкнецца з рэальнымі прафесійнымі задачамі. І ў тым, каб стаць для моладзі чалавечым прыкладам у іх жыцці.

“Стрэс для прынцэс” ці “Нашэсце касмічных коцікаў”

Працягам тыдня стала правядзенне V Міжнароднай “Антынавуковай канферэнцыі”, дзе з дапамогай навуковай тэрміналогіі, але нефармальна, студэнты раскрывалі перад сваімі сябрамі пытанні, прысвечаныя фізічным з’явам і разнастайным парадоксам. Сёлета галоўнымі людзьмі сустрэчы сталі 4 хлопцы і 2 дзяўчыны з розных факультэтаў БДУ.

Першы з іх — студэнт хімічнага факультэта Іван Дубовік, актыўны дзеяч аргкамітэта дня хіміка. У сферу яго навуковых інтарэсаў на канферэнцыі ўвайшла кінетыка вывядзення ніжэйшых спіртоў з крыві чалавека.

Настасся Ляўданская — аспірант-генетык з біялагічнага факультэта. Па словах дзяўчыны, з фізікай яе звязвае тое, што некалі яна вучылася ў фізіка-матэматычным класе і таму да фізікаў да гэтай пары захавала цёплыя адносіны. Біялогію Насця выбрала праз цікавасць да генетыкі. Да гумару яна адносіцца станоўча, лічыць, што ў даследаваннях без яго нікуды. Ды і ў творчым багажы дзяўчыны — гады гульні ў КВЗ, які зараз замяніў “БіяТэатр” (невялікі калектыў, дзе ставяцца вясёлыя спектаклі на біялагічную тэматыку).

Яўген Адамейка любіць працаваць з электронна-тэхнічнымі “жалезкамі”. Сам хлопец называе сябе лайдаком, які калі-нікалі здольны ўзяць сябе ў рукі і з галавой акунуцца ў дзейнасць, якая яго зацікавіла. Але гэта, хутчэй за ўсё, ад сціпласці: Жэня неабыякавы да ўсемагчымых інтэлектуальных конкурсаў (так, напрыклад, юнак неаднаразова прымаў удзел у Рэспубліканскім турніры юных матэматыкаў розных гадоў, алімпіядах па фізіцы і матэматыцы).

Марыя Кальчэўская займалася навукай і ўдзельнічала ў канферэнцыях са школьных гадоў, што і паўплывала на выбар факультэта — ФРіКТ. Зараз яна вучыцца і працуе ў Інстытуце прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі і лічыць сваю дзейнасць марай. Дзяўчына пераканана, што навука — гэта той правільны спосаб, з дапамогай якога можна задаволіць уласную дапытлівасць. На сустрэчы Марыя Кальчэўская выступіла з дакладам “МУТЬ” (“Марсіянская ўніверсальная тэорыя”), назваўшы сябе прадстаўніком “камітэта расследавання з’яў пры падтрымцы лабараторыі сакрэтных спраў”.

Мікалай Юцоў сам некалі быў у аргкамітэце дзён фізіка БДУ, зараз жа ён кваліфікаваны спецыяліст у галіне крыптаграфіі. Сцэнічнае майстэрства і навука заўсёды былі неад’емнай часткай захапленняў хлопца, а ў гэты дзень сышліся ў яго дакладзе.

— Упэўненасць у сабе і пазітыў сыходзяць ад Колі з неверагоднай сілай, якую цяжка перамагчы, — расказваюць пра хлопца знаёмыя.

Мікіта Паўлюкевіч, як і яго калегі, таксама рознабакова развітая асоба. Ён сумяшчае гумар, захапленне дыджэінгам і вучобу на фізфаку, мае славу вопытнага гульца КВЗ, бо, як жартуюць на фізічным факультэце, першыя яго словы былі жартамі. Хлопец не проста быў удзельнікам “Антынавуковай канферэнцыі” мінулага года, але і стаў яе пераможцам. Перад прысутнымі малады чалавек выступіў з дакладам “Лабараторная для душы”, падаўшы свой аповед у паэтычных радках.

Ацэньвала таленавітых і крэатыўных маладых людзей строгае журы, у якое ўвайшлі “мясцовы Эйнштэйн фізічнага факультэта” Мікалай Гарбачук, здольны канформна адлюстраваць “шар на плоскасць, кацяня на дракончыка і пераздачу на ведамасць” Ігар Цімошчанка, “фізік сусветнага маштабу, які здольны разгледзець днём Венеру і розум у студэнтах” Максім Шундалаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі Павел Грынчук, старшыня савета маладых вучоных фізічнага факультэта Аляксандр Фядотаў і лорд аргкамітэта дня фізіка (чалавек, які мае вялікія заслугі перад камітэтам) Канстанцін Клішчанка.

Паглядзець на выступоўцаў “Антынавуковай канферэнцыі”, а таксама падтрымаць іх завіталі і яе былыя ўдзельнікі. Студэнтка факультэта журналістыкі Надзея Мархель удзельнічала ў канферэнцыі два гады запар. Летась яе тэмай стала даследаванне “Стрэс для прынцэс”. Пасля сур’ёзнага даследавання механізмаў стрэсу ў курсавой рабоце яна дакладна зразумела, наколькі ён можа быць разбуральным. Дзяўчына расказвала пра сродкі, з дапамогай якіх можна выходзіць з падобнага стану. У пазамінулым годзе яна раскрывала перад публікай тэму пра абдымкі. І работа студэнткі была названа самай цікавай.

— Я не даведвалася спецыяльна, якія тэмы і спікеры будуць тут сёння, проста хацелася паглядзець на ўсё свежым вокам, — падзялілася чацвёртакурсніца. — Не скажу, што былі тэмы, блізкія мне, але з выступоўцаў найбольш спадабалася Марыя Кальчэўская. У ёй я знайшла цікавае спалучэнне дзявочай лагоднасці і ў той жа час экспертнасці. Маша выдатна адказвала на ўсе пытанні, што не магло не выклікаць захаплення.

Дзмітрый Навумаў з фізфака не паспеў зарэгістравацца на канферэнцыю, але хлопец перакананы, што ў наступным годзе ён зможа пабыць у ролі дакладчыка “Антынавуковай канферэнцыі”.

— Мерапрыемства не можа не падабацца, — дзеліцца ўражаннямі студэнт. — Мне вельмі падабаецца падобная скіраванасць такіх праектаў. З цікавасцю слухаў усіх выступоўцаў, але больш за ўсіх хацеў бы вылучыць Івана Дубовіка, які вывучаў уплыў алкаголю на арганізм чалавека. Ваня цудоўна справіўся з задачай: па-першае, прадаставіў інфармацыю сапраўды ў навуковай форме, па-другое, дзякуючы харызме, заўсёды трымаў кантакт з аўдыторыяй. Мікіта Паўлюкевіч таксама цікава падаў матэрыял. Мне падаецца, што вершаваны праект — толькі адна з яго шматлікіх ідэй. Адчуваецца яго вопыт і аб’ём зробленай работы. Ён таксама зацікавіў аўдыторыю, аднак, на маю думку, яго праект не зусім упісваўся ў фармат “антынавучкі”.
У выніку сустрэчы “антынавукоўцаў” на вяршыні п’едэстала перамогі другі раз апынуўся Мікіта Паўлюкевіч, “серабро” адправілася да Мікалая Юцова, а Марыя Кальчэўская з трэцім месцам закрыла тройку лепшых.

— Эмоцыі пасля праекта засталіся неперадавальныя, — падзялілася Марыя Кальчэўская. — Дзе яшчэ ты зможаш расказваць казкі ў навуковым стылі і з сур’ёзным тварам, а ўсе навокал будуць уважліва слухаць ды яшчэ падтакваць.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.

 

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*