У педагогіку павінны ісці лепшыя

У сучасным свеце вельмі важна валодаць замежнымі мовамі, і чым больш моў ты ведаеш, тым шырэйшыя магчымасці, якія адкрывае перад табой жыццё.

Знаўцы сцвярджаюць: каб на належным узроўні авалодаць той ці іншай мовай, неабходна палюбіць яе. І першы, хто можа закласці гэтую любоў, — настаўнік. Менавіта гэтаму вучаць у Рэчыцкім дзяржаўным педагагічным каледжы. Падрыхтоўка настаўнікаў-замежнікаў — адметнасць педкаледжа.

Крыху гісторыі

Былое Рэчыцкае педагагічнае вучылішча першым у Гомельскай вобласці атрымала статус каледжа. Адбылося гэта на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Адсюль пачаўся новы этап у развіцці ўстановы адукацыі. Услед за гэтай падзеяй рушылі і карэнныя змены ў якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. Была адкрыта новая спецыяльнасць “Замежная мова”, па якой пачалі весці падрыхтоўку настаўнікаў англійскай і нямецкай моў. А дагэтуль тут рыхтавалі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, пераважна для раёнаў, пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы. На той момант па сваёй спецыфіцы гэта была адзіная падобная ўстанова ў краіне з эксперыментальным вучэбным планам.
Адміністрацыя і выкладчыкі разумелі, што пераўтварэнне ўстановы ў каледж — не простая змена шыльды, а найперш удасканаленне сістэмы навучання, змены ў падрыхтоўцы кадраў, абнаўленне вучэбна-матэрыяльнай базы, укараненне камп’ютарных тэхналогій. Менавіта над гэтымі задачамі і працаваў педагагічны калектыў.

Зараз навучанне ва ўстанове вя­дзецца па спецыяльнасцях “Беларуская мова і літаратура” (спецыялізацыя “творчая дзейнасць”) і “Замежная мова (англійская, нямецкая)”. У гэтым навучальным годзе, які, дарэчы, стаў для каледжа юбілейным, тут распачата падрыхтоўка па новай спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” са спецыялізацыяй “замежная мова”.

Без практыкі няма спецыяліста

Як кажуць самі выкладчыкі, іх каледж — гэта асаблівая ўстанова адукацыі, пераступіўшы парог якой навучэнцы трапляюць у іншы свет, дзе патрабуецца строгасць і дзелавітасць, ініцыятыва і творчасць.

— Любы спецыяліст, у тым ліку і настаўнік, павінен быць канкурэнтаздольны, і менавіта такога педагога мы павінны падрыхтаваць, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вікторыя Торра. — Якім павінен быць настаўнік, якія патрабаванні да яго прад’яўляе сучасны свет — для Рэчыцкага педагагічнага каледжа гэтыя пытанні з’яўляюцца галоўнымі з моманту заснавання. За 25 гадоў змест падрыхтоўкі навучэнцаў шмат у чым змяніўся, але будучых настаўнікаў па-ранейшаму вучаць усведамляць каштоўнасць і значнасць сваёй прафесіі, быць творчымі і пастаянна пацвярджаць высокі ўзровень майстэрства.

Важнае значэнне ва ўстанове адукацыі надаецца практычнай падрыхтоўцы.

— Мы бачым, што абралі правільны кірунак, — расказвае дырэктар Рэчыцкага педкаледжа Людміла Ягорава. — Добрую практычную падрыхтоўку нашых выпускнікоў адзна­чаюць і выкладчыкі ўніверсітэтаў, у якіх яны працягваюць навучанне.

Варта адзначыць, што адміністрацыя каледжа ўдзяляе вялікую ўвагу развіццю сістэмы бесперапыннай адукацыі. Заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя І.П.Шамякіна, Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам. Сумесна з гэтымі ўстановамі распрацаваны і рэалізуюцца планы навучання выпускнікоў каледжа па бесперапыннай інтэграванай сістэме, а таксама павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў.

Каледж супрацоўнічае на дагаворнай аснове з амаль 130 установамі адукацыі.

— Супрацоўніцтва педагагічных калектываў каледжа і школ дае магчы­масць абменьвацца прафесійным во­пытам, метадычнымі інавацыямі, вывучаць сучасныя тэндэнцыі развіцця школьнай адукацыі, уносіць неабходныя карэктывы ў арганізацыю і змест практычнага навучання, — тлума­чыць Людміла Анатольеўна. — Навучэнцы знаёмяцца з функцыянальнымі абавязкамі настаўніка, класнага кіраўніка, навед­ваюць урокі і пазакласныя мера­прыемствы, ажыццяўляюць эксперыментальныя даследаванні для курсавых работ, тым самым набываюць асабісты вопыт педагагічнай дзейнасці. Узгод­ненасць патрабаванняў з боку кале­джа і базавых устаноў адукацыі спрыяе паспяховай прафесійнай адаптацыі будучых настаўнікаў.

Цікава, што кіраўнікамі практычнага навучання ў базавых установах адукацыі ў большасці выпадкаў з’яўляюцца былыя выпускнікі каледжа, якія ўжо сталі вопытнымі настаўнікамі і могуць падзяліцца сваімі ведамі з практыкантамі. Такая вось пераемнасць.

Не проста калектыў, а каманда

Вядома, што паспяховыя вынікі заў­сёды там, дзе ёсць каманда — адзі­ны, цэласны арганізм. Калі гэтая цэлас­насць парушаецца, разбураецца сістэма працы. Не дапусціць гэтага — талент кіраўніка. Людміла Анатольеўна Ягорава вось ужо 6 гадоў узначальвае Рэчыцкі педкаледж. Яна ўвасабляе новы стыль кіраўніцтва і проста жыве сваёй працай. Беражліва зберагаючы створанае былым кіраўніцтвам, яна разам са сваёй камандай умела будуе новае. Дзякуючы настойлівасці і мэтанакіраванасці Людмілы Анатольеўны, установа пастаянна развіваецца, набывае сучасны стыль, абнаўляецца яе інфармацыйная прастора і матэрыяльна-тэхнічная база, удасканальваецца адукацыйнае асяроддзе.

Калектыў каледжа сёння — гэта высокакваліфікаваныя педагогі, сярод якіх ёсць кандыдаты і магістры навук, двое выкладчыкаў скончылі аспірантуру. Побач з вопытнымі педагогамі працуюць маладыя, якія працягваюць лепшыя традыцыі ўстановы.

— Нашы выкладчыкі прымаюць ­актыўны ўдзел у распрацоўцы адукацыйных стандартаў па спецыяльнасцях, тыпавых вучэбных планаў спецыяльнасцей, тыпавых вучэбных праграм, выступаюць на міжнародных, рэспубліканскіх і абласных навукова-практычных канферэнцыях і чытаннях, публікуюць свае артыкулы і навукова-метадычныя матэрыялы ў рэцэн­зуе­мых часопісах і навуковых зборніках, з’яўляюцца ­суаўтарамі вучэбных дапаможнікаў, — расказвае намеснік дырэктара Вікторыя Торра. — Усё гэта можа служыць пацвяржэннем іх высокага прафесіяналізму.

У кожнага свой шлях да поспеху

Рэчыцкі педагагічны каледж можа ганарыцца сваімі выпускнікамі. Аналіз працаўладкавання паказвае: 100% выпуск­нікоў аддзялення замежных моў сёння запатрабаваны ўстановамі адукацыі вобласці. За ўсю ж гісторыю існавання каледжа тут падрыхтавана каля 2500 настаўнікаў беларускай, англій­скай, нямецкай і французскай моў. Большасць з іх не спынілася на дасягнутым і працягвала вучыцца далей. Гэта дапамагло многім дасягнуць значных поспехаў у педагагічнай дзейнасці. Адны сёння кіруюць рознымі ўстановамі адукацыі, другія — выкладаюць ва ўніверсітэтах. Напрыклад, Алена Тарасевіч — выкладчык кафедры нямецкай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Вольга Швайлікава — выкладчык кафедры тэорыі і практыкі ан­глійскай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Прыемна, што лепшыя выпускнікі застаюцца працаваць і ў роднай установе адукацыі. Загадчык аддзялення замежных моў Таццяна Лісоўская, выкладчыкі вучэбных дысцыплін Святлана Яфрэмава, Ірына Ясенавец, Ірына Палітнёва, Надзея Канаваленка, Святлана Чырко, Наталля Максіменка, Юлія Кажамякіна, Вольга Мачэча, Вольга Радчанка, Алена Чарнова — усе яны некалі прыйшлі сюды абітурыентамі.

Знаходзяць сябе былыя навучэнцы педкаледжа і ў іншых сферах дзейнасці. Выпускніца каледжа Наталля Карнеявец — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Дзмітрый Анісавец стаў паспяховым журналістам і зараз працуе намеснікам дырэктара па інфармацыйна-аналітычным вяшчанні радыё “Мінская хваля”.

Аматары спорту добра ведаюць імёны майстра спорту міжнароднага класа па армрэслінгу Аксаны Палавінкі, кандыдата ў майстры спорту па армрэслінгу Марыны Ермаковіч, кандыдата ў майстры спорту па лёгкай атлетыцы Аляксандра Ляцягі. А яны выхаваны менавіта ў каледжы.

Хто мае цвёрдае жаданне быць са­праўдным педагогам, той абавязкова знойдзе шлях да поспеху. І дасягненні выпускнікоў прыемныя для кожнага выкладчыка, бо толькі з’яднанай і творчай працай усяго педагагічнага калектыву можна дамагчыся поспеху.

Педагог прафесія паза часам

Высокі стыль зносін, педагагічны такт і сяброўскае яднанне выкладчыкаў і навучэнцаў — тое, на чым будуецца жыццё каледжа. Гэта праяўляецца ва ўсім: у вучобе і творчасці, у сумесна створаных праектах, у асабістых дасягненнях навучэнцаў і ўстановы ў цэлым.

Паспяхова праводзіцца ў педкаледжы работа з адоранымі навучэнцамі, вучэбна-даследчая дзейнасць. Выкладчыкамі цыклавой камісіі педагогікі, псіхалогіі, сацыяльна-гуманітарных і агульнаадукацыйных дысцыплін створана навуковае таварыства навучэнцаў “Логас”. Вынікі работы таварыства дэманструюцца на штогадовай канферэнцыі “На парозе адкрыццяў”. Сёлета да ўдзелу ў канферэнцыі далучыліся яшчэ і вучні розных устаноў адукацыі Рэчыцкага раёна.

Яшчэ адна цікавая канферэнцыя для будучых настаўнікаў замежных моў — “Навуковы дэбют — навуковыя памкненні”, па выніках якой выдаюцца зборнікі вучнёўскіх навукова-даследчых работ.

За чвэрць стагоддзя каледж стаў прызнаным цэнтрам развіцця творчага патэнцыялу навучэнцаў, якія штогод становяцца пераможцамі і прызёрамі ў розных конкурсах і фестывалях, спаборніцтвах, пацвярджаючы высокі ўзровень падрыхтоўкі.

У педагогіку павінны ісці лепшыя, і ісці не выпадкова, а па закліку сэрца. Сёння ў гэтым ёсць праблема: маўляў, страчаны прэстыж прафесіі. Значыць, неабходна гэты прэстыж падняць — так вырашыў педагагічны калектыў, і ва ўстанове адукацыі пачалі адзін за адным стварацца і рэалізоўвацца праекты праф­арыентацыйнага кірунку.

Штогод у красавіку ў каледжы праводзіцца адзіны дзень прафарыентацыі. Навучэнцы раз’язджаюцца па школах, дзе яшчэ нядаўна самі былі вучнямі, каб пазнаёміць старшакласнікаў з кале­джам, умовамі паступлення, прадэман­страваць ролік аб студэнцкім жыцці. Гэты прафарыентацыйны праект атрымаў гаваркую назву “Педагог — прафесія па-за часам”.

Навучэнцы каледжа таксама стварылі творчыя праекты прафесійнай скіраванасці “Школа будучыні” і “Чалавек эпохі”, прысвечаныя 125-годдзю А.С.Макаранкі, знялі фільм аб ветэранах педагагічнай працы “З верай у чалавека”.

Будучыя настаўнікі з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі абласнога фестывалю “Хачу быць педагогам”, мэта якога — выяўленне і падтрымка школьнікаў, арыентаваных на атрыманне педагагічнай прафесіі, і папулярызацыя прафесіі настаўніка.

— Мінулыя гады былі стартавымі для рэалізацыі новых планаў, — дзеліцца дырэктар педагагічнага каледжа. — Шмат што змянілася за гэты час: задачы, прыярытэты, падыходы да працы. Але нязменнымі засталіся ў нашым калектыве энергія, творчасць і жаданне ўдасканальвацца, таму мы з аптымізмам глядзім у будучыню.

Наталля ЛУТЧАНКА.