У прафесійнае жыццё — праз фінансавую дасведчанасць

Школьнікі Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці на працягу апошніх гадоў вельмі актыўна вывучаюць фінансавыя пытанні, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах і дасягаюць значных поспехаў. Сярод апошніх дасягненняў — 3-е месца навучэнкі Дубненскай сярэдняй школы Кацярыны Якімчык у адкрытым міжнародным конкурсе моўнай творчасці “Прыбытак слоў”. Паводле яго ўмоў да сотні найбольш распаўсюджаных фінансавых замежных тэрмінаў трэба было прапанаваць свае аналагі, створаныя з дапамогай рускай мовы.

Людміла Астапчэня са сваімі вучнямі — фіналісткамі ІІ адкрытай алімпіяды БДУ па сусветнай эканоміцы.

У верасні ва ўстановах адукацыі краіны адбыўся першы этап Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці. У ім прынялі ўдзел 53 навучэнцы Мастоўшчыны.

Аб тым, як развіваецца ў Мастоўскім раёне гэты кірунак і што для некаторых дзяцей вывучэнне фінансавых пытанняў становіцца пачаткам прафесійнага шляху, гутарым з метадыстам раённага вучэбна-метадычнага кабінета Людмілай АСТАПЧЭНЯЙ.

— Людміла Сцяпанаўна, вашы вучні маюць дасягненні ў пытаннях фінансавай дасведчанасці. А як усё пачыналася?

— Калі ў 2016 годзе пачала праца­ваць настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства ў Дубненскай сярэдняй школе, то мела зусім слабае ўяўленне пра гэты кірунак. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Дзіна Лазовік паставіла мяне перад фактам, што ёсць такая алімпіяда — па фінансавай дасведчанасці, а паколькі па прадмеце “Грамадазнаўства” ў 10 класе вывучаецца такі раздзел, значыць, мне і рыхтаваць дзяцей на алімпіяду.

Нотак пратэсту нават не ўзнікла, бо заў­сёды гавару сабе і іншым: калі ў жыцці адбываюцца перамены, значыць, яны для чагосьці патрэбны. Галоўнымі пытаннямі для мяне ў той час былі: дзе ўзяць матэрыял і што ўяўляе сабой алімпіяда. На вырашэнне гэтых пытанняў былі адны суткі. Раніцай, зайшоўшы ў клас, прапанавала Паўлу Салею, Надзеі Ролік і Марыне Лазавік паўдзельнічаць у алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці. Яны былі здзіўлены гэтай прапановай, але пагадзіліся. Наша ўпартая праца была недарэмнай: 1, 2 і 3-е месцы ў раёне. Далей Павел Салей і Надзея Ролік павінны былі прадстаўляць раён на абласным узроўні, таму маёй задачай на гэтым этапе было стварыць умовы для іх паспяховага выступлення.

Лічу, што толькі тады можна дасягнуць выніку, калі педагог і вучань працуюць у тандэме, калі вучань можа выказаць свой пункт гледжання і быць пачутым, а педагог гатовы падтрымаць і накіраваць, а не навязваць сваё меркаванне. Галоўнае, што павінен зрабіць педагог, — не прымусіць, а натхніць.

З гэтага этапу пачала скрупулёзна вывучаць усе магчымыя выданні, сайты, публікацыі, набывала адпаведную літаратуру. Прадстаўнікі цэнтра банкаўскіх паслуг № 410 Мастоў Рэгіянальнай дырэкцыі па Гродзенскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” прапанавалі сваю дапамогу ў падрыхтоўцы да алімпіяды. Вядучы спецыяліст па абслугоўванні прыватных кліентаў Аксана Данцэвіч, з якой мы і сёння цесна супрацоўнічаем, супрацоўнікі філіяла “Беларусбанка” ў Мастах Вольга Бачко, Алег Касько, Таццяна Ражко дзяліліся тонкасцямі сваёй прафесіі і матэрыяламі для падрыхтоўкі да алімпіяды.

Нашы намаганні прынеслі плён. На зак­лючным этапе рэспубліканскай алімпіяды, дзе ва ўсіх турах удзельнічала больш за 5 тысяч чалавек, Павел Салей атрымаў дыплом ІІІ ступені.

— Як змянілася стаўленне саміх дзяцей да алімпіяды пасля першага значнага поспеху, як арганізоўвалі з імі працэс навучання?

— Прымушаць навучэнцаў прыняць удзе­л у алімпіядзе не даводзілася ні ў Дубненскай школе, ні затым у гімназіі № 1 Мастоў. Дзеці самі імкнуліся да гэтага. Я павінна была толькі забяспечыць ім якасную падрыхтоўку. Нашы заняткі заўсёды праходзілі ў цесным супрацоўніцтве, кожны мог выказацца і прапанаваць свой варыянт вырашэння задач, свае адказы на пастаўленыя пытанні.

 У сваёй рабоце не выкарыстоўвала шаблонных заданняў або патрабаванняў вызубрыць. Лічу, што толькі тады можна дасягнуць выніку, калі педагог і вучань працуюць у тандэме, калі вучань можа выказаць свой пункт гледжання і быць пачутым, а педагог гатовы падтрымаць і накіраваць, а не навязваць сваё меркаванне. Галоўнае, што павінен зрабіць педагог, — не прымусіць, а натхніць.

Даведка

Алімпіяды па фінансавай дасведчанасці праходзяць
у Беларусі з 2014 года. За гэты час у іх удзельнічала каля 95 тысяч навучэнцаў.

Пры падрыхтоўцы да алімпіяд выкарыстоўвала дыферэнцыраваныя заданні, дыстанцыйныя формы навучання, на ўроках будавала работу такім чынам, каб веды навучэнцы атрымлівалі не ў гатовым выглядзе, а шляхам самастойнай працы, стымулявала іх і падтрымлівала, калі нешта не атрымлівалася, бо гэта і ёсць залог поспеху.

Калі мы гаворым пра фінансавую дасведчанасць, то яна ўключае ў сябе і шэраг іншых напрамкаў. Мы неаднаразова прымалі ўдзел у алімпіядах па прававых ведах, па сусветнай эканоміцы, бо немагчыма рыхтавацца да алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, не вывучыўшы прававыя і эканамічныя пытанні.

Дасведчанасць у сферы фінансаў, гэтак жа як і любая іншая, выхоўваецца працяглы час на аснове прынцыпу “ад простага да складанага”, у працэсе шматразовага паўтарэння і замацавання, накіраванага на практычнае прымяненне ведаў і навыкаў. Фарміраванне карысных звычак у сферы фінансаў з ранняга ўзросту дапаможа пазбегнуць шматлікіх памылак па меры сталення і набыцця фінансавай самастойнасці, а таксама закладзе аснову фінансавай бяспекі і дабрабыту на працягу жыцця.

— А што вам самой было цікава і карысна ў такой дзейнасці? Якія планы сёння?

— Зараз, працуючы метадыстам у Мастоўскім раённым вучэбна-метадычным кабінеце, курырую пытанні гісторыі і грамадазнаўства, фінансавай дасведчанасці, гуманітарнага супрацоўніцтва. Калі пераходзіла са школы ў метадычны кабінет, было маральна цяжка, там засталіся мае выдатныя вучні. У нас былі напалеонаўскія планы: дзе прыняць удзел, якія напісаць даследчыя работы, што яшчэ новага можна правесці ў школе. Вельмі часта дзеці самі знаходзілі цікавыя напрамкі і прапаноўвалі іх мне.

Начальнік упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама Валянцін Ціхановіч прапанаваў мне на ўзроўні раёна курыраваць кірунак фінансавай дасведчанасці, а гэта значыць, што я магу не толькі развівацца сама ў гэтым кірунку, але і спрыяць яго развіццю. Як вынік — перамога ў рэспубліканскім этапе алімпіяды навучэнца Рагозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Уладзіслава Вараца, перамога ў конкурсе відэаблогераў Паліны Тамукевіч і Кацярыны Якімчык з Дубненскай школы і перамога Кацярыны Якімчык у міжнароднай адкрытай алімпіядзе.

Фінансавая дасведчанасць дапамагла мне знайсці аднадумцаў не толькі сярод вучняў, але і сярод педагогаў. Яна дазволіла паглядзець на гэты кірунак як на неабходную ўмову развіцця сучаснай дзяржавы. Для таго каб наша дзяржава была паспяховай і квітнеючай, мы абавязаны выхаваць дзяцей не толькі пісьменнымі, але і фінансава дасведчанымі. І няхай яны не стануць банкірамі, фінансістамі, але заўсёды змо­гуць скарыстацца сваімі ведамі нават на побытавым узроўні.

Зараз, працуючы метадыстам, сваю галоўную задачу бачу ў стварэнні ўмоў для паспяховай падрыхтоўкі да алімпіяд і конкурсаў. Работа з педагогамі будуецца такім чынам, каб кожны мог атрымаць метадычную дапамогу па гэтым напрамку. Правя­дзенне вучэбных семінараў, кансультацыі спрыяюць павышэнню якасці падрыхтоўкі да алімпіяд і іншых мерапрыемстваў.

Дасведчанасць у сферы фінансаў, гэтак жа як і любая іншая, выхоўваецца працяглы час на аснове прынцыпу “ад простага да складанага”, у працэсе шматразовага паўтарэння і замацавання, накіраванага на практычнае прымяненне ведаў і навыкаў. Фарміраванне карысных звычак у сферы фінансаў з ранняга ўзросту дапаможа пазбегнуць шматлікіх памылак па меры сталення і набыцця фінансавай сама­стойнасці, а таксама закладзе аснову фінансавай бяспекі і дабрабыту на працягу жыцця.

— А якія дасягненні вашых навучэнцаў, ці звязваюць яны сваё прафесійнае жыццё з фінансамі?

— Ужо ўзгадвала пра першы поспех Паўла Салея, Надзеі Ролік і Марыны Лазавік у 2016 годзе. На наступны год навучэнцы Дубненскай сярэдняй школы Назар Халько і Настасся Біліда сталі пераможцамі раённага этапу алімпіяды па фінансавай дасведчанасці і прадстаўлялі раён на абласным этапе. Назар Халько, Настасся Біліда, Дзіяна Сцяпанава, Аляксандра Сядач, члены каманды “3 + 1”, удзельнічалі ў алімпія­дзе па сусветнай эканоміцы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Яны паспяхова прайшлі завочны адборачны тур і ўвайшлі ў васьмёрку каманд, якія прынялі ўдзел у вочным туры.

У 2018 годзе навучэнка гімназіі № 1 Мастоў Валерыя Руткевіч атрымала дыплом ІІІ ступені на раённым этапе алімпіяды па фінансавай дасведчанасці і прадстаўляла раён на абласным этапе. У гэтым жа годзе Асацыяцыя беларускіх банкаў і эканамічны факультэт БДУ праводзілі конкурс па фінансава-эканамічнай дасведчанасці, у якім навучэнец Пацэвіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ілья Патапаў (настаўнікі Наталля Патапава і Наталля Ман­дзік) заваяваў дыплом ІІ ступені.

У 2019 годзе навучэнец Рагозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ула­дзіслаў Варац заваяваў дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскім этапе алімпіяды, рыхтавала яго настаўніца Наталля Сарока.

Радуюць у гэтым годзе поспехамі навучэнцы Дубненскай школы. Кацярына Якімчык і Паліна Тамукевіч заваявалі дыплом ІІІ ступені ў конкурсе відэаблогераў “Грошы маюць значэнне” (настаўніца Таццяна Вялічка). Кацярына Якімчык, якую рыхтавалі да конкурсу я і Алена Біркас, заваявала дыплом ІІІ ступені ў міжнародным конкурсе “Прыбытак слоў”. Паспяхова выступіла Кацярына на раённым этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, набраўшы 90 балаў.

Я як настаўнік, чые вучні сталі першымі пераможцамі алімпіяды ў Гродзенскай вобласці, занесена на віртуальную Дошку гонару Нацыянальнага банка “Яны вучаць лепшых”.

Для таго каб наша дзяржава была паспяховай і квітнеючай, мы абавязаны выхаваць дзяцей не толькі пісьменнымі, але і фінансава дасведчанымі. І няхай яны не стануць банкірамі, фінансістамі, але заўсёды змогуць скарыстацца сваімі ведамі нават на побытавым узроўні.

Мае выдатныя вучні зараз паспяховыя студэнты: Павел Салей, Аляксандра Седач, Валерыя Руткевіч паступілі ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, іх будучыя прафесіі звязаны з інавацыйнымі тэхналогіямі. Надзея Ролік — студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў будучыні стане юрыстам. Марына Лазавік выбрала Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і будзе фармацэўтам. Назар Халько — творчая асоба, ён выбраў прафесію журналіста і разам з Дзіянай Сцяпанавай вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Настасся Біліда звязала сваю будучыню з медыцынай.

Адна з умоў алімпіяды па фінансавай дасведчанасці — выкананне творчага задання, напісанне эсэ на зададзеную тэму. Упэўнена, што творчы штуршок, ціка­васць да новых ведаў, у тым ліку фінансавых, паспрыялі развіццю гэтых маладых людзей і будуць спрыяць жыццёваму поспеху наступных удзельнікаў.

Правільнае стаўленне людзей да ўласных фінансаў, фінансаў сваёй сям’і дае магчымасць правільнага стаўлення да фінансавых пытанняў дзяржавы. І калі ставіць мэтай фарміраванне дарослага чалавека, здольнага адэкватна ацэньваць фінансавыя сітуацыі, то пачатак гэтаму працэсу павінен быць пакладзены як мага раней. Лічу, што ўжо ў пачатковай школе. Дзеці — наша будучыня, і мы павінны даць ім асновы фінансавай дасведчанасці, каб заўтра ім было лягчэй уступіць у дарослае жыццё, а для кагосьці — вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.