У мінулую суботу на факультэце культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў адбыўся дзень адкрытых дзвярэй. Будучыя культуролагі, мастацтвазнаўцы, спецыялісты па сацыякультурнай дзейнасці наведалі ўніверсітэт, каб даведацца пра асаблівасці паступлення, навучання і дзейнасці на ніве культуры.
Выкладчыкі і валанцёры з ліку студэнтаў расказалі абітурыентам шмат цікавага пра студэнцкае жыццё. Асабліва старшакласнікі зацікавіліся акадэмічнымі абменамі, якія актыўна практыкуюцца на факультэце. Напрыклад, з 1 верасня па 30 снежня, на працягу чатырох месяцаў, 5 студэнтаў факультэта праходзілі навучанне ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным інстытуце культуры (і навучанне, і пражыванне для іх было бясплатным). Адначасова БДУКМ прымаў 5 студэнтаў з горада на Няве.
У красавіку праект па акадэмічным абмене прадоўжыцца ў выглядзе студэнцкіх практык. Цяпер ужо 9 студэнтаў факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці паедуць у Санкт-Пецярбург, дзе правядуць некалькі цудоўных тыдняў, знаёмячыся з самымі цікавымі ўстановамі культуры горада. У сваю чаргу 9 піцерскіх студэнтаў прыедуць у Мінск. Яны будуць практыкавацца ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, Нацыянальным мастацкім музеі, Белдзяржфілармоніі і іншых установах.
На пачатку сакавіка чакаецца візіт на факультэт дырэктара Інстытута культуры Ягелонскага ўніверсітэта Рамана Батко (Кракаў, Польшча). Гэта ўніверсітэт з больш як 600-гадовай гісторыяй, альма-матар Францыска Скарыны, Мікалая Каперніка, Папы Рымскага Іаана Паўла ІІ, Станіслава Лема і іншых выбітных асоб. Прафесар Батко прачытае лекцыі для студэнтаў, прыме ўдзел у круглым стале для супрацоўнікаў факультэта. А самае галоўнае, будуць канкрэтызаваны планы па акадэмічных абменах паміж Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і Ягелонскім універсітэтам.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.