Беларуска-Расійскі ўніверсітэт — унікальная адукацыйная пляцоўка, якая працуе па заканадаўстве і Беларусі, і Расіі. Гэта добры прыклад адзінай навукова-тэхналагічнай і адукацыйнай прасторы дзвюх краін. Больш за тое, ва ўніверсітэце адбываецца сінтэз лепшага вопыту сістэм вышэйшай адукацыі Саюзнай дзяржавы. Падрабязна аб асаблівасцях сёлетняй уступнай кампаніі, аб тым, як ажыццяўляецца адукацыйны працэс менавіта па расійскіх адукацыйных стандартах, расказала прарэктар па вучэбнай рабоце Наталля ВАЛОГІНА.
— Беларуска-Расійскі ўніверсітэт сапраўды ўнікальная ўстанова на прасторы Саюзнай дзяржавы. Ён двойчы праходзіць ліцэнзаванне, акрэдытацыю, атэстацыю. Адпаведнай камісіяй універсітэту выдадзены міжнародны сертыфікат якасці. Наяўнасць гэтага дакумента сведчыць аб тым, што арганізацыйна-кіраўнічая структура ўстановы прызнана эфектыўнай на міжнародным узроўні.
Паступленне ажыццяўляецца па выніках цэнтралізаванага тэсціравання або адзінага дзяржаўнага экзамену. Бал атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі пры залічэнні не ўлічваецца.
БРУ мае звыш 50 пагадненняў з універсітэтамі і арганізацыямі Расіі, што фарміруе асновы сеткавай адукацыі. У нас пастаянна праводзяцца сумесныя навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы, адкрыты Міжнародны беларуска-расійскі цэнтр міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Усё гэта істотна павышае канкурэнтаздольнасць універсітэта.
— Наталля Уладзіміраўна, як універсітэт прываблівае моладзь? Дзе можна знайсці даведку пра БРУ?
— Мы ўдзяляем асаблівую ўвагу прафесійнай арыентацыі моладзі: праводзім дні адкрытых дзвярэй, выязджаем непасрэдна ва ўстановы адукацыі, шырока выкарыстоўваем магчымасці ўласнага інтэрнэт-сайта. Падрабязная інфармацыя пра БРУ прадстаўлена на ўсіх тэматычных сеткавых рэсурсах.
Важна, што вучыцца па расійскіх адукацыйных праграмах могуць не толькі грамадзяне Расіі. Якасную расійскую вышэйшую адукацыю ў нас могуць атрымаць таксама маладыя беларусы. Значна, што для гэтага ім не трэба выязджаць за межы сваёй краіны. А магілёўцам нават не трэба пакідаць родны горад.
Сёлета колькасць бюджэтных месцаў была павялічана. Годам раней іх было 108, а цяпер — 138. Універсітэт улічвае цікавасць маладых людзей і імкнецца адпавядаць іх запытам, таму на будучы год квота па бюджэтным наборы яшчэ павялічыцца.
— Якія спецыяльнасці прапануюцца для навучання па расійскіх адукацыйных стандартах?
— Навучанне па расійскіх адукацыйных стандартах ажыццяўляе інжынерна-эканамічны факультэт. Падрыхтоўку можна атрымаць па 10 спецыяльнасцях. Кожная з іх запатрабавана ў эканоміцы. Напрыклад, атрымаць спецыяльнасць “Мехатроніка і робататэхніка” больш не прапануе ні адзін беларускі ўніверсітэт. Так, можна атрымаць прафесіі ў галіне мехатронікі ці робататэхнікі паасобку, а вось так камбінавана — толькі ў нас. Прычым мы вучым праектаванню робатэхнічных сістэм і распрацоўцы мехатронных модуляў на вельмі якасным узроўні. Пацвярджэнне гэтага — прызавыя дыпломы нашых студэнтаў на чацвёртым нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2020.
Каторы год вельмі папулярная сярод абітурыентаў спецыяльнасць “Праграмная інжынерыя”. На яе адзін з самых высокіх прахадных балаў, бо гэты напрамак звязаны з пабудовай мадэлей праграмных прадуктаў і стварэннем праграмнага забеспячэння. Студэнты ўжо з першага курса вывучаюць розныя віды вэб-праграмавання, вучацца выкарыстоўваць сучасныя IT-тэхналогіі і найбольш распаўсюджаныя мовы праграмавання. Адным словам, становяцца прафесійна падрыхтаванымі спецыялістамі ў сферы IT.
Зараз патрабуюцца кадры для інавацыйнай эканомікі. Мы гэта ўлічваем. Так, па спецыяльнасці “Інаватыка” рыхтуем спецыялістаў, якія займаюцца кіраваннем інавацыйнай дзейнасцю, распрацоўкай бізнес-праектаў і стартапаў, укараняюць інавацыйныя тэхналогіі ў сферы эканомікі і бізнесу.
— Прапанаваныя для навучання спецыяльнасці неяк абнаўляюцца?
— Безумоўна, мы сочым за развіццём рынку працы і стараемся адкрываць новыя, адпаведныя запытам грамадства спецыяльнасці. Сёлета ўпершыню ажыццяўлялі набор на спецыяльнасці “Машынабудаванне”, “Прыборабудаванне”, “Замежнае рэгіёназнаўства”. Усе яны вельмі актуальныя ў сучасных рэаліях.
Напрыклад, выпускнікі спецыяльнасці “Машынабудаванне” — гэта спецыялісты, якія ведаюць працэсы кіравання робатэхнічнымі комплексамі зваркі, умеюць праектаваць зварныя металаканструкцыі на базе трохмернага камп’ютарнага мадэлявання. Спецыяльнасць “Прыборабудаванне” звязана з інфармацыйна-вымяральнымі сістэмамі і тэхналогіямі неразбуральнага кантролю.
Мы асабліва ганарымся адкрыццём спецыяльнасці “Замежнае рэгіёназнаўства”. Гэта новы для БРУ сацыяльна-гуманітарны напрамак, які дазволіць рыхтаваць спецыялістаў па забеспячэнні дыпламатычных, знешнеэканамічных і іншых кантактаў з рэгіёнам спецыялізацыі, яго сувязей з Расіяй і Беларуссю. Выпускнікі змогуць арганізаваць эфектыўную PR-службу, падрыхтаваць выставу, прэзентацыю, інфармацыйныя буклеты, рэкламныя праспекты для прадстаўлення інтарэсаў айчынных прадпрыемстваў за мяжой. Гэтая спецыяльнасць — наш чарговы крок у бок класічнага ўніверсітэта.
У найбліжэйшы час мы працягнем маніторынг рынку працы, эканамічных тэндэнцый і, калі трэба, будзем пашыраць шэраг існуючых спецыяльнасцей. Ужо ў наступным годзе плануем адкрыццё спецыяльнасці “Прыкладная матэматыка”. У планах таксама адкрыццё спецыяльнасцей “Прыкладная механіка” і “Нафтагазавая дзейнасць”.
— У чым асаблівасці паступлення ў БРУ для навучання па расійскіх адукацыйных праграмах?
— Насамрэч, асаблівасцей не так шмат. Галоўная з іх у тым, што паступленне ажыццяўляецца па выніках цэнтралізаванага тэсціравання або адзінага дзяржаўнага экзамену. Бал атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі пры залічэнні не ўлічваецца.
Яшчэ адна адметнасць — больш працяглы тэрмін прыёму дакументаў. Але, на мой погляд, гэта хутчэй перавага. Дарэчы, пераваг навучання на інжынерна-эканамічным факультэце мноства. Тэрмін навучання па ўсіх спецыяльнасцях — чатыры гады. Магчымы перавод з іншых універсітэтаў з платнай формы навучання на бюджэтную. У нас высокая акадэмічная мабільнасць. Стажыроўкі і практыкі студэнты часта праходзяць у расійскіх універсітэтах. Працаўладкавацца пасля атрымання дыплома можна як на беларускіх, так і на расійскіх прадпрыемствах.
Мы прапануем для нашых студэнтаў істотную сацыяльную падтрымку. Усе студэнты бюджэтнай формы навучання атрымліваюць стыпендыю. Абсалютна ўсім іншагароднім студэнтам прадастаўляецца месца ў інтэрнаце. Студэнтам, якія з’яўляюцца грамадзянамі Расіі, аказваецца дадатковая матэрыяльная падтрымка. Яны атрымліваюць пэўныя грашовыя выплаты па лініі Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Расійскай Федэрацыі. Аплачваюцца нават білеты на транспарт, каб з’ездзіць дадому і вярнуцца назад на вучобу.
— Як на інжынерна-эканамічным факультэце прайшла сёлетняя ўступная кампанія, якія яе вынікі?
— Уступная кампанія праходзіла ў звычайным рэжыме. Вядома, пэўныя карэктывы ўнесла неспрыяльная эпідэмічная сітуацыя. Гэта паўплывала на тэрміны прыёму дакументаў. Сёлета прыём пачаўся 20 чэрвеня, а завяршыўся толькі 18 жніўня. Тут мы зыходзілі з таго, што былі перанесены даты правядзення ЦТ у Беларусі і адзінага дзяржаўнага экзамену ў Расіі.
У гэтым годзе ў нас была павялічана колькасць месцаў на бюджэтную форму навучання. Годам раней іх было 108, а цяпер — 138. Планы набору па ўсіх спецыяльнасцях цалкам выкананы. З улікам тых, хто будзе вучыцца за кошт уласных сродкаў, мы набралі 155 першакурснікаў.
Традыцыйна самы высокі конкурс і прахадныя балы былі на спецыяльнасці IT-профілю. Найбольш папулярнымі ў абітурыентаў сталі спецыяльнасці “Інфарматыка і вылічальная тэхніка”, “Мехатроніка і робататэхніка”, “Праграмная інжынерыя”. Мы ўлічваем цікавасць маладых людзей і імкнёмся адпавядаць іх запытам, таму на будучы год квота па наборы на бюджэтную форму навучання павялічыцца яшчэ больш.
— Выкладчыкі БРУ заўсёды працуюць у інавацыйным рэжыме, з выкарыстаннем самых сучасных адукацыйных тэхналогій. Раскажыце падрабязней, як арганізавана навучанне студэнтаў па расійскіх адукацыйных стандартах.
— Расійскі федэральны дзяржаўны адукацыйны стандарт вышэйшай адукацыі прад’яўляе пэўныя патрабаванні да арганізацыі навучання. Ключавое з іх у тым, што мінімум 60% выкладчыкаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку студэнтаў, павінны мець навуковыя ступені і званні. Мы гэтае патрабаванне цалкам выконваем.
Ёсць асаблівасці ў саміх праграмах падрыхтоўкі, вучэбныя планы ўтрымліваюць крыху іншы комплекс дысцыплін для вывучэння. Напрыклад, ёсць так званы неабходны федэральны кампанент. Ён мінімальны, але ў лік уключаных у яго дысцыплін заўсёды ў абавязковым парадку ўваходзіць вывучэнне гісторыі Расіі.
Хацелася б адзначыць таксама, што ў апошнія гады БРУ ўдзельнічае ў комплекснай праграме “Развіццё славянскіх ВНУ”. Дзякуючы гэтаму, у наш універсітэт паступіла вялікая колькасць найноўшага лабараторнага абсталявання, вучэбнай і метадычнай літаратуры, розных ліцэнзійных праграм. Усё гэта станоўча ўплывае на эфектыўнасць адукацыйнага працэсу.
Вучыцца па расійскіх адукацыйных праграмах могуць не толькі грамадзяне Расіі. Якасную расійскую вышэйшую адукацыю ў БРУ могуць атрымаць таксама маладыя беларусы. Значна, што для гэтага ім не трэба выязджаць за межы сваёй краіны. А магілёўцам нават не трэба пакідаць родны горад.
Істотна павысіла якасць падрыхтоўкі кадраў і рэалізацыя праекта Саюзнай дзяржавы “Развіццё адукацыйнай і навуковай дзейнасці Беларуска-Расійскага ўніверсітэта на базе інавацыйных тэхналогій”. Дзякуючы праекту, была значна ўмацавана навукова-тэхнічная база ўніверсітэта. Зараз у нас ёсць разнастайныя ліцэнзійныя праграмныя комплексы, якія дапамагаюць ажыццяўляць навучанне студэнтаў з улікам апошніх адукацыйных тэндэнцый. Гэта станоўча адбіваецца на якасці адукацыі, развіцці навуковай думкі сярод выкладчыкаў і студэнтаў.
— Наколькі запатрабаваны выпускнікі інжынерна-эканамічнага факультэта БРУ на рынку працы?
— Сваёй асноўнай задачай мы бачым падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў з улікам сучасных рэалій і перадавых тэхналогій. Робім усё неабходнае для таго, каб нашы выпускнікі маглі дасягаць жыццёвага поспеху. Пасля атрымання кваліфікацыі “бакалаўр” усе жадаючыя могуць працягнуць адукацыю ў магістратуры па трох спецыяльнасцях. У структуры ўніверсітэта дзейнічае Інстытут павышэння кваліфікацыі, які дазваляе студэнтам атрымаць дадатковую прафесію. Прычым выбар даволі шырокі.
Нашы выпускнікі вельмі запатрабаваны на рынку працы, першае працоўнае месца атрымліваюць усе. Здараецца, што мы не заўсёды нават задавальняем заяўкі ад нашых базавых прадпрыемстваў. У сувязі з вялікай колькасцю заявак выпускнікі могуць самі выбраць, куды пайсці працаваць.
Мы разумеем: універсітэт павінен задавальняць запыты ўсіх зацікаўленых, таму плануем пашыраць спектр адукацыйных прапаноў і рухацца наперад у сваім развіцці.
Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.