З пачатку года ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце дзейнічае лабараторыя прамысловай робататэхнікі, аналагаў якой у нашай краіне пакуль няма. Задача лабараторыі — аператыўна рэагаваць на запыты сучаснай вытворчасці па падрыхтоўцы неабходных кадраў, у тым ліку на перспектыву.
Ля вытокаў робататэхнікі ў БрДТУ ста яў загадчык кафедры інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій Уладзімір Галаўко, які яшчэ ў 2003 годзе абараніў доктарскую дысертацыю ў галіне інтэлектуальных сістэм кіравання робатамі. У 2009 годзе ва ўніверсітэце з’явілася студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя, дзе студэнты пад кіраўніцтвам Андрэя Дунца вывучаюць новыя тэхналогіі ў робататэхніцы.
За час існавання лабараторыі назапашаны каштоўны вопыт па стварэнні цікавых праектаў і правядзенні розных даследаванняў, вырашэнні актуальных навуковых і практычных задач, папулярызацыі робататэхнічнага руху сярод школьнікаў, наладжванні супрацоўніцтва з зацікаўленымі прадпрыемствамі і арганізацыямі. Дзейнасць лабараторыі і яе ўдзельнікаў адзначана прэміямі спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адоранай моладзі і шматлікімі ўзнагародамі, атрыманымі на спаборніцтвах, выставах і канферэнцыях рознага ўзроўню.
Асобна трэба вылучыць партнёрства з ААТ “Савушкін прадукт”. Для аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў Брэстчыны лабараторыя вырашала задачы ў галіне кантролю якасці ўпакоўкі харчовай прадукцыі з дапамогай тэхнічнага зроку. Гэтая праблема актуальная не толькі для ААТ “Савушкін прадукт”, але і для іншых прадпрыемстваў рэгіёна. З абласнога інавацыйнага фонду быў прафінансаваны праект па распрацоўцы адаптыўнай праграмнай сістэмы для выяўлення дэфектаў у маркіроўцы харчовай прадукцыі на аснове аналізу кадраў з відэакамеры.
— Улічваючы ўзрослыя патрэбы краіны ў падрыхтоўцы спецыялістаў па робататэхніцы, а найбуйнейшага прадпрыемства малочнай галіны — у далейшым удасканальванні вытворчых працэсаў, кіраўніцтва БрДТУ, ААТ “Савушкін прадукт” і ААТ “Сістэмы прамысловай аўтаматызацыі” вырашылі аб’яднаць намаганні і заснаваць лабараторыю прамысловай робататэхнікі. Яе мэта заключаецца ў паглыбленні навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва навукі і вытворчасці ў рэгіёне, падрыхтоўцы сучасных высокакваліфікаваных інжынерных кадраў і папулярызацыі новых тэхналогій у краіне, — расказвае кіраўнік лабараторыі Валерый Касьянік. — За 9 месяцаў работы была створана сумесная каманда экспертаў, адабраны першыя студэнты, выдадзены дыпломныя праекты па агульных тэматыках, рэалізаваны і ўкаранёны ў вытворчасць праекты калабаратыўных і мабільных робатаў, назапашана навукова-тэхнічная база для далейшай работы. Дасягнутыя вынікі паказалі жыццяздольнасць лабараторыі. У новым навучальным годзе студэнтаў і экспертаў чакае шмат цікавых праектаў.
Лабараторыя агульнай плошчай каля 200 м2 аснашчана сучасным абсталяваннем ад вядомых вытворцаў, у тым ліку калабаратыўнымі робатамі, якія з’яўляюцца сёння адным з галоўных сусветных трэндаў, бо могуць працаваць разам з людзьмі, павышаючы вытворчасць іх працы. Так, у лабараторыі можна ўбачыць шэраг робататэхнічных комплексаў, прызначаных для палетызацыі і ўпакоўкі гатовай прадукцыі вагой да 14 кг з транспартнай сістэмай на базе аўтаномных мабільных робатаў, вырабу кардонных каробак (упаковачнай тары) вытворчасцю 6—12 штук у мінуту, арганізацыі і аўтаматычнага абслугоўвання дэгустацыі напіткаў і інш. Акрамя таго, у арсенале студэнтаў і выкладчыкаў ёсць мабільныя і дэльта-робаты.
Асобны напрамак работы — лічбавае мадэляванне, якое дазваляе распрацоўваць праекты на базе 3D-мадэлей, дакладных лічбавых копій абсталявання, што пастаўляецца потым на прадпрыемства. Дзякуючы гэтаму, можна бачыць, як будзе працаваць такое абсталяванне яшчэ да яго запуску.
— На тое, каб з учарашняга студэнта атрымаўся добры інжынер, неабходна дадаткова затраціць 2—3 гады, — заўважае дырэктар па інфармацыйных тэхналогіях ААТ “Савушкін прадукт” Валерый Таберка. — Улічваючы імклівае развіццё прадпрыемства, такога часу ў нас няма. Калі ж рыхтаваць кадры з 2—3 курсаў універсітэта, задача для работадаўца істотна спрашчаецца. Лабараторыя прамысловай робататэхнікі дапамагае наладзіць сувязь адукацыйнага працэсу з вытворчым. Карысць ад гэтага відавочная: выпускнікі ўніверсітэта атрымаюць каштоўны вопыт работы з рэальнымі праектамі па робататэхніцы, а заказчыкі кадраў набудуць добра падрыхтаваных спецыялістаў.
— Наш універсітэт удзяляе вялікую ўвагу практыка-арыентаванаму навучанню, якое дазваляе выпускнікам паспяхова адаптавацца на рабочых месцах і быць запатрабаванымі на сучасным рынку працы, — гаворыць рэктар БрДТУ Аляксандр Драган. — Удзельнікі лабараторыі на практыцы вырашаюць канкрэтныя задачы, дзякуючы чаму бачаць рэальныя ўмовы будучай прафесійнай дзейнасці.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.