Валявы характар + добрая памяць

Цэнтралізаванае тэсціраванне па гісторыі Беларусі лічыцца адным з самых складаных. І выпускнікі, і іх педагогі адзначаюць, што вельмі няпроста запомніць аб’ёмны гістарычны матэрыял. З гэтым згодна і мая сённяшняя суразмоўніца выкладчыца аддзялення даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” Ала Пісарэнка. Ала Аляксееўна доўга працавала і ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, таму ведае, як дапамагчы падрыхтавацца да ЦТ у рамках школы.

У сістэме адукацыі А.А. Пісарэнка працуе з 1970 года, калі скончыла Мінскае педагагічнае вучылішча, куды, дарэчы, конкурс пры паступленні складаў 13 чалавек на месца. Пасля вырашыла паступаць на юрыдычны факультэт БДУ, але не прайшла па конкурсе, хаця два экзамены сдала на выдатна, а два — на добра. Каб не губляць час, вырашыла паступаць на нешта сумежнае. Выбрала гістарычны факультэт, бо гісторыя Але Аляксееў­не падабалася заўсёды.

Выбар гістарычнага напрамку здзівіў былых аднакурснікаў па педвучылішчы. Яны былі перакананы, што Ала выбера фізіка-матэматычны напрамак, бо і фізіку, і матэматыку заўсёды разумела і нават кансультавала сваіх таварышаў. Але яна з задавальненнем адвучылася на гіст­факу цяперашняга БДПУ імя Максіма Танка.

За гады сваёй педагагічнай дзейнасці Ала Аляксееўна была і школьнай настаўніцай, і ўніверсітэцкай выкладчыцай. Доўгі час працавала са студэнтамі БДУ і БДПУ імя Максіма Танка. Уваходзіла ў дзяржаўную камісію па кантролі якасці ўступнай кампаніі.

“Быць педагогам-гісторыкам няпроста. Гісторыю любяць перапісваць, а дакладней, фальсіфікаваць, і мне было заўсёды важна данесці да сваіх вучняў праўдзівыя гістарычныя факты. Каб адказаць на няпростыя пытанні, трэба было ўвесь час павышаць свой прафесійны ўзровень. Так склалася, што я ў асноўным працавала і працую са старшакласнікамі, выкладала і ў вячэрняй школе, дзе за партамі сядзелі ўвогуле дарослыя людзі, таму не магла сабе дазволіць адмахнуцца прымітыўнымі адказамі”, — адзначыла Ала Аляксееўна.

Каб павышаць свой узровень, яна па сённяшні дзень актыўна займаецца самаадукацыяй. Пастаянна прахо­дзіць навучанне на курсах павышэння кваліфікацыі, трымае прафесійныя сувязі з калегамі-гісторыкамі. Усё гэта ўзбагачае і дапамагае Але Аляксееўне падтрымліваць высокі прафесійны ўзровень.

“Ужо 20 гадоў я супрацоўнічаю з выкладчыкамі гістарычнага факультэта БДУ. Падтрымліваю зносіны з выкладчыкамі педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. На працягу шасці гадоў уваходзіла ў склад дзяржаўнай экзаменацыйнай кваліфікацыйнай  камісіі на гістарычным факультэце.

З’яўляюся пастаяннай удзельніцай вядомай за межамі краіны навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, якая праводзіцца на базе сталічнай 174-й гімназіі ўжо больш за 10 гадоў. Шмат работ падрыхтавалі разам з дзецьмі, тры гады ўваходзіла ў склад журы. Пастаянны творчы пошук садзейнічае таму, што мае веды не губляюцца, а абнаўляюцца”, — заўважыла мая гераіня.

Свае веды Ала Аляксееўна з задавальненнем перадае вучням і слухачам на аддзяленні даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО”. Яе педагагічны вопыт дазваляе сцвярджаць, што экзамен па гісторыі Беларусі за курс агульнай сярэдняй адукацыі і цэнтралізаванае тэсціраванне па гісторыі Беларусі (ды і па сусветнай) з’яўляюцца самымі складанымі. З такім меркаваннем згодны і ўніверсітэцкія выкладчыкі, і школьныя настаўнікі, і тыя школьнікі, якія прайшлі праз гэтыя іспыты.

“Чаму так? Адказ вельмі просты. Матэрыял для падрыхтоўкі вельмі аб’ёмны. Школьніку трэба ведаць гісторыю, як гаворыцца, ад а да я, ад старажытных часоў да сённяшняга дня. А гэта безліч гістарычных фактаў, постацей, дат. Каб засвоіць увесь матэрыял, вучань павінен валодаць фенаменальнай памяццю і добрым лагічным мысленнем. Важнымі з’яўляюцца такія якасці, як уседлівасць, мэтанакіраванасць. Дзецям з пералічанымі рысамі будзе прасцей”, — адзначыла Ала Аляксееўна.

У тых, хто вырашыў здаваць ЦТ па гісторыі Беларусі, узнікае пытанне, калі пачынаць падрыхтоўку, каб усё паспець. Па меркаванні маёй суразмоўніцы, рыхтавацца да тэсціравання і выпускнога экзамену трэба пачы­наць не ў 11 класе, а з 10-га. Гэта самы разумны выбар, бо ў такім выпадку можна вучыць гісторыю не кожны дзень, а размеркаваць матэрыял па тыднях. Вывучаць гістарычны матэрыял трэба мінімум тры разы на тыдзень.

“Калі час 10 класа ўпушчаны, то ў 11 класе падрыхтоўку трэба пачынаць з 1 верасня. Ці зможа такую падрыхтоўку выпускнік ажыццяўляць самастойна? З такой задачай змогуць справіцца адзінкі. У гэтай справе абавязкова патрэбны кансультант, у ролі якога можа  выступаць настаўнік або рэпетытар, бо кожнаму патрэбен кантроль.

Можна карыстацца самакантролем ці самаправеркай, калі, напрыклад, да ЦТ рыхтуюцца два аднакласнікі паралельна. Але зноў-такі, такая самаправерка павінна праходзіць па пэўным алгарытме. Патураць ніхто нікому не павінен. І пытанні адно аднаму трэба задаваць грунтоўныя. Просценькія пытанні не дапамогуць ні запомніць штосьці, ні разабрацца ў матэрыяле. Яны могуць даць толькі падманлівае заспакаенне, якое падчас цэнт­ралізаванага тэсціравання дорага можа каштаваць”, — лічыць Ала Аляксееўна.

Яшчэ яна прапанавала ў ролі кансультанта ўзяць кагосьці з бацькоў ці братоў, сясцёр, але пры ўмове, што яны валодаюць гістарычнымі ведамі і, зразумела, ма­юць вольны час. Але мне здаецца, што гэта не варыянт. Можа ўзнікнуць такое ж адчуванне, як і з просценькімі пытаннямі. Кансультант павінен быць не эмацыянальным, а нават жорсткім і прынцыповым. Не многія бацькі здольны пабудаваць такія адносіны са сваім дзіцем. Акрамя таго, каб эфектыўна працаваць са сваім сынам ці дачкой, трэба перафармаціраваць свае гістарычныя веды, нават калі вы прафесійны гісторык. Давядзецца іх зверыць са школьнай праграмай.

Да таго ж кансультант не толькі правярае вывучаны матэрыял. Ён яшчэ тлумачыць новы, незразумелы. Дае веды пад дыктоўку, што таксама вельмі важна.“Ёсць піраміда для запамінання. Я яе заўсёды трымала ў сваім школьным кабінеце, каб вучні бачылі, наколькі важна пры падрыхтоўцы вусных прадметаў, асабліва гісторыі, ве­даць, што запомніць максімум інфармацыі можна пры спалучэнні чытання, слухання (усведамлення) і напісання канспектаў. Толькі ў такім выпадку можна спадзявацца на добры вынік.

Аналізуючы ўсе тыя цяжкасці, з якімі сутыкаліся дзеці, на першае месца я пастаўлю храналагічныя праблемы. Гісторыя без дат мёртвая. Яе немагчыма ні ведаць, ні выкладаць без храналогіі. Нямногія людзі лёгка запамінаюць даты. Таму іх трэба вучыць, шмат разоў паўтараючы або праводзячы асацыятыўныя паралелі.

Нешта можна параўнаць, напрыклад, з гадамі нара­джэння бацькоў або з яркімі падзеямі свайго жыцця. Праводзіць асацыяцыі, рабіць храналагічныя паралелі карысна. Гэта спросціць працэс запамінання, але далёка не ўсе даты можна запаралеліць ці супаставіць, таму без завучвання не абысціся.

На другім месцы ў будучых абітурыентаў памылкі па канкрэтных гістарычных асобах. Ведаць трэба вельмі многіх. Гісторыя — такая навуковая дысцыпліна, якая расказвае не толькі пра ваенных начальнікаў, філосафаў, гісторыкаў, як многія думаюць. Гісторыя — гэта яшчэ і паэты, пісьменнікі, мастакі, скульптары, музыканты, кампазітары і г.д. І неабходна ведаць не толькі іх прозвішчы, трэба ведаць іх у твар, ведаць іх творы.

З пачатковай школы дзеці вывучаюць такіх выбітных беларускіх дзеячаў, як Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Кірыла Тураўскі, Янка Купала, Якуб Колас. На шчасце, нашы падручнікі даўно дапоўнены шматлікімі імёнамі дастойных людзей, якіх мы павінны ве­даць. Але ж гэтыя імёны ў нашых старшакласнікаў выпадаюць з памяці. Слухачы аддзялення даўніверсітэцкай падрыхтоўкі не могуць суаднесці літаратурныя творы з іх аўтарамі — Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Алаізай Пашкевіч. У тэкстах прапануецца шмат варыянтаў, таму трэба ведаць, каб выбраць правільны. Блытаюцца, напрыклад, у зборніках “Смык беларускі”, “Вянок”, “Курган”.

Чаму так атрымліваецца? Адказ просты. Гісторыя Беларусі вывучаецца з 6 па 11 клас адну гадзіну ў тыдзень на працягу года, або дзве чвэрці па дзве гадзіны на тыдзень. Добра вывучыць гісторыю за такі час немагчыма. Англійскую мову дзеці вывучаюць з 1 класа ў значна большым аб’ёме, ходзяць на курсы і да рэпетытараў, але ўсё роўна не валодаюць мовай бездакорна. А тут толькі гадзіна на тыдзень, таму, дарэчы,  і патрыятызм у нашай моладзі на нізкім узроўні.

Гісторыя фарміруе асобу, але для гэтага ў школе для яе вывучэння павінна быць дастатковая колькасць гадзін. Патрэбны жывыя ўрокі гісторыі, якія будуюцца не толькі на матэрыяле падручніка і відэаматэрыялах. Гэта і наведванне мемарыяльных комплексаў, помнікаў, якіх у нашай краіне шмат. Напрыклад, Трасцянец, Яма, плошча Якуба Коласа, Курган Славы.

 Дарэчы, ніхто з тых старшакласнікаў, з якімі мне даводзілася працаваць, не ведаў, што Курган Славы знаходзіцца на 21-м кіламетры ад Мінска. Не ведаюць, што на кургане чатыры штыкі, называюць толькі тры. Чатыры штыкі сімвалізуюць чатыры фронты, якія ажыццявілі наступальную аперацыю “Баграціён”. Не ведаюць і назваў гэтых франтоў, іх кіраўнікоў”, — расказала Ала Аляк­сееўна.

Разважаючы над там, як дабіцца, каб выпускны экзамен і цэнтралізаванае тэсціраванне па гісторыі Беларусі былі здадзены максімальна паспяхова, мая суразмоўніца прыйшла да наступных высноў.

Калі старшакласнік рыхтуецца да выпускнога экзамену самастойна, не наведвае спецыяльны факультатыў (хаця рабіць гэта пажадана), то ён павінен кансультавацца са сваім настаўнікам, які дапаможа сарыентавацца і распрацаваць схему падрыхтоўкі.

Калі гаворка ідзе пра падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання, то на 100 балаў могуць разлічваць маладыя людзі з валявым характарам, выдатнай памяццю, якія рыхтаваліся сістэмна пад кіраўніцтвам вопытнага педагога.

Але 100 балаў на ЦТ па гісторыі Беларусі — з’ява даволі рэдкая. Па выніках 2017 года такіх абітурыентаў было 16, а ўдзельнічала 17 000. У 2018 годзе ўдзельнікамі ЦТ сталі 22 248 чалавек, з якіх 100 балаў атрымалі толькі 10 выпускнікоў, сярэдні бал быў 37.

Лічбы яскрава сведчаць пра тое, што падрыхтавацца да ЦТ па гісторыі Беларусі вельмі няпроста. Тым не менш гэта магчыма. Напрыклад, з дапамогай спецыяльнай літаратуры такіх аўтараў, як Н.С.Шарова і Г.Я.Галенчанка. Іх дапаможнікі дапаўняюць адзін аднаго, даюць поўны матэрыял у даступнай форме.

Абавязкова трэба мець зборнікі тэстаў апошніх трох гадоў. І, канечне, неабходна звяртацца да школьных падручнікаў 7—11 класаў. Менавіта па падручніках складаюцца заданні для цэнтралізаванага тэсціравання. Неабходна правяраць сябе на рэпетыцыйным тэсціраванні. Тры РТ з лістапада па май наведаць проста неабходна, нягледзячы ні на што. Асабліва важнае трэцяе РТ, бо часцей за ўсё заданні менавіта трэцяга РТ набліжаны да заданняў ЦТ.

“Рыхтуючыся да выпускнога экзамену і да цэнтралізаванага тэсціравання, кожныя 45 хвілін варта рабіць паўзу, каб пераключыцца на нейкі іншы занятак. Акрамя таго, пры падрыхтоўцы пажадана мяняць месца і паставу. Гэта ажыўляе памяць і дапамагае больш дакладна засвоіць матэрыял. І трэба памятаць, што пры чытанні адзін раз уключаецца толькі кароткачасовыя памяць. Формула паспяховага паўтарэння — гэта арыенціроўка, чытанне, агляд, вылучэнне галоўнага. Калі прытрымлівацца такога спалучэння, то поспех гарантаваны.

Разам з тым трэба памятаць, што падрыхтоўка да выпускнога экзамену і да ЦТ розная. У першым выпадку пры падрыхтоўцы трэба старацца шмат гаварыць, бо экзамен вусны. Таму і спецыяльны факультатыў пажадана наведваць, дзе педагог прапануе розныя формы работы. Важна працаваць з картамі, якія з’яўляюцца дзяржаўнымі шпаргалкамі. На картах вельмі шмат канкрэтнага факталагічнага матэрыялу. Але бяда ў тым, што дзеці не ўмеюць чытаць легенду карты, што дэманструе яшчэ адну праблему малой колькасці гадзін гісторыі Беларусі ў школе.

Пры падрыхтоўцы да ЦТ са сваімі слухачамі практыкую разбор тэстаў уголас, калі кожны тлумачыць свой выбар адказу. Звяртаюся да метаду аналізу прапанаваных варыянтаў у кожным тэставым заданні. У мінулым го­дзе мае слухачы набіралі ў сярэднім звыш 70 балаў. Пры сі­стэмным падыходзе ўсё магчыма, таму ўсім, хто вырашыў здаваць ЦТ па гісторыі Беларусі, жадаю поспехаў”, —  заў­важыла Ала Аляксееўна Пісарэнка.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.