Многіх прафесій, па якіх будуць працаваць цяперашнія школьнікі, яшчэ няма
Штогод больш як 1,5 тысячы ўніверсітэцкіх выпускнікоў працаўладкоўваюцца ў кампаніі — рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій. Амаль 60% работнікаў ПВТ — моладзь да 31 года. Пры гэтым кожны пяты супрацоўнік — малады чалавек ва ўзросце 18—24 гады (2,5 тысячы студэнтаў працуюць у кампаніях ПВТ, сумяшчаючы работу з вучобай). Таму для Парка высокіх тэхналогій падрыхтоўка кадраў — гэта не толькі стратэгічная задача, але і надзённая патрэба.
Тыя, хто сёння здае ЦТ, ужо праз 2—4 гады могуць папоўніць армію беларускіх айцішнікаў. Аднак якія спецыялісты патрэбны Парку высокіх тэхналогій у перспектыве? Як маладым людзям угадаць са спецыяльнасцю, факультэтам, установай адукацыі, каб быць запатрабаванымі ў зменлівым свеце? Якія прафесійныя і чалавечыя якасці найбольш цэняцца ў ІТ-кампаніях? Пра гэта вялі размову ўдзельнікі круглага стала — прадстаўнікі Парка высокіх тэхналогій, Міністэрства адукацыі і ўніверсітэтаў.
Жыць у эпоху перамен складана. Але цікава
Выбраць прафесію ў наш час — задача няпростая. Перад сённяшнімі дзецьмі стаіць куды больш складаны выбар, чым перад іх равеснікамі 10 і нават 5 гадоў назад. Эксперты сцвярджаюць, што цяперашняя моладзь можа змяніць больш чым дзясятак працоўных месцаў у розных галінах. Прычым многія з гэтых месцаў яшчэ не з’явіліся, а многія з тых, што ёсць, будуць скарочаны. Прычына — робатызацыя і актыўнае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій.
— Па меркаванні экспертаў, нас чакаюць змены такога маштабу, такой складанасці, якія чалавецтву яшчэ ніколі не даводзілася бачыць, — заўважыў намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Аляксандр Марцінкевіч. — На нядаўнім сусветным эканамічным форуме ў Давосе эксперты заявілі, што 65% дзяцей, якія ў 2018 годзе пайшлі ў 1 клас, пасля заканчэння ўстаноў адукацыі атрымаюць прафесіі, якіх сёння не існуе.
Аляксандр Міхайлавіч агучыў вынікі вельмі цікавых даследаванняў, праведзеных заходнімі сацыёлагамі. Так, па даных Глабальнага інстытута McKinsey, ужо ў найбліжэйшыя 20 гадоў палова рабочых аперацый можа быць аўтаматызавана. Па маштабах гэты працэс супастаўляльны з прамысловай рэвалюцыяй ХVІІІ—ХІХ ст. Мы можам стаць сведкамі з’яўлення непрацуючага класа людзей, прычым яны будуць не проста беспрацоўнымі, а непрацаздольнымі.
Па выніках даследавання, праведзенага оксфардскімі вучонымі, да 2033 года свае месцы алгарытмам саступяць страхавыя агенты (верагоднасць 99%), касіры (97%), шэф-повары (96%), афіцыянты (94%), экскурсаводы (91%), пекары (89%), вадзіцелі аўтобусаў (89%), будаўнічыя рабочыя (88%), ахоўнікі (84%), маракі (83%), бармены (77%), архіварыусы (76%), цесляры (72%).
Яўген ПЕШКУР, начальнік аддзела падрыхтоўкі кадраў кампаніі EPAM Systems:
“Калі глядзець больш чым на пяць гадоў наперад, то, адназначна, трэба атрымліваць нейкую сумежную спецыяльнасць, якая ў камбінацыі з праграмаваннем зробіць з вас унікальнага прафесіянала”.
Але ёсць і аптымістычныя сцэнарыі. Эксперты сцвярджаюць, што ўкараненне інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі дасць жыццё многім новым прафесіям. Асабліва запатрабаванымі на рынку працы будуць ІТ-спецыялісты з глыбокай экспертызай у розных прадметных галінах (медыцыне, хіміі, машынабудаванні і г.д.). Інфарматызацыя не пазбавіць людзей працы, а зробіць іх дзейнасць больш творчай і цікавай.
Якія новыя рабочыя месцы ўзнікнуць у ІТ-галіне
Усе ўдзельнікі круглага стала пацвердзілі, што заўсёды патрэбны распрацоўшчыкі.
— Выбірайце любую папулярную мову праграмавання — і не памыліцеся, — заўважыў начальнік аддзела падрыхтоўкі кадраў кампаніі EPAM Systems Яўген Пешкур. — Другая група — людзі, якія дапамагаюць праграмістам працаваць: бізнес-аналітыкі, тэсціроўшчыкі і г.д. Таксама запатрабаваны спецыялісты ў сферах вялікіх даных, машыннага навучання і інш. Аднак калі глядзець больш чым на пяць гадоў наперад, то, адназначна, трэба атрымліваць нейкую сумежную спецыяльнасць, якая ў камбінацыі з праграмаваннем зробіць з чалавека ўнікальнага прафесіянала.
Аляксандр МАРЦІНКЕВІЧ, намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій:
“У сферы інфармацыйных тэхналогій асноўную каштоўнасць складаюць людзі, таму да кожнай уступнай кампаніі мы ставімся вельмі сур’ёзна. Для нас гэта найважнейшы элемент фарміравання будучыні ІТ-галіны”.
Яўген Пешкур расказаў пра адзін цікавы эфект, які дапамог беларускай ІТ-галіне гучна заявіць пра сябе ў свеце.
— У Беларусі вельмі добрую ролю адыграў той факт, што многіх праграмістаў спецыяльна не рыхтавалі, — адзначыў спецыяліст. — Людзі вывучалі матэматыку, біялогію, фізіку, хімію. Пазней лёс распарадзіўся так, што яны пайшлі ў праграмаванне. Калі прыйшоў час і нашы кампаніі пачалі атрымліваць высокатэхналагічныя заказы — гэтыя людзі апынуліся надзвычай запатрабаванымі. Яны сумяшчаюць у сабе дзве, часам нават тры прафесіі і здольны рабіць такія праекты, якіх ніхто не чакаў. Сёння ўжо відавочна, што мала быць проста распрацоўшчыкам, пажадана разбірацца яшчэ ў нейкай іншай сферы.
Прадстаўнік EPAM Systems расказаў, што кампаніі часта набіраюць на работу звычайных механікаў, электроншчыкаў, біёлагаў і іншых спецыялістаў. Прасцей даць ім патрэбныя ІТ-кампетэнцыі (чым навучыць айцішнікаў староннім прафесіям) і атрымаць тых спецыялістаў, за якіх заказчыкі гатовы плаціць любыя грошы.
— Патрэбны распрацоўшчыкі і дасведчаныя тэсціроўшчыкі, — пацвердзіла спецыяліст па падрыхтоўцы кадраў кампаніі “Тэхартгруп” Таццяна Ермалінская, — але здольныя не проста пісаць код, а комплексна глядзець на праблемы бізнесу і прапаноўваць адпаведныя рашэнні. Для гэтага неабходны моцная інжынерная падрыхтоўка, добры фундаментальны бэкграўнд і калі не дадатковая спецыяльнасць, каб стаць унікальным прафесіяналам, то, прынамсі, шырокая эрудыцыя і ўласны пункт гледжання для таго, каб быць эфектыўным.
Сфера ІТ у Беларусі, як і ва ўсім свеце, актыўна развіваецца. Дэфіцыт супрацоўнікаў на рынку працы будзе захоўвацца яшчэ доўгі час. Аднак незалежна ад тэхналогій будуць цаніцца спецыялісты з фундаментальнымі ведамі, добрым узроўнем англійскай мовы, жаданнем вывучаць новае і хутка адаптавацца да ўсіх змен.
Пра фізіку і фундаментальнасць у адукацыі
Каля 30% спецыялістаў, якія працуюць у кампаніях Парка высокіх тэхналогій, — выпускнікі БДУІР.
— Мы мусім глядзець на 4—7 гадоў наперад, спрабуючы прадбачыць, якія тэхналогіі патэнцыяльна могуць аказацца запатрабаванымі, каб нашы студэнты атрымалі адпаведную базу, — паведаміў прарэктар па вучэбнай рабоце БДУІР Валерый Прыткоў. — Лічым важным захаваць тую частку фундаментальнай падрыхтоўкі, якая дазволіць выпускнікам гнутка перабудоўвацца пад тэхналогіі, што будуць узнікаць. Канечне, кампаніі просяць даць спецыяліста, які цяпер умее рабіць пэўныя рэчы. І мы можам гэта зрабіць, але ёсць рызыка: ці здолее ён, калі з’явіцца патрэба, асвоіць новае? Даючы больш фундаментальнай падрыхтоўкі, мы пашыраем спектр магчымасцей выпускніка.
Сяргей МАЛЫ, дэкан факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ:
“Як бы цесна мы ні ўзаемадзейнічалі з ІТ-кампаніямі, нашы тактычныя задачы адрозніваюцца. Напрыклад, кампанія, якая з’яўляецца сусветным лідарам у нейкай вузкай галіне, не будзе тыражаваць масава тыя веды і кампетэнцыі, якія ўтвараюць аснову яе лідарства. Аднак яна з задавальненнем навучыць чалавека, які прыйдзе працаваць, усім патрэбным нюансам”.
— Існаванне новых, актуальных, магчыма, завоблачных задач з’яўляецца натуральным, і нашы выпускнікі павінны ўмець іх рашаць, — заўважыў дэкан факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ Сяргей Малы. — А для гэтага, акрамя базавай фундаментальнай падрыхтоўкі, важна ведаць не толькі фізіку, матэматыку, асновы праграмавання, інфармацыйных тэхналогій, а яшчэ і валодаць сістэмным мысленнем. Перавага фізікаў — у магчымасці сістэмнага падыходу да вырашэння любой праблемы.
Аляксандр Марцінкевіч пагадзіўся, што з-за імклівага развіцця тэхналогій на першае месца выходзіць фундаментальная адукацыя.
— Сапраўды, кампаніі адзначаюць, што ім патрэбны спецыялісты з добрай фундаментальнай падрыхтоўкай, — заўважыў Аляксандр Міхайлавіч. — І калі прааналізаваць статыстыку ПВТ, то можна бачыць: спецыялісты, якія ва ўніверсітэтах вывучалі фізіку, даволі паспяховыя.
Яўген Пешкур адзначыў, што трэнеры з яго кампаніі, папрацаваўшы з фізікамі, былі ўражаны.
— Звычайныя студэнты, як толькі вывучаць асновы праграмавання, тут жа стараюцца пісаць код — любой цаной любы код! — гаворыць Яўген. — А фізікі адразу пачынаюць думаць, маляваць дыяграмы. Чалавек, які хапае ўсё запар, не дасягне поспеху, пакуль не зменіцца такі стэрэатып паводзін. Менавіта сістэмнае мысленне — “спачатку падумай, а потым выбірай інструмент і рабі!” — прыносіць плён.
Валерый ПРЫТКОЎ, прарэктар па вучэбнай рабоце БДУІР:
“Праграмаванне спрашчаецца. Мовы становяцца ўсё больш зразумелымі для таго, каб хутка пачаць кадзіраваць. У маладых людзей гэта стварае ілюзію лёгкага ўваходу ў спецыяльнасць. Але каб працаваць над сур’ёзнымі праектамі, патрэбны комплексныя веды. Таму трэба арыентаваць студэнтаў, што ім давядзецца пастаянна вучыцца”.
Размеркаванне
Удзельнікі круглага стала адзначылі, што ІТ-галіна — гэта добры прафесійны выбар. Усе выпускнікі ўніверсітэтаў 2018 года, якія атрымалі адукацыю па ІТ-спецыяльнасцях, паспяхова размеркаваны.
Сёння ў Парку высокіх тэхналогій зарэгістраваны 504 рэзідэнты. Па стане на канец сакавіка тут працавалі больш як 45 тысяч чалавек. Прычым за апошнія 3 гады створана 19 тысяч новых рабочых месцаў (толькі за першы квартал гэтага года — 2285). Гэта сведчыць пра тое, што попыт на ІТ-спецыялістаў расце.
— У нас штогод стапрацэнтнае размеркаванне, і не толькі па ІТ-, але і па іншых спецыяльнасцях, — расказаў прарэктар БДУІР Валерый Прыткоў. — Выпускнікі ідуць пераважна ў кампаніі Парка высокіх тэхналогій. Тут высокія зарплаты, добры сацыяльны пакет, ПВТ на слыху, працаваць тут прэстыжна. Акрамя таго, выпускнікі ахвотна размяркоўваюцца ў адпаведныя падраздзяленні прадпрыемстваў іншых галін, напрыклад, у інфармацыйна-аналітычныя цэнтры, створаныя пры дзяржаўных прадпрыемствах. Колькасць заявак ад работадаўцаў у 1,5 разу перавышае колькасць выпускнікоў.
Дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій БДТУ Дзмітрый Шыман паведаміў, што па выніках 2018—2019 гадоў амаль 90% выпускнікоў ідуць працаваць у кампаніі Парка высокіх тэхналогій.
Што да факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ, то 2/3 яго выпускнікоў размяркоўваюцца ў ПВТ. Многія ўключаюцца ў работу ў ІТ-кампаніях ужо на 3—4 курсах. Астатнія ідуць у іншыя высокатэхналагічныя кампаніі, звязаныя з навукай і тэхнікай.
Сяргей КАСПЯРОВІЧ, начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі:
“Штогод каледжы выпускаюць каля 2 тысяч спецыялістаў з профільнай ІТ-адукацыяй. І яны запатрабаваны, праблем з размеркаваннем няма. Ёсць нават ідэя стварыць каледж ІТ-тэхналогій, дзе б на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі рыхтаваліся толькі ІТ-спецыялісты. З такімі ідэямі ў Міністэрства адукацыі ўжо звярталіся.
У той жа час мы не бачым неабходнасці ў стварэнні асобнага ІТ-універсітэта: сёння без малога 20 універсітэтаў даволі паспяхова вырашаюць праблему падрыхтоўкі кадраў. Неабходна асяроддзе, якое б дадаткова дапамагала развівацца як студэнтам, так і гатовым спецыялістам, якія ўжо працуюць або думаюць пра тое, каб змяніць сваю прафесійную траекторыю”.
Ключавыя кампетэнцыі ІТ-спецыяліста
Начальнік аддзела падрыхтоўкі кадраў кампаніі EPAM Systems Яўген Пешкур назваў тры ключавыя кампетэнцыі, без якіх складана зрабіць кар’еру ў ІТ-сферы.
Англійская мова
— І чым меншая тэхнічная скіраванасць (бізнес-аналіз, тэсціраванне і г.д.), тым лепшай павінна быць мова. Яе веданне — гэта 50% вашай кар’еры, — адзначыў Яўген Пешкур. — І нават калі вы геніяльны тэсціроўшчык ці аналітык, адсутнасць мовы не даруюць. Надзвычай малы шанс, што вы зможаце атрымаць работу. Веданне англійскай адыгрывае не меншую ролю, чым тэхнічныя навыкі, і яе значэнне з цягам часу будзе толькі расці.
Камунікатыўнасць
— Уменне правільна гаварыць, слухаць суразмоўніка, дакладна адказваць на пытанні і не расцякацца думкай — надзвычай важна, — працягвае прадстаўнік EPAM Systems. — У сучасным свеце метадалогія распрацоўкі мае на ўвазе непасрэдны кантакт з заказчыкам. Нярэдкая сітуацыя, калі спецыяліста-пачаткоўца запрашаюць на размову з заказчыкам. У яго ёсць не толькі права, а часам абавязак задаваць пытанні. Чалавек, які не гаворыць па-англійску, фактычна адрэзаны ад гэтага свету.
Таццяна ЕРМАЛІНСКАЯ, спецыяліст па падрыхтоўцы кадраў кампаніі “Тэхартгруп”:
“Распрацоўшчыкі і дасведчаныя тэсціроўшчыкі запатрабаваны заўсёды. Прычым важна не проста ўмець пісаць код, а комплексна глядзець на праблемы бізнесу і прапаноўваць адпаведныя рашэнні. Для гэтага неабходны моцная інжынерная падрыхтоўка, добры фундаментальны бэкграўнд і калі не дадатковая спецыяльнасць, каб стаць унікальным прафесіяналам, то, прынамсі, шырокая эрудыцыя і ўласны пункт гледжання для таго, каб быць эфектыўным”.
Гнуткасць, уменне пастаянна вучыцца
— Яшчэ 5 гадоў назад кампаніі не ўдзялялі гэтаму так шмат увагі, а зараз усе зразумелі, наколькі гэта важна, — гаворыць Яўген Пешкур. — Бо можна набраць шмат зорак, якія будуць разрознена цягнуць воз у розныя бакі і не стануць камандай, што працуе на агульны вынік. Таму трэба разумець, што вы ідзяце ў сферу, дзе прафесійнае і асобаснае развіццё — гэта бесперапынны працэс.
Англійская
мова патрэбна не толькі таму,
што
ІТ-галіна экспартна арыентаваная і трэба ўзаемадзейнічаць з заказчыкамі. Гэтая
галіна імкліва мяняецца, і ІТ-спецыялісту
жыццёва важна пастаянна вучыцца, каб не адстаць у
частцы тэхналогій, трэндаў, продажаў. Найноўшыя веды даступны менавіта на англійскай мове.
Таму разуменне нават не тэхнічнай, а
размоўнай англійскай мовы можа стаць крытычнай перавагай на рынку працы.
Як заўважыў Сяргей Каспяровіч, не важна, якую мову чалавек вывучаў у школе, важна яго жаданне вывучыць англійскую мову. У вучэбных планах усіх ІТ-спецыяльнасцей закладзены два курсы англійскай мовы — гэтага дастаткова, каб атрымаць неабходны ўзровень для ўваходжання ў ІТ-сферу.
А што будзе з універсітэтамі?
Змены закранаюць усе сферы нашага жацця. А што будзе з універсітэтамі? Ці не знікнуць яны гадоў праз дзесяць? Захаваюцца яны ў цяперашнім выглядзе або будуць іншымі? Аляксандр Марцінкевіч папрасіў гасцей паразважаць і над гэтымі пытаннямі.
Дзмітрый ШЫМАН, дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій БДТУ:
“Кіраўніцтва ўніверсітэта некалькі гадоў назад прыняло рашэнне максімальна ўкараняць інфармацыйныя тэхналогіі нават на тых спецыяльнасцях, якія не звязаны з ІТ. Як вынік — сёння ў ІТ-кампаніях з поспехам працуюць выпускнікі хімічных і іншых нашых спецыяльнасцей. Комплексныя веды робяць іх унікальнымі спецыялістамі”.
— Перадача інфармацыі яшчэ не з’яўляецца перадачай ведаў, — заўважыў Валерый Прыткоў. — Гэтая акалічнасць не можа быць заменена ніякімі тэхналогіямі, і ўніверсітэты, безумоўна, застануцца. Так, з’явяцца новыя формы. Ужо сёння тэхналогіі дазваляюць рабіць тое, што 10—15 гадоў назад мы нават не маглі ўявіць. Але ўсё роўна будуць студэнты, будуць выкладчыкі (цьютары, куратары — іх можна называць па-рознаму). Застануцца людзі, якія дапамогуць студэнтам сарыентавацца ў велізарным аб’ёме складанай інфармацыі, падкажуць, што правільна, на што звярнуць увагу. І нават вядучыя ўніверсітэты свету, якія развіваюць лічбавыя тэхналогіі актыўней, чым мы, не збіраюцца адмаўляцца ад класічных методык навучання.
Аляксандр Марцінкевіч як мадэратар дыскусіі час ад часу задаваў гасцям правакацыйныя пытанні. У прыватнасці, ён папрасіў уважліва падумаць і падняць руку тым спікерам, якія лічаць, што праз 20—30 гадоў робаты заменяць праграмістаў. Здаецца, узнялося тры рукі. Што ж, пажывём — пабачым…
Сяргей Каспяровіч паведаміў, што зараз у сістэме адукацыі рэалізоўваецца шэраг эксперыментаў. І адзін з іх — лічбавы ўніверсітэт.
Андрэй СЕДУН, прарэктар па вучэбнай рабоце БДЭУ:
“Мы не рыхтуем і ніколі не будзем рыхтаваць праграмістаў. У нас іншая задача — рыхтаваць эканамістаў з глыбокімі ведамі інфармацыйных тэхналогій, якія яны павінны прымяняць у сваіх галінах: фінансы, гандаль, маркетынг, міжнародныя бізнес-камунікацыі, гаспадарчае права. Кампетэнцыі на скрыжаванні розных сфер даюць нашым выпускнікам істотную перавагу, і яны паспяхова працуюць усюды, у тым ліку ў ІТ-кампаніях”.
— Так, універсітэт, магчыма, зменіць падыходы ў частцы спосабаў данясення ведаў, — заўважыў Сяргей Антонавіч. — Але гэтая ўстанова даказала сваю жыццяздольнасць і ўстойлівасць на працягу стагоддзяў. Універсітэт — гэта не толькі адукацыя. Гэта культурны і навуковы цэнтр, суб’ект эканомікі і сацыяльнай сферы, які інтэгруе многія працэсы. Складана ўявіць, што ён перастане быць неабходным для грамадства.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.