Прыёмная кампанія-2013 завяршылася, але яе вынікі цікавяць не толькі аналітыкаў. Маладыя людзі, якія рыхтуюцца да паступлення ў будучым годзе, таксама вывучаюць сітуацыю, каб максімальна эфектыўна выкарыстаць вопыт папярэднікаў. Пра адметнасці сёлетняй прыёмнай кампаніі і тое, на што трэба звярнуць увагу будучым абітурыентам, расказвае начальнік галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы Белдзяржуніверсітэта Людміла Міхайлаўна Хухлындзіна.
— Уступная кампанія 2013 года праходзіла пад уплывам сур’ёзнага дэмаграфічнага крызісу ў краіне. І мы ўжо назіраем сітуацыю, калі не абітурыенты змагаюцца за месцы ў ВНУ, а ВНУ вядуць барацьбу за абітурыентаў. Напэўна, Белдзяржуніверсітэт гэтая праблема закранула менш, чым іншыя ўстановы, аднак уплыў крызісу, безумоўна, адчуваецца. Скажыце, Людміла Міхайлаўна, ці задаволены вы наборам гэтага года? Ці ўсе спецыяльнасці ўкамплектаваны належным чынам (я маю на ўвазе не толькі выкананне кантрольных лічбаў прыёму, але і ўзровень падрыхтоўкі абітурыентаў)?
— Так, на гэты момант мы наборам задаволены. Па-першае, выкананы кантрольныя лічбы прыёму на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту па ўсіх спецыяльнасцях, што было вельмі важна ў рамках менавіта гэтай уступнай кампаніі. З другога боку, для нас вельмі важны ўзровень падрыхтоўкі першакурснікаў, і тут таксама даволі добрыя паказчыкі. Напрыклад, сёлета мы залічылі 123 пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд (гэта больш, чым летась). Акрамя таго, павялічылася колькасць маладых людзей, якія з’яўляюцца лаўрэатамі спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Больш за 480 нашых першакурснікаў (23,2% ад агульнай колькасці) закончылі сярэднія школы з медалямі ці ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай (летась такіх было 18,6%). І вельмі важна, што 60% залічаных на вучобу за кошт сродкаў бюджэту мелі звыш 300 балаў. Такія ж высокія балы маюць 15% платнікаў, а многія знаходзяцца ў дыяпазоне 260—300 балаў. У гэтым сэнсе кантынгент першакурснікаў нас задавальняе.
— Гэта значыць, што абітурыентам не варта разлічваць на дэмаграфічны крызіс і, калі яны хочуць вучыцца ў вядучым універсітэце краіны, ім па-ранейшаму трэба мэтанакіравана рыхтавацца да паступлення?..
— Так, з аднаго боку мы гаворым пра дэмаграфічны крызіс і адначасова вялікую колькасць бюджэтных месцаў, але ў прэстыжныя ВНУ і на прэстыжныя спецыяльнасці высокія конкурсы будуць захоўвацца. Нягледзячы на змяншэнне агульнай колькасці абітурыентаў, жадаючых паступіць у вядучы ўніверсітэт, вельмі шмат.
— Скажыце, набор абітурыентаў у вас ажыццяўляецца пераважна на адну спецыяльнасць ці па групах спецыяльнасцей?
— Па-рознаму. Так, магчымы набор на асобную спецыяльнасць, на групу спецыяльнасцей у рамках факультэта і на факультэт у цэлым.
Справа ў тым, што ў нашым універсітэце вялікі пералік спецыяльнасцей розных профіляў, і вельмі часта ўступныя іспыты не супадаюць. Напрыклад, на факультэце філасофіі і сацыяльных навук на спецыяльнасць “Псіхалогія” трэба здаваць біялогію, а на “Сацыялогію”, “Паліталогію” і “Сацыяльныя камунікацыі” яе здаваць не трэба. Натуральна, аб’яднаць гэтыя спецыяльнасці ў адну групу немагчыма. Таму тры спецыяльнасці аб’яднаны ў адну групу, і туды вядзецца агульны набор, і асобна ажыццяўляецца набор на спецыяльнасць “Псіхалогія”.
На факультэце міжнародных адносін у адну групу аб’яднаны спецыяльнасці “Сусветная эканоміка” і “Менеджмент у галіне міжнароднага турызму” і ў другую групу — “Міжнародныя адносіны” і “Міжнароднае права”. Асобны конкурс ажыццяўляецца на спецыяльнасці “Мытная справа” і “Лінгвакраіназнаўства”. Такі падыход тлумачыцца тым, што нават у выпадку, калі ўступныя іспыты супадаюць, на адны спецыяльнасці трэба праходзіць прафесійна-псіхалагічнае сумоўе, а на іншыя — не трэба.
А вось на прыродазнаўчыя і асобныя гуманітарныя факультэты набор ажыццяўляецца адразу на факультэт. Выключэнне складае толькі адна спецыяльнасць на хімфаку — “Хімія лекавых злучэнняў”, дзе замест матэматыкі абітурыенты здаюць біялогію. Таму на гэтую спецыяльнасць вядзецца асобны набор.
— Іншымі словамі, ніхто не хоча страціць добрых абітурыентаў, а таму, дзе можна праводзіць агульны набор, там ён праводзіцца…
— Так, сэнс менавіта ў гэтым — не страціць добрых абітурыентаў. Перад залічэннем, калі ўжо вызначаны прахадныя балы на факультэты, мы праводзім сумоўе з кожным абітурыентам. І ў выпадку, калі ён не праходзіць на выбраную спецыяльнасць, дапамагаем яму падабраць іншую. Тлумачым адрозненні паміж спецыяльнасцямі, расказваем пра іх асаблівасці — і ў выніку нашы абітурыенты выбіраюць не ката ў мяшку, а робяць усвядомлены выбар будучай спецыяльнасці.
— Скажыце, Людміла Міхайлаўна, як ва ўніверсітэце паставіліся да павышэння ніжняга значэння конкурснага тэставага бала?
— Мы з самага пачатку паставіліся да ўвядзення ніжняй планкі вельмі станоўча, бо, каб вучыцца ва ўніверсітэце, патрэбны пэўны мінімум ведаў. У адваротным выпадку, нельга адужаць універсітэцкую праграму. Зразумела, абітурыенты з нізкімі баламі і раней не маглі паступіць на бюджэтную форму навучання, але ішлі вучыцца на ўмовах аплаты. У выніку яны проста марнавалі бацькоўскія грошы, бо трымаліся ва ўніверсітэце непрацяглы час, сыходзілі часам нават да першай сесіі.
Павышэнне мінімальнага парогавага значэння ўсё ж такі прымушае абітурыентаў лепш рыхтавацца да паступлення, а не прыходзіць на ЦТ проста, каб атрымаць хоць які бал і потым пайсці на платнае навучанне. Зараз усе, хто хоча паступіць ва ўніверсітэт, вымушаны асвойваць школьную праграму.
— Вядома, што ў некаторых ВНУ (магчыма, і ў БДУ) для першакурснікаў арганізоўваюць спецыяльныя курсы, каб падцягнуць школьную фізіку або матэматыку. Гэта звязана з тым, што дзеці не давучылі прадметы ў школе ці ўсё ж такі ўніверсітэцкія праграмы сталі больш складанымі?
— Я не думаю, што ўскладніліся ўніверсітэцкія праграмы, асабліва на малодшых курсах, проста многія не імкнуцца паглыбляцца ў прадмет, а вывучаюць яго даволі павярхоўна. Мы лічым, што негатыўную ролю тут сыграла адмаўленне ад профільнага навучання. Навучэнцы школ не ўсведамляюць неабходнасці ўдзяляць больш увагі той жа матэматыцы і фізіцы, калі яны выбіраюць фізіка-матэматычны ці тэхнічны профіль. Таму, на жаль, мы назіраем сітуацыю, калі да нас прыходзяць студэнты, якія не ўмеюць рашаць складаныя комплексныя задачы, што патрабуюць прымянення ведаў з розных раздзелаў. Прычым, гэта назіраецца нават на прэстыжных факультэтах, куды, здавалася б, прыходзяць самыя-самыя. Праўда, сітуацыя ўжо стала мяняцца: у школы вяртаецца профільнае навучанне, і мы спадзяёмся, што гэта адаб’ецца і на падрыхтоўцы будучых абітурыентаў.
Зараз жа мы прапаноўваем першакурснікам спецыяльныя праграмы накшталт факультатыўных заняткаў, дзе на працягу першых двух месяцаў паўтараем школьныя базавыя веды па фізіцы, матэматыцы, хіміі. Усё гэта мы робім для таго, каб студэнты маглі нармальна засвойваць універсітэцкую праграму.
Дарэчы, і на гуманітарных факультэтах ёсць выпадкі, калі студэнты папросту не ўмеюць гаварыць і выказваць свае думкі. Або па замежных мовах студэнты могуць добра ведаць тэарэтычны матэрыял, граматыку, але яны нічога не чуюць і таксама маюць праблемы з маўленнем. Мы разлічваем, што ў дачыненні да замежных моў сітуацыя зменіцца да лепшага з увядзеннем выпускнога экзамену ў школах.
— Многія эксперты гавораць, што павышэнне мінімальнай планкі вельмі моцна ўдарыла па дарослых абітурыентах — тых, хто ўжо даўно скончыў школу і зараз хацеў бы працягнуць навучанне завочна…
— Сапраўды, цяпер ёсць праблемы з наборам на завочную форму навучання, але яны звязаны не толькі з павышэннем планкі. Справа ў тым, што на бюджэтнае навучанне па завочнай форме могуць прэтэндаваць толькі тыя, хто мае стаж работы па адпаведнай спецыяльнасці. Зразумела, гэтая ўмова адразу адсякае значную частку абітурыентаў.
Другі момант заключаецца ў тым, што завочнікам зараз не прадастаўляецца інтэрнат, і калі людзям няма дзе спыніцца на час сесіі, то праблема пражывання з’яўляецца даволі сур’ёзнай. Вельмі многія загадзя думаюць пра гэтую акалічнасць і таму стараюцца паступаць ва ўстановы адукацыі, якія знаходзяцца бліжэй да дому. Паглядзіце, сёння рэгіянальныя ўніверсітэты набіраюць завочнікаў значна лепш, чым сталічныя.
А ўвогуле, да завочнай адукацыі трэба падыходзіць з вялікай асцярожнасцю. Невыпадкова Міністэрства адукацыі ўзяло курс на скарачэнне завочнай формы. Зараз мы пайшлі па шляху, каб на завочнае навучанне, у тым ліку на скарочаную форму, прымаць больш выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як правіла, гэтыя людзі ўжо працуюць па спецыяльнасці, ведаюць, для чаго ім патрэбна вышэйшая адукацыя, і больш адказна ставяцца да вучобы. Адпаведна, і якасць навучання такіх людзей значна вышэйшая, чым у тых, хто ідзе на завочную форму, не працуючы, толькі каб атрымаць запаветныя корачкі.
Дарэчы, трэба сказаць, што ў нас няма праблем з наборам на завочную форму навучання людзей, якія атрымліваюць другую вышэйшую адукацыю (пераважна па скарочанай форме і на ўмовах аплаты). Гэтыя людзі выдатна ўсведамляюць, што ім у рабоце не хапае пэўных ведаў, і яны ахвотна ідуць на эканамічныя, юрыдычныя і іншыя спецыяльнасці.
— Сёння ўжо падрыхтавана новая рэдакцыя правіл прыёму ў ВНУ. У прыватнасці, прапануецца адмяніць пазаконкурснае залічэнне для абітурыентаў, упарадкаваць прыём пераможцаў алімпіяд, скасаваць асобны конкурс для гарадскіх і сельскіх выпускнікоў. Скажыце, ці часта бываюць выпадкі, калі прахадныя балы льготнікаў істотна ніжэйшыя, чым у тых, хто ідзе па агульным конкурсе? І ці не прывядзе адмена сельскага конкурсу да таго, што вясковыя дзеці проста не змогуць паступаць у прэстыжныя ВНУ на добрыя спецыяльнасці?
— Што да сельскіх абітурыентаў, то тут не ўсё адназначна. У нашым універсітэце больш чым на палову спецыяльнасцей сельскія абітурыенты мелі дастатковыя балы, каб быць залічанымі па агульным конкурсе. Напрыклад, згодна з пададзенымі заявамі, для іх было выдзелена два месцы, але яны паказвалі больш высокія вынікі, чым гарадскія, і паступалі не два, а тры-чатыры сельскія выпускнікі.
Вядома, былі і адваротныя сітуацыі, калі на асобныя спецыяльнасці сельскія абітурыенты змаглі паступіць толькі таму, што для іх быў асобны конкурс. Прычым, згодна з правіламі прыёму, калі заяву падае нават адзін сельскі выпускнік, на сельскі конкурс выдзеляецца адно месца. І вось гэта не зусім правільна, бо здараецца, што на адзінае месца паступае абітурыент са значна ніжэйшымі баламі, чым у гарадскіх выпускнікоў.
Што да пазаконкурснага залічэння дзяцей-сірот, то мы лічым больш справядлівым аказанне ім сацыяльнай падтрымкі ўжо падчас вучобы ва ўніверсітэце, але паступаць яны павінны ўсё ж згодна са сваімі ведамі. Бо калі ў аўдыторыі знаходзяцца студэнты, якія мелі пры паступленні 360 балаў і больш, то тым, хто меў на ўваходзе 120 балаў, вучыцца вельмі складана. У такой сітуацыі можна нават атрымаць маральную траўму, і адлічыць такіх студэнтаў вельмі складана.
Што да пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд, асабліва па прыродазнаўчых дысцыплінах, то іх трэба ўсяляк падтрымліваць, і льгота пры паступленні для іх цалкам апраўдана. Яны здольныя да вучобы, умеюць рашаць комплексныя задачы і ва ўніверсітэце становяцца, як правіла, лепшымі студэнтамі.
— Ці рыхтуюцца ў БДУ нейкія новаўвядзенні для абітурыентаў 2014 года, напрыклад, новыя спецыяльнасці або напрамкі падрыхтоўкі?
— Хачу сказаць, што складана адкрываць новыя спецыяльнасці штогод (летась на першай ступені навучання мы адкрылі 10 спецыяльнасцей!). Але, тым не менш, мы плануем адкрываць новыя напрамкі падрыхтоўкі.
Напрыклад, у нас ёсць напрамак “Геаінфармацыйныя сістэмы” (спецыяльнасць “Геаграфія”), але сёння мы бачым, што ён ужо “дарос” да таго, каб стаць самастойнай спецыяльнасцю, і плануем ажыццявіць гэта ў 2014 годзе. Плануем таксама ўвесці яшчэ два напрамкі падрыхтоўкі па спецыяльнасці “Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі”.
— Што б вы, Людміла Міхайлаўна, параілі абітурыентам БДУ 2014 года? На што ім варта звярнуць асаблівую ўвагу? Як правільна падысці да выбару спецыяльнасці?
— Выбар спецыяльнасці трэба было рабіць раней, бо зараз трэба ўжо рыхтавацца да ўступных выпрабаванняў. А тыя, хто вагаецца, павінны падысці да выбару ўсвядомлена. Кажуць, што гэта не менш важна, чым выбраць сабе другую палавіну: нелюбімая работа прыносіць чалавеку пакуты, а змяніць яе часта бывае вельмі няпроста.
Абітурыенты павінны разабрацца, што ўяўляе сабой выбраная спецыяльнасць і якія гарантыі яна дае ў будучыні. І не варта ісці на “свабодныя” спецыяльнасці толькі таму, што там нізкія прахадныя балы. Наадварот, трэба ўвесь час, які застаўся да ўступных выпрабаванняў, патраціць на падрыхтоўку, назапасіць добры багаж ведаў і пайсці менавіта на тую спецыяльнасць, якой хацелася б прысвяціць усё жыццё.
— Дзякуй, Людміла Міхайлаўна, за гутарку.