Выбірайце спецыяльнасць з пазіцыі будучыні

Зараз у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ідзе папярэдняе размеркаванне выпускнікоў. Гэтая працэдура, якая аказвае найважнейшы ўплыў на будучыню кожнага чалавека, адначасова суправаджаецца абавязковай адсылкай у мінулае. Бо і першае месца працы, і кар’ерныя перспектывы, і дабрабыт маладога спецыяліста ў многім залежаць ад таго, наколькі прадуманымі і свядомымі былі яго дзеянні дагэтуль (ад прафесійнага выбару і стараннасці ў вучобе да пошуку кампаніі-работадаўцы).
На жаль, жыццёвыя планы многіх абітурыентаў абмяжоўваюцца толькі паступленнем ва ўніверсітэт, і мала хто задумваецца пра тое, што будзе потым. А між тым спецыялісты раяць выбіраць спецыяльнасць найперш з пазіцыі будучыні. Эйфарыя ад паступлення скончыцца яшчэ да першай сесіі, але пасля яе павінны застацца жаданне вучыцца па выбранай спецыяльнасці і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Зрэшты, намеснік дэкана факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання БДУІР Павел Ігаравіч Філіповіч упэўнены, што добра падрыхтаваныя абітурыенты падыходзяць да паступлення ўдумліва. Высокія балы даю ць ім даволі шырокі выбар і дазваляюць сканцэнтравацца на пошуку менавіта “сваёй” спецыяльнасці. У той час, як іншыя мітусяцца, каб хоць кудысьці паступіць, добра падрыхтаваныя абітурыенты ідуць ва ўніверсітэт свядома — не проста дзеля дыплома, а з канкрэтнай мэтай стаць прафесіяналам.
“У гэтым годзе мы не толькі зрабілі добры набор на бюджэтныя месцы, але і практычна выканалі план набору на ўмовах аплаты, — расказвае Павел Філіповіч. — Гэта сведчыць і аб прэстыжнасці нашага факультэта, і аб тым, што абітурыенты паступаюць сюды мэтанакіравана. Напрыклад, я, непасрэдна працуючы з першакурснікамі, бачу шмат талковых людзей, якія прыйшлі ва ўніверсітэт, каб набываць веды”.
Дарэчы, спецыяльнасцей у БДУІР многа, і для недасведчаных людзей яны могуць падацца вельмі падобнымі. Насамрэч, гэта не так. Абітурыенты загадзя вывучаюць асаблівасці кожнай і ў выніку знаходзяць бездань адрозненняў, напрыклад, паміж спецыяльнасцямі “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання” і “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”.
“Бязмэтна ісці ва ўніверсітэт няварта, — гаворыць Павел Філіповіч. — Паступаючы сюды, трэба ўзважыць усе плюсы і мінусы будучай спецыяльнасці, а таксама ўласныя магчымасці, бо каб вучыцца ў тэхнічным універсітэце і ў рэшце рэшт стаць добрым спецыялістам, узровень падрыхтоўкі павінен быць дастаткова высокі”.
Безумоўна, павышэнне ніжняй планкі пры паступленні ў ВНУ паўплывала на сёлетні набор: дагэтуль на платнае навучанне маглі паступіць амаль усе, а зараз колькасць выпадковых студэнтаў зменшылася. Аднак трэба разумець, што і з 15-цю баламі вучыцца ва ўніверсітэце вельмі складана.
“Я лічу, што планка павінна быць найперш у галовах абітурыентаў і іх бацькоў, — упэўнены Павел Філіповіч. — Калі ўзровень падрыхтоўкі не дацягвае да тэхнічнага ўніверсітэта, трэба шматкроць падумаць, ці варта ўвогуле сюды паступаць. Я не кажу адназначна, што не варта. Проста ў кожнага павінна быць унутраная планка, якая дазволіць яму пралічыць, ці зможа ён паспяваць за тымі, хто прыйшоў ва ўніверсітэт з загадзя лепшай падрыхтоўкай”.

Далёка не ўсе студэнты БДУІР даходзяць да дыплома. Павел Ігаравіч, напрыклад, узгадвае, што разам з ім паступалі 120 чалавек, а закончылі ўніверсітэт каля 80-ці. Таму адсядзецца не атрымаецца.
“Заўсёды ёсць студэнты, якім не надта добра даецца вучоба, — працягвае Павел Філіповіч. — Але калі выкладчыкі бачаць, што чалавек хоча ведаць, яны заўсёды дапамогуць і ўсё растлумачаць дадаткова. Напрыклад, мы ў свой час вывучалі інтэгралы і дыферэнцыялы, але цяперашнія выпускнікі школы гэтага не ведаюць (і гэта пры тым, што да нас паступаюць з вельмі высокімі баламі): яны або ўвогуле такое не вывучалі, або вывучалі вельмі павярхоўна. Але для таго, каб рашаць універсітэцкія задачы, такія веды проста неабходныя. І мы пайшлі насустрач першакурснікам (тым больш, што яны самі агучылі праблему і жадаюць вучыцца), арганізавалі для іх спецыяльныя заняткі па матэматыцы, дзе падрабязна разглядаюцца ўсе тэмы, па якіх маюцца прабелы. На шчасце, дзеці аказаліся сапраўды вельмі добра падрыхтаванымі да вучобы, і мы ўжо бачым станоўчы эфект ад гэтых дадатковых заняткаў”.
У той жа час знаходзяцца і такія студэнты, для якіх спецыяльнасць выбіралі, напэўна, бацькі. У выніку вучыцца яны не хочуць, і прымусіць іх немагчыма. І вось група студэнтаў працуе над лабараторнай работай, а гэтым нецікава, яны проста марнуюць час. “Аднак у нашым універсітэце, калі студэнт не працуе, то вучыцца далей ён не зможа, — тлумачыць Павел Філіповіч. — Атэстацыя па кожным прадмеце магчымая пры ўмове, што выкананы ўсе лабараторныя работы і выкладчык станоўча ацэньвае веды студэнта”.
Што да першакурснікаў, то яны нярэдка сутыкаюцца з праблемай адаптацыі. Дагэтуль яны жылі спакойна ў сваіх гарадах з бацькамі, прыкладна вучыліся ў школе, рыхтаваліся да паступлення ва ўніверсітэт. І вось прыехалі ў Мінск — і ўсё тут для іх новае, усё цікавае, увага распыляецца і гэта сапраўды перашкаджае вучобе. А калі дома быў моцны бацькоўскі кантроль, вырваўшыся на волю, дзеці на нейкі час могуць закінуць вучобу. Хаця, як паказвае практыка, хутка ўсё становіцца на свае месцы: тыя, хто прыехаў вучыцца, актыўна ўключаюцца ў працэс.
“Плюс нашай адукацыі ў тым, што мы стараемся ўсебакова развіваць студэнтаў, падштурхоўваем іх да таго, каб яны займаліся спортам, мастацкай творчасцю, развівалі камунікабельнасць і лідарскія якасці, — гаворыць Павел Філіповіч. — І насуперак стэрэатыпу, што камп’ютаршчыкі толькі і праседжваюць крэсла за маніторам, многія з іх маюць разнастайныя захапленні і вельмі цікавыя ў зносінах. Пры гэтым яны добра ведаюць сваю справу і выконваюць яе на высокім узроўні. Я ведаю выпадкі, калі нашы выпускнікі ўжо праз два гады пасля заканчэння ўніверсітэта станавіліся на чале сур’ёзных падраздзяленняў у буйных кампаніях. І зразумела, што база для гэтага была закладзена менавіта ва ўніверсітэце. Такім чынам, магчымасці развівацца ёсць у кожнага студэнта БДУІР, а вось тое, наколькі ён імі скарыстаецца, залежыць найперш ад яго актыўнасці і дальнабачнасці”.

З гэтага года БДУІР перайшоў на новую мадэль падрыхтоўкі кадраў па схеме 4+2. Была праведзена велізарная работа па аптымізацыі вучэбных планаў, і ў выніку выпускнікі ўніверсітэта за 4 гады змогуць атрымаць такую ж адукацыю, што і за 5 гадоў. Многія абітурыенты знайшлі ў гэтым вялікі плюс.
“Такая схема падрыхтоўкі вельмі зручная для тых, хто жадае хутчэй атрымаць дыплом і пайсці працаваць, — цяпер гэта можна зрабіць на год раней, — тлумачыць Павел Філіповіч. — У той жа час выпускнікі, якія захочуць працягнуць сваю адукацыю ў магістратуры, таксама апынуцца ў больш выйгрышнай сітуацыі: зразумела, што ў двухгадовай магістратуры можна атрымаць яшчэ лепшую падрыхтоўку і стаць сапраўдным спецыялістам у абранай галіне”.
Пакуль жа БДУІР заканчваюць студэнты, якія вучыліся па 5-гадовай праграме падрыхтоўкі спецыялістаў. Зараз ідзе папярэдняе размеркаванне, і ўніверсітэт літаральна захліснула хваля заявак на выпускнікоў, так што ўжо загадзя вядома: усе іх задаволіць немагчыма. За выпускнікоў БДУІР вядзецца сапраўдная барацьба.

Амаль усе старшакурснікі ўніверсітэта працуюць па спецыяльнасці (і гэта пры тым, што дазвол на работу можна атрымаць толькі пры ўмове добрай паспяховасці!). “Да выпускнога курса даходзяць сапраўды лепшыя студэнты”, — заўважыў Павел Ігаравіч.
Большасць выпускнікоў будуць размеркаваны на тыя прадпрыемствы, дзе іх ужо ведаюць, і дыпломныя праекты яны будуць пісаць па месцы работы. Так, выпускнікі, акрамя глыбокіх фундаментальных ведаў, атрымліваюць неабходныя практычныя навыкі, што дазволіць ім стаць яшчэ больш каштоўнымі спецыялістамі.
Дарэчы, ранняе размеркаванне, якое практыкуецца ў БДУІР, дае студэнтам магчымасць загадзя вырашыць такую важную праблему, як працаўладкаванне, і потым спакойна працаваць над дыпломным праектам.

Што да абітурыентаў, то Павел Ігаравіч раіць ім вельмі сур’ёзна паставіцца да выбару будучай спецыяльнасці і добра рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання.
“Гэта адзін з самых вызначальных этапаў у жыцці маладых людзей, — заўважыў Павел Філіповіч, — таму хацелася б пажадаць ім больш уседлівасці, каб у перыяд падрыхтоўкі яны змаглі атрымаць як мага больш ведаў. А што да выбару спецыяльнасці, то трэба пастарацца зразумець свае сапраўдныя пажаданні і, адначасова, узважыць, наколькі запатрабаванай будзе выбраная спецыяльнасць у будучыні”.

 

Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.