Зорны клас 11 “Б”

Пяць найвышэйшых вынікаў ЦТ на чацвярых — сапраўдны поспех гродзенскіх выпускнікоў і іх настаўнікаў

На працягу сямі апошніх гадоў навучэнцы Гродзенскай вобласці ўваходзяць у тройку лідараў па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Штогод ёсць у іх скарбонцы і 100-бальныя вынікі. Па традыцыі 11 ліпеня ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы запрашаюць лепшых выпускнікоў на ўрачыстую цырымонію ўручэння сертыфікатаў ЦТ.

Каманда гімназіі № 3 Гродна (злева направа): Т.Л.Напольскіх, Максім Назараў, Дзяніс Прохараў, Ілья Халько, Т.І.Баканава і Арцём Булах.

Сапраўднымі героямі ўрачыстасці 2019 года сталі навучэнцы гімназіі № 3 Гродна. Чатыры яе выпускнікі паказалі самыя высокія вынікі: Арцём Булах і Дзяніс Прохараў — па матэматыцы, Ілья Халько — па фізіцы. А вось Максім Назараў здаў на 100 балаў абодва прадметы. Усе хлопцы вучыліся ў адным класе — 11 “Б”. Іх класным кіраўніком з 5 класа і настаўніцай матэматыкі была Таццяна Львоўна Напольскіх. Яе і настаўніцу фізікі Таццяну Іванаўну Баканаву таксама запрасілі на ўрачыстасць.

— Гэты клас быў вельмі моц­ным і працаздольным, — расказвае Таццяна Львоўна. — Хлопцы старанна займаліся на ўроках, наведвалі дадатковыя заняткі факультатываў па суботах, удзельнічалі ў алімпіядах. Такі высокі вынік вельмі радуе ўвесь калектыў гімназіі.

Выпускнікоў, іх бацькоў, настаўнікаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі цёпла павіншавалі з высокімі дасягненнямі намеснік старшыні Гродзенскага абл­выканкама Віктар Лісковіч, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

— Такіх высокіх вынікаў дазволіла дасягнуць сфарміраваная сістэма адукацыі гродзенскага рэгіёна, якая дае магчымасць кожнаму навучэнцу прадэманстраваць высокія вынікі. Воб­ласць займае вядучыя месцы па выніках цэнтралізаванага тэсціравання, у алімпіядным руху, у конкурсах прафесійнага майстэрства, — адзначыў Віктар Лісковіч.

Тое, што высокі вынік пад сілу кожнаму, хто добрасумленна і настойліва рыхтаваўся да цэнтралізаванага тэсціравання, паказвае і геаграфія ўдзель­нікаў цырымоніі ўручэння сертыфікатаў. Больш за 50 чалавек — тых, хто паказаў 100-бальныя вынікі (а іх у вобласці звыш 30) і каму да запаветнай лічбы не хапіла некалькі балаў, — запрасілі ў гэты дзень ва ўніверсітэт. Прысутнічалі таксама выпускнікі гімназій і невялікіх сельскіх школ. Так, тры 100-бальныя вынікі — у выпуск­нікоў гімназіі № 2 Ваўкавыска, а з Вялікабераставіцкай сярэдняй школы на сустрэчу прыехалі двое навучэцаў — Дар’я Гардзейчык атрымала 99 балаў па гісторыі Беларусі і 91 бал па англійскай мове, Арцём Сцепанчук на 94 балы здаў англійскую мову і на 93 — рускую.

Рэктар ГрДУ Ірына Кітурка цёпла павіншавала выпускніка свайго ўніверсітэта Дзмітрыя Апона. Хлопец вучыўся на спецыяльнасці “Міжнароднае права” і вырашыў атрымаць яшчэ адну адукацыю, звязаную з гісторыяй. Для гэтага ён зрабіў добры зачын: здаў на 100 балаў тэст па прадмеце “Сусветная гісторыя”. Трэба адзначыць, што такі вынік паказалі толькі два ўдзельнікі ЦТ.

Навучэнцы Гродзеншчыны прадэманстравалі найвышэйшыя вынікі па матэматыцы, фізіцы, біялогіі, сусветнай гісторыі, грамадазнаўстве, беларускай, англійскай, нямецкай, іспанскай мове. Дарэчы, адзіны 100-бальны вынік па іспанскай мове ў краіне — у выпуск­ніцы гімназіі № 2 Ваўкавыска Ксеніі Жэшка.

На сустрэчы выпускнікі выказвалі ўдзячнасць сваім настаўнікам і бацькам, дзякуючы якім яны дасягнулі такіх бліскучых вынікаў. І тут жа прагучала прапанова В.А.Лісковіча аб тым, каб на старонках абласной газеты “Гродзенская праўда” яны расказалі пра свае школы, пра настаўнікаў і бацькоў, пра тое, як ішлі да свайго поспеху. Выпускнікі гэтую ідэю падтрымалі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.