Сёлетняя ўступная кампанія ў БДУІР мела цэлы шэраг адметнасцей. Па-першае, у параўнанні з мінулым годам істотна выраслі прахадныя балы (на некаторыя спецыяльнасці на 55 — 62 балы). Па-другое, пералік спецыяльнасцей, якія маглі ўказваць абітурыенты ў парадку прыярытэту, павялічыўся да сямі (летась было пяць). Дарэчы, плануецца, што ў будучым годзе і гэтае абмежаванне будзе знята: абітурыенты змогуць указаць хоць усе спецыяльнасці адпаведнага профілю, якія ёсць ва ўніверсітэце.
Пра тое, чым яшчэ была адметнай сёлетняя ўступная кампанія ў БДУІР, нам расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі ўніверсітэта Васіль Міхайлавіч БАНДАРЫК.
— У БДУІР ужо чацвёрты год запар выкарыстоўваецца аўтаматызаваная сістэма падачы заяў і залічэння абітурыентаў. Раскажыце, Васіль Міхайлавіч, у чым яе асноўныя перавагі?
— Па-першае, зніклі ўсялякія чэргі, і мы ўжо забыліся, што ёсць такая праблема апошняга дня, калі абітурыенты спяшаюцца перападаць дакументы на іншыя спецыяльнасці. Прыём дакументаў праходзіць вельмі спакойна. Абітурыенты запаўняюць толькі заяву, а ўся астатняя інфармацыя бярэцца з базы даных. Хутка і зручна!
Залічэнне абітурыентаў праходзіць у два этапы: спачатку ва ўніверсітэт (па профілях), а потым ужо — па спецыяльнасцях. Напрыклад, на тэхніка-тэхналагічны профіль былі залічаны 1070 абітурыентаў з самымі высокімі баламі, якія пасля размяркоўваліся па спецыяльнасцях, згодна з указанымі імі прыярытэтамі.
Такім чынам, сістэма дазваляе прыняць на вучобу ва ўніверсітэт самых падрыхтаваных абітурыентаў. Магчыма, для тых, хто набраў не так многа балаў, гэта не надта добра (пры іншай сістэме прыёму ім магла б паспрыяць удача). Але мы заўважылі, што, як толькі пачалі выкарыстоўваць аўтаматызаваную сістэму залічэння, у нас паступова сталі павышацца прахадныя балы: каб паступіць у БДУІР абітурыенты сталі рыхтавацца лепш.
— Сёлета ў БДУІР рэкордна высокія прахадныя балы…
— Так, на дзённай форме навучання за кошт сродкаў бюджэту сярэдні прахадны бал на тэхнічныя спецыяльнасці павялічыўся на 44 балы: летась быў 220, а сёлета 264. На некаторыя спецыяльнасці прахадны бал вырас на 55 — 62 балы.
Максімальныя балы былі зафіксаваны на спецыяльнасцях “Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання” — 375 (дакладней, гэта паўпрахадны бал; два чалавекі з такім жа балам былі пераведзены на іншыя спецыяльнасці, указаныя імі ў заяве ў парадку прыярытэту) і “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” — 361 (таксама паўпрахадны бал). І гэта пры тым, што на згаданыя спецыяльнасці даволі вялікі бюджэтны набор: адпаведна 50 і 70 чалавек.
Вялікай папулярнасцю ў абітурыентаў карысталася новая спецыяльнасць гэтага года — “Мабільныя сістэмы, якія праграмуюцца”. Конкурс на яе перавысіў 4 чалавекі на месца, а прахадны бал склаў 341.
Дарэчы, сёлета на эканамічным профілі з’явіліся дзве новыя спецыяльнасці, якія па сваіх вучэбных планах набліжаны да тэхнічнага профілю: “Электронны маркетынг” і “Эканоміка электроннага бізнесу” (кваліфікацыя, адпаведна, “Маркетолаг-праграміст” і “Эканаміст-праграміст”). У вучэбных планах гэтых спецыяльнасцей шмат ІТ-дысцыплін, інжынерная і камп’ютарная графіка. Прахадныя балы на іх таксама былі даволі высокія (адпаведна 319 і 328).
Трэба сказаць, што ў нас таксама добрыя вынікі платнага набору. Наш элітны факультэт камп’ютарных сістэм і сетак нават не змог прыняць усіх жадаючых, многія мусілі пайсці вучыцца на іншыя факультэты. Стапрацэнтна выканаў план платнага набору таксама інжынерна-эканамічны факультэт. Блізкія да іх факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання і факультэт камп’ютарнага праектавання. Адметна, што на многія спецыяльнасці прахадны бал перавышаў 200.
Справа ў тым, што ў гэтым годзе наш універсітэт ажыццявіў пераход на новую стратэгію навучання: 4+2 (4 гады на першай ступені і два гады ў магістратуры). Безумоўна, абітурыенты ацанілі магчымасць атрымаць якасную вышэйшую адукацыю ў больш кароткі тэрмін. Няцяжка падлічыць, што нават калі ў іншай ВНУ ёсць аналагічныя спецыяльнасці і гадавы кошт там крыху ніжэйшы, чым у БДУІР, у канчатковым выніку за чатыры гады трэба плаціць менш, чым за пяць.
— Што да дзённай бюджэтнай формы навучання, раскажыце, Васіль Міхайлавіч, якія спецыяльнасці абітурыенты часцей за ўсё ўказвалі ў сваіх спісах прыярытэтаў?
— Статыстыка, што мы даём у ходзе прыёму дакументаў, звычайна адлюстроўвае тыя спецыяльнасці, якія абітурыенты ўказалі ў сваіх заявах першым пунктам. І тут самымі папулярнымі былі наступныя: “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі”, “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі” і г.д. Зрэшты, такая статыстыка не вельмі інфарматыўная, і па ёй цяжка вылічыць свае шансы на паступленне. Напрыклад, абітурыенту здавалася, што ён праходзіць на пэўную спецыяльнасць, але гэтага не атрымалася. Справа ў тым, што “яго” месца маглі заняць абітурыенты з больш высокімі баламі, якія ўказалі гэтую спецыяльнасць другой ці нават трэцяй у парадку прыярытэту.
Калі ж гаварыць пра ўсе ўказаныя абітурыентамі спецыяльнасці, то сёлета да нас паступіла 8889 віртуальных заяў — а гэта 8 чалавек на месца. І тут самая папулярная спецыяльнасць — “Інфармацыйныя тэхналогіі і кіраванне ў тэхнічных сістэмах (691 заява), на другім месцы “Штучны інтэлект” (650 заяў), на трэцім — “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі” (564 заявы) і г.д.
Адначасова трэба адзначыць, што больш як 20% абітурыентаў замест магчымых сямі ўказалі толькі 1-2 спецыяльнасці, што сведчыць аб мэтанакіраванасці і ўсвядомленасці іх выбару.
— Скажыце, як многа абітурыентаў не трапілі ні на адну з указаных спецыяльнасцей і залічваліся на іншыя спецыяльнасці па рашэнні прыёмнай камісіі?
— Сёлета такіх было 170 чалавек. Напрыклад, абітурыент набраў 300 балаў, але на ўсе спецыяльнасці, якія ён указаў, прахадны бал быў больш за 300. Пры ранейшай сістэме залічэння ён застаўся б за бортам, але мы прапанавалі яму іншую спецыяльнасць за кошт сродкаў бюджэту.
Трэба сказаць, што некалькі дзясяткаў абітурыентаў, якія былі залічаны такім чынам, усё ж забралі дакументы і падалі іх на спецыяльнасці, якія ўказвалі ў сваіх заявах, на ўмовах аплаты. У той жа час многія пагадзіліся з рашэннем прыёмнай камісіі і засталіся вучыцца на прапанаваных спецыяльнасцях за кошт бюджэту.
— Ці паўплывала нейкім чынам на сёлетні набор павышэнне мінімальных станоўчых балаў цэнтралізаванага тэсціравання?
— Так, мы адчулі гэта пры наборы на безадрыўныя формы навучання (вячэрнюю, завочную і дыстанцыйную). Мы нават недабралі 6 чалавек на бюджэтную завочную форму (пры плане 180 залічаны 174). Хаця ў рэальнасці заяў было больш — 215, але з-за асаблівасцей прыёму (дазваляецца паступленне толькі на роднасную спецыяльнасць) абітурыенты не маглі прэтэндаваць на залічэнне ва ўніверсітэт за кошт сродкаў бюджэту.
Адной з прычын недабору на безадрыўныя формы навучання мы лічым якраз увядзенне парогавых балаў для абітурыентаў. Вядома, што на безадрыўныя формы часцей за ўсё паступаюць тыя, хто даўно скончыў школу, працуе і па гэтай прычыне не можа канкурыраваць з учарашнімі выпускнікамі.
Павышэнне планкі для дзённай формы навучання — гэта, безумоўна, плюс. Сёння ў нас няма такіх слабых студэнтаў, пра якіх можна загадзя сказаць, што іх давядзецца адлічваць. У рэшце рэшт, навошта плаціць грошы, каб потым быць адлічаным пасля першай жа сесіі? І ў гэтым сэнсе добра, што слабыя абітурыенты не паступалі ва ўніверсітэт, а пайшлі ў каледжы і прафесійныя ліцэі.
Але калі, з аднаго боку, падняўшы планку, мы адсякаем слабых абітурыентаў, то з другога — адсякаем і многіх тых, хто даўно працуе па спецыяльнасці, мае пэўныя дасягненні ў прафесіі і высокую матывацыю да далейшай вучобы. За той час, што чалавек працуе, змяніліся школьныя праграмы, а ў яго банальна няма часу, каб падрыхтавацца да ЦТ. Магчыма, калі чалавек мае стаж па спецыяльнасці, рэкамендацыі з месца работы, планку для яго варта знізіць, а пры вялікім стажы па роднаснай спецыяльнасці — увогуле зняць.
Напрыклад, мы плануем, што выпускнікі каледжаў, якія паступаюць да нас на скарочаную форму навучання, будуць здаваць ЦТ толькі па рускай ці беларускай мове, а два ўступныя іспыты яны змогуць здаць ва ўніверсітэце (дагэтуль здавалі адзін).
— Скажыце, ці шмат да вас паступіла пераможцаў алімпіяд?
— Сёлета ва ўніверсітэт паступілі 24 пераможцы алімпіяд. На жаль, згодна з Правіламі прыёму, без экзаменаў на тэхніка-тэхналагічны профіль мы можам залічваць толькі пераможцаў алімпіяд па фізіцы, астраноміі і інфарматыцы. І хоць у нас палова спецыяльнасцей, па сутнасці, матэматычныя, пераможцам алімпіяд па матэматыцы мы мусім адмаўляць, і да нас яны могуць паступіць толькі па выніках ЦТ. Прапаноўваем ім ісці на эканамічныя спецыяльнасці, але іх гэта не задавальняе, таму пераможцы матэматычных алімпіяд — у нас вялікая рэдкасць. Мы лічым, што ў новай рэдакцыі Правіл прыёму гэтую акалічнасць трэба выправіць.
— Дзякуй, Васіль Міхайлавіч, за інтэрв’ю.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.