Час збіраць “ураджай”

У гэтым годзе беларускія абітурыенты паказалі 408 стабальных вынікаў.

У цэнтралізаваным тэсціраванні прынялі ўдзел 84 тысячы чалавек. Стабальныя вынікі паказалі 392 абітурыенты, 16 з іх здолелі аформіць дубль.


Амаль палова абітурыентаў скарысталася магчымасцю здаваць 4 тэсты. Дадатковы сертыфікат дасць ім больш шырокі выбар з ліку спецыяльнасцей, якія знаходзяцца на стыку галін ці прадметных абласцей.

Сёлета таксама пашырыліся магчымасці выпускнікоў мінулых гадоў, якія могуць прадставіць у прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі сертыфікаты не толькі гэтага, але і мінулага года (прычым у любой камбінацыі).

Як паведамілі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў, абітурыенты становяцца ўсё больш дысцыплінаванымі. Так, сёлета за парушэнне правіл з ЦТ былі выдалены 16 чалавек (летась — 33). Гэта ў разы менш, чым у першыя гады правядзення тэсціравання.

Выдача сертыфікатаў ЦТ пачалася 10 ліпеня.

Абітурыенты, якія зарэгістраваліся, але па ўважлівых прычынах не змаглі прайсці ЦТ разам з усімі, здавалі іспыты ў рэзервовыя дні. Свае сертыфікаты яны змогуць атрымаць па месцы рэгістрацыі на ЦТ ужо заўтра.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*