Прыём замежнікаў: некаторыя ВНУ прыпыняюць набор

Прыём замежнікаўнекаторыя ВНУ прыпыняюць набор, бо ўжо выканалі план

У краіне працягваецца ўступная кампанія для замежных грамадзян.  Наша выбарачнае апытанне паказала, што на пачатак верасня некаторыя ВНУ  не проста выканалі, але ўжо і перавыканалі планы, якія, дарэчы, істотна павялічаны ў параўнанні з мінулым годам.

Чаму запрашэнні дасылаюць з запасам

Хоць тэрмін прыёму замежных грамадзян вызначаны да 15 кастрычніка, у шэрагу ВНУ прыём ужо прыпынілі.

— Дакументы ад грамадзян з Туркменістана мы ўжо не прымаем, выключэнне робім толькі для абітурыентаў з Індыі і Кітая: гэтыя напрамкі мы разглядаем як прыярытэтныя, — паведаміў начальнік аддзела міжнародных сувязей МДУ імя А.А.Куляшова Сяргей Мачэкін.

Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт разаслаў запрашэнняў у два разы больш, чым запланаваў прыняць студэнтаў.

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны прыпыніў прыём, але вынікі яшчэ не падводзіць.

— Мы запрасілі 97 абітурыентаў з замежжа і мяркуем, што свой план прыёму выка­наем, — расказала начальнік аддзела міжнародных сувязей ГДУ Людміла Протчанка. — Зараз разглядаем дакументы выбарачна, звяртаем увагу толькі на вельмі добрыя атэстаты.

Як патлумачылі спецыялісты, запрашэнне — гэта не гарантыя таго, што абітурыент абавязкова прыедзе. Некаторыя афармляюць запрашэнне адразу ў некалькі ВНУ, пры гэтым яшчэ спрабуюць паступаць на сваёй радзіме. Таму ўніверсітэты і дасылаюць запрашэнні з запасам. Тым не менш яны настроены прымаць замежных абітурыентаў звыш плана, калі іх прыбудзе больш, чым чакалі.

Напрыклад, у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце на
6 верасня план быў перавыкананы на 20 чалавек, але прыём заяў працягваецца.

Рэгіянальныя ВНУ бяруць цікавым коштам

Замежнікі ­прыбываюць у рэгіянальныя ўніверсітэты вельмі актыўна. Напэўна, у іх разуменні вучыцца ў рэгіёнах больш выгадна, чым у сталіцы. Напрыклад, МДУ імя А.А.Куляшова ўваходзіць у пяцёрку беларускіх ВНУ, якім аддаюць перавагу абітурыенты Туркменістана (паводле апытання Беларускага гандлёвага дома ў Туркменістане).

— Напэўна, наш універсітэт выбіраюць таму, што кошт адукацыі даступны ў параўнанні з мінскімі ўніверсітэтамі, а ў горадзе адсутнічаюць між­нацыянальныя канфлікты, — разважае начальнік аддзела міжнародных сувязей МДУ.

На першым курсе дзённага аддзялення навучанне каштуе 2100 долараў ЗША (на кожным наступным курсе апла­та ніжэй­шая), у магістратуры — каля 1500 долараў, на падрыхтоўчым аддзяленні — 1600 долараў, на курсах рускай мовы — 950.

У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце кошт навучання на І ступені складае 2000 долараў, у Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава на большасці факультэтаў — 2200.

Для параўнання: у БДУІР навучанне каштуе 3000—3300 долараў у год, у БДУ —
2700—3950 долараў у залежнасці ад спецыяльнасці.

Не толькі колькасць, але і якасць

Папярэдні завочны адбор замежных грамадзян на навучанне праводзіцца па атэстатах, якія тыя дасылаюць у ВНУ. Пасля прыбыцця ў Беларусь, як вядома, абітурыенты праходзяць субяседаванне. Галоўны сэнс гэтай працэдуры ў тым, каб размеркаваць лепш падрыхтаваных на першы курс, а горш падрыхтаваных — на падрыхтоўчае аддзяленне.

Найлепш, калі адбор абітурыентаў праводзяць у сваіх краінах партнёрскія арганізацыі. Напрыклад, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфар­матыкі і радыёэлектронікі каля 10 гадоў супрацоўнічае з адной з дзяржаўных кампаній В’етнама, якая адбірае і “пастаўляе” вельмі здольных абітурыентаў; сярод іх ёсць нават пастаянныя ўдзельнікі рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, шмат уладальнікаў “чырвоных” дыпломаў.

Найбольш моцныя абітурыенты прыязджаюць у межах стыпендыяльных праграм. Сёлета ў БДУІР паступілі маладыя людзі з Таджыкістана, якім выдзелена прэзідэнцкая стыпендыя. Акрамя таго, Азербайджан уключыў БДУІР у пералік беларускіх ВНУ, для навучання ў якіх выдзяляюцца дзяржаўныя стыпендыі. Адбор стыпендыятаў, можна не сумнявацца, будзе вельмі сур’ёзным.

З’явілася цікавасць да педагагічных спецыяльнасцей

Няма нічога дзіўнага, што замежнікі пераважна выбі­раюць спецыяльнасці эканамічнага і правазнаўчага профіляў. Нават у БДУІР больш за ўсё замежнікаў вучылася на інжы­нерна-эканамічным факультэце, пакуль не дкрылі навучанне на замежнай мове (зараз іх больш на факультэце тэлекамунікацый і факультэце інфармацыйных тэхналогій і кіравання).

Традыцыйна попыт ёсць на спецыяльнасці, звязаныя з рускай, англійскай мовай. Цікава, што ў гэтым го­дзе замежныя грамадзяне сталі выбіраць і педагагічныя спе­цыяльнасці. Напрыклад, у МДУ імя А.А.Куляшова паступілі зая­вы на спецыяльнасці “Хімія”, “Біялогія”, “Фізіка. Матэматыка”, “Інфарматыка. Замежная мова”. А ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце замежныя абітурыенты пасту­паюць на “Пачатковую адукацыю. Сацыяльную педагогіку”.

У ГДУ імя Францыска Скарыны, акрамя папулярных эканамічных, правазнаўчых і філалагічных спецыяльнасцей, замежнікі выбіраюць “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”, “Геалогію і разведку радовішчаў выкапняў”, у ВДУ імя П.М.Машэрава — “Біялогію. Хімію”, “Біялогію”, “Выяў­ленчае мастацтва”, “Музычнае мастацтва”.

Грамадзян ЕўрАзЭС пакуль не стала больш

Сёлета, як вядома, у агульным патоку замежных грама­дзян паступаюць і прадстаўнікі краін ЕўрАзЭС, якія да гэтага года былі вымушаны зда­ваць цэнтралізаванае тэсціраванне на роўных з беларусамі. У ВНУ, якія ўдзельнічалі ў апытанні, пакуль не заў­важылі, што, дзя­куючы новаўвядзенню, істотна вырасла колькасць абітурыентаў з гэтых краін.

— У МДУ імя А.А.Куляшова паступаюць расіяне, але многія з іх пастаянна пражы­ваюць у Магілёве, — расказаў Сяргей Мачэкін. — Трэба пача­каць, каб рабіць высновы аб тым, ці паўплываюць новыя ўмовы прыёму на прыток грамадзян з краін ЕўрАзЭС.

Ва ўніверсітэтах упэўнены, што больш шырокае інфармаванне ў наступным годзе прывядзе да станоўчай дынамікі.

— Мы даўно хацелі, каб грамадзянам гэтай групы краін было прадастаўлена права паступаць па субяседаванні, і рады, што яно ўрэшце рэалізоўваецца, — адзначыла дырэктар цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва БДУІР Ганна Цітовіч.

ВНУ запрашае, міграцыйная служба не пускае

Міжнародным аддзелам сёлета вельмі перашкаджаюць працаваць міграцыйныя службы, якія адмаўляюцца ўзгад­няць запрашэнні на вучобу абітурыентам з цэлага шэрагу краін. У выніку ўвядзення такой меры барацьбы з нелегальнай міграцыяй БДУІР, напрыклад, ужо “недаатрымаў” абітурыентаў з Індыі, Нігерыі, Сірыі, Лівіі, Ірака, Іарданіі.

— У нас ёсць два кандыдаты на навучанне з Нігерыі, якія апла­цілі сваё навучанне, але нам не ўдаецца ўзгадніць іх запрашэнні, — гаворыць Ганна Цітовіч. — Самае крыўднае, што мы правялі рэкламную кампанію, дзякуючы якой у нас з’явіліся дзяржаўныя стыпендыяты, напрыклад, з Ірака. Яны даўно рыхтаваліся да паступлення, атрымалі стыпендыі на навучанне ў Рэспубліцы Беларусь, а зараз не мо­гуць прые­хаць.

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны сутыкнуўся з аналагічнай праблемай адносна грама­дзян Нігерыі (у ВНУ звярталася Пасольства Беларусі ў Нігерыі з просьбай прыняць студэнтаў на вучобу), Сірыі. Канечне, некалькі замежных абітурыентаў для аднаго ўніверсітэта не робяць надвор’я, але ў цэлым для краіны сітуацыя небяспечная стратай рынкаў экспарту адукацыйных паслуг.

— Калі гэты год будзе праблемным для выканання паказчыкаў экспарту адукацыйных паслуг, то ў асноўным па прычыне неўзгаднення запрашэнняў, — дадае Г.Цітовіч.

Ва ўніверсітэтах спадзяюцца, што Міністэрства адукацыі і Міністэрства ўнутраных спраў выпрацуюць адзіную палітыку ў гэтым пытанні і табу будзе знята. Калі не ў найбліжэйшы час, то ў наступным годзе.

Разнастайнасць паслуг у межах аднаго ўніверсітэта

Для прыцягнення на навучанне замежнікаў усе сродкі добрыя, асабліва, калі выкарыстоўваюцца ў комплексе. Нешта новае тут прыду­маць цяжка, ды і ісці праторанымі сцежкамі больш надзейна. Рэклама праз сайт (натуральна, на замежных мовах), распаўсюджанне інфармацыі праз пасольствы Беларусі за мяжой і фірмы-пасрэднікі, удзел у замежных выставах — вось “арсе­нал” ВНУ.

Праўда, у кожным універсітэце ёсць свая спецыфіка і свае падыходы. Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, напрыклад, перадае рэкламныя матэрыялы ў школы Туркменістана і цесна супрацоўнічае з фірмамі-пасрэднікамі. ГДУ імя Францыска Скарыны, наадварот, катэгарычна адмовіўся ад паслуг пасрэднікаў, маючы негатыўны вопыт. Галоўнымі носьбітамі рэкламнай інфармацыі тут з’яўляюцца замежныя студэнты і выпускнікі, якія звычайна запра­шаюць на вучобу ў Гомель сваіх свая­коў, сяброў, знаёмых. У ВДУ імя П.М.Машэрава лічаць, што трэба развіваць навучанне на тэрыторыі іншых краін, прапаноўваць замежным грамадзянам індывідуальнае навучанне, праграмы на англійскай мове.

Уражанне ў замежнікаў, якія цікавяцца беларускай адукацыяй, выклікае шырокі спектр адукацыйных паслуг. Выдатна, калі ў межах аднаго ўніверсітэта можна выбраць патрэбную ступень адукацыі, любую форму і мову навучання.

Цудоўны прыклад у гэтых адносінах — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. З эксклюзіўных паслуг тут варта назваць магчымасць вучыцца дыстанцыйна, а з 2009 года адукацыю можна атрымаць на англійскай мове. Сёлета англамоўнае навучанне вядзецца па трох спецыяльнасцях на І ступені і па адной спецыяльнасці ў магістратуры. Гэтую паслугу было няпроста нала­дзіць, затое зараз універсітэт на ёй добра зарабляе: год навучання на англійскай мове для замежнікаў каштуе 5000 долараў.

Распрацоўку праграм на англійскай мове лічаць для сябе перспектыўнымі і рэгіянальныя ўніверсітэты —
ВДУ імя П.М.Машэрава, МДУ імя А.А.Куляшова. У апошняй ВНУ, напрыклад, паведамілі, што ў самы бліжэйшы час адкры­ваюць курсы замежнай мовы для беларускіх выкладчыкаў, якія ў далейшым бу­дуць рэалізоўваць англамоўныя праграмы.

Канечне, замежнікі гля­дзяць і на бытавыя ўмовы. Многія прадстаўнікі ВНУ (нават тых, дзе хапае інтэрнатаў) адзна­чаюць, што недахоп месцаў для размяшчэння замежных студэн­таў у далейшым бу­дзе абмяжоўваць адукацыйны экспарт. Большасць ВНУ адчувае гэтае абмежаванне ўжо зараз. Сёлета можна павінша­ваць БДУІР: універсітэт атрымаў новы камфартабельны інтэр­нат у Студэнцкай вёсцы (мяркуецца, што засяленне пачнецца ў верасні — кастрычніку), дзе хопіць месцаў і беларускім, і замежным студэнтам.

 Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.