РІКВ запусціў дыстанцыйнае тэсціраванне для абітурыентаў
З 1 лютага абітурыенты могуць прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне ў дыстанцыйнай форме. На сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў змешчаны тэсты па 15 вучэбных прадметах, доступ да якіх неабмежаваны. Цяпер праверыць свае веды можна праз інтэрнэт у любы час з любога месца. Выпрабаванне ў дыстанцыйнай форме бясплатнае.
Такім чынам, да трох этапаў традыцыйнага ўжо (бланачнага) рэпетыцыйнага тэсціравання абітурыенты атрымалі яшчэ адну магчымасць праэкзаменаваць сябе, выявіць тэмы, якія трэба падцягнуць, скарэкціраваць падрыхтоўку да ЦТ. Выдатна, што вынік можна атрымаць адразу пасля заканчэння работы. І гэта не толькі заробленыя балы, але і паўнавартаснае кансультаванне з разборам заданняў (напрыклад, аналіз тэста па фізіцы займае 20 старонак, па матэматыцы — амаль 30). Кансультаванне ўключае само заданне, яго рашэнне, правільны адказ і спасылку на падручнік ці вучэбны дапаможнік з указаннем параграфа, дзе выкладзены адпаведны матэрыял.
Дыстанцыйная форма тэсціравання, як і прывычнае для нас РТ, дазваляе абітурыентам пазнаёміцца са структурай тэстаў, методыкай работы з імі, а таксама тэхналогіяй запаўнення бланка адказаў. Так, абітурыенты, якія ўжо ведаюць гэтую тэхналогію, могуць уносіць адказы адразу ў электронны бланк. Тыя, хто хоча напрактыкавацца, могуць раздрукаваць бланк адказаў, запоўніць яго і ўжо потым перанесці адказы з папяровага бланка ў электронны. Заадно можна азнаёміцца з тым, як робіцца адмена памылковых метак.
На сайце прыведзены ўзор бланка адказаў і дадзена падрабязная інструкцыя па яго запаўненні. Таксама абітурыентам прапаноўваецца паглядзець відэаролік з тлумачэннямі. Усё гэта, паводле задумы спецыялістаў РІКВ, дазволіць маладым людзям пазбегнуць тэхнічных памылак пры афармленні адказаў на ЦТ.
Дарэчы, дыстанцыйнае тэсціраванне можа зацікавіць не толькі абітурыентаў. Праверыць свае веды з выкарыстаннем тэставай тэхналогіі, верагодна, захочуць многія настаўнікі і бацькі старшакласнікаў. Далёка не кожны з іх зарэгіструецца на РТ і паедзе ў другі канец горада (а то і ў іншы горад). А тут — магчымасць прайсці іспыт, не выходзячы з дома. Выдатны інтэлектуальны занятак на вечар! Няма сумненняў, пасля выпрабавання многія скарэкціруюць сваё ўяўленне пра тэсты.
Увогуле, гэта трэба было зрабіць даўно — размясціць тэсты ў вольным доступе, каб кожны мог самастойна ацаніць і ўзровень складанасці заданняў, іх адпаведнасць школьнай праграме, і наяўнасць творчага складніка, і шансы на ўгадванне правільных адказаў. Напэўна, пры больш адкрытай сістэме колькасць крытыкаў тэсціравання была б значна меншай.
На сайце РІКВ дадзены пералік прадметаў і паказаны час, адведзены на выкананне таго ці іншага тэста. Рыхтуючыся да напісання гэтага матэрыялу, я выбрала адзін з самых кароткіх па часе тэстаў — па грамадазнаўстве (90 хвілін). Прыступаю да работы. Дарэчы, апошні раз падручнік па грамадазнаўстве я адкрывала 27 гадоў назад і экзамен па гэтым прадмеце не здавала. Потым, праўда, быў універсітэт з вялікім сацыяльна-гуманітарным цыклам, і ёсць пэўны жыццёвы вопыт. Тым не менш разумею, што абітурыент са свежымі ведамі можа даць мне фору.
Некаторыя фармулёўкі заданняў выглядаюць непрывычна і прымушаюць задумацца. Аднак што зробіш?! У жыцці мы штодня вырашаем нестандартныя пытанні, і было б дзіўна, калі б заданні былі адзін у ад зін як у падручніках.
Хутка расстаўляю меткі. У мяне няма мэты паступіць на філасофскі факультэт, я проста хачу адчуць сябе ў ролі абітурыента. Хаця, зразумела, спадзяюся на высокі бал.
Нарэшце, спраўляюся з тэстам — менш, чым за гадзіну. Адзначаю, што частка В далася значна прасцей, чым А, бо часам было няпроста выбраць адзін з некалькіх праўдападобных дыстрактараў. У заданнях часткі В, дзе адказы не прапаноўваюцца (іх трэба даць самастойна), адчувала сябе больш упэўнена.
Гэта першы тэст у маім жыцці, і я не без хвалявання клікаю “разлічыць”. Вынік выдаецца імгненна — я задаволена! Калі б не абрала бліц, а ўзяла больш часу на развагі, то, верагодна, атрымала б некалькі дадатковых балаў. А калі б перад гэтым перачытала падручнік, то ўпэўнена, што былі б усе 100.
Лічу, што асабліва ўражлівыя бацькі, якія думаюць, што ЦТ — нешта звышскладанае, проста абавязаны прайсці тэсты. Найперш, каб пераканацца, што ўсё там даволі проста. І, па-другое, тут ёсць істотны прафарыентацыйны момант. Калі за некалькі месяцаў да заканчэння школы дзіця выканала тэст па пэўным прадмеце і не пераадолела вызначанага для паступлення парога (або апынулася недзе на мяжы), то ёсць нагода задумацца: а ці трэба ўвогуле здаваць гэты прадмет?
Дарэчы, калі яшчэ хтосьці думае, што на тэсціраванні можна хаатычна расставіць меткі і “натыкаць” на нейкі прыстойны бал, то прадстаўленыя тэсты даказваюць беспадстаўнасць такога меркавання. У якасці эксперымента я папрасіла сваю юную сваячку, не чытаючы заданні, расставіць меткі ў тым парадку, які ёй падабаецца. Вынік: фізіка — 8 балаў, руская мова — 3 балы, матэматыка — нуль. І калі б усё было так проста, не было б столькі завалаў на ЦТ.
Трэба адзначыць, што тэсты па ўсіх 15 прадметах выкладзены на сайце РІКВ у адзіным варыянце і да канца года абнаўляцца не будуць. Абітурыенты, якія захочуць праверыць сябе некалькі разоў, могуць прайсці традыцыйнае рэпетыцыйнае тэсціраванне. Другі этап РТ будзе доўжыцца да канца лютага. А ў сакавіку — красавіку пройдзе трэці этап, дзе абітурыентам будуць прапанаваны ўжо новыя тэсты. Як сведчыць вопыт мінулых гадоў, заданні трэцяга этапу па форме падачы максімальна набліжаны да тых, што прапаноўваюцца летам на ЦТ.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.